Адкрыцьцё 8 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала маўчанне на небе амаль на паўгадзіны.
Калі Ягнёнак зьняў сёмую пячаць, настала ў небе маўчаньне як бы на поў гадзіны.
І я ўбачыў сем Анёлаў, якія стаяць перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў.
І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем трубаў.
І іншы Анёл прыйшоў і стаў каля ахвярніка, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат фіміяму, каб ён усклаў яго з малітвамі ўсіх святых на залаты ахвярнік перад тронам.
Потым выступіў іншы анёл і стаў перад аўтаром, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзены былі яму кадзілы, каб з малітвамі ўсіх сьвятых палажыў іх на залатым аўтары, які знаходзіўся перад Божым тронам.
І ўзняўся дым фіміяму з малітвамі святых з рукі Анёла перад Богам.
І падняўся дым пахнучых кадзілаў разам з мольбамі сьвятых з рукі анёла да Бога.
І ўзяў Анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка. І кінуў на зямлю, і зрабіліся грамы, і галасы, і маланкі, і землятрус.
Тады анёл узяў кадзільніцу і напоўніў яе агнём з аўтара і кінуў на зямлю. У той момант загрымелі громы і галасы, і былі маланкі і страшныя ўздрыгванні зямлі.
І сем Анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.
А сем анёлаў з сямю трубамі рыхтаваліся, каб затрубіць.
І першы затрубіў: і зрабіліся град і агонь, змяшаныя з крывёю, і былі кінуты на зямлю; і трэць зямлі згарэла, і трэць дрэваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла.
І першы анёл затрубіў. І паўстаў град і агонь, зьмешаны з кроўю і апалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава згарэла.
І другі Анёл затрубіў: і як бы вялікая гара, распаленая агнём, была кінута ў мора, і трэць мора зрабілася крывёю,
Другі анёл затрубіў. І тады, быццам велічэзная гара, агнём палымнеючая, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора стала кроўю.
і вымерла трэць стварэнняў, што жылі ў моры, і трэць суднаў была знішчана.
Трэцяя частка марскіх істот прапала, і трэцяя частка караблёў загінула.
І трэці Анёл затрубіў: і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла, як паходня, і ўпала яна на трэць рэк і на крыніцы водаў.
І затрубіў трэці анёл. Тады зьляцела з неба велічэзная зорка, палымнеючая, як факел. Звалілася яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.
І імя зоркі — Палын; і трэць водаў зрабілася палыном; і шмат людзей памерла ад водаў, бо воды зрабіліся горкімі.
А назва той зоркі Абсінцый-палын. І трэцяя частка водаў сталася горкай, як палын. І многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.
І чацвёрты Анёл затрубіў: і была знішчана трэць сонца, і трэць месяца, і трэць зорак, каб трэць іх пацьмянела, і дзень не яснеў на сваю трэць, і гэтак жа ноч.
І чацьвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца і трэцяя часьць месяца, і трэцяя частка зор, так што пацямнела іх трэцяя часьць, а дзень роўна з ночай страцілі трэцюю частку сваёй яснасьці.
І я ўбачыў і пачуў аднаго арла18, які ляцеў пасярэдзіне неба, кажучы гучным голасам: Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі, ад астатніх трубных галасоў трох Анёлаў, якія будуць трубіць!
Потым глянуў я і пачуў голас аднаго анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, голасна ускрыкваючы: "Гора, гора, гора жыхарам зямлі, бо трубяць яшчэ трубы трох анёлаў, якія павінны неўзабаве затрубіць".