Яна 2 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І на трэці дзень адбывалася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Ісусава Маці.
 
А на трэці дзень адбывалася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Ісусава Маці.

Быў запрошаны на вяселле таксама і Ісус, і Яго вучні.
 
Быў запрошаны таксама Ісус і Яго вучні на вяселле.

І калі не стала віна, Ісусава Маці кажа Яму: У іх няма віна.
 
І калі не стала віна, Ісусава Маці кажа Яму: «Віна ў іх няма».

[І] Ісус кажа Ёй: Што Мне і Табе, Жанчына? Яшчэ мая гадзіна не прыйшла.
 
[і] кажа Ісус Ёй: «Што Мне і Табе, Жанчына? Яшчэ Мая гадзіна не прыйшла».

Яго Маці кажа слугам: Што Ён вам скажа, зрабіце.
 
Кажа Яго Маці слугам: «Што Ён вам скажа, рабіце».

А там паводле іудзейскага абраду ачышчэння стаяла шэсць каменных пасудзін на ваду, што змяшчалі па дзве ці тры меры.
 
Было ж там шэсць каменных пасудзін на ваду, пастаўленых дзеля Іудзейскага ачышчэння, — кожная на дзве ці тры меры.

Ісус кажа ім: Напоўніце пасудзіны вадою. — І яны напоўнілі іх даверху.
 
Кажа ім Ісус: «Напоўніце пасудзіны вадою». І напоўнілі іх даверху.

І кажа ім: Цяпер зачарпніце і нясіце распарадчыку балю. — І яны занеслі.
 
І кажа ім: «Цяпер зачарпніце І занясіце распарадчыку балю». І яны занеслі.

Калі ж распарадчык паспыта вады, што зрабілася віном, а ён не ведаў, адкуль яно ўзялося, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — тады кліча распарадчык маладога
 
Калі ж распарадчык паспытаў вады што зрабілася віном, а ён не ведаў, адкуль яно ўзялося, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, кліча распарадчык маладога

і кажа яму: Кожны чалавек спярша ставіць добрае віно, а калі ап’янеюць, [тады] горшае; ты дагэтуль збярог добрае віно.
 
і кажа яму: «Кожны чалавек дае спярша добрае віно, а калі падап’юць, горшае; ты аж дагэтуль збярог добрае віно».

Так Ісус зрабіў у Кане Галілейскай пачатак знакаў і выявіў Сваю славу, і Яго вучні ўверавалі ў Яго.
 
Гэтакі зрабіў Ісус пачатак цудаў у Кане Галілейскай і выявіў Сваю славу, і ўверавалі ў Яго вучні Яго.

Пасля гэтага сышоў у Капернаум Ён Сам, і Яго Маці, і (Яго) браты, і Яго вучні, і там заставаліся некалькі дзён.
 
Пасля гэтага зышоў Ён у Капернаум, сам і Яго маці, і [Яго] браты, і Яго вучні, і там прабылі няшмат дзён.

І набліжалася іудзейская Пасха, і Ісус узышоў у Іерусалім.
 
І набліжалася іудзейская Пасха, і Ісус узышоў у Ерусалім.

І Ён знайшоў у святыні людзей, што прадавалі валоў, авечак, галубоў, і грашаменаў, якія тут сядзелі.
 
І знайшоў Ён у святыні гандляроў валамі, авечкамі, галубамі і грашаменаў, што тут сядзелі.

І Ён, зрабіўшы бізун з аборак, усіх выгнаў са святыні, і авечак, і валоў, а ў мяняйлаў рассыпаў манеты і абярнуў сталы
 
І Ён, зрабіўшы бізун з аборак, усіх выгнаў са святыні, і авечак, і валоў, а мяняльшчыкам рассыпаў манеты і абярнуў сталы

і прадаўцам галубоў сказаў: Забірайце гэта адсюль, не рабіце дом Майго Бацькі домам гандлю.
 
і прадаўцам галубоў сказаў: «Забірайце гэта адсюль, не рабіце дом Майго Бацькі домам гандлярства».

[І] ўспомнілі Яго вучні, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».
 
Успомнілі Яго вучні, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».

Тады іудзеі ў адказ сказалі Яму: Які знак нам пакажаш, што маеш уладу гэта рабіць?
 
Тады ў адказ іудзеі сказалі Яму: «Які знак нам пакажаш, что маеш права гэта рабіць?».

У адказ Ісус сказаў ім: Зруйнуйце гэты храм, і Я за тры дні ўзвяду яго.
 
У адказ Ісус сказаў ім: «Зруйнуйце гэты хорам, і Я ў тры дні адноўлю яго».

Тады іудзеі сказалі: Сорак шэсць гадоў будавалі гэты храм, а Ты за тры дні ўзвядзеш яго?
 
Тады сказалі іудзеі: «Сорак шэсць гадоў будавалі гэты хорам, а Ты ў тры дні адновіш яго?»

А Ён казаў пра храм Свайго Цела.
 
А Ён казаў пра хорам Свайго цела.

Дык калі ж Ён быў уваскрэшаны з мёртвых, Яго вучні ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое сказаў Ісус.
 
Калі ж Ён з мёртвых уваскрос, успомнілі Яго вучні, што Ён казаў гэта, і ўверавалі ў Пісанне і слова, якое сказаў Ісус.

І калі Ён быў у Іерусаліме на свяце Пасхі, многія ўверавалі ў Яго імя, бачачы знакі, якія Ён рабіў.
 
А калі Ён быў у Ерусаліме на свяце Пасхі, шмат хто ўвераваў у Яго імя, бачачы цуды, якія Ён рабіў.

Але Сам Ісус не давяраўся ім, бо Ён ведаў усіх,
 
Але Сам Ісус не давяраўся ім, бо Ён ведаў усіх,

і таму не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо Ён Сам ведаў, што было ў чалавеку.
 
і таму не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што было ў чалавеку.