Лукаша 9 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І склікаўшы дванаццаць, даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і лекаваць ад хваробаў,
 
Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы.

і паслаў іх зьвеставаць Царства Божае і ацаляць хворых
 
І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых.

і сказаў ім: нічога не бярэце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, і ня майце па дзьве вопраткі;
 
І сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі.

і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся і адтуль выпраўляйцеся ў дарогу;
 
І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся;

а калі дзе ня прымуць вас, дык, выходзячы з горада таго, абцярушэце і пыл з вашых ног у сьведчаньне на іх.
 
і калі дзе ня прыймуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце і пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх».

Яны пайшлі і праходзілі селішчамі, зьвястуючы і ацаляючы ўсюды.
 
Пайшоўшы, яны праходзілі праз мястэчкі, дабравесьцячы і аздараўляючы паўсюль.

Дачуўся Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Ісус, і зьдзіўляўся: бо адны казалі, што гэта Ян паўстаў зь мёртвых;
 
А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што дзеялася праз Яго, і быў зьбянтэжаны, бо адны казалі, што гэта Ян устаў з мёртвых;

другія — што Ільля зьявіўся; а тыя, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
 
а другія — што Ільля зьявіўся, а іншыя — што адзін са старадаўніх прарокаў уваскрос.

І сказаў Ірад: Яну я адцяў галаву; а хто Гэты, пра Якога я чую такое? І стараўся ўбачыць Яго.
 
І сказаў Ірад: «Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое?» І шукаў убачыць Яго.

Апосталы, вярнуўшыся, расказалі Яму, што яны зрабілі; і Ён, узяўшы іх з Сабою, адасобіўся ў пустэльнай мясьціне, непадалёк ад горада, называнага Бэтсаідаю.
 
І вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх, пайшоў асобна ў пустыннае месца каля гораду, называнага Бэтсаіда.

Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім: і Ён, прыняўшы іх, гутарыў зь імі пра Царства Божае і ацаляў тых, каму было патрэбнае ацаленьне.
 
Але народ, даведаўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў з імі пра Валадарства Божае, і тых, якія мелі патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.

А дзень пачаў хіліцца да вечара. І прыступіўшы да Яго, дванаццаць казалі Яму: адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі начаваць і дасталі ежы; бо што мы тут у пустэльнай мясьціне.
 
Калі ж дзень пачаў зыходзіць, прыступіўшы да Яго, Дванаццаць сказалі Яму: «Адпусьці натоўп, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя мястэчкі і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустынным месцы».

Але Ён сказаў ім: вы дайце ім есьці. Яны сказалі: у нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбіны; хіба што, нам трэба пайсьці купіць ежы на ўвесь гэты люд.
 
Ён жа сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». А яны сказалі: «У нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбы. Хіба што мы, пайшоўшы, купім ежы для ўсіх гэтых людзей?»

Бо іх было каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: пасадзеце іх радамі па пяцьдзясят.
 
Бо іх было пяць тысячаў чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: «Рассадзіце іх шэрагамі па пяцьдзясят».

І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
 
І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.

А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны і паглядзеўшы на неба, дабраславіў іх, пераламаў і даў вучням, каб раздаць людзям.
 
Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу.

І елі і наеліся ўсе: і рэшты кавалкаў набралася ў іх дванаццаць кашоў.
 
І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў.

Аднаго разу, калі Ён маліўся ў адасобленым месцы, вучні былі зь Ім, Ён спытаўся ў іх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
 
І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: «Кім называе Мяне натоўп?»

Яны сказалі ў адказ, за Яна Хрысьціцеля, а некаторыя — за Ільлю: а іншыя кажуць, што адзін з старавечных прарокаў уваскрэс.
 
Яны, адказваючы, сказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём; а іншыя — што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос».

А Ён спытаўся ў іх: а вы за каго ўважаеце Мяне? Адказаў Пётр: за Хрыста Божага.
 
Ён жа сказаў ім: «А вы кім называеце Мяне?» Адказваючы, Пётар сказаў: «Хрыстом Божым».

Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта,
 
Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта,

сказаўшы, што Сын Чалавечы мае шмат адпакутаваць, і быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
 
сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне.

А да ўсіх прамовіў: калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною;
 
Да ўсіх жа сказаў: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною.

бо, хто хоча душу сваю захаваць, той страціць яе: а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той захавае яе,
 
Бо хто хоча збавіць душу́ сваю, загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзеля Мяне, той збавіць яе.

бо што карысьці чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, альбо пашкодзіць сабе?
 
Бо якая карысьць чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубі́ць, ці пашкодзіць сабе?

бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айцовай і сьвятых анёлаў.
 
Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і сьвятых анёлаў.

Кажу бо вам па праўдзе: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, якія ня зьведаюць сьмерці, а ўжо ўгледзяць Царства Божае.
 
Кажу вам праўдзіва, ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага».

Пасьля гэтых словаў, дзён праз восем, узяўшы Пятра, Яна і Якава, узыйшоў Ён на гару памаліцца.
 
Сталася ж праз восем дзён пасьля словаў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару маліцца.

І калі маліўся, выгляд аблічча ў Яго зьмяніўся, і вопратка ў Яго зрабілася белая, бліскучая.
 
І стаўся, як Ён маліўся, выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае сталася белым, бліскучым.

