Якава 2 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
Браты мае́! ма́йце веру ў Іісуса Хрыста́, нашага Госпада сла́вы, не зважа́ючы на асо́бы.
Браты мае́! Не ўзіраючыся на аблічча, мейце веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста праслаўленага.
Бо калі на сход ваш пры́йдзе чалавек з залатым пе́рсценем, у бліску́чым адзе́нні, і пры́йдзе бедны ў бру́дным адзе́нні,
Бо калі ў збор ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у сьветлым адзеньні, і ўвойдзе ўбогі ў брудным адзеньні,
і вы, пагледзіце́ на таго, што ў бліску́чым адзе́нні, і ска́жаце яму: «ты сядай сюды, на добрае месца», а беднаму ска́жаце: «ты стань там» альбо: «сядай тут, каля ног маіх»,
і вы глянеце на таго, які носіць сьветлае адзеньне, і скажаце яму: «Табе добра сесьці тут», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там», ці: «Сядай тут, ля падножжа майго»,
то хіба́ вы не правялí падзе́лу паміж сабою і не сталі су́ддзямі з ліхíмі думкамí
ці не ўчынілі вы розьніцы ў саміх сабе і ці ня сталіся судзьдзямі са злымі думкамі?
Паслу́хайце, браты мае́ ўзлю́бленыя, хіба́ не бедных свету гэтага вы́браў Бог, каб былí яны бага́тымі вераю і насле́днікамі Царства, якое Ён паабяца́ў тым, хто лю́біць Яго́
Паслухайце, браты мае́ ўлюбёныя, ці ж ня ўбогіх сьвету гэтага выбраў Бог быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Валадарства, якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
а вы знява́жылі беднага. Хіба́ не бага́тыя чы́няць вам уцíск, і ці не яны ця́гнуць вас у суды́?
А вы зьняважылі ўбогага. Ці ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці ж не яны цягаюць вас у суды?
хіба́ не яны знеслаўля́юць добрае імя́, якім вы называ́ецеся?
Ці ж не яны блю́зьняць на добрае імя, якое вы прызываеце?
Дык вось, калі выко́нваеце вы закон царскі паводле Пісання: «узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе», то добра ро́біце;
Калі, аднак, вы спаўняеце валадарскі закон паводле Пісаньня: «Любі бліжняга твайго як самога сябе», добра робіце;
а калі зважа́еце на асобы, то грэх чы́ніце і перад законам ака́зваецеся злачы́нцамі.
а калі на аблічча ўзіраецеся, чы́ніце грэх і дакара́ныя законам як парушальнікі.
Хто вы́канае ўвесь закон, ды асту́піцца ў не́чым адным, той ста́не вінава́тым ва ўсім.
Бо хто захоўвае ўвесь Закон, але спатыкнецца ў [нечым] адным, той стаўся вінным у-ва ўсім.
Бо Той, Хто сказаў: «не пралюбадзе́йнічай», сказаў таксама: «не забіва́й»; таму, калі ты не пралюбадзе́йнічаеш, але заб’еш, то станеш паруша́льнікам закону.
Бо Той, Які сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі ты не чужаложыш, але заб’еш, ты стаўся парушальнікам Закону.
Так гавары́це і так рабіце, як тыя, каго будуць судзíць па закону свабоды.
Гэтак гаварыце і гэтак рабіце, як тыя, што маюць быць суджаны паводле закону свабоды.
Бо суд без мíласці над тым, хто не аказа́ў мíласці; мíласць вышэ́йшая за суд.
Бо суд бяз літасьці для таго, хто не ўчыніў літасьці; і ласка па-над суд вывышаецца.
Якая кары́сць, браты мае́, калі хтосьці будзе каза́ць, што ма́е веру, а спраў не будзе мець? хіба́ можа гэтая вера спасцí яго́
Якая карысьць, браты мае́, калі хто кажа, што ма́е веру, а ўчынкаў ня ма́е? Ня можа гэтая вера збавіць яго.
Калі брат ці сястра будуць без адзе́жы і не будуць мець е́жы на штодзе́нь,
Калі брат ці сястра ня маюць адзеньня і не хапа́е ім ежы на дзень,
а хто-небудзь з вас скажа: «ідзíце з мíрам, грэ́йцеся і наяда́йцеся», але не дасць ім неабхо́днага для це́ла, то якая кары́сць?
а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і насычайцеся», але ня дасьць ім патрэбнага для цела, якая карысьць?
Так і вера, калі не будзе мець спраў, то яна мёртвая сама па сабе.
Гэтак і вера, калі ня ма́е ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
Але нехта скажа: ты веру маеш, а я справы ма́ю, пакажы́ мне веру тваю без спраў тваіх, а я пакажу́ табе веру маю́ ў справах маіх.
Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я ма́ю ўчынкі». Пакажы мне веру тваю без учынкаў тваіх, і я з маіх учынкаў пакажу табе маю́ веру.
Ты веруеш, што Бог адзіны, — добра робіш; і дэ́маны веруюць і трымця́ць.
Ты верыш, што Бог адзін, — добра робіш. І дэманы вераць і дрыжаць.
Дык хочаш ве́даць ты, чалавек бязду́мны, што вера без спраў мёртвая?
Але ці хочаш ведаць, чалавек нікчэмны, што вера без учынкаў мёртвая?
Хіба́ Аўраам, айцец наш, не спра́вамі апраўда́ны быў, калі паклаў сына свайго Ісаака на ахвя́рнік?
Ці ж не праз учынкі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, узьнёсшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
Ба́чыш, што вера садзе́йнічала спра́вам яго, і праз спра́вы вера стала даскана́лаю?
Бачыш, што вера дапамагала ўчынкам ягоным, і праз учынкі вера завяршылася.
І здзе́йснілася Пісанне, у якім ска́зана: «вераваў Аўраам Богу, і гэта было́ залíчана яму як пра́веднасць, і ён быў назва́ны дру́гам Божым».
І споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць», і: «Ся́брам Богу быў ён названы».
Бачыце, што справамі апра́ўдваецца чалавек, а не толькі вераю?
Дык паглядзіце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не праз веру толькі.
Так і Раа́ў блудніца хіба́ не справамі апраўда́лася, прыня́ўшы вестуно́ў і адпра́віўшы іх іншым шля́хам?
Падобна і Рахаў распусьніца ці не праз учынкі была апраўданая, прыняўшы пасланцоў і выправіўшы [іх] другой дарогаю?
Бо як це́ла без ду́ха мёртвае, так і вера без спраў мёртвая.
Бо, як цела бяз духа мёртвае, гэтак і вера мёртвая без учынкаў.