Мацьвея 15 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Тады прыходзяць да Іісуса іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:
 
Тады падыходзяць да Ісуса іеруеалімскія кніжнікі і фарысеі, кажучы:

чаму вучні Твае паруша́юць пада́нне ста́рцаў? бо не ўмываюць яны рук сваіх, калі ядуць хлеб.
 
Чаму Твае вучні парушаюць уставу старэйшых? бо не мыюць сваіх рук, калі ядуць хлеб.

А Ён сказаў ім у адказ: чаму і вы паруша́еце за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага?
 
Ен жа сказаў ім у адказ: чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля вашай уставы?

Бо запаве́даў Бог, сказаўшы: «шануй бацьку і маці»; і: «хто зласло́віць на бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ».
 
Бо загадаў Бог, кажучы: «шануй бацьку твайго і маці»; і: «хто зневажае бацьку і маці, няхай смерць панясе».

А вы ка́жаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, што ты ад мяне скарыста́ў бы»,
 
Вы ж гаворыце: калі хто скажа бацьку ці маці: «дар (Богу) тое, што ад мяне было б табе ўспамогаю»,

той можа і не ўшанаваць бацьку свайго альбо маці сваю; такім чы́нам вы скасава́лі за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага.
 
Той можа і не шанаваць свайго бацьку ці сваю маці; і адмянілі вы Божую запаведзь дзеля вашай уставы.

Крываду́шнікі! добра прарочыў пра вас Іса́ія, ка́жучы:
 
Крывадушнікі! Добра аб вас прарочыў Ісая, кажучы:

«набліжа́юцца да Мяне людзі гэтыя ву́снамі сваімі і ўшаноўваюць Мяне языком; а сэрца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;
 
«Блізкія да Мяне гэтыя людзі сваімі вуснамі і шануюць Мяне языком, сэрца ж іх далёкае ад Мяне.

але ма́рна шануюць Мяне, навуча́ючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым».
 
Але дарэмна шануюць Мяне, навучаючы навукам — людскім уставам».

І, паклíкаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разумейце:
 
I Ен, паклікаўшы людзей, казаў ім: слухайце і разумейце!

не тое, што ўваходзіць у ву́сны, апага́ньвае чалавека; а што выходзіць з ву́снаў, тое апага́ньвае чалавека.
 
Не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; але што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.

Тады вучні Яго, прыступíўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусíліся?
 
Тады, падышоўшы, Яго вучні сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся;

А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, будзе вы́каранена.
 
Ен жа сказаў у адказ: кожная расліна, якую насадзіў не Бацька Мой нябесны, будзе вырвана з коранем.

Пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры́ сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык або́два ў яму ўпаду́ць.
 
Пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры сляпых; а калі сляпы вядзе сляпога, абодва ў яму ўпадуць.

А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.
 
Пётр жа сказаў Яму ў адказ: растлумач нам гэтую прыпавесць.

Іісус жа сказаў: няўжо і вы яшчэ не ма́еце разуме́ння?
 
А Ісус сказаў: няўжо і вы не разумееце?

Хіба́ яшчэ не разуме́еце, што ўсё, што ўваходзіць у ву́сны, праходзіць у чэ́рава і выво́дзіцца прэч?
 
Хіба не ведаеце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, ідзе ў жывот і выходзіць лонкі;

А тое, што выходзіць з ву́снаў, — з сэ́рца выхо́дзіць; і яно апаганьвае чалавека.
 
А што з вуснаў выходзіць, з сэрца зыходзіць, і тое апаганьвае чалавека.

Бо з сэ́рца выхо́дзяць ліхíя по́мыслы, забойствы, пралюбадзе́йствы, блуд, крадзяжы́, ілжы́выя све́дчанні, блюзне́рствы —
 
Бо з сэрца зыходзяць ліхія думкі, забойствы, пералюбы, распуста, крадзеж, крывапрысяганне, богазнявага:

гэта апага́ньвае чалавека. а есці няўмытымі рукамі — не апага́ньвае чалавека.
 
Гэта апаганьвае чалавека; а есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.

І, выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у ме́жы Ты́рскія і Сідо́нскія.
 
