Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
 
У той час прыйшлі некаторыя, расказваючы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.

Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?
 
І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх Галілейцаў, што яны перацярпелі гэтак?

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
 
Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце.

Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?
 
Або ці думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх, хто жыў у Ерусаліме?

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
 
Не, кажу вам; але, калі не навернецеся, усе гэтак сама загінеце».

І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
 
І сказаў такую прыповесьць: «Нехта меў у вінаградніку сваім пасаджанае фігавае дрэва, і прыйшоў шукаць плоду на ім, і не знайшоў.

і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?
 
І сказаў вінаградару: “Вось, я тры гады прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; сьсячы яго, навошта яно і зямлю займае?”

Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:
 
Той жа, адказваючы, кажа яму: “Пане, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.
 
ці ня дасьць плоду; а калі не, дык на той год сьсячэш яго”».

У адной сынагозе Ён вучыў у суботу;
 
У адной сынагозе Ён навучаў у суботу.

там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца.
 
І вось, была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа нядужасьці, і яна была скорчыўшыся, і не магла выпрастацца.

Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад недужы тваёй.
 
Угледзеўшы яе, Ісус паклікаў яе і сказаў ёй: «Жанчына! Ты вызвалена ад нядужасьці тваёй».

І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
 
І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.

Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні.
 
На гэта начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў натоўпу: «Ёсьць шэсьць дзён, калі мусіце працаваць, тады і прыходзьце, каб быць аздароўленымі, а ня ў дзень суботы».

Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць?
 
Тады Госпад адказаў яму і сказаў: «Крывадушнік! Ці не адвязвае кожны з вас вала́ свайго ці асла ад ясьляў у суботу і не вядзе паіць?

а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні?
 
А гэтую дачку Абрагама, якую зьвязаў шата́н вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ж не належала звольніць ад путаў гэтых у дзень суботы?»

І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя.
 
І калі гаварыў Ён гэтае, усе супраціўнікі Ягоныя засаромеліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных.

А Ён сказаў: на што падобнае Царства Божае, і да чаго прыпадобню яго?
 
Ён жа сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго?

яно падобнае на зерне гарчычнае, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім: і вырасла, і зрабілася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў гольлі яго.
 
Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, пасадзіў чалавек у садзе сваім, і яно вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах ягоных».

Яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Царства Божае?
 
І зноў сказаў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?

Яно падобнае на закваску, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
 
Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяла і ўмяшала ў тры меры мукі́, пакуль ня ўкісла ўсё».

І праходзіў гарадамі і селішчамі, вучачы і кіруючыся да Ерусаліма.
 
І праходзіў па гарадах і мястэчках, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерусаліму.

Нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо мала тых, што ратуюцца? А Ён сказаў ім:
 
Нехта сказаў яму: «Госпадзе! Няўжо мала тых, якія будуць збаўленыя?» Ён жа сказаў ім:

імкнецеся ўвайсьці праз вузкую браму, бо, маўляю вам, многія паспрабуюць увайсьці і ня здолеюць.
 
«Намагайцеся ўвайсьці праз цесную браму, бо, кажу вам, многія будуць шукаць увайсьці і ня здолеюць.

Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: «Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам», але Ён скажа вам у адказ: «ня ведаю вас, адкуль вы»;
 
Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы станеце звонку і пачняцё стукаццца ў дзьверы, кажучы: “Госпадзе! Госпадзе! Адчыні нам!” І Ён, адказваючы, скажа вам: “Ня ведаю вас, адкуль вы”.

тады пачняце казаць: «мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты».
 
Тады пачняцё гаварыць: “Мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты”.

Але Ён скажа: «кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду».
 
І Ён скажа: “Кажу вам, Я ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзіце ад Мяне ўсе, якія робяць няправеднасьць”.

Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанцамі.
 
Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўгледзіце Абрагама, Ісаака, і Якуба, і ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а вас выганяць прэч.

І прыйдуць з усходу і з захаду, і поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Царстве Божым.
 
І прыйдуць з усходу, і з захаду, і з поўначы, і з поўдня, і ўзьлягуць у Валадарстве Божым.

І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, што будуць апошнімі.
 
І вось ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі».

У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
 
У той дзень падыйшлі некаторыя фарысэі, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».

І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу;
 
І сказаў ім: «Ідзіце, скажыце гэтаму лісу: “Вось, Я выганяю дэманаў і аздараўляю сёньня і заўтра, і ў трэці дзень скончу”.

а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
 
Аднак мушу ісьці сёньня, і заўтра, і пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.

Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
 
Ерусалім, Ерусалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыламі, і вы не захацелі.

Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!
 
Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. Бо сапраўды кажу вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: “Дабраслаўлёны Той, Які ідзе ў імя Госпада”».