Яна 10 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Праўду, праўду кажу вам: хто не дзьвярыма уваходзіць у кашару авечую, а пералазіць дзе-небудзь, той злодзей і грабежнік,
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік;

а хто ўваходзіць дзьвярыма, той пастух авечкам:
 
а хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр над авечкамі.

яму брамнік адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага, і ён кліча авечкі свае па імёнах і выводзіць іх;
 
Яму прыдзвернік адчыняе, і авечкі слухаюцца Яго голасу, і сваіх авечак кліча ён па імю ды выпускае  іх.

і калі выведзе свае авечкі, ідзе перад імі, а авечкі за ім ідуць, бо ведаюць голас ягоны;
 
А калі выпусціць усіх сваіх, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас;

а за чужым ня ідуць, а ўцякаюць ад яго, бо ня ведаюць чужога голасу.
 
а за чужым яны не пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых не ведаюць».

Гэтую прытчу сказаў ім Ісус. Але яны не зразумелі, што такое Ён казаў ім.
 
Такую прыпавесць сказаў ім Ісус; але яны не зразумелі, што значыць тое, што ім гаварыў.

І вось, зноў Ісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам, што Я дзьверы авечкам.
 
Дык сказаў ім Ісус ізноў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — дзверы для авец.

Усе, хто колькі іх ні прыходзіла перада Мною, — зладзеі і грабежнікі; але авечкі не паслухаліся іх;
 
Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, — злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.

Я — дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе.
 
Я — дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.

Злодзей прыходзіць толькі дзеля таго, каб украсьці, забіць і загубіць; Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
 
Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красці, забіваць і губіць; Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь.

Я — Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі;
 
Я — Пастыр добры. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё сваё.

а найміт, ня пастыр, якому авечкі не свае, бачыць, як воўк падыходзіць, і пакідае авечкі і ўцякае, і воўк рабуе авечкі і разганяе іх;
 
Але найміт ды той, хто не пастыр, у каго авечкі не свае, бачыць, што набягае воўк, кідае авечак ды ўцякае, — а воўк хапае іх і разганяе, —

а найміт ўцякае, бо найміт і ня дбае пра авечкі.
 
бо ён — найміт і не рупіцца пра авечак.

Я — Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне:
 
Я — добры Пастыр і ведаю Сваіх, і яны Мяне ведаюць,

як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі.
 
як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак.

Ёсьць у Мяне і іншыя авечкі, якія ня з гэтай кашары, і тых трэба Мне прывесьці: і яны пачуюць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін Пастыр.
 
Ды і іншых авечак маю, якія не з гэтай аўчарні, і тых належыць мне прывесці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.

За тое любіць Мяне Айцец, што Я аддаю жыцьцё Маё, каб зноў прыняць яго;
 
Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыццё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.

ніхто не адбірае яго ў Мяне, а Я Сам аддаю яго: маю ўладу аддаць яго і ўладу маю зноў прыняць яго; такі наказ атрымаў Я ад Айца Майго.
 
Ніхто ў Мяне яго не адбірае, але Я па Сваёй волі аддаю яго. Маю ўладу аддаваць яго і маю ўладу яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго».

Ад гэтых словаў зноў узьнікла паміж Юдэямі нязгода.
 
Дзеля таго ўзнікла зноў спрэчка між Юдэямі з-за гэтых слоў.

Многія зь іх казалі: Ён апантаны дэманам і шалее; чаго слухаеце Яго?
 
Затым многія з іх гаварылі: «Дэмана мае і шалее! Нашто Яго слухаць?»

Другія казалі: гэта словы не апантанага дэманам; ці ж можа дэман адмыкаць вочы сьляпым?
 
Іншыя ж казалі: «Гэта не словы апанаванага дэманам. Ці ж дэман можа сляпым вяртаць зрок?»

А настала тады ў Ерусаліме сьвята абнаўленьня, і была зіма.
 
Сталася тады ў Ерузаліме ўрачыстасць пасвячэння святыні; была зіма;

І хадзіў Ісус у храме, у прытворы Саламонавым.
 
і хадзіў Ісус па святыні ў прысенках Саламона.

Тут Юдэі абступілі Яго і казалі Яму: ці доўга Табе трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстос, скажы нам шчыра.
 
Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш бянтэжыць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам яўна».

Ісус адказваў ім: Я сказаў вам, і ня верыце; дзеі, якія твару Я ў імя Айца Майго, яны сьведчаць пра Мяне;
 
Адказаў ім Ісус: «Сказаў Я вам, а вы не верыце; справы, якія Я выконваю ў імя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне.

але вы ня верыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
 
Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак.

авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,
 
Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной,

і Я даю ім жыцьцё вечнае, і не загінуць вавек, і ніхто ня вырве іх з рукі Мае;
 
і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі.

Айцец Мой, Які даў Мне іх, найбольшы за ўсіх, і ніхто ня можа адабраць іх з рукі Айца Майго:
 
Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсё, і ніхто не можа вырваць з рукі  Айца.

Я і Айцец — адно.
 
Я і Айцец — адно».

Тут зноў Юдэі схапілі камяні, каб пабіць Яго.
 
Дык Юдэі схапілі камяні, каб Яго ўкаменаваць.

Ісус адказваў ім: многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго; за які зь іх вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
 
Адказаў ім Ісус: «Многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца; дык за які з гэтых учынкаў кідаеце ў Мяне камяні?»

Юдэі сказалі Яму ў адказ: не за добры ўчынак хочам пабіць камянямі Цябе, а за блюзьнерства і за тое, што Ты, чалавек, робіш Сябе Богам.
 
Адказалі Яму Юдэі: «Не камянуем Цябе за добрую справу, але за блюзнерства, за тое, што Ты, хоць Ты  чалавек, робіш Сябе Богам».

Ісус адказваў ім: ці ж не напісана ў законе вашым: «Я сказаў: вы багі»?
 
Адказаў ім Ісус: «Ці ж у законе вашым не напісана: «Я сказаў: вы ўсе — багі»?

Калі Ён назваў багамі тых, каму было слова Божае, і ня можа парушыцца Пісаньне, —
 
Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, — а Пісанне памыліцца не можа, —

ці Таму, Каго Айцец асьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце «блюзьнерыш», бо Я сказаў: Я Сын Божы?
 
аб Тым, Каго Айцец усвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: «Ты блюзніш!», бо Я сказаў: «Я — Сын Божы»?

калі Я не твару дзеяў Айца Майго, ня верце Мне;
 
Калі Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне.

а калі твару, дык калі ня верыце Мне, верце ўчынкам Маім, каб даведацца і паверыць, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.
 
Але калі раблю, дык, калі вы Мне верыць не хочаце, верце справам, каб спазналі і ведалі, што Айцец — ува Мне, а Я — у Айцу».

Тады зноў намышлялі схапіць Яго, але Ён ухіліўся ад рук іхніх,
 
Імкнуліся затым Яго ўзяць; але Ён ухіліўся ад іх рук.

і пайшоў зноў за Ярдан, на тое месца, дзе раней хрысьціў Ян, і застаўся там.
 
І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысціў Ян, ды там застаўся.

Многія прыйшлі да Яго і казалі, што Ян ня ўчыніў ніякага цуду; але ўсё, што сказаў Ян пра Яго, была праўда.
 
І многія прыходзілі да Яго і казалі: «Ян, што праўда, ніводнага знаку не ўчыніў; але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай».

І многія там уверавалі ў Яго.
 
І многія там паверылі ў Яго.