2 да Карынфянаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Дык я ўнутрана вырашыў гэтае, каб ізноў ня прыйсьці да вас з засмучэньнем.
 
Я пастанавіў сам у сабе, каб не ісці да вас зноў у смутку,

Бо калі я засмучаю вас, дык хто мяне пара́дуе, як ня той, хто засмучаны мной?
 
бо, калі я вас засмучаю, хто мяне парадуе, калі не той, хто быў мною засмучаны?

І напісаў я вам гэта самае, каб, прыйшоўшы, ня мець смутку ад тых, ад якіх належала мне радавацца: я ўпэўнены ва ўсіх вас, што мая радасьць зьяўляецца (радасьцяй) для ўсіх вас.
 
І пісаў я вам пра гэта, каб, прыбыўшы, не мець смутку ад тых, ад якіх належала радавацца, бо я перакананы адносна ўсіх вас, што мая радасць таксама вашая.

Ад вялікай скрухі і болю сэрца напісаў я вам са многімі сьлязьмі ня (для таго), каб вы былі засму́чаны, але каб (вы) пазналі любоў, якую (я) зь лішкам маю да вас.
 
Бо з вялікім жалем і тугою сэрца ды са слязамі пісаў я вам не дзеля таго, каб засмуціць вас, але каб вы адчулі, якую вялікую любоў маю я, асабліва ж да вас.

Калі хто засмуціў, (дык) ня мяне засмуціў, але (скажу), ня перабольшваючы, часткова ўсіх вас.
 
Калі хто засмуціў, то не мяне засмуціў, але, каб лішне не сказаць, часткова і ўсіх вас.

Такому дастаткова гэткага пакараньня ад большасьці.
 
Такому хопіць кары, вызначанай большасцю,

Дык вам ужо ле́пей дарава́ць яму і суцешыць, каб ён ня быў праглынены церазмерным смуткам.
 
але лепш, каб вы такому даравалі ды суцешылі, каб празмерная згрызота яго не ахапіла.

Таму прашу вас выявіць да яго любоў.
 
Таму прашу вас, каб выказалі такому любоў.

Бо таму я і напісаў (да вас), каб даведацца (і) праверыць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.
 
З гэтаю мэтаю я пісаў, каб спазнаць вашу выпрабаванасць, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

Каму ж што (вы) даруеце, (тое дарую) і я; бо і я калі што дараваў каму, (то) дараваў дзеля вас перад Абліччам Хрыста,
 
Каму вы даруеце, таму і я; бо і я, калі каму дараваў, дык дараваў дзеля вас перад абліччам Хрыста,

каб ня былі мы абма́нутымі шатанам, бо задумкі ягоныя мы ведаем.
 
каб не звёў нас шатан, бо думкі яго добра нам вядомыя.

Калі я прыйшоў у Троаду дзеля Дабравесьця Хрыста, і дзьверы мне былі адчынены Госпадам,
 
Калі я прыбыў у Трааду дзеля дабравесця Хрыстовага і брама была мне адкрыта ў Госпадзе,

(але) я ня меў супакою духу майму, бо ня знайшоў (там) брата майго Ціта; дык разьвітаўшыся зь імі, (я) пайшоў у Македонію.
 
я не меў супакою духу майму, бо не спаткаў Ціта, брата майго. Таму я развітаўся з імі і падаўся ў Мацэдонію.

Дзякуй Богу (нашаму), Які заўсёды дае нам перамогу ў Хрысьце, і водар пазнаньня Сябе выяўляе цераз нас на ўсякім мейсцы.
 
Хай будзе Богу падзяка за тое, што дае нам перамагаць у Хрысце заўсёды, ды праз нас ва ўсякім месцы выяўляе водар пазнання Свайго.

Таму што мы зьяўляемся водарам Хрыста для Бога ў збаўляемых і ў гíнучых:
 
Мы вось мілы Богу водар Хрыстовы сярод тых, што дасягаюць збаўлення, і сярод тых, што гінуць:

для адных пах сьмерці на сьмерць, для другіх жа пах жыцьця на жыцьцё. І хто здатны на гэта?
 
для адных — водар ад смерці на смерць, а для другіх — водар ад жыцця на жыццё. І хто здатны на гэта?

Бо мы ня так, як многія, якія перакручваюць Слова Бога, але гаворым шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысьце.
 
Бо мы не фальшуем Слова Божага, як многія, але прамаўляем шчыра, як ад Бога на віду Бога ў Хрысце.