Мацьвея 21 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І калі наблíзіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагíю да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,
А калі прыбліжаліся да Ерузаліму і падыйшлі да Бэтфагэ на Аліўнай Гары, Езус тады паслаў двух вучняў
сказаўшы ім: ідзіце ў се́лішча, якое перад вамі; і адразу зно́йдзеце аслíцу прывя́заную і асляня́ з ёю; адвяза́ўшы, прывядзíце да Мяне.
і сказаў ім: "Ідзіце ў сяло, якое перад вамі а зараз знойдзеце асліцу прывязану і з ёй асьлянё. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
І калі хто вам скажа што-небудзь, вы адка́жаце, што яны патрэбны Госпаду; і адразу пашле́ іх.
А калі б вам хто што казаў, скажыце, што іх Госпад патрабуе, а зараз пусьцяць іх.
А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які гаворыць:
Усё гэта сталася, каб выпаўнілася сказана Прарокам:
«скажы́це дачцэ́ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лаго́дны, се́дзячы на аслíцы і асляня́ці, сы́не пад’ярэмнай».
"Скажыце дачцы Сыёнскай: Вось едзе да Цябе кароль твой ціхі, седзячы на асьліцы (Зах. 9:9) і на асьляці, сыне пад'ярэмнай."
Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус:
Пайшоўшы, вучні зрабілі як ім загадаў Езус.
прывялі аслíцу і асляня́; і пакла́лі на іх во́пратку сваю, і Ён сеў паве́рх яе.
І прывялі асьліцу з асьлянём, усклалі адзеньне сваё, а Езуса пасадзілі на яго.
Мноства людзей пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу, а іншыя зраза́лі галíны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.
А грамады, што на перадзе і што за Ім ішлі, гаманілі, кажучы:
А народ, які ішоў папе́радзе і следам, ускліка́ў: Аса́нна Сыну Давíдаваму! благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вы́шніх!
"Гозанна Сыну Давідаваму, багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада. Гозанна на вышынях! (Пс. 117:26)
І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, узру́шыўся ўвесь горад, і казалі: хто гэта?
А калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?"
А народ казаў: гэта Іісус, Прарок з Назарэта Галіле́йскага.
А народ казаў: "Гэта Езус, Прарок з Назарэту Галілейскага."
І ўвайшоў Іісус у храм Божы і павыганя́ў усіх тых, якія прадава́лі і купля́лі ў храме, і перакулíў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў.
І ўвайшоў Езус у сьвятыню і павыганяў усіх прадаўцоў і купцоў у сьвятыні, а сталы банкераў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
І кажа ім: напíсана: «дом Мой домам малітвы назаве́цца»; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
Ды сказаў ім: "Напісана: Дом мой, домам маленьня будзе названы, а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў.
І прыступíлі да Яго ў храме сляпыя і кульга́выя, і Ён ацаліў іх.
Затым падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і храмыя, а Ён аздаравіў іх.
А першасвятары́ і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён зрабіў, і дзяцей, якія ўскліка́лі ў храме і казалі: «Аса́нна Сыну Давідаваму», абу́рыліся
А архісьвятары і вучоныя, бачачы цуды, якія чыніў, ды дзеці гамонячыя ў сьвятыні і кажучыя: Гозанна сыну давідаваму! Злаваліся.
і сказалі Яму: чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба́ вы ніколі не чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўля́т Ты ўчынíў хвалу́?»
І казалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Езус сказаў ім: "Чую, ці вы не чыталі: "З вуснаў немаўлятак і сысуноў дасканалаю ўчыніў Ты хвалу?" (Пс. 8:3).
І, пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Віфа́нію і правёў там ноч.
Затым пакінуўшы іх, пайшоў за горад у Бэтанію і там застаўся.
А раніцай, вярта́ючыся ў горад, захацеў Ён есці.
Нараніцы вяртаючыся ў горад пачуў голад (захацеў есьці).
І, убачыўшы пры дарозе адну смако́ўніцу, Ён падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лíсця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе пло́ду даве́ку. І адразу ўсохла смако́ўніца.
Дык убачыўшы пры дарозе адно дрэва фігі, падыйшоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача ліствы. Сказаў яму: "Няхай ніколі навек не родзіцца больш з цябе плод." І адразу фіга ссохла.
Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смако́ўніца?
Дык бачачы гэта вучні дзівіліся і казалі: "Якім чынам так скора ссохла?"
Іісус жа сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумнява́ецеся, то не толькі зробіце тое, што адбыло́ся са смако́ўніцай, але калі і гары́ гэтай ска́жаце: «падыміся і ўве́ргніся ў мора», — будзе так.
У адказ Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, каб мелі вы веру, і не сумневаліся, зрабілі б гэта не толькі з дрэвам фігі, але нават, каб сказалі гэтай гары: падыміся і кінься ў мора." Сталася б.
І ўсё, чаго ні папро́сіце ў малітве з вераю, атрыма́еце.
А б што будзеце прасіць у мальбе з вераю — атрымаеце."
І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступíлі да Яго першасвятары́ і старэйшыны народу і сказалі: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе даў ула́ду такую?
А калі Езус увайшоў у сьвятыню прыйшлі да Яго, калі вучыў архісьвятары і старэйшыны народу і казалі: "Якім правам гэта робіш? Хто табе даў такую ўладу?"
