Марка 7 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І былі сабраўшыся да Яго хварысэі і нікаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ярузаліму.
 
І сабраліся вакол Езуса фарысэі ды некаторыя кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліму.

І ўбачыўшы нікаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі гэта значыць няўмытымі рукамі, асуджалі (іх).
 
І, калі заўважылі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб бруднымі, значыць нямытымі рукамі, ганілі іх.

Бо хварысэі і ўсе жыды, трымаючыся наказу старэйшых, ня ядуць пакуль ня ўмыюць старанна ру́кі.
 
Бо фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не памыўшы чыста рук, захоўваючы традыцыю дзядоў.

І (прыйшоўшы) з торгу, пакуль ня абмыюцца, ня ядуць. Ёсьць і (яшчэ) многае іншае, чаго яны пастанавілі трымацца: абмыцьцё чараў і кубкаў і катлоў і ўслонаў.
 
Таксама не ядуць, прыйшоўшы з рынку, пакуль не памыюцца. Па-за гэтым традыцыя іхняя загадвае трымацца многа іншых рэчаў: мыць чашы і збаны, посуд медзяны і лыжкі.

Потым пытаюцца ў Яго хварысэі і кніжнікі: чаму вучні Твае ня жывуць згодна наказаў старэйшых, але няўмытымі рукамі ядуць хлеб?
 
Пасьля пыталіся Яго фарысэі і кніжнікі: "Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцыяў продкаў, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?"

Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: добра прарочыў пра вас крывадушнікаў Гісая, як напісана: народ гэты шануе Мяне вуснамі, сэрца ж іхнае знаходзіцца далёка ад Мяне;
 
А Езус у адказ сказаў ім: "Добра пра вас, крывадушнікаў, праракаваў Ісая, як напісана: "Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне.

але марна пакланяюцца Мне, навучаючы навукам, прыказаньням чалавечым (Гісая 29:13).
 
Надарма аднак славяць Мяне, вучачы пастановаў, прыдуманых людзьмі".

Бо пакінуўшы прыказаньне Бога трымаецеся загадаў чалавечых: абмываньня кубкаў і чараў і многага другога падобнага таму трымаецеся.
 
І, ня дбаючы пра прыказаньні Божыя, беражыцё традыцыі чалавечыя, абмываньне збаноў і чашаў, шмат таксама іншага, да гэтага падобнага, трымаецеся".

І казаў ім: ці добра што вы адкідаеце прыказаньне Бога, каб трымацца вашых наказаў?
 
І працягваў: "Ці добра, што вы касуеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую традыцыю?

Бо Масей сказаў: шануй бацьку твайго і матку тваю: і хто зьняважа́е бацьку ці матку няхай памрэ сьмерцяй.
 
Майсей вось сказаў: "Паважай бацьку свайго і матку сваю", ды: "Хто зьневажае бацьку або матку, хай будзе сьмерцю пакараны".

А вы гаворыце: калі чалавек скажа бацьку ці матцы: корван, — што азначае: «дар (Богу) — чым бы ты ад мяне карыстаўся»,
 
А вы вучыце: "Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: Корбан, значыць дар (Богу) тое, чым мусіў бы я цябе ўспамагчы,

і ўжо дазваляеце яму нічога ня рабіць бацьку свайму ці матцы сваёй,
 
і ўжо вы дазваляеце нічога яму больш не рабіць для бацькі або маці,

абяссільваючы Слова Бога наказам вашым, які вы пастанавілі; і робіце шмат падо́бнага да гэтага.
 
перакручваючы Слова Божае праз традыцыю вашую, якую перадаеце далей, ды многа падобнага робіце".

І паклікаўшы ўвесь народ, казаў ім: слухайце Мяне ўсе і разумейце:
 
І, паклікаўшы зноў натоўп, казаў ім: "Слухайце Мяне ўсе, і разумейце.

няма нічога, што ўваходзіць у чалавека звонку, што можа яго апаганіць; але тое, што выходзіць зь яго, гэна апаганьвае чалавека.
 
Па-за чалавекам няма нічога, што, у яго ўваходзячы, магло б яго спаганіць, але тое, што ад чалавека выходзіць, гэта яго паганіць.

Калі хто мае вушы чуць, хай слухае!
 
Калі хто мае вушы слухаць, хай слухае".

І калі Ён увайшоў у дом ад народу, вучні Ягоныя пыта́ліся ў Яго пра прыповесьць.
 
І калі Езус ўвайшоў у дом ад народу, пыталіся вучні Ягоныя пра сэнс гэтае прыповесьці.

