Мацьвея 26 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:
І калі Езус скончыў ўсе гэтыя словы, сказаў вучням сваім:
вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.
"Ведайеце, што па двух днях Пасха, і Сын Чалавечы будзе выдадзены на ўкрыжаваньне".
Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,
У той час сабраліся першасьвятары і старшыні народу ў палац першасьвятара, званага Каяфам,
і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;
і раіліся, як бы Езуса ўзяць подступам і забіць.
але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.
Казалі аднак: "Ня ў дзень сьвяточны, каб ня выклікаць замяшаньня ў народзе".
Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,
А калі Езус быў у Бэтаніі ў доме Сымона пракажанага,
прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.
падыйшла да Яго жанчына, маючая алябастравую пасудзіну дарагога алею, і выліла яго на галаву Езусу, калі супачываў пры стале.
Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?
Бачачы гэта, вучні разгневаліся і казалі: "Пашто гэта марнаваньне?
бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.
Бо можна было дорага прадаць яго і раздаць убогім".
Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;
А Езус, ведаючы пра гэта, сказаў ім: "Не рабіце прыкрасьці гэтай жанчыне. Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.
бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;
Убогіх заўсёды маеце ў сябе, а Мяне не заўсёды будзеце мець.
бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;
Яна, выліваючы гэты алей на Маё цела, прыгатавала яго на пахаваньне Маё.
праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.
Сапраўды кажу вам, па ўсім сьвеце, дзе будзе прапаведавана Эвангельле, будзе гаварыцца і пра тое, што яна зрабіла, на памяць пра яе".
Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў
У гэты час адзін з Дванаццаці, званы Юдам Іскарыётам, пайшоў да першасьвятароў
і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;
і сказаў ім: "Што дасьцё мне, і я выдам Яго?" А яны прызначылі яму трыццаць сярэбранікаў.
і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.
І ад гэтае пары шукаў нагоды выдаць Яго.
У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?
У першы дзень Праснакоў прыйшлі да Езуса вучні Яго і пыталіся: "Дзе хочаш прыгатаваць Табе есьці Пасху?"
Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».
Езус скзаў ім: "Ідзіце ў горад да аднаго чалавека і скажыце яму: Вучыцель кажа: Час Мой блізкі, зраблю ў цябе Пасху з вучнямі Маімі".
І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.
І вучні зрабілі, як ім загадаў Езус, і прыгатавалі Пасху.
Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;
А калі зьвечарэла, разам з Дванаццацю Езус заняў месца пры стале.
І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
І калі вячэралі, сказаў: "Сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".
Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?
Яны, дужа засмучаныя, пачалі пытацца кожны асобна: "Ці ня я, Госпадзе?"
А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;
Езус сказаў у адказ: "Хто мачае са Мною руку ў місе, той выдасьць Мяне.
зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.
Бо праўда, што Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены. Лепш было б, каб той чалавек не нарадзіўся".
У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.
У адказ Юда, які Яго выдаў, спытаўся: "Ці гэта ня я, Вучыцелю?" Сказаў яму Езус: "Ты сказаў".
А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.
У час вячэры ўзяў Езус хлеб, пабагаславіў, ламаў і даў вучням, кажучы: "Бярэце, ешце, гэта ёсьць цела Маё".
І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;
І, узяўшы келіх, склаў падзяку і даў ім, кажучы: "Піце з гэтага ўсе.
бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.
Бо гэта кроў Мая Новага Запавету, якая праліваецца за многіх на адпушчэньне грахоў.
Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.
Кажу вам: Ня буду піць адсюль з гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі з вамі буду піць новага ў Каралеўстве Айца Майго".
І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
І, адгаварыўшы гімн, пайшлі на Аліўную гару.
Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».
Тады сказаў ім Езус: "У гэтую ноч усе вы згоршыцеся з Мяне. Бо напісана: "Удару пастыра, і разьбягуцца авечкі стада".
А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.
Але калі ўваскрэсну, упераджу вас у Галілеі".
У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.
У адказ сказаў Яму Пётар: "Хоць бы ўсе згоршыліся з Цябе, я ня згоршуся".
Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
Сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым певень засьпявае, ты тры разы вырачашся Мяне".
Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.
Сказаў Яму Пётар: "Калі б мне і памерці прыйшлося з Табой, ня выракуся Цябе". Падобна казалі і ўсе вучні.
Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.
Затым прыйшоў Езус з імі ў сяленьне, якое завуць Гетсэмані, ды сказаў вучням сваім: "Пабудзьце тут, аж пайду туды і памалюся".
І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.
І, узяўшы Пятра і двух сыноў Зэбэдэявых, пачаў сумаваць і перажываць.
Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.
Тады сказаў ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і пачувайце са Мной".
І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.
І, адыйшоўшыся крыху, упаў на твар свой, молячыся і гаворачы: "Ойча Мой, калі магчыма, ухілі ад Мяне гэты келіх, але не як Я хачу, але як Ты".
І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?
Затым вярнуўся да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячых. Дык сказаў Пятру: "Не маглі вы адну гадзіну пачуваць са Мной?
чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.
Ня сьпіце і маліцеся, каб не папалі вы ў спакусу: бо дух ахвотны, але цела кволае".
Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.
І адыйшоўся паўторна ды маліўся, кажучы: "Ойча Мой, калі гэты келіх ня можа быць ухілены ад Мяне, але трэба Мне піць (з яго), хай станецца воля Твая".
І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.
І вярнуўся ізноў, і знайшоў іх сьпячых, бо вочы іхнія былі сонныя.
І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.
Дык, пакінуўшы іх, зноў адыйшоўся і маліўся трэці раз у тыя самыя словы.
Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;
Затым вярнуўся да вучняў сваіх і сказаў ім: "Яшчэ сьпіце і адпачываеце; вось надыйшла пара, і Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.
Падыміцеся, пойдзем, бо вось падыходзіць той, што Мяне выдае".
І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.
А калі Езус яшчэ гаварыў, падыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікае зборышча з мячамі і палкамі, высланае першасьвятарамі і старшынямі народу.
А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.
Той, каторы здрадзіў Яго, даў ім знак, кажучы: "Каго я пацалую, гэта Ён; хапайце Яго".
І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.
І адразу падыйшоў да Езуса, і сказаў: "Вітай, Раббі!" і пацалаваў Яго.
Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.
Сказаў яму Езус: "Дружа, пашто прыйшоў?" Тады кінуліся на Езуса і схапілі Яго.
І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.
Адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнўшы рукою меч свой і ўдарыўшы слугу першасьвятара, адсёк яму вуха.
Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад меча і загінуць;
Тады Езус сказаў яму: "Схавай меч твой на сваё месца. Бо ўсе, што за меч хапаюцца, пагінуць ад мяча.
альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?
Ці не разумееш, што Я мог бы прасіць Айца Майго, і Ён выставіў бы Мне зараз больш, чым дванаццаць легіёнаў анёлаў?
як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?
Але як жа тады зьдзейсьніцца Пісаньне, што так мусіць стацца?"
У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.
У той час сказаў Езус народу: "Як на разбойніка выйшлі з мячамі і палкамі, каб Мяне ўзяць. Я ж штодзень між вас прабываў, вучачы ў сьвятыні, але не схапілі Мяне".
А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
Усё гэта сталася, каб споўніліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.
Узяўшы Езуса, павялі Яго да Каяфы, першасьвятара, дзе былі сабраўшыся кніжнікі і старшыні.
А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.
Пётар жа ішоў за Езусам здалёку аж на панадворак першасьвятара. Ды ўвайшоў у сярэдзіну і сядзеў са слугамі, каб паглядзець, як скончыцца справа.
Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;
А першасьвятары і ўся Рада шукалі фальшывага сьведчаньня на Езуса, каб асудзіць (Яго) на сьмерць,
і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі
і не знаходзілі, хоць прыходзіла многа фальшывых сьведкаў. На канец паявіліся двух
і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».
і сказалі: "Ён казаў: "Магу збурыць сьвятыню Божую і ў тры дні адбудаваць яе".
І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?
І, падняўшыся, першасьвятар сказаў: "Нічога не адказваеш на гэта, што яны супраць Цябе сьведчаць?"
А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?
Але Езус маўчаў. Дык першасьвятар сказаў: "Запрысягаю цябе на Бога жывога, каб нам ты сказаў, ці Ты — Хрыстос, Сын Божы?"
Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.
Сказаў яму Езус: "Ты сказаў. Аднак кажу вам: Потым убачыце Сына Чалавечага, седзячага па правіцы Усемагутнасьці ды прыходзячага ў воблаках нябесных".
Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!
Тады першасьвятар разьдзёр адзеньне сваё і сказаў: "Ён блюзьніць! Пашто далей патрабаваць сьведак? Цяпер вы чулі блюзьнерства.
Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.
Дык што вы думаеце?" Яны адказалі: "Варты сьмерці!"
Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.
Тады пачалі пляваць у твар Яму і біць кулакамі, а іншыя білі па шчаках
І казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?
і казалі: "Праракуй нам, Хрысьце, хто Цябе ўдарыў?"
А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.
А Пётар сядзеў вонкі на панадворку. Адна ж служанкаа падыйшла да яго і сказала: "І ты быў з Езусам Галілейскім".
Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.
А ён выракся перад усімі, кажучы: "Я ня ведаю, што кажаш".
А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.
А як выходзіў з дзьвярэй, другая служка ўбачыла яго і сказала тым, што былі там: "І ён быў з Езусам Назарэцкім".
І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.
Ён паўторна выракся з прысягай: "Я ня ведаю гэтага чалавека".
Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.
Небавам падыйшлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: "Сапраўды, ты з іх, бо і гаворка твая выдае цябе".
Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.
Тады пачаў ён клясьціся і прысягаць, што ня ведае гэтага чалавека. І зараз запяяў певень.
І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.
Тады ўспомніў Пётар на слова Езуса, каторым яго ўперадзіў: "Перш, чым певень засьпявае, ты тройчы вырачашся Мяне". І, выйшаўшы навонкі, горка заплакаў.