І вось, два мужы гутарылі зь Ім, якія былі Майсей і Ільля:
 
І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэта Майсей і Ільля,

зьявіўшыся ў славе, яны казалі абодва пра зыход Ягоны, які яму належала зьдзейсьніць у Ерусаліме.
 
якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што меўся споўніць у Ерусаліме.

Пётр і астатнія зь ім змораныя былі сном: але прачнуўшыся, угледзелі славу Ягоную, і двух мужоў, што стаялі зь Ім.
 
Пётар жа і тыя, што з ім, былі ахопленыя сном; а прачнуўшыся, убачылі славу Ягоную і двух мужоў, якія стаялі з Ім.

І калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр Ісусу: Настаўнік! добра нам тут быць: зробім тры палаткі, адну Табе, адну Майсею і адну Ільлю, — ня ведаючы, што казаў.
 
І сталася, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётар Ісусу: «Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін — Табе, адзін — Майсею, і адзін — Ільлі», — ня ведаючы, што кажа.

Калі ж ён казаў гэта, наплыло воблака і асланіла іх; і спалохаліся яны, калі ўвайшлі ў воблака.
 
Калі ж ён гаварыў гэтае, зьявілася воблака і агарнула іх; і яны перепалохаліся, як увайшлі ў воблака.

І быў з воблака голас, які мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.
 
І стаўся голас з воблака, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны; Яго слухайце».

Калі быў гэты голас, застаўся Ісус адзін. І яны змоўчалі і нікому не казалі ў тыя дні пра тое, што бачылі.
 
І калі быў голас гэты, застаўся Ісус адзін. І яны замаўчалі, і нікому не абвясьцілі ў тыя дні, што бачылі.

А на другі дзень, калі яны сыйшлі з гары, сустрэла Яго шмат людзей.
 
І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.

Раптам нехта зь людзей усклікнуў: Настаўнік! малю Цябе зірнуць на сына майго, ён адзін у мяне:
 
І вось нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: «Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне.

яго вярэдзіць дух, і ён раптам ускрыквае, і курчыць яго, так што пускае пену; і ледзьве адступае ад яго, змучыўшы яго;
 
І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і ту́зае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго.

я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не маглі.
 
І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі».

А Ісус адказваючы, сказаў: о род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сына твайго.
 
Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго».

І калі той яшчэ ішоў, дэман кінуў яго на зямлю і пачаў калаціць; але Ісус загразіў нячыстаму духу, і ацаліў падлетка, і аддаў яго бацьку ягонаму.
 
Калі ж той падыходзіў, дэман кінуў яго і затрос; але Ісус забараніў духу нячыстаму, і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.

І ўсе зьдзіўляліся зь велічы Божай. А калі ўсе зьдзіўляліся з усяго, што гаварыў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
 
І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:

пакладзеце вы сабе ў вушы словы гэтыя: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі чалавечыя.
 
«Палажыце ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі чалавечыя».

Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было замкнута ад іх, так што яны ня ўцямілі яго; а спытацца ў Яго пра гэтае слова баяліся.
 
Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб ня ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся.

І прыйшло ім на думку: хто б зь іх быў большы?
 
Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы?

А Ісус, бачачы помысел сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
 
А Ісус, убачыўшы думкі сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою

і сказаў ім: хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае; а хто прыме Мяне, той прымае Таго, Хто паслаў Мяне; бо, хто з вас найменшы за ўсіх, той будзе вялікі.
 
і сказаў ім: «Хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Які паслаў Мяне. Бо хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікі».

Пры гэтым Ян сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі.
 
Адказваючы, Ян сказаў: «Настаўнік! Мы бачылі некага, хто ў імя Тваё выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі».

Ісус сказаў яму: не забараняйце; бо хто ня супроць вас, той за вас.
 
І сказаў яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас».

А калі набліжаліся дні ўшэсьця Ягонага ад людзей, Ён захацеў ісьці ў Ерусалім,
 
І сталася, як набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім,

і паслаў вястуноў перад абліччам Сваім: і яны пайшлі і ўвайшлі ў селішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
 
і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім; і яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб прыгатаваць для Яго,

але там ня прынялі Яго, бо Ён меў выгляд вандроўніка ў Ерусалім.
 
але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім.

Бачачы гэта, вучні Ягоныя, Якаў і Ян, сказалі: Госпадзе! ці хочаш, мы скажам, каб вагонь сышоў зь неба і вынішчыў іх, як і Ільля зрабіў?
 
Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: «Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?»

Але Ён, зьвярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: ня ведаеце, якога вы духу;
 
Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: «Ня ведаеце, якога вы духа,

бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць. І пайшлі ў іншае селішча.
 
бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць ду́шы чалавечыя, але збавіць». І пайшлі ў другое мястэчка.

Сталася, што калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: Госпадзе! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
 
І сталася, як яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў, Госпадзе!»

Ісус сказаў яму: лісы маюць норы, а птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
 
І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву прыхіліць».

А другому сказаў: ідзі за Мною. Той сказаў: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
 
А другому сказаў: «Ідзі за Мною». Той сказаў: «Госпадзе! Дазволь мне, адыйшоўшы, перш пахаваць бацьку майго».

Але Ісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх мерцьвякоў; а ты ідзі, зьвястуй Царства Божае.
 
Але Ісус сказаў яму: «Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».

Яшчэ другі сказаў: я пайду за Табою, Госпадзе! але сьпярша дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі.
 
І другі сказаў: «Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі».

Але Ісус сказаў яму: ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.
 
Але Ісус сказаў яму: «Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».