І кажа ім: настолькі і вы няцямныя? няўжо ж ня разумееце, што нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа яго апаганіць?
 
І кажа ім: "Няўжо і вы такія няцямкія? Не разумееце, што ўсё, што з вонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго спаганіць,

Бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, але ў страўнік, і выходзіць вонкі, ачышчаючы ўсякую ежу.
 
бо тое ўваходзіць ня ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца вон, ачышчаючы ўсякую ежу".

І казаў: што выхо́дзіць з чалавека, тое апаганьвае чалавека.
 
І выясьняў далей: "А што з чалавека выходзіць, тое яго паганіць.

Бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, пералюбы, блудадзействы, забойствы,
 
Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць благія думкі, распуснасьць, зладзейства, забойства,

крадзяжы, прагавíтасьць, злосьць, ашу́ка, бессарамяжнасьць, ліхое вока, блюзьне́рства, пыха, няразумнасьць.
 
чужалоства, хцівасьць, нягоднасьць, подступ, бессаромнасьць, зайздрасьць, блюзьнерствы, пыхлівасьць, глупота.

Усё гэтае ліха з нутра выходзіць і апаганьвае чалавека.
 
Уся гэта ліхота з нутра паходзіць ды паганіць чалавека".

І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тыра і Сідона. І ўвайшоўшы ў дом, ня хацеў, каб хто-небудзь даведаўся, але ня здолеў утаіцца.
 
Выйшаўшы адтуль, Езус направіўся ў ваколіцы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў адзін дом, хацеў, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, але схавацца ня змог.

Бо жанчына, дачка якой мела ў сабе нячыстага духа, пачуўшы пра Яго, прыйшоўшы ўпала да Ног Ягоных;
 
Бо адна жанчына, у якой дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і ўпала Яму да ног.

а была тая жанчына пага́нка, родам сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.
 
А жанчына гэта была Грэчанка, родам Сырафэніцыянка. І прасіла Езуса выгнаць дэмана з дачкі ейнай.

Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.
 
Ён сказаў ёй: "Дазволь перш насыціцца сынам, бо нельга забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць яго шчанятам".

А яна адказала Яму і кажа: так, Госпадзе! але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ад дзяцей.
 
Але яна ў адказ кажа: "Так, Госпадзе, але ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей".

І сказаў ёй: дзеля гэтага слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.
 
І сказаў ёй: "Дзеля такога слова ідзі; дэман пакінуў дачку тваю".

І прыйшоўшы ў свой дом (яна) знайшла, што дэман выйшаў, і дачка ляжыць на ложку.
 
І калі яна прыйшла дамоў, знайшла дачку, лежачую на ложку, і дэман выйшаў з яе.

І ізноў выйшаўшы зь зямель Тыра і Сідона прыйшоў да мора Галілеі пасярод земляў Дзесяціместа.
 
І, зноў пакінуўшы ваколіцы Тыру, пайшоў Езус праз Сідон да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкаполя.

І прыводзяць да Яго глухога гугнявага і просяць Яго, каб усклаў на яго Руку́.
 
І прыводзяць да Яго глухога і нямога, просячы Яго ўскласьці на яго руку.

І адвёўшы яго ўбок асобна ад натоўпу, уклаў Пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся языка ягонага.
 
І, адвёўшы яго на бок, далей ад народу, уклаў Езус пальцы свае ў ягоныя вушы, ды сваёй сьліняй дакрануўся да языка ягонага.

І глянуўшы ўверх да неба ўздыхнуў і кажа яму: Эўпата, што значыць: расчыніся!
 
І, глянуўшы ў неба, сказаў яму: "Эфата", што значыць: "Адчыніся".

І адразу быў расчынены слых яго́ны, і разьвязаны путы языка ягонага, і пачаў добра гаварыць.
 
І зараз жа адкрыліся вушы ягоныя ды разьвязаліся путы языка ягонага, і пачаў добра гаварыць.

І загадаў ім ніко́му ня расказваць. Але ко́лькі Ён ім ні забараняў, яны яшчэ больш разгалошвалі.
 
І (Езус) загадаў ім, каб нікому не расказвалі, але чым болей забараняў, тым больш яны абвяшчалі.

І вельмі моцна зьдзіўляліся, кажучы: усё добра зрабіў: і глухіх робіць чуячымі, і нямых — гаворачымі.
 
І тым больш людзі дзівіліся, кажучы: "Усё добра робіць, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі".