Яна 5 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
Пасля гэтага было іудзейскае свята, і Ісус узышоў у Іерусалім.
Пасьля гэтага было сьвята Юдэйскае, і прыйшоў Ісус у Ерусалім.
А ў Іерусаліме каля Авечай брамы ёсць купальня, па-яўрэйску завецца Віфзафа13, якая мае пяць крытых хадоў.
А ёсьць у Ерусаліме каля Авечае брамы купальня, называная па-Габрэйску Віфезда, якая мела пяць крытых уваходаў;
У іх ляжала мноства хворых: сляпых, кульгавых, спаралізаваных, [што чакалі руху вады.
у іх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, сухіх, якія чакалі руху вады;
Бо Анёл Гасподні час ад часу сходзіў у купальню і хваляваў ваду; тады хто першы ўваходзіў пасля хвалявання вады, выздараўліваў, якой бы хваробаю ні быў апанаваны].
бо анёл Гасподні часам сыходзіў у купальню і парушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля парушэньня вады, той здаровы рабіўся, на якую б хваробу ні пакутаваў.
І быў там адзін чалавек, разбіты хваробаю трыццаць восем гадоў;
Тут быў чалавек, які хварэў трыццаць восем гадоў.
Ісус, убачыўшы, што той ляжыць, і даведаўшыся, што гэта з ім ужо доўгі час, пытаецца ў яго: Хочаш быць здаровым?
Ісус, угледзеўшы, як ён ляжыць, і даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: ці хочаш быць здаровым?
Хворы адказаў яму: Гаспадару, няма ў мяне чалавека, каб, калі ўсхвалюецца вада, апусціў мяне ў купальню; а калі я прыходжу, іншы раней за мяне сходзіць.
Хворы адказваў Яму: так, Госпадзе; але ня маю чалавека, які апусьціў бы мяне ў купальню, калі парушыцца вада; калі ж я прыходжу, нехта іншы ўжо ўваходзіць раней за мяне.
Кажа яму Ісус: Устань, вазьмі сваю пасцель і хадзі.
Ісус кажа яму: устань, вазьмі пасьцель тваю і хадзі.
І адразу зрабіўся гэты чалавек здаровым, узяў сваю пасцель і пайшоў. А ў той дзень была субота.
І той адразу выздаравеў, і ўзяў пасьцель сваю, і пайшоў. Было ж гэта ў дзень суботні.
Дык іудзеі казалі вылечанаму: Сёння субота, і не дазваляецца табе браць сваю пасцель.
Пасьля Юдэі казалі ацалёнаму: сёньня субота; не павінен ты браць пасьцель.
Але ён адказаў ім: Хто зрабіў мяне здаровым, Той мне сказаў: «Вазьмі сваю пасцель і хадзі».
Ён адказваў ім: Хто мяне вылечыў, Той мне сказаў: вазьмі пасьцель тваю і хадзі.
Яны спыталіся ў яго: Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: «Вазьмі [сваю пасцель] і хадзі?»
У яго спыталіся: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: вазьмі пасьцель тваю і хадзі?
Вылечаны ж не ведаў, Хто ён, бо Ісус аддаліўся ад натоўпу, што быў на тым месцы.
Але ацалёны ня ведаў, хто Ён; бо Ісус зьнік сярод людзей, якія былі на тым месцы.
Пасля гэтага Ісус знайшоў яго ў святыні і сказаў яму: Вось ты выздаравеў, больш не грашы, каб не зрабілася табе чаго горшага.
Потым Ісус спаткаў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровы; не грашы болей, каб ня сталася з табою чаго горшага.
Гэты чалавек пайшоў і расказаў іудзеям, што зрабіў яго здаровым Ісус.
Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што Той, Хто ацаліў яго, ёсьць Ісус.
І з-за гэтага іудзеі пачалі гнаць Ісуса [і шукалі Яго забіць], таму што Ён зрабіў гэта ў суботу.
І пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса і намышлялі забіць Яго за тое, што Ён рабіў усе такія дзеі ў суботу.
Але [Ісус] адказаў ім: Мой Бацька дагэтуль працуе, і Я працую.
А Ісус казаў ім: Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.
І вось з-за гэтага яшчэ больш шукалі іудзеі забіць Яго, бо Ён не толькі суботу парушыў, але і называў Бога Сваім Бацькам, робячы Сябе роўным Богу.
І яшчэ больш намышлялі забіць Яго Юдэі за тое, што Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
Ісус жа ў адказ сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: не можа Сын нічога рабіць Сам ад Сябе, калі не ўбачыць, што гэта робіць Бацька, бо што Той робіць, тое і Сын гэтак жа робіць.
На гэта Ісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога ня можа тварыць Сам ад Сябе, калі ня ўбачыць, як Айцец творыць: бо, што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама.
Бо Бацька любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, так што вы здзівіцеся.
Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што творыць Сам; і пакажа Яму дзеі большыя за гэтыя, так што вы зьдзівіцеся.
