Лукаша 12 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тым часам, калі сабраліся тысячы людзей, так што ціснулі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць спадчатку вучням Сваім: сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.
 
Тым часам сабраўся шматтысячны натоўп, ажно ціснулі адзін аднаго, і Ён пачаў гаварыць спачатку да вучняў Сваіх: «Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, якая ёсьць крывадушнасьць.

Няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, чаго ня ўведалі б.
 
Бо няма нічога прыхаванага, што б не адкрылася, і тайнага, пра што б не даведаліся.

Таму, што вы сказалі ў цемры, тое ўчуецца на сьвятле; і што казалі на вуха ўсярэдзіне дома, тое будзе абвешчана з дахаў.
 
Дык што вы кажаце ў цемры, будзе пачута ў сьвятле; і што скажаце на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.

Кажу ж бо вам, сябрам Маім: ня бойцеся тых, што забіваюць цела і потым ня могуць нічога болей зрабіць;
 
Кажу ж вам, сябры Мае: ня бойцеся тых, якія забіваюць цела і пасьля гэтага ня могуць больш нічога зрабіць.

а скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, пасьля забойства, можа ўкінуць у геену; праўда, кажу вам, таго бойцеся.
 
Перасьцерагаю ж вас, каго баяцца: бойцеся Таго, Які мае ўладу, забіўшы, укінуць у геенну. Так, кажу вам, Яго бойцеся.

Ці ж ня пяць маленькіх птушак прадаюцца за два асарыі? і ніводная зь іх не забытая ў Бога.
 
Ці ня пяць вераб’ёў прадаюцца за два асары? І аніводзін з іх не забыты перад Богам.

А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык вось, ня бойцеся: вы даражэйшыя за многіх маленькіх птушак.
 
Але ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны. Дык ня бойцеся; вы даражэй за многіх вераб’ёў.

Маўляю ж вам: кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад анёламі Божымі;
 
Кажу ж вам: усякага, хто прызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі,

а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, той зрачоны будзе перад анёламі Божымі.
 
а хто адрачэцца Мяне перад людзьмі, ад таго адракуцца перад анёламі Божымі.

І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе; а хто скажа блюзьнерства на Духа Сьвятога, таму не даруецца.
 
І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана, а хто будзе блю́зьніць на Духа Сьвятога, таму ня будзе адпушчана.

А як прывядуць вас у сынагогі, да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як ці што адказваць, альбо што казаць;
 
А калі прывядуць вас у сынагогі, і да начальнікаў, і да ўладаў, не клапаціцеся, як ці што будзеце адказваць, ці што будзеце гаварыць,

бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую самую хвіліну, што трэба казаць.
 
бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што мусіце гаварыць».

Нехта зь людзей сказаў Яму: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну,
 
Нехта з натоўпу сказаў Яму: «Настаўнік! Скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».

А Ён сказаў чалавеку таму: хто паставіў Мяне судзіць альбо дзяліць вас?
 
Ён жа сказаў яму: «Чалавеча, хто паставіў Мяне судзьдзём ці разьмеркавальнікам між вамі?»

Пры гэтым сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся любазьдзірства, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад лішку ў яго маёмасьці.
 
Пры гэтым сказаў ім: «Глядзіце і захоўвайце сябе ад хцівасьці, бо жыцьцё чалавека ня ў мностве маёмасьці яго».

І сказаў ім прытчу: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла поле;
 
І сказаў ім прыповесьць, кажучы: «У аднаго багатага чалавека быў добры ўраджай у полі,

і ён разважаў сам з сабою: што мне рабіць? няма куды мне сабраць плады мае.
 
і ён разважаў у сабе, кажучы: “Што мне зрабіць, бо ня маю, куды злажыць плады мае?”

І сказаў: вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і зьбяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё.
 
