Дзеі 7 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў першасвята́р: ці так гэта?
А першасьвятар сказаў: «Ці ж гэта так?»
Ён жа сказаў: мужы́ браты́ і айцы́! паслу́хайце. Бог сла́вы явíўся айцу нашаму Аўраа́му, калі ён быў у Месапата́міі, перад тым як пасяліўся ў Харра́не,
Той жа мовіў: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш, чым пасяліўся ў Харане,
і сказаў яму: вы́йдзі з зямлі тваёй, і з раднí тваёй, і з до́му бацькі твайго, ды ідзі ў зямлю́, якую Я пакажу́ табе.
і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”.
Тады, вы́йшаўшы з зямлі Халдзе́йскай, ён пасяліўся ў Харра́не; і адтуль, пасля смерці ба́цькі яго, Бог перасялíў яго ў гэтую зямлю́, у якой вы цяпер жывяце́,
Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага [Бог] перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяцё.
і не даў яму спа́дчыны ў ёй ні на ступню́ нагі; але абяцаў даць яе ў вало́данне яму і патомству ягонаму пасля яго, хоць ён не меў тады дзіця́ці.
І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці.
І казаў так Бог, што нашча́дкі яго будуць перасяле́нцамі ў зямлі чужой, і заняво́ляць іх, і будуць прыгнята́ць гадоў чаты́рыста.
Сказаў жа яму Бог, што насеньне ягонае будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў.
Але народ, якому яны будуць падняво́льнымі, буду судзíць Я, — сказаў Бог, — і пасля таго яны вы́йдуць і будуць служы́ць Мне на гэтым месцы.
“І народ, які зняволіць іх, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы”.
І даў яму запаве́т абрэ́зання. І так нарадзíў ён Ісаа́ка і абрэ́заў яго ў во́сьмы дзень; а Ісаа́к — Іа́кава, а Іа́каў — двана́ццаць патрыя́рхаў.
І даў яму запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень; і Ісаак — Якуба, і Якуб — дванаццаць патрыярхаў.
І патрыя́рхі, пазайздро́сціўшы Іосіфу, прадалí яго ў Егіпет; але Бог быў з ім
І патрыярхі, зайздросьцячы Язэпу, прадалі яго ў Эгіпет; і Бог быў з ім,
і зба́віў яго ад усіх бед яго, і даў му́драсць яму́ і прыхíльнасць фараона, цара́ Егіпецкага; і той паста́віў яго нача́льнікам над Егіптам і над усім до́мам сваім.
і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Эгіпту; і той паставіў яго за кіраўніка над Эгіптам і над усім домам сваім.
І прыйшоў голад на ўсю зямлю́ Егіпецкую і Ханаа́нскую, і го́ра вялікае, і не знахо́дзілі е́жы айцы́ нашы.
Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Эгіпту і Ханаану, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці.
Іакаў жа, пачуўшы, што ёсць збо́жжа ў Егіпце, паслаў туды айцоў нашых першы раз;
А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў спачатку бацькоў нашых,
а на другі раз пазна́ны быў Іосіф брата́мі сваімі, і стаў вядомы фарао́ну род Іосіфа.
і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы.
Іосіф жа, пасла́ўшы, паклíкаў ба́цьку свайго Іакава і ўсю радню́ сваю, се́мдзесят пяць душ.
А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць.
І перайшоў Іакаў у Егіпет, і памёр сам і айцы нашы;
Якуб жа зыйшоў у Эгіпет, і памёр сам і бацькі нашыя,
і перане́сены былí яны ў Сіхе́м, і пакла́дзены былí ў грабнíцу, якую купіў Аўраа́м за серабро́ ў сыно́ў Еммо́ра Сіхе́мавага.
і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава.
Калі ж набліжа́ўся час здзе́йсніцца абяца́нню, якое Бог з кля́тваю даў Аўраа́му, узраста́ў народ і памнажа́ўся ў Егіпце
А як набліжаўся час абяцаньня, наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос і памнажаўся ў Эгіпце
да таго часу, як паўста́ў іншы цар, які не ве́даў Іосіфа;
да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа.
