2 царстваў 24 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Гнеў Гасподні зноў загарэўся на Ізраільцянаў, і абудзіў Ён у іх Давіда сказаць: ідзі, палічы Ізраіля і Юду.
 
І зноў узгарэўся гнеў Госпада на Ізраэль; і намовіў Давіда супраць Ізраэля, кажучы: «Ідзі і палічы Ізраэля і Юду».

І сказаў цар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу.
 
І сказаў цар Ёабу і кіраўнікам войска свайго, якія былі пры ім: «Абыдзі ўсе пакаленні Ізраэля ад Дана аж да Бээр-Сэбы, і палічы народ, каб я ведаў колькасць яго».

І сказаў Ёаў цару: Гасподзь Бог твой хай памножыць столькі народу, колькі ёсьць, і яшчэ ў столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго цара хай убачаць; але навошта гаспадар мой цар жадае гэтай дзеі?
 
І Ёаб сказаў цару: «Хай Госпад, Бог твой, павялічыць у сто разоў народ, колькі ёсць цяпер, перад вачамі гаспадара майго, цара! Але навошта, гаспадар мой, цар, захацеў зрабіць гэта?»

Але слова цара Ёаву і ваеначальнікам перамагло. І пайшоў Ёаў з начальнікамі ад цара лічыць народ Ізраільскі.
 
Але загад цара Ёабу і кіраўнікам войска перамог; і выйшлі Ёаб і кіраўнікі войска ад цара, каб палічыць народ Ізраэля.

І перайшлі яны Ярдан і спыніліся ў Араэры, на правым баку горада, які сярод даліны Гадавай, да Язэра;
 
І, калі пераправіліся яны праз Ярдан, пачалі свой шлях ад Араэра і ад горада, які знаходзіцца ў сярэдзіне лагчыны, ідучы ад Гада і Язэра.

і прыйшлі ў Галаад і ў зямлю Тахтым-Хадшы; і прыйшлі ў Дан-Яан і абышлі Сідон;
 
І пайшлі яны ў Галаад і ў зямлю хетэйцаў у Кадэс, і прыйшлі ў Дан. І з Дана павярнулі ў Сідон,

і прыйшлі да ўмацаваньня Тыра і ва ўсе гарады Хівэянаў і Хананэянаў і выйшлі на поўдзень Юдэі ў Вірсавію;
 
і прыбылі яны ў крэпасць Тыр, і ва ўсе гарады гівеяў і хананеяў, і накіраваліся ў Нагэб юдэйскі ў Бээр-Сэбу.

і абышлі ўсю зямлю і прыйшлі празь дзевяць месяцаў і дваццаць дзён у Ерусалім.
 
І, абышоўшы ўсю зямлю, праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерузалім.

І падаў Ёаў сьпіс народнага перапісу цару; і выявілася, што Ізраільцянаў было васямсот тысяч мужчын моцных, здольных ваяваць, а Юдэянаў пяцьсот тысяч.
 
І Ёаб перадаў цару лік перапісанага народа; і Ізраэль налічыў восемсот тысяч ваяроў, здатных да бою, і Юда — пяцьсот тысяч ваяроў.

І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: цяжка зграшыў я, зрабіўшы так; і сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я.
 
А сэрца Давіда ўдарыла яго пасля таго, як палічаны быў народ, і сказаў Давід Госпаду: «Цяжка зграшыў я гэтым учынкам; а цяпер прашу, Госпадзе, каб дараваў Ты правіннасць паслугача твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў».

Калі Давід устаў на другі дзень раніцай, дык было слова Госпада Гаду прароку, празарліўцу Давідаваму:
 
Такім чынам, назаўтра ўстаў Давід рана, і скіраваў Госпад слова да прарока Давіда Гада, «які бачыць», кажучы:

ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары прапаную Я табе; выберы сабе адну зь іх, якая спасьцігла б цябе.
 
«Ідзі і скажы Давіду: гэта кажа Госпад: “Тры пакаранні Я кладу табе; выберы адно, што пажадаеш, з іх, каб гэта Я зрабіў табе”».

І прыйшоў Гад да Давіда, і абвясьціў яму, і сказаў яму: выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб ты тры месяцы бегаў ад непрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй? цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне.
 
І, калі прыйшоў Гад да Давіда, ён паведаміў яму, кажучы: «Або хай пануе голад тры гады ў цябе, у тваёй зямлі, або хай тры месяцы ўцякаеш ты перад тваімі ворагамі і хай яны пераследуюць цябе, або хай на працягу трох дзён будзе панаваць пошасць на тваёй зямлі. Дык вось цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказаць Таму, Які мяне паслаў».

