Лукаша 10 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Пасьля гэтага паставіў Госпад і іншых семдзясят, і паслаў іх па двух прад Абліччам Сваім у кажнае места й паселішча, куды Сам меўся ісьці.
Пасьля гэтага прызначыў Госпад іншых семдзясят і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці.
І сказаў ім: — жніва вялікае, а работнікаў мала, дык малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніва Сваё.
Тады сказаў ім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.
Ідзеце; вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
Не бярэце ніякіх ношаў: ні сумкі, ні кашалька, ні абутку, і ні з кім у дарозе ня вітайцеся.
Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце.
У які дом зойдзеце, найперш гаварэце: мір дому гэтаму.
У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!”
І калі там будзе сын міру, супачыне на ім мір ваш; а калі-ж не, да вас вернецца.
І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца.
У тым-жа доме заставайцеся, ешце й пеце, што ў іх ёсьць, бо работнік дастойны ўзнагароды свае; не пераходзьце з дому ў дом.
А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі прыйдзеце ў якое места, і прымуць вас, ешце, што дадуць вам.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць;
І ацаляйце нядужных, якія ёсьць там, і кажэце ім: набліжаецца да вас Уладарства Божае.
і аздараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
У каторае-ж места прыйдзеце, і ня прымуць вас, выходзячы з вуліц яго гаварэце:
А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце:
— І пыл, які асеў на нас ад места вашага, атрасаем вам; аднак-жа ведайце, што Уладарства Божае недалёка ад вас.
“І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
Кажу вам, што лепш будзе Садому ў дзень той, ніж месту гэткаму.
Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму.
Гора табе, Харазіне, гора табе, Віфсаіда! бо калі-б у Тыры й Сідоне дзеяліся цуды, якія твораны ў вас, то даўно яны, налажыўшы на сябе валасяніцу й попел, пакаяліся-б.
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле.
Але Тыру й Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, ніж вам.
Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
І ты, Капернауме, да неба ўзьнесшыся, да пекла ніспадзеш.
І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш.
Хто слухае вас — Мяне слухае, а хто вас адракаецца — Мяне адракаецца, а выракаючыся Мяне, выракаецца й Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне».
І вярнуліся семдзесят у радасьці, кажучы: — Госпадзе, нават і дэманы падаюцца нам за імя Тваё.
А семдзясят вярнуліся з радасьцю, кажучы: «Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё».
Ён-жа сказаў ім: — Я бачыў шатана, які, як маланка, спадаў з неба.
Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца.
Вось даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў й на ўсю сілу варожую, і ні што не пашкодзіць вам;
Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам.
Аднак-жа, ня радуйцеся таму, што духі вам пакараюцца, а радуйцеся таму, што іменьні вашыя запісаны ў нябёсах.
Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе».
І ў той час узрадаваўся Ісус у Духу Сьвятым і сказаў: — Я слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба й зямлі, што Ты закрыў гэтае прад мудрацамі й наўчонымі й адкрыў для малых; так, Войча, бо гэткае было Тваё дабраволеньне.
У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе».
І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: — усё Мне перадаў Айцец Мой, і ніхто ня ведае, Хто ёсьць Сын, апрача Айца, і ніхто ня ведае, Хто ёсьць Айцец, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць».
І сказаў вучням асобна: — шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!
Бо кажу вам, што многія прарокі й каралі хацелі-б бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі».
І вось законьнік адзін устаў і, спакусьліва да Яго, сказаў: — Вучыцель! што маю рабіць, каб насьледаваць жыцьцё вечнае.
І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: «Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
Ён-жа сказаў яму: — а ў законе што напісана? як чытаеш?
Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
І той у адказ сказаў: — узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваею, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе.
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе».
Ісус сказаў яму: добра ты адказаў, гэтак рабі й будзеш жыць.
[Ісус] сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць»
Але ён, хочучы выпраўдаць сябе, сказаў Ісусу: — а хто мой бліжні?
Але ён, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой бліжні?»
І ў адказ яму Ісус сказаў: — адзін чалавек ішоў з Ерусаліму ў Ерыхон ды натрапіў на разбойнікаў; яны зьнялі адзеньне яго, паранілі й пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
На гэтае сказаў Ісус: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
Выпадкова йшоў тэй дарогаю сьвятар і, убачыўшы яго, прамінуў.
Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго.
Таксама й лявіт быў на тым месцы й, падышоўшы, глянуў і пайшоў міма.
Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго.
Самаранін-жа нехта, падарожнік адзін, найшоў на яго, і ўбачыўшы, зьміласэрдзіўся.
А Самаранін нейкі, ідучы, падыйшоў да яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся.
І падышоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном, пасадзіў яго на свайго асла, прывёз яго да заезду, і даглядаў яго.
І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго.
А на другі дзень, ад'яжджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару заезду й сказаў яму: — даглядай яго, і калі затраціш што больш, я аддам табе, вярнуўшыся.
А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”.
Хто-ж з тых трох, на думку тваю, бліжні таму, хто папаўся разбойнікам?
Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?»
І той адказаў: — каторы, зьлітаваўся над ім; Ісус-жа сказаў яму: — ідзі й ты рабі гэтак.
Ён сказаў: «Той, які зьлітаваўся над ім». Тады Ісус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак».
Было-ж у часе падарожжа іхнага; прыйшоў Ён у паселішча адно; тут жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой.
І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой.
У яе была сястра Марыя, яна села ў ногах Ісусавых і слухала слова Ягонае.
І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае.
Марта-ж клапацілася над добрым пачастункам і, падыйшоўшы, сказала: — Госпадзе! ці Табе не абыйходзіць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугоўваць? скажы ёй, каб памагла мне.
А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: «Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне».
І сказаў Ісус ёй у адказ: Марта! Марта! ты турбуешся й клапоцішся пра многае;
Адказваючы, Ісус сказаў ёй: «Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
Адно-ж толькі патрэбна; і Марыя выбрала лепшую частку, якая не адыймецца ад яе.
а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забраная ў яе».