Да Рымлянаў 11 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна
Дык я пытаюся: няўжо Бог адкінуў Свой народ? Зусім не. Бо і я ізраільцянін з патомства Аўраамавага, племя Веньямінава.
Дык кажу: няўжо Бог адапхнуў народ Свой? Няхай ня станецца! Бо і я — Ізраільцянін, з насеньня Абрагама, з калена Бэн’яміна.
Не адкінуў Бог Свайго народа, які Ён наперад ведаў. Ці вы не ведаеце, што кажа Пісанне пра Ілію, як ён скардзіцца Богу на Ізраіля?
Не адапхнуў Бог народу Свайго, які Ён наперад ведаў. Ці ня ведаеце, што кажа Пісаньне пра Ільлю, як той скардзіцца Богу на Ізраіля, кажучы:
«Госпадзе, прарокаў Тваіх забілі, ахвярнікі Твае зруйнавалі, і я застаўся адзін і шукаюць маёй душы»8.
«Госпадзе! Прарокаў Тваіх пазабівалі і ахвярнікі Твае зруйнавалі; застаўся я адзін, і душу́ маю́ шукаюць».
Але што кажа яму Боскі адказ? «Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам».
Але што кажа яму адказ Божы? «Я пакінуў Сабе сем тысячаў мужоў, якія не схілілі калены перад Баалам».
Дык гэтак і ў цяперашні час, паводле выбару ласкі, захаваўся астатак.
Дык гэтак і ў цяперашні час рэшта паводле выбраньня ласкі захавалася.
Але калі ласкаю, то ўжо не з учынкаў, а то ласка не была б ужо ласкаю.
А калі праз ласку, дык не праз учынкі, іначай ласка ўжо ня ёсьць ласка. А калі праз учынкі, дык гэта ня ласка, іначай учынак ужо ня ёсьць учынак.
Дык што? Чаго шукае Ізраіль, таго ён не дасягнуў; а выбраныя дасягнулі, астатнія ж акамянелі,
Дык што? Што шукае Ізраіль, таго не атрымаў; выбраныя атрымалі, а іншыя былі скамянеўшы,
як напісана: «Даў ім Бог дух атупення, вочы, каб не бачыць, і вушы, каб не чуць, аж да сённяшняга дня».
як напісана: «Даў ім Бог духа дрымоты, вочы, якімі ня бачаць, і вушы, якімі ня чуюць, аж да сёньняшняга дня».
І Давід кажа: «Няхай будзе стол іх пасткаю, і сілком, і спакусаю, і адплатаю ім,
І Давід кажа: «Няхай станецца стол іхні па́сткаю, і цянётамі, і згаршэньнем, і аднагародаю.
няхай зацьмяцца іх вочы, каб не бачыць, і іх спіну сагні назаўсёды».
Няхай заце́мняцца вочы іхнія, якімі ня бачаць, і хрыбет іхні няхай будзе сагнуты назаўсёды».
Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся так, што ўпалі? Зусім не. Але ў іх памылцы — выратаванне язычнікам, каб выклікаць рупнасць у іх.
Дык кажу: Няўжо яны спатыкнуліся, каб упасьці? Няхай ня станецца. Але праступак іхні — збаўленьне паганам, каб збудзі́ць у іх рупнасьць.
Калі ж іх памылка — багацце для свету, і іх страта — багацце язычнікам, то тым больш — іх паўната.
Калі ж праступак іхні — багацьце сьвету, і ўпадак іхні — багацьце паганаў, дык наколькі больш поўнасьць іхняя?
Вам жа кажу, язычнікам; дык як апостал язычнікаў я праслаўляю маё служэнне —
Бо кажу вам, паганам: як апостал паганаў я ўслаўляю служэньне маё,
ці не абуджу я рупнасць утых, хто аднаго са мною цела, і ці не выратую некаторых з іх?
ці, можа, збуджу рупнасьць у маіх паводле цела і ці ня збаўлю некаторых з іх.
Бо калі адхіленне іх — прымірэнне свету, то які набытак іх, як не жыццё з мёртвых?
Бо калі згуба іхняя — прымірэньне сьвету, дык што прыняцьцё, як не жыцьцё з мёртвых?
Калі жрошчына святая, то і цеста, і калі корань святы, то і галіны.
Калі зачатак сьвяты, дык і месіва; і калі корань сьвяты, дык і галіны.
Калі ж некаторыя з галін былі адламаныя, і ты, дзікая аліва, быў прышчэплены між імі і стаў супольнікам кораня ўрадлівасці ў алівы, —
Калі ж некаторыя з галінаў былі адламаныя, а ты, дзікая аліўка, быў прышчэплены замест іх і стаўся ўдзельнікам кораня і тлустасьці аліўкі,
то не выхваляйся перад галінамі; калі ж выхваляешся — ведай: не ты корань трымаеш, а корань цябе.
