Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І, выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму збудава́нні храма.
Пакінуўшы сьвятыню, калі Езус ішоў дале, прыступіліся вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
Іісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застане́цца тут ка́меня на ка́мені; усё будзе зруйнава́на.
Ён ім у адказ сказаў: "Відзіце гэта ўсё? Сапраўды кажу вам, не застанецца з гэтага камень на камені, які б ня быў развалены".
Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай, падышлі да Яго вучні асобна, гаворачы: скажы нам, калі гэта будзе? і якое знаме́нне Твайго прышэ́сця і сканчэ́ння веку?
А калі Езус сядзеў на Аліўнай Гары, прыйшлі вучні толькі самі да Яго і пыталіся: "Скажы, калі гэта будзе, ды што за знак папярэдзіць прыход Твой і канец сьвету?"
І ў адказ Іісус сказаў ім: сцеражы́цеся, каб хто вас не ўвёў у зман.
У адказ сказаў ім Езус: "Глядзіце, каб хто вас не зьвёў.
Бо многія пры́йдуць пад íмем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.
Бо многа прыйдзе ў імя Маё і скажа: "Я Хрыстус" і многіх зьвядуць.
Пачуеце таксама пра войны і чуткі аб войнах. Глядзіце, не жаха́йцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец.
Калі вы пачуеце аб войнах і паведамленьнях ваенных, глядзіце, не трывожцеся, бо гэта адбыцца павінна, але не на гэтым канец.
Бо паўста́не народ на народ і царства на царства; і будзе голад і мор, і землятру́сы ме́сцамі.
Падымецца народ на народ, каралеўства на каралеўства, будуць пошасьці, голад, месцамі землятрусы.
А ўсё гэта — пачатак пакут.
А гэта ўсё толькі пачатак мукаў.
Тады будуць аддаваць вас на му́кі і забіваць вас; і вы будзеце зненавíджаныя ўсімі народамі за імя́ Маё.
Тады будуць выдаваць вас на мукі і забіваць вас будуць, ды будзеце ненавіджаны ўсімі народамі дзеля імя Майго (Хрыстус — Хрысьціяне).
І тады спаку́сяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і ўзненавíдзяць адзін аднаго.
Тады многія паддадуцца згаршэньню і будуць выдаваць адзін другога і ненавідзець будзе адзін другога.
І многія лжэпрарокі паўста́нуць і ўвядуць у зман многіх.
Паявяцца многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
І з-за памнажэ́ння беззаконня астыне любоў у многіх.
Таму што ўзрасьце несправядлівасьць астыне любоў у многіх.
А хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе.
А хто ўстаіць да канца — будзе збаўлены.
І прапаве́дана будзе гэтае Ева́нгелле Царства па ўсім свеце, дзе́ля све́дчання ўсім народам; і тады пры́йдзе канец.
І будзе прапаведана Эвангелія Каралеўства па ўсім сьвеце на пасьведчаньне ўсім народам і тады настане канец.
Дык вось, калі ўбачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніілам прарокам і якая паўста́не на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, дакрануўшую і сьвятыя месцы, прадсказаную Даніелем Прарокам (хто чытае, хай разумее)
тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
тады тыя, што ў Юдэі хай уцякаюць у горы,
і хто на да́ху, няхай не спуска́ецца, каб узяць што-небудзь з дому свайго;
а хто на даху, хай не сыходзіць узяць штосьці з дому;
і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.
а хто на полі, хай не варачаецца забраць свой плашч.
Го́ра ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмí, у тыя дні!
Гора бярэменным і соючым у тыя дні.
Маліцеся, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою, а таксама ў суботу.
Дык прасіце, каб ваша бегства ня была ў зіму, ці ў шабат.
Бо тады будзе вялікае лíха, якога не было́ ад пачатку свету да гэтага часу, і не будзе.
Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дасюль дый ня будзе.
І калі б не былí скаро́чаны тыя дні, то не ўратава́лася б ніякая плоць; але дзе́ля абра́ных будуць скаро́чаны тыя дні.
І каб не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не захаваўся, але дзеля выбраньнікаў будуць скарочаны тыя дні.
Тады, калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос» альбо: «там», — не верце.
Тады, калі б вам казаў: "Тут Хрыстус, або там, ня верце."
Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі і дадуць знаме́нні вялікія і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.
Паявяцца вось фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі і будуць тварыць вялікія знакі і цуды, каб у блуд увесьці (калі гэта магчыма) нават выбраньнікаў.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Таму Я вам гэта прадсказаў (паперадзіў).
