Да Рымлянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Таму няма табе прабачэння, окожны чалавеча, што судзіш, бо ў тым, у чым судзіш іншага, ты асуджаеш сябе, бо, судзячы, ты робіш тое самае.
 
Таму няма выбачэння табе, кожны чалавеча, калі асуджаеш. Ды ў чым асуджаеш іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае ты, які асуджаеш.

А мы ведаем, што суд Божы паводле праўды на тых, хто робіць такое.
 
Ведаем бо, што Божы суд справядлівы супраць тых, якія дапускаюцца такога.

І ты так лічыш, чалавеча, судзячы тых, што робяць такое, а сам, робячы тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?
 
Ці думаеш, чалавеча, які асуджаеш тых, якія такое робяць, і сам робіш тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?

Ці ты пагарджаеш багаццем Яго дабрыні, спагадлівасці і доўгацярплівасці, не ведаючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?
 
Ці пагарджаеш багаццем дабраты, цярплівасці і вялікадушнасці Яго, не разумеючы, што дабрата Божая прыводзіць цябе да навяртання?

Але з-за тваёй жорсткасці і нераскаянага сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцця правасуддзя ад Бога,
 
Дзеля закамянеласці тваёй і ненавернутага сэрца рыхтуеш сабе гнеў на дзень гневу і аб’явы справядлівага суда Бога,

Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:
 
Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:

тым, хто вытрываласцю ў добрай справе шукае славы, гонару і нятлення, — вечнае жыццё;
 
тым, што праз стойкасць у добрых учынках шукаюць славы, пашаны і несмяротнасці — жыццё вечнае;

тым жа, хто своекарыслівы і неслухаецца праўды, аслухаецца няправеднасці — гнеў і лютасць.
 
а тым, што ўпорыстыя і за праўдай ісці не хочуць, але падпарадкоўваюцца нягоднасці, — гнеў і лютасць.

Гора і ўціск на душу кожнага чалавека, хто чыніць ліхое, — і іудзея, па-першае, і эліна.
 
Пакуты і прыгнёт на кожную душу для людзей, што чыняць ліха, перш на юдэя, і на грэка.

Слава ж, і гонар, і мір — кожнаму, хто робіць дабро, і іудзею, па-першае, і эліну:
 
Хвала, і пашана, і супакой усякаму, хто чыніць дабро, найперш юдэю, і грэку.

бо няма ў Бога зважання на асобы.
 
Бо ў Бога няма зважання на асобу.

Бо ўсе, якія без закону саграшылі, без закону і загінуць; а ўсе, якія пад законам саграшылі, паводле закону будуць асуджаны.
 
Тыя, што без закону зграшылі, без закону і загінуць, а тыя, што пры законе зграшылі, законам будуць асуджаны.

Бо не слухачы закону праведныя ў Бога, а тыя, хто выконвае закон, будуць апраўданыя.
 
Бо не тыя, што слухаюць закон, справядлівыя ў Бога, але тыя, што выконваюць закон, будуць апраўданы.

Бо, калі язычнікі, у якіх няма закону, з прыроды робяць законнае, яны, не маючы закону, самі сабе закон;
 
Бо калі пагане, не маючы ніякага закону, па прыродзе робяць тое, што па законе, дык, не маючы закону, яны самі сабе закон.

яны паказваюць, што змест закону напісаны ў іх сэрцах, калі сведчаць іх сумленне і развагі, на змену то абвінавачваючы, то і абараняючы іх,
 
Паказваюць яны, што справа закону напісана ў іх сэрцах, пра гэта сведчыць іх сумленне і думкі, якія то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна адну,

у дзень, калі Бог будзе судзіць патаемнае людзей праз Ісуса Хрыста, паводле майго дабравешчання.
 
у той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Ісуса Хрыста таемныя справы людзей, паводле майго дабравесця.

Калі ж ты называешся іудзеем, і абапіраешся на закон, і хвалішся Богам,
 
Вось ты завешся юдэем, ды ўпэўнены ў законе і ўсхваляеш Бога,

і ведаеш Яго волю і распазнаеш тое, што лепшае, навучаючыся з закона,
 
ды, навучаны законам, ведаеш волю Яго, і разумееш, што лепшае,

і ўпэўнены, што ты сам павадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,
 
і перакананы, што ты — павадыр сляпых, святло для тых, што ў цемры,

выхавальнік неразумных, настаўнік дзяцей, маеш узор ведання і праўды ў законе;
 
выхавацель неразумных, настаўнік маладых, і маеш у законе прыклад ведаў і праўды, —

дык ты, які вучыш другога, сябе самога не вучыш? Абвяшчаючы не красці, крадзеш?
 
дык як жа ты вучыш іншага, а сябе самога не вучыш? Ты, які прапаведуеш не красці, крадзеш?

Кажучы не чужаложыць — чужаложыш? Брыдзячыся ідалаў, рабуеш капішчы?
 
Кажучы, што нельга чужаложыць, чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, і абкрадваеш святыню?

Ты, што выхваляешся законам, пераступаючы закон, зневажаеш Бога!
 
Выхваляеш закон, а, парушаючы закон, Бога зневажаеш?

Бо «імя Божае з-за вас блюзнерыцца між язычнікаў», як напісана.
 
Як напісана: «З-за вас паміж паганаў блюзняць на імя Божае».

Бо абразанне дае карысць, калі ты выконваеш закон, калі ж ты парушальнік закону, то тваё абразанне зрабілася не абразаннем.
 
Абразанне тады карыснае, калі падпарадкоўваешся закону. Калі ж ты парушальнік закону, то абразанне тваё сталася неабразаннем.

Дык калі неабрэзаны выконвае патрабаванні закону, хіба яго неабразанне не залічыцца ў абразанне?
 
А калі неабрэзаны падпарадкоўваецца пастановам закону, дык ці ж яго неабразанне не палічыцца яму за абразанне?

І неабрэзаны з прыроды, калі выконвае закон, будзе судзіць цябе, таго, хто праз літару і абразанне — парушальнік закону.
 
Дык, вось, той, хто па прыродзе неабрэзаны, але выконвае закон, будзе судзіць цябе, парушальніка закону, які ведае літару закону і абрэзаны.

Бо іудзей не той, хто такі з выгляду, і абразанне не тое, што звонку, на целе;
 
Бо не той юдэй, хто такі з выгляду, ды не тое абразанне, якое відаць на целе,

а той іудзей, хто такі ўнутры, і абразанне — гэта абразанне сэрца, у духу, не ў літары; яму пахвала — не ад людзей, а ад Бога.
 
але той, хто ўнутры юдэй і абразанне якога ў сэрцы па духу, а не паводле літары; такому і пахвала не ад людзей, а ад Бога.