Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
І сталася: неўзабаве пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і сёлах, абвяшчаючы і добравесцячы Царства Божае, і з Ім дванаццаць,
І сталася пасьля, праходзіў Ён па ме́стах і сёлах, прапаве́дываючы і абвяшчаючы добрую ве́стку аб Царстве Божым, і з Ім дванаццацёра,
і некаторыя жанчыны, што былі вылечаны ад ліхіх духаў і немачаў: Марыя, званая Магдалінаю, з якой выйшла сем дэманаў,
і некаторыя жанчыны, каторых Ён аздаравіў ад злых духаў і хвароб, — Марыя, называная Магдаліна, з якое выйшлі се́м чартоў,
і Іаанна, жонка Худзы, Ірадавага аканома, і Сусанна, і многія іншыя, што служылі ім13 сваёю маёмасцю.
і Іоанна, жана́ Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія другія, што служылі Яму з мае́масьці сваёй.
Калі ж сабраўся вялікі натоўп і папрыходзілі да Яго з усіх гарадоў, Ён выказаўся прыпавесцю:
Калі-ж сабралося множства народу, і з усіх гарадоў жы́хары зыходзіліся да Яго, Ён пача́ў гаварыць прыпо́весьцю:
Выйшаў сейбіт пасеяць сваё насенне. І калі сеяў, адно ўпала край дарогі і было патаптана, і нябесныя птушкі падзяўблі яго.
выйшаў сейбіт се́яць се́мя сваё; і, калі ён се́яў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябе́сныя паклявалі яго;
А другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня ме́ла вільгаці;
А іншае ўпала між церняў, ды церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.
а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна і заглушыла яго;
А іншае ўпала ў добрую зямлю і, калі вырасла, дало стакротны плён. — Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынясло плод стакро́тны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто ма́е вушы слухаць, няхай слухае.
І Яго вучні пыталіся ў Яго: Што б значыла гэтая прыпавесць?
Вучні-ж Яго спыталіся ў Яго: што-б значыла прыповесьць гэтая?
Ён жа сказаў: Вам дадзена пазнаць таямніцы Царства Божага, а астатнім — у прыпавесцях, каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі.
Ён сказаў: вам да́дзена знаць тайны Царства Божага, а для рэшты яны ў прыпо́весьцях, так што яны, бачучы ня бачуць і чуючы, не разуме́юць.
Вось што азначае гэтая прыпавесць: насенне — гэта слова Божае.
Вось што́ значыць прыповесьць гэтая: се́мя ёсьць слова Божае.
І якое край дарогі — гэта тыя, што пачулі, пасля прыходзіць д’ябал і забірае слова з іх сэрца, каб яны не ўверавалі і не былі ўратаваны.
А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д’ябал і забірае слова з сэрца іх, каб не паве́рылі і не спасьліся;
А на скале — гэта тыя, што пачуўшы, з радасцю прымаюць слова, ды не маюць кораня, яны вераць да часу і ў часе выпрабавання адступаюць.
а на ка́мені гэта тыя, што, калі пачуюць слова, дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня́ і часова ве́раць, а ў час спакусы адпадаюць;
А ўпалае між церняў — гэта тыя, што пачулі, але, жывучы, душацца турботамі, багаццем і жыццёвымі раскошамі і плёну не даюць.
а што ўпала ў цярніну — гэта тыя, што слухаюць слова, але, адыходзячы, заглуша́юцца клапотамі, бага́цьцем і ўце́хамі жыцьцёвымі і не даюць плёну.
А на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, берагуць у добрым і шчырым сэрцы і ў стойкасці даюць плод.
А ўпаўшае на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.
І ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінаю ці не ставіць пад ложак, а ставіць яго на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не прыкрывае яе́ судзінаю, або не стаўляе пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло́,
Бо няма нічога таемнага, што не зробіцца яўным, ні схаванага, што не будзе вядомым і не выявіцца.
бо няма нічога тайнага, што-б ня выявілася, ні ўкрытага, што ня сталася-б вядомым і ня выйшла-б наве́рх.
Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дасца; а хто не мае, у таго забярэцца і тое, што, яму здаецца, ён мае.
Глядзіце-ж, як вы слу́хаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто ня ма́е, у таго адымецца й тое, што ён думае ме́ць.
І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падступіцца да Яго з-за натоўпу.
І прыйшлі да Яго маці і браты Яго і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны народу.
І паведамілі Яму: Твая Маці і Твае браты стаяць знадворку і хочуць убачыць Цябе.
