Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Убачыўшы люд, Ён узышо́ў на гару; і калі сеў, прыступíлі да Яго вучні Яго.
Убачыўшы ж натоўпы, Ён узышоў на гару. I калі сеў, падышлі да Яго вучні Яго.
І, адкрыўшы ву́сны Свае, Ён вучыў іх, ка́жучы:
I Ён, адкрыўшы вусны Свае, вучыў іх, кажучы:
блажэ́нныя ўбо́гія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Шчаслівыя ўбогія духам; бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Блажэ́нныя тыя, што плачуць, бо яны суце́шацца.
Шчаслівыя засмучаныя; бо яны ўсцешаны будуць.
Блажэ́нныя лаго́дныя, бо яны ўнасле́дуюць зямлю́.
Шчаслівыя лагодныя; бо яны атры маюць у спадчыну зямлю.
Блажэ́нныя тыя, што жада́юць і пра́гнуць праўды, бо яны насы́цяцца.
Шчаслівыя згаладалыя і сасмяглыя па справядлівасці, бо яны будуць натолены.
Блажэ́нныя мíласцівыя, бо яны памíлаваны будуць.
Шчаслівыя літасцівыя; бо да іх бу дуць мець літасць.
Блажэ́нныя чыстыя сэ́рцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам; бо яны ўбачаць Бога.
Блажэ́нныя міратво́рцы, бо яны сына́мі Божымі назаву́цца.
Шчаслівыя міратворцы; бо яны будуць названы Божымі дзецьмі.
Блажэ́нныя гна́ныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Шчаслівыя, каго гоняць за праўду; бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Блажэ́нныя вы, калі будуць вас га́ньбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхíм несправядліва зневажа́ць за Мяне.
Шчаслівыя вы, калі вас будуць ганьбіць, і гнаць, і хлусліва казаць на вас усялякае слова ліхое зза Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гна́лі прарокаў, што былí перад вамі.
Радуйцеся і весяліцеся; бо вялікая ваша ўзнагарода ў нябёсах: гэтак жа гналі прарокаў раней за вас.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль стра́ціць сілу, то чым папра́віць яе? Яна ўжо ні на што не прыда́тная, хіба́ што вы́кінуць яе прэч на патапта́нне лю́дзям.
Вы, — соль зямлі; калі ж соль страціць моц, чым яе насаліць? Ні на што яна ўжо не прыдаецца, хіба толькі выкінуць вон, каб тапталі людзі.
Вы — святло свету. Не можа схава́цца горад, які стаіць на гары.
Вы, — святло свету. Не можа горад схавацца, стоячы наверсе гары.
І, запалíўшы све́чку, не ставяць яе пад пасу́дзінаю, а на падсве́чніку, і све́ціць усім, хто ў доме.
І калі запальваюць каганец, ставяць яго не пад пасудзіну, а на падстаўку, і свеціць ён усім у доме.
Так няхай све́ціць святло ваша перад людзьмí, каб яны бачылі вашы добрыя ўчы́нкі і ўслаўля́лі Айца вашага, Які на нябёсах.
Гэтак няхай свеціць ваша святло перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі вашага Бацьку, што ў нябёсах.
Не думайце, што Я прыйшоў пару́шыць закон, альбо прарокаў: не пару́шыць прыйшоў Я, а здзе́йсніць.
Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў; не адмяніць Я прыйшоў, а здзейсніць.
Бо праўду кажу вам: пакуль не знíкнуць неба і зямля, ані ёта адна, ані ры́ска адзіная не знíкне з закона, пакуль не збу́дзецца ўсё.
Папраўдзе ж кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, ніводная ёта ці рыса адзіная не знікне з закона, аж пакуль не спраўдзіцца ўсё.
Дык вось, хто пару́шыць адну з за́паведзяў гэтых найме́ншых і наву́чыць так людзей, той найме́ншым назаве́цца ў Царстве Нябесным; а хто вы́канае і наву́чыць, той вялікім назаве́цца ў Царстве Нябесным.
Дык вось, хто б ні парушыў адну з найменшых гэтых запаведзяў і так людзей навучыў, таго назавуць найменшым у Царстве Нябесным; а таго, хто выканае і навучыць, вялікім назавуць у Царстве Нябесным.
Бо, кажу вам, калі пра́веднасць ваша не перавы́сіць пра́веднасці кніжнікаў і фарысеяў, то не ўво́йдзеце вы ў Царства Нябеснае.
Бо Я кажу вам: калі ваша справядлівасць не будзе большаю за справядлівасць кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае.
Вы чулі, што ска́зана продкам: «не забівай; а хто заб’е, падляга́е суду́».
Вы чулі, што было наказана старажытным: «не забівай, а хто б ні забіў, падпадзе пад суд».
А Я кажу вам, што кожны, хто гне́ваецца на брата свайго ма́рна, падляга́е суду; а хто скажа брату свайму: «рака́», падляга́е сінедрыёну; а хто скажа: «неразумны», падляга́е гее́не вогненнай.
А я кажу вам, што кожны, хто дарэмна гневаецца на свайго брата, падпадзе пад суд; а хто б ні сказаў свайму брату: «рака», падпадзе пад сінедрыён, а хто б ні сказаў «дурны», падпадзе пад геену вогненную.
