Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І ста́лася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, то сказаў вучням Сваім:
Калі Езус скончыў ўсе гэты навучэньні, сказаў вучням Сваім:
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе на распя́цце.
"Ведаеце, што па двух днях Пасха і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне."
Тады сабра́ліся першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў двор першасвятара́, якога звалі Каіа́фа,
І той час сабраліся вышэйшыя сьвятары (архісьвятары) і старшыны народу ў палац архісьвятара званага Каіфам.
і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць.
Яны раіліся, як бы Езуса ўзяць подступам і забіць.
Але казалі: толькі не ў свята, каб не ўзнікла абурэ́нне ў народзе.
Казалі аднак: "Не ў дзень сьвяточны, каб ня выклікаць замяшаньня ў народзе.
Калі ж Іісус быў у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага,
А калі Езус быў у Бэтаніі ў доме Сымона пракажонага,
прыступíла да Яго жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра шматкашто́ўнага і ўзліва́ла Яму на галаву́, калі Ён узляжа́ў за сталом.
падыйшла да Яго жанчына, маючая алябастравую пасудзіну, дарагога алейку і выліла на галаву Езусу, калі супачываў пры стале.
Убачыўшы, вучні Яго абу́рыліся і казалі: навошта такая тра́та?
Бачачы гэта вучні разгневаліся і казалі: "Пашто гэта марнаваньне?
Бо можна было́ б прадаць гэтае мíра за вялікія грошы і даць убогім.
Бо можна было дорага прадаць і раздаць убогім.
Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: навошта бянтэ́жыце жанчыну? яна добрую справу зрабіла для Мяне;
А Езус ведаючы пра гэта, сказаў ім: "Не рабіце прыкрасьці гэтай жанчыне. Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.
бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.
Убогіх заўсёды маеце ў сябе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.
Бо ўзліўшы гэтае мíра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахава́ння.
Яна выліваючы гэты алеек на Маё цела, прыгатавала яго на пахаваньне Маё.
Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, ска́зана будзе і пра тое, што́ зрабіла яна, у памяць аб ёй.
Сапраўды кажу вам, дзе па ўсім сьвеце будзе прапаведана Эвангелія, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла на яе памяць.
Тады адзін з двана́ццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,
У гэты час адзін з дванаццаці, званы Юдам Іскарыётам пайшоў да старэйшых сьвятароў (архісьвятароў)
сказаў: што вы дасце́ мне, і я вам вы́дам Яго? Яны прапанава́лі яму трыццаць срэ́бранікаў.
і сказаў ім: што дасьцё мне, а я Яго выдам. А яны прызначылі яму трыццаць сярэбранцаў.
І з таго часу ён шукаў нагоды вы́даць Яго.
І ад гэтае пары шукаў нагоды выдаць Езуса.
У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі Табе есці пасху?
У першы дзень Праснакоў прыйшлі да Езуса вучні Яго і пыталіся: "Дзе хочаш прыгатаваць Табе (вячэру пасхальную) есьці Пасху?
Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога чалавека і скажыце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе спра́ўлю пасху з вучнямі Маімі».
Езус скзаў ім: "Ідзіце ў горад да аднаго чалавека, і скажыце яму: "Вучыцель кажа, час Мой блізкі, наладжу ў цябе Пасху з Сваімі вучнямі.
І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатава́лі пасху.
І вучні зрабілі, як ім загадаў Езус і прыгатавалі Пасху.
Калі ж звечарэ́ла, Ён узлёг з двана́ццацю вучнямі.
А калі зьвечарэла разам з дванаццацю вучнямі Езус заняў месца пры стале.
І, калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне.
А калі вячэралі, сказаў: "Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".
Яны вельмі засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзі?
Яны дужа засмучаны пачалі пытацца кожны асобна: "Ці я, Госпадзе?"
А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку́ ў блю́да, той вы́дасць Мяне.
Езус сказаў у адказ: "Хто мачае са Мною руку ў місе, той выдасьць Мяне.
Зрэ́шты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.
Што праўда Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б каб той чалавек не нарадзіўся."
У адказ жа Іуда, які меў вы́даць Яго, сказаў: ці не я, Раввí? Іісус кажа яму: ты сказаў.
У адказ Юда, які Яго выдаў, спытаўся: "Ці гэта я, Вучыцелю? Сказаў яму Езус: "Ты сказаў."
А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і, раздаючы́ вучням, сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.
У час вячэры ўзяў Езус хлеб, пабагаславіў, і ламаў, і даў вучням кажучы: "Бярэце і ешце, гэта цела Маё."
І, узяўшы чашу, узнёс падзяку, пада́ў ім і сказаў: пíце з яе ўсе,
А ўзяўшы чашу (келіх), склаў падзяку і даў ім кажучы: Пійце з гэтага ўсе.
бо гэта Кроў Мая́ новага запавету, якая за многіх праліва́ецца дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
Бо гэта кроў мая Новага Запавету (Тэстамента), якая праліваецца за многіх на адпушчэньне грахоў.
