Да Рымлянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Таму няма табе прабачэння, окожны чалавеча, што судзіш, бо ў тым, у чым судзіш іншага, ты асуджаеш сябе, бо, судзячы, ты робіш тое самае.
 
Дзеля гэтага няма апраўданьня табе, кожны чалавек, які судзіш; бо ў чым ты судзіш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае, судзячы.

А мы ведаем, што суд Божы паводле праўды на тых, хто робіць такое.
 
А мы ведаем, што суд Божы ёсьць паводле праўды адносна тых, што гэткае ўчыняюць.

І ты так лічыш, чалавеча, судзячы тых, што робяць такое, а сам, робячы тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?
 
Няўжо ж ты думаеш, чалавек, які судзіш тых, што гэткае ўчыняюць, і сам робіш тое самае, што ўцячэш ад суду Божага?

Ці ты пагарджаеш багаццем Яго дабрыні, спагадлівасці і доўгацярплівасці, не ведаючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?
 
Або багацьцем ласкавасьці Ягонай, і цярплівасьці, і доўгацярплівасьці пагарджаеш, ня ведаючы, што добрасьць Божая вядзе цябе да навяртаньня?

Але з-за тваёй жорсткасці і нераскаянага сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцця правасуддзя ад Бога,
 
Але праз упартасьць тваю і ненавернутае сэрца ты зьбіраеш сабе гнеў на дзень гневу і адкрыцьця праведнага суду Божага,

Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:
 
Які аддасьць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных:

тым, хто вытрываласцю ў добрай справе шукае славы, гонару і нятлення, — вечнае жыццё;
 
тым, якія цярплівасьцю ў добрай справе шукаюць славы, пашаны і незьнішчальнасьці, — жыцьцё вечнае,

тым жа, хто своекарыслівы і неслухаецца праўды, аслухаецца няправеднасці — гнеў і лютасць.
 
а тым, што спрачаюцца і не скараюцца праўдзе, але пакараюцца няправеднасьці, — ярасьць і гнеў.

Гора і ўціск на душу кожнага чалавека, хто чыніць ліхое, — і іудзея, па-першае, і эліна.
 
Прыгнёт і ўціск кожнай душы́ чалавека, які робіць ліхое, перш Юдэя, і Грэка!

Слава ж, і гонар, і мір — кожнаму, хто робіць дабро, і іудзею, па-першае, і эліну:
 
Слава, і паша́на, і супакой усякаму, хто робіць добрае, перш Юдэю, і Грэку!

бо няма ў Бога зважання на асобы.
 
Бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча.

Бо ўсе, якія без закону саграшылі, без закону і загінуць; а ўсе, якія пад законам саграшылі, паводле закону будуць асуджаны.
 
Бо тыя, якія без Закону зграшылі, без Закону і загінуць, а тыя, якія ў Законе зграшылі, праз Закон будуць асуджаныя.

Бо не слухачы закону праведныя ў Бога, а тыя, хто выконвае закон, будуць апраўданыя.
 
Бо не слухачы Закону праведныя перад Богам, але выканаўцы Закону будуць апра́ўданыя.

Бо, калі язычнікі, у якіх няма закону, з прыроды робяць законнае, яны, не маючы закону, самі сабе закон;
 
Бо калі пагане, якія ня маюць Закону, паводле прыроды робяць паводле Закону, яны, ня маючы Закону, самі сабе Закон.

яны паказваюць, што змест закону напісаны ў іх сэрцах, калі сведчаць іх сумленне і развагі, на змену то абвінавачваючы, то і абараняючы іх,
 
Яны зьяўляюць справы Закону, якія напісаныя ў сэрцах іхніх, пра што сьведчыць сумленьне іхняе і думкі іхнія, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,

у дзень, калі Бог будзе судзіць патаемнае людзей праз Ісуса Хрыста, паводле майго дабравешчання.
 
у дзень, калі Бог будзе судзі́ць тайныя [ўчынкі] людзей, паводле Эва́нгельля майго, праз Ісуса Хрыста.

Калі ж ты называешся іудзеем, і абапіраешся на закон, і хвалішся Богам,
 
Вось, ты завешся Юдэем, і супакойваеш сябе Законам, і хвалішся Богам,

і ведаеш Яго волю і распазнаеш тое, што лепшае, навучаючыся з закона,
 
і ведаеш волю [Ягоную], і выпрабоўваеш, што лепшае, будучы навучаным у Законе.

і ўпэўнены, што ты сам павадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,
 
І ты перакананы пра сябе, што ты — павадыр сьляпых, сьвятло тых, што ў цемры,

выхавальнік неразумных, настаўнік дзяцей, маеш узор ведання і праўды ў законе;
 
выхавацель неразумных, настаўнік немаўлят, які мае ў Законе выгляд веданьня і праўды.

дык ты, які вучыш другога, сябе самога не вучыш? Абвяшчаючы не красці, крадзеш?
 
Дык ты, вучачы другога, ня вучыш сябе самога.

Кажучы не чужаложыць — чужаложыш? Брыдзячыся ідалаў, рабуеш капішчы?
 
Абвяшчаючы ня красьці, крадзеш; кажучы не чужаложыць, чужаложыш, брыдзячыся ідаламі, чыніш сьвятакрадзтва.

Ты, што выхваляешся законам, пераступаючы закон, зневажаеш Бога!
 
Ты, які хвалішся Законам, праз парушэньне Закону Бога зьневажаеш.

Бо «імя Божае з-за вас блюзнерыцца між язычнікаў», як напісана.
 
Бо праз вас на імя Божае блю́зьніцца ў паганаў, як напісана.

Бо абразанне дае карысць, калі ты выконваеш закон, калі ж ты парушальнік закону, то тваё абразанне зрабілася не абразаннем.
 
Бо абразаньне карыснае, калі выконваеш Закон; а калі ты парушальнік Закону, абразаньне тваё сталася неабразаньнем.

Дык калі неабрэзаны выконвае патрабаванні закону, хіба яго неабразанне не залічыцца ў абразанне?
 
Дык калі неабрэзаны захоўвае пастановы Закону, ці не залі́чыцца яму ягонае неабразаньне за абразаньне?

І неабрэзаны з прыроды, калі выконвае закон, будзе судзіць цябе, таго, хто праз літару і абразанне — парушальнік закону.
 
І неабрэзаны паводле прыроды, які спаўняе Закон, будзе судзі́ць цябе, парушальніка Закону, які з літарай і абразаньнем.

Бо іудзей не той, хто такі з выгляду, і абразанне не тое, што звонку, на целе;
 
Бо ня той Юдэй, хто гэтакі яўна, і ня тое абразаньне, якое яўнае на целе,

а той іудзей, хто такі ўнутры, і абразанне — гэта абразанне сэрца, у духу, не ў літары; яму пахвала — не ад людзей, а ад Бога.
 
але хто ва ўтоенасьці Юдэй, і [ў якога] абразаньне сэрца Духам, а ня літарай, такому пахвала не ад людзей, але ад Бога.