2 царстваў 18 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І агледзеў Давід людзей, якія былі зь ім і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
Такім чынам, Давід, агледзеўшы людзей сваіх, паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
І выправіў Давід людзей — трэцюю частку пад рукою Ёава, трэцюю частку пад рукою Авэсы, сына Саруінага, брата Ёава, трэцюю частку пад рукою Этэя Гэцяніна. І сказаў цар людзям: я сам пайду з вамі.
І падзяліў Давід людзей на тры часткі: адну частку даручыў Ёабу, і другую — Абісаю, сыну Сэруі, брату Ёаба, трэцюю — Этаю з Гета. І сказаў цар народу: «Пайду і я з вамі».
Але людзі адказвалі яму: не хадзі; бо, калі мы і пабяжым, дык ня зьвернуць увагі на гэта; калі і памрэ палавіна з нас, таксама ня зьвернуць увагі; а ты адзін тое самае, што нас дзесяць тысяч; дык вось, нам лепей, каб ты дапамагаў нам з горада.
І народ адказаў: «Не, ты не пойдзеш. Бо калі мы адступім, на нас не звернуць увагі; і хоць бы загінула палова з нас, не лічылася б гэта, а ты адзін лічышся за дзесяць тысяч. Дык лепш, калі ты будзеш дапамагаць нам з горада».
І сказаў ім цар: што спадобнае ў вачах вашых, тое і зраблю. І стаў цар каля брамы, і ўвесь народ выходзіў па сотнях і па тысячах.
Сказаў ім цар: «Я зраблю тое, што вам здаецца правільным». І стаў цар у браме; а ўсё войска праходзіла па частках сваіх сотнямі і тысячамі.
І загадаў цар Ёаву і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопца Авэсалома. І ўсе людзі чулі, як загадваў цар усім правадырам пра Авэсалома.
І загадаў цар Ёабу, Абісаю і Этаю: «Лагодна абыходзьцеся з юнаком Абсаломам». І ўвесь народ чуў загад цара, дадзены ўсім кіраўнікам адносна Абсалома.
І выйшлі людзі ў поле на сустрэчу Ізраільцянам, і была бітва ў лесе Яфрэмавым.
І выйшла войска на раўніну супраць Ізраэля, і пачаўся бой у лесе Эфраіма.
І быў разьбіты народ Ізраільскі рабамі Давідавымі; было там пабоішча вялікае ў той дзень, — забітых дваццаць тысяч.
І войска Давіда пабіла там народ Ізраэля; і была ў той дзень вялікая страта ў дваццаць тысяч чалавек.
Бітва пашырылася па ўсёй той краіне, і лес загубіў народу болей, чым колькі зьнішчыў меч, у той дзень.
А бой там пашырыўся на ўсю ваколіцу; і лес у той дзень загубіў народу значна больш, чым меч.
І сустрэўся Авэсалом з рабамі Давідавымі; ён быў на муле. Калі мул убег зь ім пад гольле вялікага дуба, дык Авэсалом падчапіўся валасамі сваімі за вецьце дуба і павіс паміж небам і зямлёю, а мул, які быў пад ім, зьбег.
І здарылася, што Абсалом, едучы на муле, сутыкнуўся з паслугачамі Давіда; і калі мул пабег пад вялікі і сукаваты дуб, і заблыталася галава Абсалома ў дубе і павіснуў ён між небам і зямлёй; а мул, на якім ён сядзеў, пабег далей.
І ўбачыў гэта нехта і данёс Ёаву, кажучы: вось, я бачу Авэсалома, што вісіць ён на дубе.
А хтосьці ўбачыў гэта і паведаміў Ёабу, кажучы: «Бачыў я, што Абсалом вісіць на дубе».
І сказаў Ёаў чалавеку, які данёс пра гэта: вось, ты бачыў; чаму ж ты не апусьціў яго там на зямлю? я даў бы табе дзесяць сікляў срэбра і адзін пояс.
І Ёаб сказаў чалавеку, які аб гэтым паведаміў яму: «Калі ты бачыў яго, чаму ты не забіў яго на зямлі? А я даў бы табе дзесяць срэбраных сікляў і адзін пояс».
