Лукаша 6 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі.
 
І сталася ў другую суботу пасьля Пасхі, што Ён праходзіў праз палеткі, і вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі.

А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу?
 
А некаторыя з фарысэяў сказалі ім: «Навошта вы робіце тое, чаго ня сьлед рабіць у суботу?»

Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?
 
І, адказваючы ім, сказаў Ісус: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім?
 
Як ён увайшоў у дом Божы, і ўзяў хлябы пакладныя, якіх ня можна было есьці нікому, апрача сьвятароў, і еў, і даў тым, што з ім былі».

І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.
 
І сказаў ім: «Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы».

А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая.
 
І сталася, што ў іншую суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і навучаў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.

А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.
 
А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачваньне супраць Яго.

Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.
 
Але Ён, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку, які меў сухую руку: «Устань і стань на сярэдзіну». І той, устаўшы, стаў.

Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.
 
Тады сказаў ім Ісус: «Спытаюся Я ў вас: “Што трэба рабіць у суботу: дабро ці зло? Збавіць душу́ ці загубі́ць?”»

І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.
 
І, паглядзеўшы на ўсіх іх, сказаў чалавеку: «Выцягні руку тваю». Ён так і зрабіў, і сталася рука ягоная здаровая, як другая.

А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам.
 
А яны напоўніліся ша́лам і гаварылі адзін да аднаго, што ім зрабіць з Ісусам.

У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.
 
І сталася ў тыя дні, узыйшоў Ён на гару памаліцца, і быў усю ноч у малітве да Бога.

А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:
 
І калі настаў дзень, Ён паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:

Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,
 
Сымона, якога назваў Пятром, і Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,

Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,
 
Мацьвея і Тамаша, Якуба Алфеявага і Сымона, называнага Зілотам,

Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.
 
Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаўся здраднікам.

І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,
 
І, зыйшоўшы разам з імі, стаў на роўным месцы, і натоўп вучняў Ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі, і Ерусаліму, і прыморскіх гарадоў Тыру і Сідону,

якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.
 
якія прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад хваробаў сваіх, і тыя, якіх мучылі духі нячыстыя, былі аздароўленыя.

І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.
 
І ўвесь натоўп шукаў дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла моц і аздараўляла ўсіх.

І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.
 
І Ён, падняўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасьлівыя ўбогія, бо вашае ёсьць Валадарства Божае.

Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.
 
Шчасьлівыя вы, якія цяпер галодныя, бо вы насыціцеся. Шчасьлівыя вы, якія цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.

Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.
 
Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалавечага.

Радуйцеся ў той дзень і весялецеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.
 
Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вось, вялікая нагарода вашая ў небе, бо гэтак рабілі з прарокамі бацькі іхнія.

Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.
 
Больш таго, гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымліваеце пацяшэньне сваё.

Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.
 
Гора вам, перасычаныя, бо будзеце галодныя. Гора вам, якія цяпер сьмеяцёся, бо будзеце плакаць і галасіць.

Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.
 
Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо гэтак рабілі з фальшывымі прарокамі бацькі іхнія.

А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,
 
Але вам, якія слухаеце, кажу: Любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, якія ненавідзяць вас,

дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых.
 
дабраслаўляйце тых, якія праклінаюць вас, і маліцеся за тых, якія крыўдзяць вас.

Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю.
 
І таму, які ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто забірае ў цябе адзеньне, не перашкаджай узяць і кашулю.

Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад.
 
Усякаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў у цябе, не патрабуй назад.

І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі.
 
І як хочаце, каб рабілі вам людзі, гэтак і вы рабіце ім.

І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?
 
І калі вы любіце тых, якія вас любяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі любяць тых, якія іх любяць.

І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.
 
І калі робіце дабро тым, якія вам дабро робяць, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі тое робяць.

І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.
 
І калі пазычаеце тым, ад якіх спадзеяцёся атрымаць назад, якая вам падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць назад гэтулькі.

А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.
 
Больш таго, любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе нагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры і да няўдзячных і злых.

Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.
 
Дык будзьце ж міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.

Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце;
 
І не судзі́це, і ня будзеце су́джаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і вам будзе даравана;

давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.
 
давайце, і вам будзе дадзена: меру добрую, націсьненую, стрэсеную і з верхам дадуць вам на ўлоньне вашае; бо якою мераю мераеце, такою і вам будзе адмерана».

Сказаў таксама ім прытчу: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не абодва ўпадуць у яму?
 
Сказаў жа ім прыповесьць: «Ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?

Вучань ня бывае вышэй за свайго настаўніка; але, удасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік ягоны.
 
Вучань не вышэй за свайго настаўніка, але, удасканаліўшыся, кожны будзе як настаўнік ягоны.

Што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў сваім воку не адчуваеш?
 
Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?

Альбо, як можаш сказаць брату твайму: «браце! дай, я выму парушынку з вока твайго», калі сам ня бачыш калоды ў сваім воку! Крывадушнік! вымі сьпярша калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
 
Ці як можаш сказаць брату твайму: “Браце! Дазволь, выму сучок з вока твайго”, — калі сам ня бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць сучок, які ў воку брата твайго.

Няма добрага дрэва, якое б радзіла благі плод; і няма благога дрэва, якое б радзіла плод добры.
 
Бо няма добрага дрэва, якое прыносіць благі плод; і няма благога дрэва, якое прыносіць плод добры.

Бо ўсякае дрэва пазнаецца з плоду ягонага; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўніку, і ня зьбіраюць вінаграду з хмызьняку.
 
Бо ўсякае дрэва пазнаецца з уласнага плоду; бо не зьбіраюць фігаў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з глогу.

Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек зь ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад лішніцы сэрца маўляюць вусны ягоныя.
 
Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое; бо з багацьця сэрца гавораць вусны ягоныя.

Што вы клічаце Мяне: «Госпадзе! Госпадзе!» і ня робіце таго, што Я кажу?
 
Чаму называеце Мяне: “Госпадзе! Госпадзе!” — і ня робіце таго, што Я кажу?

Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, скажу вам, на каго падобны:
 
Усякі, хто прыходзіць да Мяне, і слухае словы Мае, і робіць паводле іх, пакажу вам, да каго падобны.

ён падобны на чалавека, што будуе дом, які капаў, паглыбіўся і заклаў падмурак на камені, таму, калі сталася паводка, і вада націснула на гэты дом, дык не магла пахіснуць яго, бо ён пастаўлены быў на камені.
 
Ён падобны да чалавека, што будуе дом, які капаў і заглыбіўся, і заклаў падмурак на скале, і калі сталася паводка, і вада ўдарыла на дом гэты, то не змагла захістаць яго, бо ён быў пабудаваны на скале.

А хто слухае і ня выконвае, падобны на чалавека, які пабудаваў дом на зямлі без падмурка, які, калі націснула на яго вада, адразу абваліўся; і разбурэньне дома гэтага было вялікае.
 
А той, хто слухае і ня робіць, падобны да чалавека, што пабудаваў дом на зямлі без падмурку, які, калі ўдарыла на яго вада, адразу разваліўся; і разбурэньне яго было вялікае».