Дык вось, калі ты прынясе́ш дар твой да ахвя́рніка і ўспо́мніш там, што брат твой ма́е нешта су́праць цябе,
Дык вось, калі ты прынясеш свой дар на ахвярнік і там успомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе,
пакінь там дар твой перад ахвя́рнікам, і ідзі перш паміры́ся з братам тваім, і тады прыйдзí і прынясі дар твой.
Пакінь там свой дар перад ахвярнікам і пайдзі перш памірыся са сваім братам і тады, прыйшоўшы, ахвяруй свой дар.
Міры́ся з працíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе працíўнік суддзí, а суддзя́ не аддаў цябе слузе́, і не кíнулі цябе ў цямнíцу.
Мірыся са сваім праціўнікам хутка, пакуль з ім у дарозе; каб толькі праціўнік не перадаў цябе суддзі, а суддзя не перадаў цябе выканаўцу і не быў ты кінуты ў цямніцу.
Праўду кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасí апошняга кадра́нта.
Папраўдзе кажу табе: не выйдзеш адтуль, аж пакуль не аддасі астатняга кадранта.
Вы чулі, што ска́зана продкам: «не пралюбадзе́йнічай».
Вы чулі, што было наказана старажытным: «не чыні пералюбу».
А Я кажу вам, што кожны, хто глядзíць на жанчы́ну з пажа́длівасцю, ужо пралюбадзе́йнічаў з ёю ў сэ́рцы сваім.
А Я кажу вам, што кожны, хто пажадліва глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў пералюб з ёю ў сэрцы сваім.
Калі ж правае вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
Калі ж тваё правае вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену;
І калі правая твая рука спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе; бо ле́пей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.
I калі твая правая рука спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з тваіх членаў, а не каб усё тваё цела было кінута ў геену.
Ска́зана таксама, што, калі хто развядзе́цца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разво́дны ліст.
Сказана таксама, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёю, няхай дасць ёй разводны ліст.
А Я кажу вам: кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны блу́ду, той даво́дзіць яе да пралюбадзе́йства; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.
А Я кажу вам, што хто б ні разводзіўся з жонкай сваёй, апроч як з віны распусты, даводзіць яе да пералюбу; і хто б ні ажаніўся з разведзенаю, чыніць пералюб.
Яшчэ чулі вы, што ска́зана продкам: «не паруша́й кля́твы, а выко́нвай перад Госпадам кля́твы твае».
Яшчэ вы чулі, што наказана старажытным: «не прысягай фальшыва, а датрымай Госпаду свае клятвы».
А Я кажу вам: не клянíся зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;
А Я кажу вам: не кляніцеся ўвогуле: ні небам, бо яно трон Божы;
ні зямлёю, бо яна — падно́жжа нага́м Яго; ні Іерусалімам, бо ён — горад Вялікага Цара;
Ні зямлёю, бо яна падножжа ног Яго; ні Іерусалімам, бо ён горад вялікага Цара;
ні галавою тваёю не клянíся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
Ні галавою сваёй не кляніся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.
А няхай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад злога.
Няхай жа будзе ваша слова: «так, так», «не, не»; а што звыш таго, — ад ліхога.
Вы чулі, што ска́зана: «вока за вока, і зуб за зуб».
Вы чулі, што сказана: «вока за вока, і зуб за зуб»;
А Я кажу вам не працíвіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ́ тваёй, падстаў яму і другую;
А Я кажу вам: не супраціўляйся злому, але хто цябе ўдарыць у тваю правую шчаку, павярні да яго і другую;
і калі хто захоча судзíцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;
I хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і плашч;
і калі хто цябе зму́сіць ісці з ім адно по́прышча, ідзі з ім два.
I хто цябе вымушае ісці адну мілю, прайдзі з ім дзве.
Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча пазы́чыць у цябе, не адваро́чвайся.
Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся.
Вы чулі, што ска́зана: «любí блíжняга твайго і ненавíдзь ворага твайго».
Вы чулі, што сказана: «любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго»;
А Я кажу вам: любíце ворагаў вашых, благаслаўля́йце тых, хто пракліна́е вас, рабíце дабро тым, што ненавíдзяць вас, і маліцеся за тых, што кры́ўдзяць вас і гоняць вас;
А Я кажу вам: любіце сваіх ворагаў, бласлаўляйце тых, што праклінаюць вас, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас, і маліцеся за тых, што гоняць вас;
каб сталі вы сына́мі Айца вашага, Які на нябёсах; бо Ён зага́двае сонцу Свайму ўзыхо́дзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на пра́ведных і няпра́ведных.
Каб вам зрабіцца дзецьмі Бацькі вашага, што ў нябёсах, які наказвае свайму сонцу ўсходзіць над ліхімі і добрымі і насылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
Бо, калі вы будзеце любíць тых, што лю́бяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мы́тнікі?
Калі ж вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж не тое робяць і мытнікі?
І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не гэтак робяць і язычнікі?
I калі вы вітаеце толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж не гэта робяць і язычнікі?
Дык вось, будзьце даскана́лыя, як даскана́лы Айцец ваш Нябесны.
Дык будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька, што ў нябёсах.