не вывышайся перад галінамі; а калі вывышаешся, дык [ведай, што] ня ты трымаеш корань, але корань — цябе.
Дык ты скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены».
Дык скажаш: «Галіны былі адламаныя, каб я быў прышчэплены».
Добра; яны былі адламаныя з-за нявер’я, а ты стаіш вераю. Не фанабэрся, а бойся;
Добра. Яны адламаныя праз недаве́рства, а ты трымаешся праз веру; дык не ўзьвялічвайся, але бойся.
бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа не пашкадаваць і цябе.
Бо калі Бог прыродных галінаў не пашкадаваў, дык ці цябе пашкадуе.
Дык убач дабрыню і суровасць Божую: да тых, хто ўпаў, — суровасць, а да цябе — дабрыня Божая, калі будзеш заставацца ў Яго дабрыні, а то і ты будзеш адсечаны.
Дык глядзі на ласкавасьць і срогасьць Божую, срогасьць да тых, якія ўпалі, а ласкавасьць да цябе, калі застанешся ў ласкавасьці [Божай], іначай і ты будзеш сьсечаны.
Але і тыя, калі не застануцца ў нявер’і, будуць прышчэплены, бо Бог мае сілу зноў прышчапіць іх.
І тыя, калі не застануцца ў недаве́рстве, будуць прышчэпленыя, бо Бог магутны ізноў прышчапіць іх.
Бо калі ты быў адсечаны ад дзікай з прыроды алівы і насуперак прыродзе прышчэплены да добрай алівы, то тым больш яны, прыродныя, будуць прышчэплены да сваёй уласнай алівы.
Бо калі ты адсечаны ад дзікае паводле прыроды аліўкі і, насуперак прыродзе, прывіты да добрае аліўкі, наколькі больш тыя, якія паводле прыроды [ад добрае аліўкі], будуць прышчэпленыя да сваёй аліўкі?
Бо я не хачу, каб вы, браты, не ведалі гэтай таямніцы, каб вам не быць разумнымі самім па сабе: акамяненне сталася Ізраілю часткова, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў.
Бо не хачу, браты, каб вы ня ведалі гэтае тайны, каб вы не былі мудрымі праз сябе, што скамяне́ньне сталася ў Ізраілі часткова, аж пакуль ня ўвойдзе поўнасьць паганаў,
І так увесь Ізраіль будзе выратаваны, як напісана: «Прыйдзе з Сіёна Збаўца [і] адверне бязбожнасць ад Іякава.
і гэтак увесь Ізраіль збаўлены будзе, як напісана: «Прыйдзе з Сыёну Выбавіцель і адверне бязбожнасьць ад Якуба.
І гэта ім ад Мяне запавет, калі Я здыму іх грахі».
І гэта Мой запавет з імі, калі забяру грахі іхнія».
Згодна з дабравесцем яны ворагі дзеля вас, а згодна з абраннем — улюбёныя дзеля бацькоў.
Дык паводле Эва́нгельля яны — ворагі для вас, а паводле выбраньня — улюбёныя дзеля бацькоў.
Бо Божыя дары і пакліканне неадменныя.
Бо нязьменныя дары і пакліканьне Божае.
Бо як вы былі некалі непакорлівыя Богу, цяпер жа вы памілаваныя праз іхнюю непакорлівасць,
Бо як і вы некалі не скараліся Богу, а цяпер памілаваныя праз няскоранасьць іхнюю,
так і яны цяпер не скарыліся, каб праз ласку да вас цяпер і яны былі памілаваныя.
гэтак і яны цяпер не скараюцца дзеля вашага памілаваньня, каб і яны былі памілаваныя.
Бо ўсіх Бог зняволіў непакораю, каб усіх Ён памілаваў.
Бо ўсіх Бог замкнуў у няскоранасьць, каб усіх памілаваць.
О глыбіня багацця, мудрасці і ведання Божага! Як неспасціжныя Яго суды і недаследныя Яго шляхі!
О, глыбіня багацьця, і мудрасьці, і веданьня Божага! Як неспасьцігальныя прысуды Ягоныя і недасьледныя шляхі Ягоныя!
Бо хто спазнаў розум Госпада? Або хто стаў Яму дарадцам?
Бо хто пазнаў розум Госпада? Ці хто стаўся дарадцам Яму?
Або хто першы даў Яму, і таму будзе аддадзена?
Ці хто даў Яму наперад, каб Ён аддаў яму?
Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і да Яго. Яму хвала навекі. Амін.
Бо ўсё з Яго, і праз Яго, і для Яго. Яму слава на вякі. Амэн.