Кажу ж вам, што з гэтага часу не буду піць ад пло́ду гэтага вінагра́днага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
Кажу вам, ня буду піць адсюль з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі з вамі буду піць плоду новага ў Каралеўстве Айца Майго."
І, праспява́ўшы хвалу́, яны пайшлі на гару Елеонскую.
Адгаварыўшы гімн, узыйшлі на Аліўную гару.
Тады кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: «паражу́ пастыра, і рассе́юцца авечкі ста́да».
Затым сказаў ім Езус: "У гэту ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо сказана: Удару пастыра і разьбягуцца авечкі стада (Зах. 13:7).
Пасля ж уваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галілеі.
Але калі ўскрэсну, упераджу вас у Галілею.
У адказ Пётр сказаў Яму: калі і ўсе ўсумня́цца ў Табе, я не ўсумню́ся.
У адказ сказаў Яму Пётр: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я ня згоршуся."
Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.
Сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, што ў гэту ноч, перш чым певень засьпявае, ты тры разы вырачэшся Мяне."
Кажа Яму Пётр: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
Сказаў Яму Пётр: "Калі б мне і памерці прышлося з Табой, ня выракуся Цябе". Так казалі ўсе вучні.
Потым прыхо́дзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіма́нія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду памалюся там.
Затым прыйшоў Езус з імі ў сяленьне, якое завуць Гэтсамані, дый сказаў вучням Сваім: "Пабудзьце тут аж пайду там і памалюся".
І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзе́евых, пачаў смуткава́ць і тужы́ць.
Узяўшы затым Пятра, і двух сыноў Зэбэдэявых пачаў сумаваць і перажываць.
Тады кажа ім Іісус: душа Мая́ смуткуе смяротна; пабудзьце тут са Мною і не спíце.
Ды сказаў ім: Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце гэтта папачувайце са Мной.
І, адышоўшы крыху́, прыпаў тварам Сваім да зямлі, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне́ Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.
Адыйшоўшыся крыху паў на твар Свой молячыся і гаворачы: "Ойча мой, калі магчыма, ухілі ад Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, але як Ты."
І прыхо́дзіць да вучняў і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: няўжо не маглі вы і адной гадзíны патрыва́ць са Мною?
Затым вярнуўся да вучняў Сваіх і застаў іх сьпячых. Дык сказаў Пятру: не маглі вы адну гадзіну паспаўчуваць са Мной?
Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.
Будзьце пільнымі і маліцеся, каб не папалі вы ў спакусу: бо дух то ахвотны, але цела кволае.
І зноў, другі раз адышоўшы, маліўся, ка́жучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абміну́ць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.
І адыйшоўся паўторна ды маліўся, кажучы: "Ойча мой, калі гэты келіх ня можа быць ухілены ад Мяне, але трэба Мне піць, хай станецца воля Твая".
І, прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэ́лі.
І вярнуўся ўзноў і застаў іх сьпячых, бо вочы іхнія былі сонныя.
І, пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.
Дык пакінуўшы іх зноў адыйшоўся і маліўся трэці раз у тыя самыя словы.
Тады прыхо́дзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце; вось, наблізілася гадзíна, і Сын Чалавечы аддае́цца ў ру́кі грэшнікаў.
Затым вярнуўся да вучняў Сваіх і сказаў ім: "Ужо сьпіце і адпачывайце, бо надыйшла пара і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
Уставайце, хадзе́м; вось наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.
Падыміцеся, пойдзем, бо вось падыходзіць той, што Мяне выдаець.
І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з двана́ццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў і старэйшын народа.
А калі Езус яшчэ гаварыў, падыйшоў Юда, адзін з дванаццаці, а з ім вялікае зборышча з мячамі і палкамі, выслана архісьвятарамі і старэйшынамі народу.
А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго.
Здраднік Ягоны даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён, хватайце Яго".
І, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Раввí! І пацалаваў Яго.
І адразу падыйшоў да Езуса і сказаў: "Вітай Раббі," і пацалаваў Яго.
Іісус жа сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлí, і ўскла́лі ру́кі на Іісуса, і ўзялí Яго.
Сказаў яму Езус: "Прыяцелю, пашто прыйшоў?" Тады кінуліся на Езуса і хвацілі Яго.
І вось, адзін з тых, што былí з Іісусам, працягнуўшы руку́, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаро́вага, адсе́к яму вуха.
Адзін з тых, што былі з Езусам, выхваціўшы рукою меч свой і ўдарыўшы слугу князя сьвятара, адсёк яму вуха.
Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца яго, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загíнуць.
Тады Езус сказаў яму: "Схавай меч на сваё месца. Бо ўсе, што за меч хапаюцца, пагінуць ад мяча.
Ці ты думаеш, што Я не магу цяпер упрасíць Айца Майго, каб Ён даў Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?
Ці ня разумееш, што Я ня мог бы прасіць Айца майго, а Ён выставіў бы Мне зара больш чым дванаццаць дружын анёлаў?