І адказваў той Ёаву: калі б паклалі на рукі мае і тысячу сікляў срэбра, і тады я не падняў бы рукі на царскага сына; бо ўголас нам цар загадваў табе і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопчыка Авэсалома;
Ён адказаў Ёабу: «Нават калі б на рукі мае ты палажыў і тысячу срэбранікаў, я ніколі не падняў бы рукі сваёй на сына цара. Бо чулі мы, як цар загадаў табе, Абісаю і Этаю: “Кожны з вас павінен ахоўваць юнака Абсалома!”
і калі б я зрабіў інакш зь небясьпекаю жыцьцю майму, дык гэта ня ўтоілася б ад цара, і ты ж паўстаў бы супроць мяне.
А калі б я супраць сумлення свайго ўчыніў несправядліва, — а ніякая справа не можа быць утоенай ад цара, — ты сам выступіў бы супраць мяне».
Ёаў сказаў: няма чаго мне марудзіць з табою. І ўзяў у рукі тры стралы і ўсадзіў іх у сэрца Авэсалому, які быў яшчэ жывы на дубе.
І сказаў Ёаб: «Не хачу так марудзіць з табою». І ўзяў ён у руку сваю тры стралы, і ўбіў іх у сэрца Абсалома, калі ён яшчэ жывы вісеў на дубе;
І абступілі Авэсалома дзесяць хлопцаў, збраяносцаў Ёава, і забілі і ўсьмерцілі яго.
і падбеглі дзесяць юнакоў, збраяносцы Ёаба, і, б’ючы, забілі яго.
І затрубіў Ёаў у трубу, і вярнуліся людзі з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў шкадаваў народ.
А Ёаб затрубіў у трубу, і народ пакінуў пераследаваць Ізраэль, які ўцякаў, бо Ёаб стрымаў людзей.
І ўзялі Авэсалома, і ўкінулі яго ў лесе ў глыбокую яму, і накідалі на ім вялікую крушню. І ўсе Ізраільцяне разьбегліся, кожны ў намёт свой.
І яны прынеслі Абсалома, і кінулі яго ў лесе ў вялікую яму, і накідалі на яго вялікую кучу камянёў; а ізраэльцы ўцяклі ў свае палаткі.
Авэсалом яшчэ пры жыцьці сваім узяў і паставіў сабе помнік у царскай даліне; бо сказаў ён: няма ў мяне сына, каб захаваць памяць імя майго. І назваў помнік сваім імем. І называецца ён «помнік Авэсалома» да сёньня.
А Абсалом, калі яшчэ жыў, паставіў сабе магільны камень у даліне царскай; бо казаў ён: «Я не маю сына, які б збярог памяць імя майго». І назваў ён помнік імем сваім, і аж да гэтага дня называецца ён Яд-Абсалом.
Ахімаас, сын Садокаў, сказаў Ёаву: пабягу я, паведамлю цару, што Гасподзь судом сваім выбавіў яго ад рук ворагаў ягоных.
А Ахімаас, сын Садока, сказаў: «Пабягу і паведамлю цару, што Госпад аказаў яму законнасць, вызваляючы яго ад рукі ворагаў яго».
Але Ёаў сказаў яму: ня будзеш ты сёньня добрым весьнікам; абвесьціш іншым днём, а ня сёньня, бо памёр сын цара.
На гэта сказаў яму Ёаб: «Не будзеш ты ў гэты дзень вестуном добрай весткі, але паведаміш іншым разам; бо сёння нядобрае прынясеш, таму што сын цара забіты».
і сказаў Ёаў Хусію: ідзі, данясі цару, што бачыў ты. І пакланіўся Хусій Ёаву і пабег.
І сказаў Ёаб кушыту: «Ідзі і скажы цару, што ты бачыў». Кушыт пакланіўся Ёабу і пабег.
Але і Ахімаас, сын Садокаў, настойваў і казаў Ёаву: што б ні было, але і я пабягу за Хусіем. А Ёаў адказваў: навошта бегчы табе, сыне мой? не прынясеш ты добрай весткі.
У другі раз Ахімаас, сын Садока, сказаў Ёабу: «Што б ні было, я таксама пабягу за кушытам!» І Ёаб сказаў: «Чаму хочаш бегчы, сын мой? Не будзе табе ўзнагароды за добрую вестку».
