Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.
У той жа дзень Езус, выйшаўшы з дому, сядзеў ля мора.
І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
І сабраліся пры Ім вялікія грамады, так што ўвайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп людзей стаяў на беразе.
І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І пачаў іх Езус навучаць у многіх прыповесьцях, кажучы: "вось выйшаў сейбіт сеяць.
І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
І калі сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе. І наляцелі нябесныя птушкі, і выдзюбалі іх.
іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.
Другія ж упалі на камяністую зямлю, дзе ня мелі шмат зямлі, і ўзыйшлі зараз жа, бо глеба была неглыбокая.
А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;
Калі ж узыйшло сонца, павялі, бо ня мелі карэньня, і высахлі.
іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;
Яшчэ іншыя ўпалі між церняў, і церні вырасьлі і заглушылі іх.
іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.
Іншыя ж упалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно — у сто разоў, другое — у шэсьцьдзесят, а іншае — у трыццаць.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Хто мае вушы слухаць, хай слухае".
І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?
І, падыйшоўшы, вучні спыталіся ў Яго: "Чаму гаворыш да іх у прыповесьцях?"
Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;
А Езус у адказ сказаў ім: "Вам дадзена пазнаць тайны Каралеўства Нябеснага, а ім гэта ня дадзена.
бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;
Бо таму, хто мае, будзе яшчэ больш дабаўлена, каб меў шчодра; а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе аднята.
дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;
Таму гавару ім у прыповесьцях, бо яны, гледзячы, ня бачаць, і, слухаючы, ня чуюць ды не разумеюць.
і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;
Так спаўняецца на іх прароцтва Ісаі, які кажа: "Слухаючы будзеце слухаць, і не зразумееце. Гледзячы будзеце глядзець, і ня ўбачыце.
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».
Бо сэрца гэтага народу агрубела, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам вачыма ня ўбачыць і вушамі не пачуць, каб сэрцам не зразумець ды не навярнуцца, каб Я не аздаравіў іх".
А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:
Шчасьлівыя ж вочы вашыя, бо бачаць, і вушы вашыя, бо чуюць.
бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Сапраўды кажу вам: Многія прарокі і справядлівыя прагнулі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, ды чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
Вы ж слухайце (значэньне) прыповесьці пра сейбіта.
да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
Да кожнага, хто слухае слова пра Каралеўства, і не разумее яго, прыходзіць злыдня і хапае пасеянае ў сэрцы ягоным. Гэта той, у якога пры дарозе пасеяна.
А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;
А ў каго пасеяна на камяністай зямлі, той слухае слова і адразу з радасьцю яго прыймае,
але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.
але ня мае кораня, таму часовы. І калі настане прыгнёт і перасьледаваньне слова, скора адпадае.
А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.
А ў каго пасеяна між церняў, той, што праўда, слова слухае, але клопаты аб справы гэтага сьвету і прывабнасьць багацьця заглушаюць слова, і яно не прыносіць плёну.
А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.
У каго ж на добрую зямлю пасеяна, той слова слухае, і разумее, і прыносіць плён: адзін — у сто разоў, другі — у шэсьцьдзесят, а іншы — у трыццаць".
Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку, як пасеяў добрае насеньне на сваёй ральлі.
калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
Але калі людзі спалі, прыйшоў непрыяцель ягоны, і насеяў кукалю ў пшаніцу, і пайшоў.
калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.
Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
Прыйшлі тады слугі да гаспадара і сказалі яму: "гаспадару, ці ж ты ня добрае пасеяў насеньне на сваёй ральлі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?"
А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
Сказаў ён ім: "Вораг гэта зрабіў". Сказалі яму слугі: "Хочаш, мы пойдзем і зьбяром яго?"
А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
Але ён сказаў: "Не, каб часам, зьбіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.
пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
Дазвольце абаім расьці да жніва. А ў час жніва скажу жнеям: "Зьбярыце раней кукаль і зьвяжыце ў пучкі на спаленьне, а пшаніцу зьбярыце ў маё гумно".
Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
Іншую прыповесьць прадставіў ім, кажучы: "Падобнае Каралеўства Нябеснае да гарчычнага зярняці, якое ўзяўшы, чалавек пасеяў на сваёй ральлі.
якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
Яно з усіх зярнят найменшае, але, калі вырасьце, стаецца большым за ўсякую гародніну, і стаецца дрэвам, так што прылятаюць нябесныя птушкі і абжываюцца на яго галінах".
Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
Іншую прыповесьць расказаў ім: "падобнае Каралеўства Нябеснае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, аж усё закісла".
Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
Гэта ўсё расказваў Езус людзям у прыповесьцях, і без прыповесьцяў не гаварыў да іх,
каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».
каб споўнілася сказанае прарокам, які казаў: "Адкрыю вусны свае ў прыповесьцях, выказваць буду рэчы, скрытыя ад заснаваньня сьвету".
Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
Затым, адпусьціўшы людзей, Езус вярнуўся дамоў. Тады прыйшлі да Яго Ягоныя вучні і прасілі: "Выясьні нам гэту прыповесьць пра кукаль на ральлі".
А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
Езус у адказ выясьніў ім: "Тым, хто расьсяе добрае насеньне, ёсьць Сын Чалавечы.
поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
Ральля — гэта сьвет; добрае насеньне — сыны Каралеўства, а кукаль — сыны злыдні;
вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
непрыяцелем жа, што яго пасеяў, ёсьць д'ябал; жніво — канец сьвету, а жнеі — анёлы.
А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
Як затым зьбіраюць кукаль ды ў агні паляць, так будзе пры канцы сьвету.
пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
Пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і яны зьбяруць з Каралеўства Яго ўсе згаршэньні і тых, што дапускаюцца беззаконьня,
і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
і ўкінуць іх у печ агністую. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Тады справядлівыя будуць ясьнець, як сонца, у Каралеўстве Айца свайго. Хто мае вушы, каб слухаць, хай слухае.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
Падобнае Каралеўства Нябеснае да скарбу, схаванага ў зямлі, які чалавек, знайшоўшы, утойвае і, праняты радасьцю, ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тую зямлю.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
Таксама падобнае Каралеўства Нябеснае чалавеку купцу, шукаючаму прыгожых пэрлаў.
які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
Ён, знайшоўшы адну каштоўную пэрлу, пайшоў, прадаў усё, што меў, і купіў яе.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
Падобнае таксама Каралеўства Нябеснае да нерату, закінутага ў мора ды загарнуўшага рыбы ўсякіх сартоў.
які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
Калі ўжо ёсьць поўны, выцягнуўшы яго на бераг ды сеўшы, добрыя адбіраюць у судзіны, а благія вон выкідваюць.
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
Так будзе на канцы сьвету. Выйдуць анёлы і вылучаць благіх спасярод справядлівых,
і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
ды ўкінуць іх у агністую печ. Там будзе плач і скрыгатаньне зубамі.
Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
Ці ўсё зразумелі?" Кажуць Яму: "Так".
А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
Сказаў ім: "таму кожны кніжнік, умелы ў навуцы аб Каралеўстве Нябесным, падобны да чалавека гаспадара, які дастае са скарбоўні сваёй рэчы новыя і старыя".
І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
Калі скончыў Езус гэтыя прыповесьці, пайшоў адтуль.
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
І, прыйшоўшы ў бацькаўшчыну сваю, навучаў у сынагозе іхняй, а яны дзівіліся і казалі: "адкуль жа гэта мудрасьць і моц?
ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
Ці ж гэта ня сын цесьлі? Ці ж Маці Яго не завуць Марыяй, а братоў Яго — Якубам і Язэпам, Сымонам і Юдай?
і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
А сёстры Ягоныя ці ж ня ўсе знаходзяцца сярод нас? Скуль жа Яму гэта ўсё?"
І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
Ды горшыліся з Яго. А Езус сказаў ім: "Няма прарока без пашаны, толькі ў бацькаўшчыне і ў доме сваім".
І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.
І дзеля іхняга няверства ўчыніў Езус там нямнога цудаў.