ён, ужыва́ючы хітрасць су́праць ро́ду нашага, чынíў зло айцам нашым, прымуша́ючы выкіда́ць немаўля́т, каб яны не застава́ліся жывы́мі.
Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі.
У той час нарадзіўся Маісей, і быў ён мíлы Богу; яго гадава́лі тры месяцы ў доме ба́цькі яго;
У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага.
а калі ён быў вы́кінуты, узяла́ яго дачка́ фараона і вы́гадавала яго як свайго сы́на;
Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе.
і наву́чаны быў Маісей усёй мудрасці Егіпецкай, і быў моцны ў сло́вах і справах.
І быў настаўлены Майсей у-ва ўсёй мудрасьці Эгіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках.
Калі ж спо́ўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэ́рца праве́даць братоў сваіх, сыно́ў Ізра́ілевых;
Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля.
і, уба́чыўшы, што аднаго з іх кры́ўдзяць, ён заступíўся і адпо́мсціў за пакры́ўджанага, забіўшы Егіпця́ніна.
І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы Эгіпцяніна.
Ён думаў, што зразуме́юць браты́ яго, што Бог руко́ю яго дае́ ім выратава́нне; але яны не зразуме́лі.
Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі.
На насту́пны дзень ён з’явіўся памíж імі, калі яны біліся, і схіля́ў іх да міру, ка́жучы: мужы́, вы ж — браты́! навошта кры́ўдзіце адзін аднаго́?
І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы — браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднаго?”
Але той, што кры́ўдзіў бліжняга, адштурхну́ў яго, ка́жучы: хто цябе паста́віў нача́льнікам і суддзёю над намі?
А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?
ці не хочаш ты забіць мяне, як забіў учо́ра Егіпця́ніна?
Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора Эгіпцяніна?”
І ўцёк Маісей з-за слоў гэтых, і стаў перасяле́нцам у зямлі Мадыя́мскай, дзе нарадзíў двух сыноў.
Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў.
Калі ж міну́ла сорак гадоў, явіўся яму ў пусты́ні каля гары Сіна́й Ангел Гасподні ў по́лымі, якім гарэ́ў цярновы куст.
А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпада ў полымі агню ў кусьце.
Маісей жа, уба́чыўшы, дзівíўся відзе́нню; а калі падыхо́дзіў ён, каб разгле́дзець, прагучаў голас Госпада да яго:
Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада:
Я — Бог айцоў тваіх, Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава. Затрымце́ў Маісей і не смеў угляда́цца.
“Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца.
Сказаў жа яму Гасподзь: здымí абу́так з ног тваіх, бо ме́сца, на якім ты стаіш, гэта зямля свята́я;
А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля сьвятая.
ба́чыў Я, ба́чыў прыгнёт народа Майго, які ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і сышоў, каб вы́зваліць іх; і цяпер ідзі сюды́, Я пашлю́ цябе ў Егіпет.
Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”.
Гэтага Маісея, якога яны адве́рглі, сказаўшы: хто паста́віў цябе нача́льнікам і суддзёю́ — яго Бог як нача́льніка і збавíцеля пасла́ў руко́ю Ангела, які явіўся яму ў цярно́вым кусце́;
Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” — яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце.
ён вы́веў іх, тво́рачы цу́ды і знаме́нні ў зямлі Егіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пусты́ні на праця́гу сарака́ гадоў.
Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пустыні сорак гадоў.
Гэта той Маісей, што сказаў сына́м Ізра́ілевым: Прарока ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце.
Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце”.
Гэта той, што быў у пусты́ні ў супо́льнасці з Ангелам, які гаварыў яму на гары́ Сінай, і з айцамі нашымі; той, што прыня́ў сло́вы жывы́я, каб перада́ць нам;
Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёлам, што гаварыў на гары Сынай з ім і з бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам,
той, якому не захаце́лі быць паслухмя́нымі айцы нашы, а адве́рглі яго і звярну́ліся сэ́рцамі сваімі да Егіпта,
якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі сэрцы свае да Эгіпту,
сказаўшы Ааро́ну: зрабі нам багоў, якія по́йдуць папе́радзе нас, бо Маісей гэты, які вы́веў нас з зямлі Егіпецкай, — не ведаем, што ста́лася з ім.
кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай”.