І сказаў Ахімаас: хай так, але я пабягу. І сказаў яму Ёаў: бяжы. І пабег Ахімаас напрасткі па дарозе і апярэдзіў Хусія.
Ён адказаў: «Што б ні сталася, пабягу». І Ёаб сказаў яму: «Бяжы!» І Ахімаас, бегучы напрасткі, апярэдзіў кушыта.
Давід тады сядзеў паміж дзьвюма брамамі. І вартаўнік падняўся на дах брамы да сьцяны і, падняўшы вочы, убачыў: вось, бяжыць адзін чалавек.
А Давід сядзеў паміж дзвюма брамамі; і вартаўнік, які хадзіў па даху брамы над мурам, падняўшы вочы, заўважыў, што нейкі мужчына бяжыць,
І закрычаў вартаўнік і абвясьціў цару. І сказаў цар: калі адзін, дык вестка ў вуснах ягоных. А той падыходзіў усё бліжэй і бліжэй.
і ён, крыкнуўшы, паведаміў цару. І цар сказаў: «Калі адзін, то прыносіць добрую вестку». А калі той бег і набліжаўся,
Вартаўнік убачыў і другога чалавека, які бег; і закрычаў вартаўнік брамніку: вось, яшчэ бяжыць адзін чалавек. Цар сказаў: і гэта — весьнік.
убачыў вартаўнік другога чалавека, які бег, дык закрычаў вартаўнік прыдзвернаму: «Нейкага чалавека я бачу, што бяжыць адзін». І цар сказаў: «Гэты таксама з добраю весткай».
Вартаўнік сказаў: я бачу паходку першага, падобную на паходку Ахімааса, сына Садокавага. І сказаў цар: гэты чалавек добры і йдзе з добраю весткаю.
І паведаміў вартаўнік: «Пазнаю, што хада першага — як бег Ахімааса, сына Садока». І кажа цар: «Ён чалавек добры, прыбывае з добраю весткай».
І ўсклікнуў Ахімаас і сказаў цару: мір. І пакланіўся цару тварам сваім да зямлі і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які выдаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго цара!
І, закрычаўшы, Ахімаас сказаў цару: «Супакой». І, пакланіўшыся цару да зямлі, сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог твой, Які аддаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго, цара!»
І сказаў цар: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Ахімаас: я бачыў вялікае хваляваньне, калі раб цароў Ёаў пасылаў раба твайго; але я ня ведаю, што было.
І цар спытаўся: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» І Ахімаас адказаў: «Бачыў я вялікае замяшанне, калі паслугач цара Ёаб пасылаў паслугача цара і мяне, паслугача твайго, але не ведаю, што там было».
І сказаў цар: адыдзі, стань тут. Ён адышоў і стаў.
Загадаў яму цар: «Адыдзі і стань там». І, калі той адышоў і стаў збоку,
Вось, прыйшоў і Хусій. І сказаў Хусій: добрая вестка гаспадару майму цару! Гасподзь явіў табе сёньня праўду ў выбаўленьні ад рук усіх паўсталых супроць цябе.
прыйшоў кушыт і, падышоўшы, сказаў: «Добрую прыношу вестку, гаспадару мой, цар, бо рассудзіў на тваю карысць сёння твой Госпад, выбаўляючы цябе з рук усіх тых, якія ўзбунтаваліся супраць цябе».
І сказаў цар Хусію: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Хусій: хай будзе з ворагамі гаспадара майго цара і з усімі зламысьнікамі тваімі тое самае, што сталася з хлопцам!
І спытаўся цар у кушыта: «Ці добра з юнаком Абсаломам?» Адказаў яму кушыт: «Хай будзе ворагам гаспадара майго, цара, і ўсім, якія зламысна паўсталі супраць цябе, тое самае, што і юнаку гэтаму».
І сумеўся цар, і пайшоў у сьвятліцу над брамаю, і плакаў, і калі ішоў, казаў так: сыне мой Авэсаломе! сыне мой, сыне мой Авэсаломе! о, хто даў бы мне памерці замест цябе, Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!