2 царстваў 23 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вось апошнія словы Давіда, выслоўе Давіда, сына Ясэевага, выслоўе чалавека, пастаўленага высока, памазанца Бога Якава і салодкага песьняра Ізраілевага:
 

Дух Гасподні гаворыць ува мне, і слова Яго на языку ў мяне.
 

Сказаў Бог Ізраілеў, гаварыў пра мяне скала Ізраілевая: валадарны над людзьмі будзе праведны, валадарачы ў страху Божым.
 

І як на сьвітаньні, пры ўзыходзе сонца на бясхмарным небе, ад зьзяньня пасьля дажджу вырастае трава зь зямлі,
 

ці ня так і дом мой у Бога? Бо запавет вечны паклаў Ён са мною, цьвёрды і нязьменны. Ці ня так зыходзіць ад Яго ўсё выратаваньне маё і ўсё хаценьне маё?
 

А грэшныя будуць, як выкінутае церне, якога не бяруць рукою;
 

а хто дакранецца да яго, узбройваецца жалезам альбо тронкай дзіды, і агнём спальваюць яго на месцы.
 

Вось імёны адважных у Давіда: Ісбасэт Ахаманіцянін, галоўны з трох: ён падняў дзіду сваю на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз.
 

Пасьля яго Элеазар, сын Дадо, сына Ахохі, адзін з трох адважных, што былі з Давідам, калі яны прадказаньнем выклікалі Філістымлянаў, што сабраліся на вайну;
 

Ізраільцяне выйшлі супроць іх, і ён устаў і біў Філістымлянаў да таго, што рука яго стамілася і прыліпла да меча. І дараваў Гасподзь у той дзень вялікую перамогу, і народ пайшоў за ім дзеля таго толькі, каб абіраць забітых.
 

За ім Шама, сын Аге, Гарарыцянін. Калі Філістымляне сабраліся ў Тырыю, дзе было поле, засеянае сачыўкаю, народ пабег ад Філістымлянаў,
 

дык ён стаў сярод поля і зьбярог яго і пабіў Філістымлянаў. І даў тады Гасподзь вялікую перамогу.
 

Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў пайшлі і ўвайшлі ў час жніва да Давіда ў пячору Адалам, калі натоўпы Філістымлянаў стаялі ў даліне Рэфаімаў.
 

Давід быў тады ва ўмацаваным месцы, а атрад Філістымлянаў — у Віфляеме.
 

І захацеў Давід піць і сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?
 

Тады трое гэтых адважных прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі і прынесьлі Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў яе дзеля славы Госпада,
 

і сказаў: ахавай мяне, Госпадзе, каб я зрабіў гэта! ці ня кроў гэта людзей, якія хадзілі пад небясьпекаю іх жыцьцю? і не хацеў піць яе. Вось, што зрабілі гэтыя трое адважных!
 

І Авэса, брат Ёава, сын Саруін, быў галоўны з трох: ён забіў дзідаю сваёю трыста чалавек і быў у славе ў тых трох.
 

З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнік, але з тымі трыма не раўняўся.
 

Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцаіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове ў сьнежны час;
 

ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, чалавека віднага; у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго з кіем і адабраў дзіду з рук у Егіпцяніна і забіў яго ягонай жа дзідай:
 

вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдаеў, і ён быў у славе ў трох адважных;
 

ён быў знатнейшы за трыццаць, але з тымі трыма не раўняўся. І паставіў яго Давід бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.
 

Асаіл, брат Ёава — у ліку трыццаці; Элханан, сын Дадо, зь Віфляема,
 

Шама Харадзіцянін, Эліка Харадзіцянін,
 

Хэрэц Палціцянін, Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін,
 

Эвіезэр Анатацянін, Мэбунай Хушацянін,
 

Цалмон Ахахіцянін, Магарай Нэтафатыцянін,
 

Хэлэў, сын Бааны, Нэтафатыцянін, Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Веньямінавых,
 

Ванэя Піратанянін, Ідай з Нахлэ-Гааша,
 

Аві-Арбатыцянін, Азмавэт Бархуміцянін,
 

Эліяхба Шаалбанянін; з сыноў Яшэна — Ёнатан,
 

Шама Гарарыцянін; Ахіям, сын Шарара, Арарыцянін,
 

Эліфэлэт, сын Ахасбая, сына Магахаці, Эліям, сын Ахітафэла, Гіланянін,
 

Хэцрай Кармэліцянін, Паарай Арбіцянін,
 

Ігал, сын Натана, з Цобы, Бані Гадзіцянін,
 

Цалэк Аманіцянін, Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі,
 

Іра Ітрыцянін, Гарэб Ітрыцянін,
 

Урыя Хэтэянін. Усіх трыццаць сем.