Якава 4 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Адкуль войны і адкуль бітвы між вас? Ці не адгэтуль: ад вашых пажадлівасцяў, якія змагаюцца ў вашых членах?
 
З чаго ўзьнікаюць войны ды скуль звадкі паміж вамі? Ня скуль інакш, як з пажаданьняў вашых, што ўздымаюцца ў членах вашых.

Вы хочаце — і не маеце; вы забіваеце і зайздросціце — і не можаце дасягнуць, сварыцеся і ваюеце, вы не маеце, бо не просіце для сябе.
 
Жадаеце і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце, і ня можаце здабыць; вадзіцеся ды б'іцёся. Ня маеце, бо ня просіце,

Вы просіце — і не атрымліваеце, бо не на дабро просіце, дзеля таго, каб растраціць на свае асалоды.
 
просіце і не атрымоўваеце, бо блага просіце, імкнучыся толькі задаволіць свае пажаданьні.

[Чужаложнікі і] чужаложніцы, хіба не ведаеце, што дружба са светам — гэта варажнеча з Богам? Дык хто захоча быць другам свету, той робіцца ворагам Бога.
 
Чужаложнікі, ці вы ня ведаеце, што сяброўства з гэтым сьветам ёсьць варожасьць Богу? Дык хто хацеў бы стацца прыяцелем гэтага сьвету, той робіцца непрыяцелем Бога.

Ці вы думаеце, што дарэмна кажа Пісанне: «Да зайздрасці прагне Дух, Якога пасяліў у нас»?
 
Можа ўважаеце, што дарма Пісаньне кажа: "Зайздросна любіць Дух, які пражывае ў нас"?

Але Ён дае большую ласку. Таму кажа: «Бог ганарлівым працівіцца, а пакорным дае ласку».
 
Дык большую дае ласку паводле таго, як сказана: "Бог працівіцца пыхлівым, а пакорным ласку дае".

Дык пакарыцеся Богу, а супрацьстаньце д’яблу, і ён уцячэ ад вас,
 
Дык пакарыцеся Богу; а супраціўцеся д'яблу, і ён уцячэ ад вас.

наблізцеся да Бога, і Ён наблізіцца да вас. Ачысціце рукі, грэшнікі, і асвяціце сэрцы, двудушныя.
 
Туліцеся да Бога, і Ён прытуліць вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, усьвяціце сэрцы, крывадушнікі.

Журыцеся, смуткуйце і плачце. Ваш смех няхай абернецца ў смутак, а радасць — у сум.
 
Кайцеся, плачце і сумуйце: хай сьмех ваш абернецца ў жалобу, а радасьць — у жаль.

Прынізце сябе перад Госпадам і Ён узвысіць вас.
 
Спакарыцеся перад Госпадам, і Ён падыме вас.

Не абгаворвайце адзін аднаго, браты. Хто абгаворвае брата альбо асуджае свайго брата — абгаворвае закон і судзіць закон; калі ж ты судзіш закон, ты не выканаўца закона, а суддзя.
 
Браты, не ачарняйце адзін аднаго. Хто ачарняе брата свайго або асуджае брата свайго, той парушае закон ды асуджае закон. А калі ты асуджаеш закон, дык ты не выпаўніцель закону, але суддзя.

Адзін — Заканадавец і Суддзя, Які можа выратаваць і загубіць; а ты хто, што судзіш блізкага?
 
Адзін жа Законадаўца і Суддзя, які можа збавіць або загубіць. А ты хто такі, што судзіш бліжняга?

Цяпер паслухайце вы, што кажаце: «Сёння альбо заўтра мы выправімся ў такі і такі горад, і правядзём там год, і будзем гандляваць і мець прыбытак»,
 
Вы, што кажаце цяпер: "Сёньня або заўтра пойдзем у той ці іншы горад і пражывём там год, зоймемся гандлем ды заробім",

вы, якія не ведаеце заўтрашняга — якім будзе ваша жыццё; бо вы — пара, што ненадоўга з’яўляецца, а пасля знікае.
 
ці вы ведаеце, што будзе заўтра з жыцьцём вашым? Вы бо пара, што на хвіліну зьяўляецца, а потым прападае.

Замест таго, каб вы казалі: «Калі Госпад захоча, мы і жыць будзем, і зробім гэта альбо тое».
 
Таму кажыце: "Калі Госпад захоча, буду жыць і рабіць тое ці іншае".

Але цяпер вы выхваляецеся ў сваёй пыхлівасці і кожнае такое пустахвальства ліхое.
 
Вы цяпер пахваляецеся ў сваёй пыхлівасьці. Кожнае такое пустахвальства ліхое.

Дык хто ведае, як рабіць дабро і не робіць, таму грэх.
 
Таму той, хто можа рабіць дабро, і ня робіць, грашыць.