Як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?
А як жа тады Пісаньне зьдзейсьніцца, што так стацца мець.
У той час сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне? Кожны дзень з вамі сядзеў Я, ву́чачы ў храме, і вы не ўзялí Мяне.
А людзям у той час сказаў: "Выйшлі з мячамі і палкамі як на разбойніка, каб мяне ўзяць. Я ж штодзень між вас прабываў, вучачы ў сьвятыні, але не схапілі Мяне.
А ўсё гэта было́, каб збылíся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцяка́лі.
Але ўсё, што робіцца гэта, каб споўніліся пісаньні Прарокаў. Тады ўсе вучні пакінуўшы Яго, паўцікалі.
А тыя, што ўзялí Іісуса, прывялі Яго да Каіа́фы першасвятара́, куды сабра́ліся кніжнікі і старэйшыны.
Узяўшы Езуса павялі Яго да Каіфа, архісьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старэшыны.
Пётр жа ішоў следам за Ім воддаль, да двара першасвятаро́вага; і, увайшоўшы ўсярэ́дзіну, сеў са слу́гамі, каб бачыць канец.
Пётр жа ішоў за Езусам здалёку аж на панадворак-дзядзінец архісьвятара. Ды ўвайшоў ўвонкі, сядзеў са слугамі, каб паглядзець, як закончыцца справа.
Першасвятары́, і старэйшыны, і ўвесь сінедрыён шукалі лжывага све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць,
А архісьвятары і ўся Рада шукалі фальшывага доказу на Езуса, каб асудзіць на сьмерць.
і не знахо́дзілі; і хоць шмат ілжы́вых све́дкаў прыхо́дзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжы́выя све́дкі
Але не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сьведак. На канец паявіліся два фальшывыя сьведкі.
і сказалі: Ён гаварыў: «магу разбуры́ць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
Яны сказалі: "Ён казаў, магу збурыць сьвятыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе".
І, устаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш на тое, што яны су́праць Цябе све́дчаць?
Затым падняўшыся архісьвятар сказаў: "Нічога не адказваеш на гэта, што яны на Цябе даказваюць?"
Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывы́м, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Але Езус маўчаў. Дык архісьвятар сказаў: "Запрысягаю цябе на Бога жывога, каб нам ты сказаў, ці Ты Хрыстус, Сын Божы?"
Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават кажу вам: з гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на воблаках нябесных.
Сказаў яму Езус: "Ты сказаў, аднак кажу вам потым увідзіце Сына Чалавечага, седзячага па правіцы Божай ды прыходзячага ў воблаках нябесных."
Тады першасвятар разадра́ў адзе́нне сваё і сказаў: Ён блюзне́рыць! якую яшчэ патрэ́бу мы маем у све́дках? вось, цяпер вы чулі блюзне́рства Яго!
Тады архісьвятар разьдзёр адзеньне сваё і сказаў: "Зблюзьніў, пашто далей патрабаваць сьведак? Цяпер жа чулі блюзьнерства.
як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: Ён ва́рты смерці.
Дык што вы думаеце? Яны адказалі: "Варт сьмерці!"
Тады плявалі Яму ў твар і штурха́лі Яго; а некаторыя білі па шчо́ках
Тады пачалі пляваць на твар Яму і біць кулакамі, а іншыя білі па шчоках,
і казалі: скажы нам, Хрысце́, хто ўдарыў Цябе?
і казалі: "Праракуй нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў."
А Пётр сядзеў зво́нку на двары. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галіле́янінам.
А Пётр сядзеў у вонкі ў панадворку. Адна ж жанчына падыйшла да яго і сказала: "І ты быў з Езусам (Хрыстом) Галілейскім?"
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што́ ты кажаш.
А ён выракся перад усімі, кажучы: "Я ня ведаю, што кажаш."
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, якія былí там: і гэты быў з Іісусам Назарэ́ем.
А тут выходзіла з дзьвярэй другая служанка, увідзела яго і сказала тым, што былі там: "І ён быў з Езусам Назарэцкім.
І зноў адрокся ён з клятвай: я не ведаю Гэтага Чалавека.
Ён паўторна выракся з прысягай: "Я ня знаю гэтага чалавека."
Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды́ і ты з іх, бо і гаворка твая выдае́ цябе.
Небавам падыйшлі тыя, што стаялі і сказалі Пятру: "Сапраўды ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе."
Тады ён пачаў кля́сціся і бажы́цца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.
Тады пачаў ён клясьціся і прысягаць, што ня знае гэтага чалавека. І зараз певень запяяў.
І ўспомніў Пётр словы Іісуса, Які сказаў яму: перш чым заспявае певень, ты тройчы адрачэ́шся ад Мяне. І, выйшаўшы вон, заплакаў горка.
Тады ўспомніў Пётр на слова Езуса, каторым яго ўперадзіў: "Перш, чым певень засьпявае, ты Мяне тройчы вырачэшся. І выйшаўшы на вонкі, горка заплакаў.