І зрабілі цяльца́ ў тыя дні, і прыне́слі ахвя́ру ідалу, і ра́даваліся стварэ́нню рук сваіх.
І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх.
Бог жа адвярну́ўся і адда́ў іх служы́ць во́інству нябе́снаму, як напíсана ў кнізе прарокаў: до́ме Ізра́ілеў! ці прыно́сілі вы Мне закла́нні і ахвяры на праця́гу сарака́ гадоў у пусты́ні?
А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні?
вы прынялí скінію Мало́хаву і зорку бога вашага Рэмфа́на — выя́вы, якія вы зрабілі, каб пакланя́цца ім; і Я перасялю́ вас дале́й за Вавілон.
І паднялі вы намёт Малоха і зорку бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”.
Скінія све́дчання была́ ў айцоў нашых у пусты́ні, як загада́ў Той, Хто казаў Маісею зрабіць яе паво́дле ўзо́ру, які ён уба́чыў;
Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яго паводле ўзору, які ён бачыў.
яе і ўне́слі, атрыма́ўшы, айцы нашы з Іісусам ва ўлада́нні народаў, вы́гнаных Богам ад аблíчча айцоў нашых; так было́ да дзён Давіда,
Яго, узяўшы, занесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда,
які знайшоў благада́ць перад Богам і маліўся аб тым, каб яму знайсці жыллё для Бога Іа́кавага.
які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба.
Саламон жа пабудава́ў Яму́ дом.
Салямон жа пабудаваў Яму дом.
Але Усявы́шні не ў рукатво́рных хра́мах жыве́, як кажа прарок:
Але Найвышэйшы не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, як кажа прарок:
«неба — прасто́л Мой, а зямля — падно́жжа ног Маіх; які ж дом пабуду́еце Мне, — ка́жа Гасподзь, — ці якое ме́сца для спачы́ну Майго?
“Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца супачынку Майго?
хіба́ не Мая́ рука́ ствары́ла ўсё гэта?»
Ці ж не Мая рука ўчыніла ўсё гэтае?”
Цвёрдашы́ія і неабрэ́заныя сэ́рцам і вуша́мі! вы заўсёды Ду́ху Свято́му працíвіцеся, як бацькí вашы, так і вы;
[Людзі] з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы.
каго з прарокаў не гна́лі бацькí вашы́ яны пазабіва́лі прадве́снікаў прышэ́сця Пра́ведніка, здра́днікамі і забойцамі Якога цяпер сталі вы;
Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся,
вы, якія прынялí закон праз настаўле́нні Ангелаў, ды не захава́лі яго.
вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго».
Чу́ючы гэта, яны раз’ю́шыліся ў сэ́рцах сваіх і скрыгата́лі зуба́мі на яго.
А слухаючы гэта, яны раз’юшваліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго.
Сцяфан жа, напо́ўнены Ду́хам Святы́м, угле́дзеўшыся ў неба, уба́чыў сла́ву Божую і Іісуса, Які стаіць правару́ч Бога,
Ён жа, напоўнены Духам Сьвятым, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, Які стаіць праваруч Бога,
і сказаў: вось, бачу я нябёсы раскры́тыя і Сына Чалавечага, Які стаіць правару́ч Бога.
і сказаў: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».
Яны ж, закрыча́ўшы моцным го́ласам, пазатыка́лі ву́шы свае і ўсе разам накíнуліся на яго,
Яны ж, закрычаўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае, і аднадушна рынуліся на яго,
і, вы́веўшы з горада, каме́ннем білі яго; а све́дкі пакла́лі адзе́нне сваё каля ног юнака́, якога зва́лі Саўл;
і, выгнаўшы за горад, каменавалі яго. І сьведкі кінулі адзеньні свае ля ног дзяцюка, называнага Саўл,
і білі каме́ннем Сцяфана, які маліўся і казаў: Госпадзі Іісусе! прымí дух мой.
і каменавалі Стэфана, які клікаў [Бога] і казаў: «Госпадзе Ісусе, прыймі дух мой!»
І, стаўшы на калені, ён усклíкнуў моцным голасам: Госпадзі! не залічы́ ім граху́ гэтага. І, сказаўшы гэта, памёр.
І, укленчыўшы, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!» І, сказаўшы гэта, памёр.