Бо як Бацька ўваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
Бо, як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча.
Бо і не судзіць Бацька нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
Бо Айцец і ня судзіць нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Бацьку. Хто не шануе Сына, не шануе Бацьку, Які паслаў Яго.
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае Маё слова і веруе ў Таго, Хто паслаў Мяне, мае вечнае жыццё і на суд не прыходзіць, але перайшоў са смерці ў жыццё.
Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае, і на суд ня прыходзіць, а перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё.
Сапраўды, сапраўды кажу вам: Надыходзіць гадзіна, і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і тыя, што пачуюць, ажывуць.
Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.
Бо як Бацька мае жыццё ў Самім Сабе, так і Сыну Ён даў мець жыццё ў Самім Сабе.
Бо як Айцец мае жыцьцё ў Самім Сабе, так і Сыну даў мець жыцьцё ў Самім Сабе;
І даў Яму ўладу [і] чыніць суд, бо Ён — Сын Чалавечы.
і даў Яму ўладу правіць і суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
Не здзіўляйцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Яго,
Ня зьдзіўляйцеся з гэтага: бо настае час, калі ўсе, хто ў магілах, пачуюць голас Сына Божага,
і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрэсенне жыцця, а тыя, што ліхое рабілі, ва ўваскрэсенне суду.
і выйдуць тыя, што тварылі дабро на ўваскрэсеньне жыцьця, а што ліха чынілі — на ўваскрэсеньне асуды.
Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як Я чую, — так і суджу, і Мой суд справядлівы, бо не шукаю Маёй волі, а волі Таго, Хто14 паслаў Мяне.
Я нічога не магу тварыць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой справядлівы, бо ня шукаю Маёй волі, а волі Айца, Які паслаў Мяне.
Калі Я сведчу Сам пра Сябе, Маё сведчанне не праўдзівае;
Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, дык сьведчаньне Маё ня ёсьць ісьціна:
ёсць іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае пасведчанне, якім Ён сведчыць пра Мяне.
ёсьць іншы, Хто сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што ісьціна ёсьць тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне;
Вы пасылалі да Іаана, і ён засведчыў аб праўдзе;
вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра ісьціну.
Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі ўратаваныя.
А Я вось не ад чалавека прымаю сьведчаньне, а кажу гэта на тое, каб вы ўратаваліся.
Той быў светачам, што гарэў і свяціў, вы ж хацелі на кароткі час парадавацца ў яго святле.
Ён быў сьвяцільнік, што гарэў і сьвяціў; а вы хацелі якісь час парадавацца пры сьвятле ягоным.
Але Я маю сведчанне большае за Іаанава, бо справы, якія даў Мне Бацька, каб Я іх выканаў, самі гэтыя справы, якія раблю Я, сведчаць пра Мяне, што Мяне паслаў Бацька.
Але Я маю сьведчаньне большае за Янавае: бо дзеі, якія Айцец даў мне зьдзейсьніць, самыя дзеі гэтыя, якія Я чыню, сьведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне.
І Бацька, што паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні Яго аблічча не бачылі,
І Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. А вы ні голасу Ягонага ніколі ня чулі, ні аблічча Ягонага ня бачылі,
і Яго слова не маеце, каб у вас заставалася, бо не верыце Таму, Каго Ён паслаў.
і ня маеце слова Ягонага, каб яно былося ў вас, бо ня верыце вы Таму, Каго Ён паслаў.
Вы даследуеце Пісанні, бо вы думаеце, што ў іх маеце вечнае жыццё; а яны сведчаць пра Мяне;
Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь іх мець жыцьцё вечнае: а яны ж сьведчаць пра Мяне.
і не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё.
Славы ад людзей Я не прымаю,
Ня прымаю славы ад людзей,
але Я ведаю вас, што вы любові да Бога ў сабе не маеце.
але ведаю вас: вы ня маеце ў сабе любові да Бога.
Я прыйшоў у імя Майго Бацькі, і вы Мяне не прымаеце; калі іншы прыйдзе ў сваё імя, таго вы прымеце.
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і ня прымаеце Мяне; а калі нехта іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.
Як вы можаце ўвераваць, калі славу адзін ад аднаго прымаеце, а славы, што ад Бога Адзінага, не шукаеце?
Як вы можаце верыць, калі адзін ад аднаго прымаеце славу, а славы, якая ад Адзінага Бога, ня шукаеце?
Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Бацькам; ёсць абвінаваўца для вас — Маісей, на каго вы спадзяецеся.
Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом: ёсьць на вас скаржнік Майсей, на якога вы спадзеяцеся.
Бо калі б вы верылі Маісею, веравалі б Мне; бо ён пісаў пра Мяне.
Бо калі б вы верылі Майсею, дык паверылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.
Калі ж яго пісанням не верыце, як паверыце Маім словам?
А калі ягоным пісаньням ня верыце, — як паверыце Маім словам?