2 да Карынфянаў 4 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003
Таму маючы гэткае служэньне, як памілаваныя, (мы) ня маркоцімся;
Дзеля таго, маючы гэтае паслугаванне, толькі з міласэрнасці Божай мы не падаем духам,
але адкінуўшы тайныя ганебныя (учынкі), ня хітруючы і ня скажаючы Слова Бога, але выяўленьнем праўды прадстаўляем сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
але мы стрымліваемся ад скрытых [учынкаў] сораму, не кідаемся ў хітрыкі, ды не фальшуем слова Божага, але адкрытым вяшчэннем праўды прадстаўляем сябе перад Богам сумленню кожнага чалавека.
Калі ж і скрытае Эвангельле нашае, то скрытае ад тых, хто гíне,
Калі нашае Евангелле засланёнае, дык засланёнае для тых, што гінуць,
у няверучых, у якіх бог веку гэтага засьляпіў розумы, каб ім ня зазьзяла сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць Абраз Бога.
для няверуючых, якім бог гэтага свету засляпіў розум, каб не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які ёсць вобраз Бога.
Таму што мы ня сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса Госпада; мы ж — рабы вашыя дзеля Ісуса,
Бо мы не саміх сябе прапаведуем, але Хрыста Ісуса, Госпада; а мы — вашыя слугі праз Ісуса.
таму што Бог, Які сказаў зь цемры зазьзяць сьвятлу, Ён зазьзяў у нашых сэрцах дзеля прасьвятленьня (нас) пазна́ньнем славы Бога ў Асобе Ісуса Хрыста.
Бо Сам Бог, Які загадаў: «Хай з цемры засвеціць святло», асвяціў нашыя сэрцы, каб асвяціць нас пазнаннем хвалы Божай у вобліку Ісуса Хрыста.
Маем жа (мы) скарб гэты ў гліняных пасудзінах, каб веліч сілы была (бачна) у Бога, а ня ў нас:
Ды мы гэты скарб захоўваем у гліняных пасудзінах, каб была велічнасць магутнасці Божай, ды не ад нас.
ва ўсім прыгнятаемых, але ня задушаных; у цяжкіх абставінах, але ня ўпаўшых у роспач;
Мы ва ўсім церпім прыцясненне, але не прыдушаны; жывём у нястачах, але не ў роспачы;
перасьледуемых, але ня пакінутых; пава́леных, але ня забітых;
церпім пераследаванні, але не пакінутыя; мы паваленыя, але не гінем;
(што) заўсёды ў целе носім мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса ў целе нашым было зьяўлена.
заўсёды носім у целе нашым смерць Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў целе нашым.
Бо мы жывыя заўсёды аддаваны на сьмерць дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісуса было зьяўлена ў сьмяротным целе нашым,
Бо мы, якія жывём, заўсёды аддаёмся на смерць дзеля Ісуса, каб і жыццё Ісуса выявілася ў нашым смяротным целе.
так што сьмерць дзейнічае ў нас, а жыцьцё — у вас.
Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.
Маючы той жа дух веры, як напíсана: «паверыў я, таму і сказаў»; і мы верым, таму і гаворым,
А маючы такі самы дух веры, аб якім напісана: «Я ўверыў, і таму прамовіў», і мы верым, і таму гаворым,
ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, і нас уваскрэсіць цераз Ісуса і паставіць перад (Сабой) разам з вамі.
ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Ісуса, таксама і нас уваскрасіць з Ісусам ды паставіць разам з вамі.
Таму што ўсё дзеля вас, каб шчодрасьць Багадаці тым большую выклікала ў многіх удзячнасьць у славу Бога.
Бо ўсё гэта дзеля вас, каб шчодрасць ласкі тым большую выклікала ў многіх удзячнасць на славу Бога.
Таму (мы) ня маркоцімся; але, калі нават вонкавы наш чалавек тлее, дык унутраны абнаўляецца з дня на дзень.
Таму мы і не падаем духам, бо хоць наш чалавек, той, што звонку, знішчаецца, аднак той, што ўнутры, з дня на дзень аднаўляецца.
Таму што кароткачасовае лёгкае гора нашае творыць у нас звыш усякай меры вечную поўнасьць славы,
Бо тое лёгкае наша гора творыць нам важкую славу ў празмерным вечным узвышэнні.
у нас, што глядзім ня на бачнае, але на нябачнае, таму што бачнае часовае, а нябачнае — вечнае.
Бо мы не глядзім на тое, што бачнае, але на тое, што нябачнае, бо бачныя рэчы — часовыя, а нябачныя — вечныя.