І далі знаць Яму: маці і браты Тваі стаяць вонках, хо́чучы бачыць Цябе́.
Ён да ў адказ сказаў ім: Мая Маці і Мае браты — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
Ён сказаў ім у адказ: маці мая́ і браты мае́ — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выпаўняюць яго.
І сталася: аднаго дня Ён і Яго вучні ўвайшлі ў лодку, і Ён сказаў ім: Пераплывем на другі бок возера. — І яны ад’ехалі.
І сталася, аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: пераплыве́м па той бок возера. І паплылі.
А калі плылі, Ён заснуў. І наляцеў бурны вецер на возера, і іх пачало заліваць, і яны былі ў небяспецы.
Калі-ж яны плылі, Ён заснуў. На возеры падняўся бурны ве́цер, і залівала іх хва́лямі, і яны былі ў небясьпе́цы.
І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Настаўніку, Настаўніку, гінем! — І Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляванню вады; і яны супакоіліся, і настала ціша.
І, падыйшоўшы, збудзілі Яго ды сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем. Але Ён, устаўшы, закрычэу ве́тру і хваляваньню вады; і спыніліся, і ста́лася ціша.
І Ён сказаў ім: Дзе ваша вера? — Яны ж, перапалоханыя, здзівілся, кажучы адзін аднаму: Хто ж Гэты, што загадвае нават вятрам і вадзе, і яны слухаюцца Яго?
Тады Ён сказаў ім: дзе́ ве́ра ваша? Яны-ж у страху і задзіўле́ньні гаварылі адзін аднаму: Хто ж гэта, што ве́трам загадвае і вадзе́, і слухаюцца Яго?
І прыплылі ў краіну герасінцаў14, што насупроць Галілеі.
І прыплылі ў старану Гадарынскую, што насу́праць Галіле́і.
Калі ж Ён выйшаў на зямлю, перастрэў Яго адзін чалавек з горада, апантаны дэманамі; і даволі доўгі час ён не надзяваў вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
Калі-ж выйшаў Ён на бе́раг, спаткаў Яго адзін чалаве́к з ме́ста, які ме́ў чарто́ў з даўных часоў і хадзіў не адзе́ўшыся, і жыў ня ў доме, але ў магілах.
Убачыўшы ж Ісуса, ён закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Малю Цябе, не муч мяне.
Ён, угле́дзіўшы Ісуса, закрычэўшы, паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе́ да мяне́, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Малю Цябе́, ня муч мяне́.
Бо Ён загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека. Бо доўгі час ён хапаў яго і звязалі таго ланцугамі і кайданамі і сцераглі, ды ён разрываў аковы, і дэман гнаў яго ў пустэльні.
Бо Ісус сказаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалаве́ка; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі й сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.
І Ісус спытаўся ў яго: Як тваё імя? — Ён да сказаў: Легіён, — таму што шмат дэманаў увайшло ў яго.
Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Ён сказаў: легіён; бо многа чартоў увайшло ў яго.
І яны прасілі Яго, каб не загадаў ім ісці ў бяздонне.
І прасілі Яго, каб не вяле́ў ім ісьці ў бяздоньне.
А там быў вялікі гурт свіней, якія пасвіліся на гары; і папрасілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў тых. І Ён дазволіў ім.
Тут жа на гарэ пасьвіўся вялікі гурт сьвіне́й; і чарты́ прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.
І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней, і рынуўся гурт са стромы ў возера і ўтапіўся.
Чарты́, выйшаўшы з чалаве́ка, увайшлі ў сьвіне́й.
Пастухі ж, убачыўшы, што зрабілася, паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках.
І кінуўся гурт з кру́чы ў мора, і ўтануў. Пастухі, бачучы, што́ ста́лася, пабе́глі ды расказалі ў ме́сьце і сёлах.
І тыя выйшлі паглядзець, што здарылася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць у нагах Ісуса апрануты і ў здаровым розуме, і перапалохаліся.
І выйшлі бачыць стаўшаеся; і, прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалаве́ка, з каторага выйшлі чарты́, се́дзячы ля ног Ісусавых, адзе́тага і пры розуме; і перепалохаліся.
Відавочцы ж расказалі ім, як быў уратаваны апантаны дэманамі.
А бачыўшыя расказалі ім, як спасён быў апанаваны чарта́мі.
І ўвесь народ Герасінскай ваколіцы папрасіў Яго адысці ад іх, бо вялікі страх ахапіў іх; і Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
І прасіў Яго ўве́сь народ Гадарынскае краіны пайсьці ад іх, бо іх зьняў вялікі страх. Ён увайшоў у човен і вярнуўся.
А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім; Ён жа адпусціў яго, кажучы:
А чалаве́к, з якога выйшлі чарты́, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Ісус адправіў яго, сказаўшы:
Вяртайся ў свой дом і расказвай, як шмат зрабіў табе Бог. — І той пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, як шмат зрабіў яму Ісус.
вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе́ Бог. Ён пайшоў і наказваў па ўсім ме́сьце, што ўчыніў яму Ісус.
І калі Ісус вяртаўся, яго прымаў натоўп; бо ўсе чакалі Яго.
Калі-ж вярнуўся Ісус, народ прыняў Яго, бо ўсе́ чакалі Яго.
І вось прыйшоў чалавек імем Іяір, які быў начальнікам сінагогі, і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсці ў яго дом,
І вось прыйшоў чалаве́к, імем Яір (а быў ён начальнікам школы); і, упаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом яго,
бо ў яго была адзіная дачка гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ён ішоў, натоўпы напіралі на Яго.
бо ў яго была адзіная дачка́, гадоў дванаццацёх, і тая была пры сьме́рці. Калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго.
І жанчына, што цярпела на крывацёк дванаццаць гадоў і выдала на дактароў усю маёмасць, і ніхто не мог яе вылечыць, —
І адна жанчына, што мучылася ад крываце́чы дванаццаць гадоў і аддала на ле́караў усю мае́масьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць яе́,
падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго вопраткі, і адразу спыніўся ў яе крывацёк.
падыйшоўшы ззаду, дакрану́лася да краю вопраткі Яго; і той час крываце́ча ў яе́ спынілася.
І Ісус спытаўся: Хто дакрануўся да Мяне? — Калі ж усе адмаўляліся, Пётр сказаў [і тыя, што з ім]: Настаўніку, натоўпы абступілі Цябе і сціскаюць, [а Ты пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»]
І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне́? Калі-ж усе́ адпіраліся, Пётр і быўшыя з Ім сказалі: Настаўнік! народ акружае Цябе́ ды націскае, і Ты кажаш: хто дакрануўся да Мяне́?
Ісус жа сказаў: Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
Але Ісус сказаў: не́хта дакрануўся да Мяне́, бо Я адчуваю сілу, што выйшла з Мяне́.
Жанчына ж, убачыўшы, што не ўтаілася, падышла дрыжучы і, упаўшы перад Ім, аб’явіла [Яму] перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як адразу вылечылася.
Жанчына-ж, бачучы, што яна ня ўто́іцца, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, аб’явіла Яму перад усім народам, з якое прычыны дакрану́лася да Яго, і як тады-ж паздараве́ла.
Ён жа сказаў ёй: [Мацуйся], дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам.
Ён сказаў ёй: бадрыся, дачка́! ве́ра твая спасла́ цябе́; ідзі з мірам.
Калі яшчэ Ён гаварыў, прыходзіць адзін з дому начлаьнікам сінагогі, кажучы: Памерла твая дачка; не турбуй больш Настаўніка.
Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць не́хта з дому начальніка школы і кажа ім: дачка́ твая паме́рла; ня турбуй Вучыцеля.
Але Ісус, пачуўшы гэта, адказаў яму: Не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратавана.
Але Ісус, пачуўшы гэтае, сказаў яму: ня бойся, толькі ве́р, і спасёна будзе.
І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці з Ім нікому, акрамя Пятра, Іаана і Іякава, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Іоана і Якава, і бацькі ды маткі дзяўчыны.
А ўсе плакалі па ёй і білі сябе ў грудзі. Ён жа сказаў: Не плачце, бо яна не памерла, а спіць.
Усе́ плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не паме́рла, але сьпіць.
І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
І сьмяяліся з Яго, ве́даючы, што яна паме́рла.
Ён жа, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка, устань!
Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе́ за руку, клікнуў, кажучы: дзяўчына, устань!
І вярнуўся дух яе, і яна зараз жа ўстала, і Ён распарадзіўся, каб далі ёй есці.
І вярнуўся дух яе́; і ўраз жа ўстала; і Ён вяле́ў даць ёй е́сьці.
І ўразіліся яе бацькі; Ён жа загадаў ім нікому не расказваць пра тое, што адбылося.
І зьдзівіліся бацькí яе́. Ён жа вяле́ў ім не гаварыць нікому аб тым, што́ сталася.