1 да Цімафея 6 разьдзел

Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Усе рабы, якія пад ярмом, павінны лічыць сваіх гаспадароў вартымі ўсякай чэсьці, каб ня было ганьбаваным Імя Бога і вучэньне.
 
Нявольнікі, якія знаходзяцца пад уладаю, няхай лічаць сваіх паноў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не падпалі зьнявазе.

А тыя, хто мае гаспадарамі вернікаў, ня павінны імі грэбаваць, толькі таму, што яны браты; але тым больш павінны ім служыць, таму што яны вернікі і любасныя, якія прымаюць удзел у добрых учынках. Гэтаму вучы і пераконавай.
 
Якія маюць паноў веруючых, няхай іх не зьневажаюць, хоць яны і братамі зьяўляюцца, але няхай служаць ім, бо яны веруючыя і ўмілаваныя і спрыяюць ім. Вучы гэтаму і панукай!

Калі хто вучыць іншаму і ня згаджаецца са здаровымі Словамі Госпада нашага Ісуса Хрыста і з вучэньнем пра багабойнасьць,
 
Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Езуса Хрыстуса і Ягонай навукі,

той надзьмуўся ад ганарлівасьці, нічога ня ведае, але захоплены прагай да спрэчак і словазмаганьняў, ад чаго паходзяць зайздрасьць, сваркі, зламоўі, ліхія падазрэньні,
 
той ганарлівец, ігнарант, нічога не разумее, але мае схільнасьць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць ненавісьць,звадкі, блюзьнерствы, ліхія падазрэньні,

пустыя спрэчкі паміж людзьмі з сапсаваным розумам і пазбаўленых праўды, якія думаюць, што багабойнасьць зьяўляецца сродкам для прыбытку. Ухіляйся ад гэтакіх.
 
пустыя спрэчкі між людзьмі тупых галоў, пазбаўленых праўды і думаючых, што набожнасьць можа быць крыніцай узбагачэньня.

Але вялікім набыткам ёсьць багабойнасьць з задаволенасьцю.
 
Але вялікім набыткам зьяўляецца набожнасьць і заспакаеньне сябе на малым.

Бо мы нічога ня прынесьлі ў гэты сьвет; таксама і вынясьці зь яго нічога ня можам.
 
Нічога бо мы не прынесьлі на гэты сьвет, і нічога, як вядома, ня вынесем.

Дык маючы ежу і вопратку, будзем гэтым задаволены.
 
Маючы ж ежу і ў ва што апрануцца, будзьма гэтым задаволены.

А тыя, што жадаюць разбагацець, упадаюць у спакусу і пастку і многія няразумныя і шкодныя пажадлівасьці, якія топяць людзей у зьніштажэньні і загубе.
 
А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў д'ябальскую пятлю ды ў многія бескарысныя похаці, а то і шкодныя, якія топяць людзей у бяздоньні загубы.

Бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, нікаторыя ўхіліліся ад веры і наклікалі на сябе многія мукі.
 
Коранем бо ўсякіх няшчасьцяў зьяўляецца сквапнасьць, за якой гонячыся, некаторыя адпалі ад веры і мучацца вялікімі пакутамі.

Ты ж, о чалавек Божы, ухіляйся ад гэтага, але дасягай праведнасьці, багабойнасьці, (памнажэньня) веры, любові, цярплівасьці, ціхасьці.
 
А ты, чалавеча Божы, высьцерагайся гэтага. Шукай справядлівасьці, набожнасьці, веры, міласьці, цярплівасьці, ласкавасьці.

Змагайся добрым змаганьнем веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і быў прыкліканы, і вызнаў добрае вызнаньне перад многімі сьведкамі.
 
Ваюй добрым змаганьнем за веру, здабудзь жыцьцё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты высказаўся добрым пасьведчаньнем перад шматлікімі сьведкамі.

Я загадваю табе — перад Богам, Які ўсё ажыўляе, і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне —
 
Прыказваю табе перад Богам, які ажыўляе ўсё, у прысутнасьці Езуса Хрыстуса, які даў добрае пасьведчаньне і доказ пры Понцкім Пілаце,

зьберагчы гэтае прыказаньне чыстым, бяззаганным, аж да зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
споўні загад беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Езуса Хрыстуса,

якое ў свой час пакажа багаславёны і адзіны Валадар, Кароль над каралямі і Госпад над гаспадарамі,
 
Яго выявіць у свой час Праслаўлены і адзіна Магутны Валадар валадароў і Госпад валодаючых,

Адзіны, Які мае нясьмяротнасьць, Які жыве ў сьвятле няпрыступным, Якого ніхто зь людзей ня бачыў, і ўбачыць ня можа, Якому чэсьць і ўлада вечная. Амін.
 
Які сам адзін мае несьмяротнасьць і жыве ў сьветласьці недаступнай, Якога ніхто з людзей ня бачыў і відзець ня можа, Яму чэсьць і валоданьне вечнае. Аман.

Багатым у цяперашнім веку загадвай, каб высока пра сябе ня думалі і ня спадзяваліся на багацьце нянадзейнае, але на Бога жывога, Які дае нам са збыткам усё патрэбнае;
 
Багачам гэтага сьвету загадвай, каб лішне высока пра сябе нея думалі і не пакладалі надзеі на нястойкім багацьці, але спадзяваліся на Бога жывога, які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцьця.

рабілі дабро, багацелі на ўчынкі добрыя, былі шчодрымі, ахвотна дзяліліся,
 
Каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся з іншымі,

зьбіраючы сабе скарб — добрую аснову для будучыні, каб дасягнуць ім жыцьця вечнага.
 
сабіралі сабе багацьце-фундамент на будачае, на атрыманьне жыцьця вечнага.

О, Цімахвею! Беражы, што табе даверана, ухіляючыся ад агіднага пустаслоўя і супярэчлівых сьцьверджаньняў хвальшывай навукі,
 
О, Цімафею, беражы дэпазыт веры, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых асноў уяўнай навукі, прыхільнікі якой страцілі веру. Ласка з табою. Аман.

аддаўшыся якой, нікаторыя адступіліся ад веры. Багадаць з табою. Амін.