Мацьвея 14 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

У той час пачуў Ірад тэтра́рх по́галас пра Іісуса
 
У той час слава аб Езусе дайшла і да Тэтрархі, Гэтада.

і сказаў слу́гам сваім: гэта Іаан Хрысцíцель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды дзе́юцца праз яго.
 
Дык сказаў ён слугам сваім: "Гэты — Ян Хрысьціцель. Ён ускрос і таму праз яго творацца цуды."

Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямнíцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;
 
Бо Гэрад узяў Яна, налажыў кайданы, і пасадзіў у вязьніцу дзеля Гэрад'яды, жонкі брата свайго.

таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.
 
Бо Ян сварыўся: "Не належыцца табе мець яе."

І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго лічылі прарокам.
 
Дык ён хацеў пазбыцца яго, але баяўся народу, бо мелі яго за прарока.

А ў дзень нараджэ́ння Ірада танцавала дачка Ірадыяды перад гасцямі і дагадзíла Іраду.
 
Але ў дзень нараджэньня Гэрада дачка Гэрад'яды скакала ў прысутнасьці ўсіх і спадабалася Гэраду.

Таму ён з кля́тваю абяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.
 
Дык пад прысягай абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.

А яна, падбухто́раная маці сваёю, сказала: дай мне тут на блю́дзе галаву́ Іаана Хрысцíцеля.
 
Яна навучана маткай сваёй сказала яму: "Дай мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля".

І засмуцíўся цар; але дзе́ля кля́твы і тых, што ўзляжа́лі з ім, загадаў даць.
 
Кароль засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.

І паслаў адсе́кчы Іаану галаву́ ў цямнíцы.
 
Паслаў ката і той адсёк Яну галаву ў вязьніцы.

І прыне́слі галаву́ яго на блю́дзе, і далí дзяўчыне; а яна зане́сла маці сваёй.
 
Затым прынесьлі яго галаву на місе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй. Вучні прыйшоўшы ўзялі цела і пахавалі яго.

А вучні яго, прыйшоўшы, узялí яго цела і пахавалі яго; ды пайшлі паве́дамілі Іісусу.
 
Ды вярнуўшыся пра гэта разказалі Езусу.

І, пачуўшы, Іісус адплыў адтуль на лодцы ў пустэ́льнае ме́сца адзін; а люд, прачуўшы, пайшоў за Ім пе́шшу з гарадоў.
 
Езус пачуўшы аб гэтым (сьмеці Яна), адплыў адтуль на лодцы на пустыннае і адзінокае месца. А калі аб гэтым пачулі грамады з гарадоў — пайшлі за Ім пешшу.

І, выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацалíў іхніх хворых.
 
Калі выйшаў, убачыў вялікі натоўп і пашкадаваў іх і аздаравіў з іх хворых.

Калі ж настаў вечар, прыступíлі да Яго вучні Яго і сказалі: пустэ́льная тут мясціна, і час ужо позні; адпусцí людзей, каб яны пайшлі ў пасе́лішчы і купілі сабе е́жы.
 
Калі павечарэла падыйшлі да Яго вучні Яго і сказалі: "Месца пустыннае і ўжо позна, адпусьці людзей. Хай ідуць ў вёскі і купяць сабе харчоў."

Але Іісус сказаў ім: яны не маюць патрэ́бы ісці; вы дайце ім есці.
 
Езус сказаў ім: "Хай не адыходзяцца, вы дайце ім есьці."

Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.
 
Адказалі яны Яму: "Ня маем мы тут апрача пяці хлябоў і дзьве рыбы."

Ён сказаў: прынясíце Мне іх сюды.
 
Затым сказаў ім: "Прынясіце Мне іх сюды."

І загадаў народу ўзле́гчы на траву, і, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёў вочы на неба, благаславіў, пераламíў і даў хлябы́ вучням, а вучні — народу.
 
Загадаў людзям сесьці на траве. І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуў у неба, багаславіў і ламаў. Затым раздаў вучням, а вучні людзям.

І елі ўсе, і насы́ціліся; і набра́лі рэ́шты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных.
 
Дык елі ўсе, і наеліся, а з астаткаў сабрана дванаццаць кашоў кускоў.

А тых, што елі, было́ каля пяці тысяч чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.
 
Людзей жа, што елі было пяць тысяч апрача жанчын і дзяцей.

І адразу прыму́сіў Іісус вучняў Сваіх увайсцí ў лодку і вы́правіцца ране́й за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сціць народ.
 
Затым загадаў вучням сесьці ў лодкі і ўперадзіць Яго на другі бераг, пакуль не адпусьціць людзей.

І, адпусцíўшы народ, Ён узышо́ў на гару́ ў адзіно́це памаліцца; і калі звечарэ́ла, застава́ўся там адзін.
 
І адпусьціўшы людзей Сам адзін узыйшоў на гару маліцца. А калі зьвечарэла — Сам адзін там прабываў.

А лодка была́ ўжо пасяро́д мора, і яе бíла хва́лямі, бо вецер быў супрацíўны.
 
А ў той час лодка адплыла далёка ад берага і кідалі ёю хвалі, бо вецер быў проціў.

У чацвёртую ж ва́рту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы́ па моры.
 
А чацьвёртай начной варце прыйшоў да іх Езус па мору.

І вучні, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, жахну́ліся і казалі: гэта пры́від; і ад страху закрычалі.
 
Убачыўшы Яго ўдучага па моры спалохаліся і казалі: "Гэта зданьне!" Ды ад страху закрычалі.

Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.
 
Дык адразу прагаварыў да іх Езус: "Мейце веру, гэта Я, не палохайцеся."

Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! калі гэта Ты, загадай мне прыйсцí да Цябе па вадзе.
 
Пётр жа сказаў Яму: "Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе."

І Ён сказаў: ідзі. І, вы́йшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысцí да Іісуса.
 
А Ён скзаў: "Прыходзь!" Дык вылязшы з лодкі ішоў па вадзе, каб прыйсьці да Езуса.

Але, ба́чачы моцны вецер, ён спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзі! рату́й мяне.
 
Але адчуўшы раптоўны вецер, спалохаўся і пачаў тануць, дык закрычаў: "Госпадзе, ратуй мяне!"

І адразу Іісус, працягнуўшы руку, падхапíў яго і кажа яму: малаве́рны! навошта ты засумнява́ўся?
 
А Езус выцягнуўшы руку і зараз хапіў яго за руку і сказаў яму: "Малой ты веры, чаму зьневерыўся?"

І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер суня́ўся.
 
А калі ўвайшлі ў лодку, сьціх вецер.

А тыя, што былі ў лодцы, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды́ Сын Божы.
 
Дык тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся ды сказалі: "Сапраўды, ты Сын Божы."

І, пераправіўшыся, прыбылí яны ў зямлю Генісарэ́цкую.
 
Калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Гэнэзар.

І, пазнаўшы Яго, жыхары́ той мясціны абвясцілі па ўсім навако́ллі тым, і прыне́слі да Яго ўсіх хворых,
 
Людзі таго ж месца, калі Езуса пазналі, развясьцілі па ўсім гэным рэгіёне. Дык прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся.

і прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да кра́ю адзе́ння Яго; і тыя, што дакрану́ліся, ацалíліся.
 
Прысілі Яго дакрануцца хоць да краю шаты Ягонай. А каторыя толькі дакраналіся — здаравелі.