І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі; але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная; толькі б у рукі людзкія ня ўпасьці мне.
 
А Давід адказаў Гаду: «Гора мне; але лепш, каб мы трапілі ў рукі Госпада, чым у рукі людзей, бо ў Яго шмат міласэрнасці!»

І паслаў Гасподзь пошасьць і паморак на Ізраільцянаў ад раніцы да назначанага часу; і памерла з народу, ад Дана да Вірсавіі, семдзесят тысяч чалавек.
 
І выбраў сабе Давід пошасць; і былі дні жніва пшаніцы. І напусціў Госпад пошасць на Ізраэль ад раніцы аж да ўмоўленага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дана да Бээр-Сэбы, семдзесят тысяч чалавек.

І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Гасподзь пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: досыць, цяпер адпусьці руку тваю. А анёл Гасподні быў тады каля гумна Орны Евусэяніна.
 
І, калі выцягнуў анёл руку сваю на Ерузалім, каб яго знішчыць, Госпад злітаваўся дзеля смутку і сказаў анёлу, што нішчыў людзей: «Хопіць, цяпер спыні руку сваю!» А быў анёл Госпадаў каля тока Арнана Евусея.

І сказаў Давід Госпаду, калі ўбачыў анёла, які біў народ, кажучы: вось, я зграшыў, я зрабіў беззаконна; а гэтыя авечкі, што зрабілі яны? хай жа рука Твая абернецца на мяне і на дом бацькі майго.
 
І Давід, калі бачыў анёла, які забіваў людзей, маліў Госпада: «Я зграшыў, я дзейнічаў бязбожна; а яны, гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, хай рука Твая павернецца на мяне і на дом бацькі майго!»

І прыйшоў у той дзень Гад да Давіда і сказаў: ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на гумне ў Орны Евусэяніна.
 
А ў той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на таку Арнана Евусея».

І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў Гасподзь.
 
І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў яму Госпад.

І зірнуў Орна і ўбачыў цара і слуг ягоных, якія ішлі да яго, і выйшаў Орна і пакланіўся цару тварам сваім да зямлі.
 
І, глянуўшы, Арнан ўбачыў цара і паслугачоў яго, якія ішлі да яго; і, выйшаўшы, ён пакланіўся цару тварам да зямлі

І сказаў Орна: навошта прыйшоў гаспадар мой цар да раба свайго? І сказаў Давід: купіць у цябе гумно, каб зладзіць ахвярнік Госпаду, каб спынілася пабіваньне народу.
 
і сказаў: «Што за прычына, што прыходзіць цар, гаспадар мой, да паслугача свайго?» Кажа яму Давід: «Купіць у цябе ток і паставіць на ім ахвярнік Госпаду, каб спынілася пагібель, якая пануе паміж людзьмі».

І сказаў Орна Давіду: хай возьме і ўзьнясе ў ахвяру гаспадар мой цар, што яму заўгодна. Вось валы для цэласпаленьня і падводы і вупраж валовая на дровы.
 
І сказаў Арнан Давіду: «Хай бярэ гаспадар мой, цар, і складае ахвяру, як яму падабаецца. Вось валы на цэласпаленне, і павозка, і ярмы валоў на дровы.

Усё гэта, цару, Орна аддае цару. Яшчэ сказаў Орна цару: Гасподзь Бог твой хай будзе мілажальны да цябе!
 
О цар, усё аддае Арнан цару!» І працягваў гаварыць Арнан цару: «Хай Госпад, Бог твой, прыме тваё абяцанне!»

Але цар сказаў Орну: не, я заплачу табе, што каштуе, і не ўзьнясу Госпаду Богу майму ахвяры, узятай дарам. І купіў Давід гумно і валоў за пяцьдзясят сікляў срэбра.
 
Цар у адказ яму сказаў: «Ніякім чынам; я куплю за грошы ад цябе і не складу дармавое цэласпаленне Госпаду, Богу майму». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзесят сікляў срэбра.

І зладзіў там Давід ахвярнік Госпаду і прынёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны, і спынілася пошасьць у Ізраільцянаў.
 
І пабудаваў Давід там ахвярнік Госпаду, і склаў ахвяры цэласпалення і прымірэння. І злітаваўся Госпад над зямлёю, і спынілася кара Ізраэля.