Іісус сказаў ім у адказ: спытаю ў вас і Я адну рэч; калі гэта ска́жаце Мне, то і Я вам скажу, якою ўла́даю гэта раблю.
Езус у адказ сказаў ім: "І Я спытаюся таксама ў вас у адной справе, а калі адкажыце Мне, дык і Я тады скажу вам, якім правам Я гэта раблю.
Хрышчэ́нне Іаанава адкуль было́: з неба ці ад людзей? Яны ж разважа́лі паміж сабою: калі скажам: «з неба», то Ён скажа нам: «чаму ж вы не паве́рылі яму?»
Хрост Янаў адкуль быў: З неба, ці ад людзей?" А яны застанаўляліся і гаварылі між сабой:
А калі скажам: «ад людзей», — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.
Калі скажам: з неба, — скажа нам: Дык чаму вы не паверылі? А калі скажам: з людзі — баімся людзей, бо ўсе Яна маюць за Прарока.
І яны сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўла́даю гэта раблю.
Дык у адказ Езусу сказалі: "Не ведаем." І Ён сказаў: "Дык і Я вам не скажу, якім правам Я гэта раблю."
А як вам здае́цца? У аднаго чалавека было́ два сыны́; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сы́не! ідзі, сёння папрацу́й у вінагра́дніку маім.
Як вам відзіцца? Адзін чалавек меў двух сыноў. Прыходзячы да першага сказаў яму: "Сыне, ідзі папрацуй сягоньня ў маім вінаградніку".
Але ён сказаў у адказ: «не хачу»; а потым, раска́яўшыся, пайшоў.
А ён адказаў: "Не пайду". А потым разкаіўся і пайшоў.
І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар»; і не пайшоў.
Зьвяртаючыся да другога сказаў яму падобна. А той адказваючы сказаў: "Іду, гаспаду", але не пайшоў.
Каторы з двух вы́канаў волю ба́цькі? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мы́тнікі і блуднíцы папе́радзе вас ідуць у Царства Божае.
Хто з тых двух споўніў волю бацькі? Кажуць: Першы. Дык сказаў ім Езус: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ўпярэдзяць вас у Каралеўства нябеснае.
Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мы́тнікі і блуднíцы паверылі яму; вы ж, бачыўшы гэта, не раска́яліся і потым, каб паве́рыць яму.
Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасьці, а вы не паверылі яму: мытнікі жа і распупусьніцы паверылі яму. Вы аднак, бачачы гэта, нават потым не апомніліся, каб яму паверыць."
Вы́слухайце іншую прытчу. Быў адзін чалавек, гаспадар дома, які насадзíў вінагра́днік, і агаро́джаю абнёс яго, і вы́капаў у ім выціска́льню, і збудаваў вежу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.
Паслухайце іншую прыповесьць. Быў гаспадар сямейны, які завёў вінаграднік, загарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу і аддаў яго вінаградарам і выехаў.
А калі надышоў час збору пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінагра́дараў узяць плады́ свае.
А калі надыйшоў час пладоў, паслаў ён слугаў сваіх да вінаградараў узяць свае плады.
Вінагра́дары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каме́ннем пабілі.
А вінаградары схвацілі слугаў яго, аднаго пакалечылі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.
Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым ране́й; і з імі зрабілі тое самае.
Дык зноў паслаў іншых слугаў, больш чым раней, але і ім зрабілі падобна.
Нарэшце паслаў ён да іх сы́на свайго, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.
Наканец паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Ушануюць сына майго".
Але вінагра́дары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго і завалодаем спа́дчынай яго.
Але вінаградары, бачачы сына гаварылі між сабой: Гэта спадкаемец (насьледнік), ідземце, заб'ём яго, а заваладаем ягонай спадчынаю".
І, схапіўшы яго, вы́велі вон з вінагра́дніка і забілі.
Ды схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніка і забілі.
І вось, калі пры́йдзе гаспадар вінагра́дніка, што́ зробіць ён з гэтымі вінагра́дарамі?
Дык калі прыбудзе гаспадар вінаградніка, што зробіць тым вінаградарам?
Кажуць Яму: злачынцаў гэтых пакарае злой смерцю, а вінаграднік перада́сць іншым вінагра́дарам, якія аддава́ць будуць яму плады ў свой час.
Кажуць Яму: "Разбойнікаў срога выгубіць, а вінаграднік выарэндуе іншым вінаградарам, каторыя будуць аддаваць плод у вызначаны час."
Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: «ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́: ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых»?
Сказаў ім Езус: "Ці ж ніколі не чыталі вы Пісаньні: Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. З волі Госпада гэта сталася ды дзіўным у вачах нашых. (Пс. 117:22−23)
Таму кажу вам, што будзе забра́на ў вас Царства Божае і да́дзена будзе народу, які прыно́сіць плады яго.
Дзеля таго кажу вам, што Каралеўства Божае будзе аднята ад вас, а дадзена народу прыносячаму яму плады.
І той, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.
Хто падзе на гэты камень, будзе разбіты, а на каго б ён паў, сатрэ яго."
І, пачуўшы прытчы Яго, першасвятары́ і фарысеі зразуме́лі, што пра іх Ён гаворыць.
Пачуўшы гэту Яго прыповесьць архірэі і фарызэі зразумелі, што гэта аб іх гаварыў.
І наме́рваліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго лічы́лі прарокам.
Ды стараліся Яго ўзяць, але баяліся народу, бо меў Яго за Прарока.