І сказаў: “Вось што зраблю: раскідаю сьвірны мае, і пабудую большыя, і зьбяру туды ўсю пшаніцу маю і ўсё дабро маё,

І скажу душы маёй: душа! шмат дабра ляжыць у табе на многія гады: пакайся, еж, пі, весяліся.
 
і скажу душы́ маёй: 'Душа! Шмат дабра ляжыць у цябе на шмат год; супакойся, еш, пі, весяліся'.”

Але Бог сказаў яму: неразумны! гэтае ж ночы душу тваю забяруць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты назапасіў?
 
А Бог сказаў яму: “Неразумны! У гэту ноч душу́ тваю возьмуць у цябе; каму ж дастанецца тое, што ты прыдбаў?”

Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы сабе, а не ад Бога багацее.
 
Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее».

І сказаў вучням Сваім: таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці, ні для цела, у што апрануцца:
 
Пры гэтым сказаў вучням Сваім: «Дзеля таго кажу вам: Не клапаціцеся дзеля душы́ вашай, што вам есьці, ані дзеля цела, у што адзецца.

душа большая за ежу, і цела — за вопратку.
 
Душа большая за ежу, і цела — за адзеньне.

Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць; няма ў іх ні сховішчаў, ні засекаў, і Бог корміць іх; наколькі ж бо вы лепшыя за птушак?
 
Паглядзіце на груганоў, якія ані сеюць, ані жнуць, няма ў іх камораў, ані сьвірнаў, і Бог жы́віць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак?

Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
 
І хто з вас сваім клопатам можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?

Дык вось, калі і найменшага зрабіць ня можаце, чаго ж турбуецеся за астатняе?
 
Дык вось, калі і найменшага ня можаце, навошта клапоціцеся пра іншае?

Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць; але кажу вам што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх.
 
Паглядзіце на лілеі, як яны растуць, не працуюць, не прадуць; але кажу вам, што і Салямон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная з іх.

А калі траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык наколькі ж болей вас, малаверы.
 
Калі ж траву на полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, дык тым больш вас, малаверы.

Дык вось, ня шукайце, што вам есьці, альбо што піць, і ня турбуйцеся,
 
І вы не шукайце, што вам есьці, ці што піць, і не турбуйцеся.

бо ўсяго гэтага шукаюць людзі сьвету гэтага; а ваш Айцец ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;
 
Бо ўсё гэта шукаюць народы гэтага сьвету; а ваш Айцец ведае, што вам гэта патрэбна.

а найболей шукайце Царства Божага, і гэта ўсё дадасца вам.
 
Найбольш шукайце Валадарства Божага, і тое ўсё дададуць вам.

Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства.
 
Ня бойся, малы статак, бо Айцец ваш упадабаў даць вам Валадарства.

Прадавайце маёнткі вашыя і давайце міласьціну. Рыхтуйце сабе ўмясьцілішчы нелядашчыя, скарб нявычэрпны на нябёсах, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль не зьядае:
 
Прадавайце маёмасьць вашую і давайце міласьціну; учыніце сабе кайстры, якія не старэюць, скарб у небе, які не зьнікае, куды злодзей не набліжаецца, і дзе моль ня нішчыць.

бо, дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
 
Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць;
 
Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя, і сьвечкі запаленыя,

і вы будзеце падобныя на людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго зь вясельля, каб, калі прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.
 
і вы — падобныя да людзей, якія чакаюць вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, як прыйдзе і пастукаецца, адразу адчыніць яму.

Дабрашчасныя рабы тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, застане чуйнымі; праўду кажу вам, ён апяражацца і пасадзіць іх, і падыходзячы, пачне служыць ім.
 
Шчасьлівыя тыя слугі, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што яны чуваюць. Сапраўды кажу вам: ён падпярэжацца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе паслугаваць ім.

І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, дык дабрашчасныя рабы тыя.
 
І калі прыйдзе ў другую варту, і ў трэцюю варту прыйдзе, і знойдзе іх так, то шчасьлівыя слугі тыя.

Вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і не дапусьціў бы падкапаць дом свой:
 
Бо вы ведаеце, што, калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыйдзе злодзей, то чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.

будзьце ж і вы гатовыя, бо ў якую гадзіну, ня думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.
 
І вы таму будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіне, пра якую ня думаеце».

Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзе! ці нам Ты прытчу гэтую кажаш, ці ўсім?
 
Сказаў жа Яму Пётар: «Госпадзе! Ці да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці да ўсіх?»

Гасподзь жа сказаў: хто верны і разумны ўпраўнік, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?
 
А Госпад сказаў: «Хто ёсьць верны і мудры аканом, якога пан паставіць над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба?

Дабрашчасны раб той, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, застане, што робіць так:
 
Шчасьлівы той слуга, якога пан ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэта.

праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
 
Сапраўды кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.

А калі раб той скажа ў сэрцы сваім: «ня скора прыйдзе гаспадар мой», і пачне біць слуг і служанак, есьці і піць і напівацца,
 
Калі ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці пан мой”, — і пачне біць слугаў і служак, і есьці, і піць, і напівацца,

дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня думае, і пасячэ яго і пакладзе яму долю аднолькавую зь нявернымі.
 
прыйдзе пан слугі таго ў дзень, які ён не чакае, і ў гадзіну, пра якую ня ведае, і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з нявернымі.

А той раб, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў па волі ягонай, біты будзе моцна;
 
Слуга ж той, які ведаў волю пана свайго, і ня быў гатовы, і не рабіў паводле волі ягонай, будзе моцна біты,

а які ня ведаў і зрабіў вартае пакараньня, біты будзе меней. І ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і спатрабуецца; і каму шмат даверана, з таго болей зышчуць.
 
а які ня ведаў і зрабіў вартае ка́ры, біты будзе меней. Бо ад кожнага, каму дадзена шмат, шмат і вымагацца будзе, і каму шмат даручана, з таго больш запатрабуюць.

Агонь прыйшоў Я зьвесьці на зямлю, і як хацеў бы, каб ён ужо загарэўся!
 
Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю, і як хачу, каб ён ужо загарэўся!

Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца; і як Я ўбольваюся, пакуль тое зьдзейсьніцца!
 
Бо хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я сьціснуты, пакуль гэта ня зьдзейсьніцца!

Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць мір зямлі? не, кажу вам, а разьдзяленьне;
 
Ці думаеце вы, што Я прыйшоў даць супакой зямлі? Не, кажу вам, але разьдзяленьне.

бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца: трое супроць двух, а двое супроць трох;
 
Бо адгэтуль пяцёра ў адным доме падзеляцца, трое супраць двух і двое супраць трох.

бацька будзе супроць сына, і сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, і дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі сваёй, і нявестка супроць сьвякрові сваёй.
 
Падзеляцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маці; сьвякруха супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць сьвякрухі сваёй».

Сказаў жа і народу: калі вы бачыце хмару, што падымаецца з захаду, адразу кажаце: дождж будзе; і бывае так;
 
Сказаў таксама і натоўпам: «Калі вы бачыце воблака, якое падымаецца з захаду, адразу кажаце: “Дождж набліжаецца”, — і стае́цца гэтак.

і калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: сьпёка будзе; і бывае.
 
І калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце: “Сьпёка будзе”, — і стае́цца.

Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба апазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяце?
 
Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаяцё?

Чаму ж вы і па саміх сабе не мяркуеце, што быць павінна?
 
Чаму ж вы сябе саміх ня су́дзіце праведна?

Калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальства, дык па дарозе пастарайся вызваліцца ад яго, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе кату, а кат ня кінуў цябе ў цямніцу.
 
Бо калі ты ідзеш з супраціўнікам сваім да начальніка, па дарозе аддай заробленае, каб пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да судзьдзі, і судзьдзя не аддаў бы цябе ка́ту, і кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу.

маўляю табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі і апошняга гроша.
 
Кажу табе: Ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі яму і апошняй лепты».