Таму, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — не выходзьце; «вось, Ён у патайны́х пакоях», — не верце.
Дык калі б вам затым сказалі: "Во ў пустыні — не выходзьце: во ў нутры дамоў — ня верце.
Бо, як маланка блíскае з усходу і відна́ бывае аж да за́хаду, такім будзе прышэ́сце Сына Чалавечага.
Бо як маланка засьвеціцца з Усходу і бачнай будзе і на Захадзе, так будзе з прыходам Сына Чалавечага.
Бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
Дзе б было цела, там сабяруцца і арлы.
І адразу, пасля лíха дзён тых, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі спаду́ць з неба, і сілы нябесныя пахісну́цца.
А зараз па муках тых дзён сонца зацьмее і месяц не дасьць сьвятла свайго, а з неба зоркі падаць будуць і сілы нябесныя скалыхнуцца (захістаюцца).
І тады я́віцца знаме́нне Сына Чалавечага на небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
А затым паявіцца на небе знак Сына Чалавечага ды тады заплачуць усе пакаленьні зямныя. І ўвідзяць Сына Чалавечага прыходзячага ў ваблоках нябесных з магутаю вялікай і веліччу, маестатам.
І пашле Ангелаў Сваіх з трубою гучнагало́саю, і збяруць абра́ных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
Ён пашле анёлаў Сваіх з трубою і голасам громкім, ды сабяруць выбраньнікаў яго з чатырох старон сьвету ад скраю неба аж да краю яго.
Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўнанне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лíсце, вы ведаеце, што блізка лета;
А ад фіговага дрэва вучыцеся падабенства. Калі ўжо сучок яго пукаецца і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.
так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка ў дзьвярах.
Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.
Сапраўды кажу вам, не праміне гэтае пакаленьне, пакуль усё гэта станецца.
Неба і зямля міну́ць, а словы Мае не міну́ць.
Неба і зямля зчэзнуць, але слова Маё не праміне.
А пра дзень той і гадзíну ніхто не ведае, нават Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін.
Што да дня таго і хвіліны ніхто ня ведае, нават анёлы ў небе, а толькі Сам Бог.
Але як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:
А як было ў дні Ноя, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
бо як у дні перад патопам елі, пілí, жаніліся і выхо́дзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, у які Ной увайшоў у арку,
і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
і не агледзіліся, як нахлынуў патоп і патапіў усіх. Так ім будзе і прыход Сына Чалавечага.
Тады будуць двое на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;
Тады двух будзе ў полі: аднаго забяруць, а другога пакінуць.
дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута.
Дзьве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
Дык будзьце пíльныя, бо не ведаеце, у якую гадзíну Гасподзь ваш пры́йдзе.
Дык пільнуйцеся, бо ня ведаеце, у якую пару прыйдзе Госпад ваш.
Але тое вы знайце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту пры́йдзе зло́дзей, дык не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой.
А гэта ведайце, што, каб гаспадар ведаў, у якую пару злодзей мае прыйсьці, пільнаваўся б і не пазволіў бы ўламацца ў дом свой.
Таму і вы будзьце гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.
Таму і вы будзьце прыгатаваны, бо ў пару, аб якой вы ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
Хто ж ёсць верны і разумны раб, якога гаспадар яго паставіў над слу́гамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
Хто, думаеш, ёсьць верным слугою і разтаропным, якога паставіў пан над сямействам сваім, каб ён у вызначаны час зааглядаў яго харчамі?
Блажэ́нны той раб, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так.
Багаслаўлены слуга той, якога прыйшоўшы гаспадар знайдзе ў добрай дзейнасьці.
Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
Сапраўды кажу вам, што паставіць яго валадаць усёю сваёю маёмасьцю.
А калі скажа ліхí раб той у сэ́рцы сваім: «не хутка пры́йдзе гаспадар мой»,
А каб сказаў той благі слуга ў сваім сэрцы: марудзіць пан мой з прыбыцьцём,
і пачне біць тава́рышаў сваіх, і есці і піць з п’яніцамі, —
і пачаў біць сяброў сваіх, есьці і піць з п'янюгамі,
то пры́йдзе гаспадар раба́ таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзíну, якой ён не ведае,
а калі прыбудзе пан ягоны ў дзень неспадзяваны, у невядомую пару,
і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з крываду́шнымі; там будзе плач і скры́гат зубоў.
дык выгане яго, ды прызначыць яму долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі."