Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго.
 
Тады Пілат узяў Ісуса і бічаваў [Яго].

І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру,
 
І жаўнеры, сплёўшы вянец з церняў, усклалі на галаву Яму, і пурпуровае  адзенне апранулі на Яго,

і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі Яго па шчоках.
 
і падыходзілі да Яго, і казалі: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!», і білі Яго па твары.

Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
 
Тым часам Пілат выйшаў зноў вонкі і кажа ім: «Вось жа, выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што я ў Ім не знаходжу ніякай віны».

Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек!
 
Выйшаў затым Ісус у церневым вянцы і пурпуровым адзенні. І кажа ім Пілат: «Вось, чалавек!»

Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.
 
Дык калі Яго ўбачылі першасвятары і іх слугі, закрычалі, кажучы: «Укрыжуй, укрыжуй!» Кажа ім Пілат: «Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце; бо я ў Ім не знаходжу віны».

Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.
 
Адказалі яму Юдэі: «Мы маем закон, а па закону павінен Ён памерці, бо Ён зрабіў Сябе Сынам Божым».

Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся,
 
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся,

і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу.
 
і зноў увёў у прэторыю, і кажа Ісусу: «Адкуль Ты?» Але Ісус яму не адказаў.

Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць?
 
Кажа Яму тады Пілат: «Не гаворыш мне? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе ды маю ўладу ўкрыжаваць Цябе?»

Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе.
 
Адказаў Ісус: «Не меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не было дадзена зверху; таму той, хто Мяне выдаў, мае большы грэх».

З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару.
 
Адгэтуль Пілат намагаўся пусціць Яго; але Юдэі крычалі, кажучы: «Калі ты Яго выпусціш, дык ты — не сябра цэзара! Кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца цэзару».

Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон, а па-Габрэйску Гаввафа.
 
Пачуўшы гэтыя словы, Пілат вывеў Ісуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месцы, што завецца Літастратас, а па-гебрайску Габбата.

Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш!
 
А быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, бліз гадзіны шостай. І кажа Юдэям: «Вось, Цар ваш».

Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара.
 
А яны закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Цара вашага ўкрыжаваць?» Першасвятары адказалі: «Не маем цара, толькі цэзара».

Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
 
Дык тады Пілат выдаў ім Яго на ўкрыжаванне. І забралі яны Ісуса.

І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа;
 
І, несучы крыж Свой, прыйшоў на тое месца, што завецца Чараповае, а па-гебрайску — Гальгота,

там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса.
 
дзе і ўкрыжавалі Яго, і з Ім двух іншых з аднаго боку і з другога, а пасярэдзіне Ісуса.

А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі.
 
Пілат напісаў таксама надпіс і змясціў над крыжам. А было напісана: «Ісус з Назарэта, Цар Юдэйскі».

Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску.
 
Многа Юдэяў чытала гэты надпіс, бо месца ўкрыжавання было бліз горада; і было напісана па-гебрайску, па-лацінску і па-грэцку.

А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі.
 
Дык казалі першасвятары Юдэйскія Пілату: «Не пішы: Цар Юдэйскі, але: Ён Сам сказаў: «Я — Цар Юдэйскі».

Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў.
 
Пілат адказаў: «Што напісаў, тое напісаў».

А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху.
 
Калі жаўнеры ўкрыжавалі Ісуса,  узялі адзенне Яго і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па адной, і туніку. А туніка была не шытая, але ўся тканая зверху ўніз.

І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; — хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны.
 
Дык сказалі яны адзін другому: «Не будзем раздзіраць яе, але кінем жэрабя, чыёй мае быць», каб споўнілася Пісанне, якое кажа: « Адзенне Маё падзялілі між сабою, а на вопратку Маю кінулі жэрабя». Так і зрабілі жаўнеры.

Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.
 
А пад крыжам Ісуса стаяла Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Кляопава, і Марыя Магдалена.

Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой.
 
Калі Ісус убачыў Маці і вучня, якога любіў, побач стаяўшага, сказаў Маці Сваёй: «Жанчына, вось, сын Твой!»

Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.
 
Затым кажа вучню: «Вось, Маці твая!» Ад гэтай пары ўзяў Яе вучань у сваю [апеку].

Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць.
 
Пасля таго Ісус, ведаючы, што ўсё зрабілася, каб збылося Пісанне, кажа: «Смагну».

Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
 
А была там пастаўлена пасудзіна, напоўненая воцатам, дык жаўнеры,  насадзіўшы на трысціну губку, якую напоўнілі воцатам, паднялі яе да вуснаў Яго.

І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух.
 
Калі Ісус дакрануўся да воцату, сказаў: «Споўнілася!»; і, схіліўшы галаву, аддаў Духа.

Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.
 
Дык Юдэі, бо быў дзень прыгатавання, каб у суботу целы не заставаліся на крыжы, бо быў вялікі той дзень суботы, прасілі Пілата, каб ім перабіць ногі і зняць іх.

І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;
 
Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і перабілі ногі першаму і другому, якія былі абапал Ісуса ўкрыжаваныя.

а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў Яго галені,
 
А калі падышлі да Ісуса, як убачылі, што Ён памёр, не ламалі Яму ног,

а адзін воін кап’ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.
 
але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго, і зараз выцякла кроў і вада.

І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;
 
І той, хто бачыў, сведчыць, ды праўдзівае яго сведчанне, і ведае ён, што праўду кажа, каб і вы ўверылі.

бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».
 
Гэта сталася, каб споўнілася Пісанне: «Косць Яго не пераломіцца».

Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».
 
А ў іншым месцы кажа Пісанне: «Убачаць, каго прабілі».

Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны — ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава.
 
Пасля таго Язэп з Арыматэі, які быў вучнем Ісуса, але скрытым дзеля страху перад Юдэямі, прасіў Пілата, каб узяць цела Ісуса; і Пілат дазволіў. Дык прыйшоў ён і ўзяў цела Яго.

Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста.
 
Прыйшоў таксама і Нікадэм, які раней прыходзіў уночы да Ісуса, несучы каля ста фунтаў мешанкі міры і алоэ.

І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі.
 
Яны ўзялі цела Ісуса і абгарнулі яго плашчаніцай з духмянасцямі па традыцыі хаваць ў Юдэяў.

На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены:
 
А на месцы, дзе быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе была магіла, у якой ніхто яшчэ не быў пакладзены;

там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.
 
там дзеля дня прыгатавання Юдэйскага паклалі цела Ісуса, бо магіла была блізка.