I, выйшаўшы адтуль, Ісус адышоў у землі Тырскія і Сідонскія.

І вось, жанчына Ханане́янка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзі, Сыне Давідаў, дачка́ мая ця́жка паку́туе ад дэмана.
 
I вось. жанчынахананеянка, выйшаўшы з тых ваколіц, пачала крычаць Яму, кажучы: злітуйся нада мною, Госпадзе, сыне Давідаў! Маю дачку цяжка мучыць дэман.

Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступíўшы, прасілі Яго, ка́жучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.
 
Ен жа не адказаў ёй ні слова. I, падышоўшы, Яго вучні прасілі Яго, кажучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.

А Ён сказаў у адказ: Я пасла́ны толькі да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.
 
Ен жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да загінулых авечак дому Ізраілевага.

А яна, падышоўшы, кла́нялася Яму, ка́жучы: Госпадзі! памажы мне.
 
Але яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе, дапамажы мне!

А Ён сказаў у адказ: нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.
 
Ен жа сказаў у адказ: нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.

Яна ж сказала: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты ядуць крошкі, якія па́даюць са стала гаспадаро́ў іх.
 
А яна сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, што падаюць са стала іх гаспадароў.

Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай будзе табе, як ты хочаш. І ацалíлася яе дачка́ ў тую ж гадзíну.
 
Тады ў адказ Ісус сказаў ёй: о жанчына! вялікая твая вера; няхай будзе табе, як ты хочаш. I паправілася яе дачка ў тую гадзіну.

І, адышоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага і, падняўшыся на гару, сеў там.
 
I, адышоўшы адтуль, Ісус прыйшоў да мора Галілейскага; і, узышоўшы на гару, сеў там.

І прыступíла да Яго мноства людзей, ма́ючы з сабою кульга́вых, сляпых, нямы́х, зняве́чаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацалíў іх;
 
I падышло да Яго мноства народу разам са сваімі кульгавымі, сляпымі, нямымі, калекамі і многімі іншымі і клалі іх да Ісусавых ног, і Ен вылечыў іх.

так што народ здзіўля́ўся, ба́чачы, як нямы́я гаво́раць, зняве́чаныя становяцца здаровымі, кульга́выя ходзяць і сляпы́я бачаць; і праслаўля́ў ён Бога Ізра́ілевага.
 
Так што дзівіўся народ, бачачы, што нямыя гавораць, калекі здаровыя, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць; і славіў Бога Ізраілевага.

А Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне людзей, бо ўжо тры дні застаю́цца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусцíць іх галоднымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.
 
А Ісус, паклікаўшы Сваіх вучняў, казаў: шкада Мне народу, што ўжо тры дні знаходзіцца пры Мне, а не мае што есці; і адпусціць іх галодных не хачу, каб яны не саслаблі ў дарозе.

І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пусты́ні столькі хлябо́ў, каб накармíць гэ́тулькі людзей?
 
I казалі Яму вучні Яго: дзе нам узяць у пустэльні гэтулькі хлябоў, каб накарміць гэтакую грамаду?

І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябо́ў? А яны адказалі: сем, і некалькі ры́бінак.
 
I кажа ім Ісус: колькі хлябоў маеце? Яны ж сказалі: сем і крыху рыбак.

І загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлю́.
 
I Ен загадаў народу ўзлегчы на зямлю;

І, узяўшы сем хлябо́ў і рыбу, узнёс падзяку, пераламíў і даў вучням Сваім, а вучні — лю́дзям.
 
I, узяўшы сем хлябоў і рыбы, аддаўшы падзяку, паламаў і даў Сваім вучням, а вучні народу.

І елі ўсе, і насы́ціліся; і назбіра́лі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.
 
I елі ўсе і наеліся; і пазасталых кавалкаў назбіралі сем поўных кашоў.

А тых, што елі, было́ чатыры тысячы чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.
 
А тых, што елі, было чатыры тысячы мужчын, апроч жанчын і дзяцей.

І, адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбы́ў у ме́жы Магдалíнскія.
 
I, адпусціўшы народ, Ен сеў у човен і прыбыў у межы Магдалінскія.