2 царстваў 13 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было пасьля таго: у Авэсалома, сына Давідавага, была сястра прыгожая, імем Тамар, і пакахаў яе Амнон, сын Давідаў.
 
І здарылася пасля таго, што Абсалом, сын Давіда, меў вельмі прыгожую сястру на імя Тамар, у якую закахаўся Амнон, сын Давіда.

І журыўся Амнон да таго, што захварэў праз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-небудзь зрабіць зь ёю.
 
І так мучыўся гэтым Амнон, што аж захварэў з-за кахання да сваёй сястры Тамар, бо, паколькі была яна яшчэ дзяўчынай, Амнону здавалася цяжкім учыніць з ёю штосьці непрыстойнае.

Але ў Амнона быў сябар, імем Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.
 
А Амнон меў прыяцеля на імя Ёнадаб, сына Самы, брата Давіда, чалавека вельмі хітрага.

І ён сказаў яму: чаго ты так худнееш з кожным днём, сын цароў, — ці не адкрыеш мне? І сказаў яму Амнон: Тамар, сястру Авэсаломаву, брата майго, кахаю я.
 
Ён запытаўся ў яго: «Царэвічу, чаму ты так худзееш з дня на дзень? Чаму не хочаш мне расказаць пра гэта?» І Амнон сказаў яму: «Я кахаю Тамар, сястру Абсалома, брата майго».

І сказаў яму Ёнадаў: кладзіся ў пасьцель тваю і прыкінься хворым; і калі бацька твой прыйдзе адведаць цябе, скажы яму: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і падмацуе мяне ежаю, прыгатаваўшы ежу на вачах маіх, каб я бачыў і еў з рук яе.
 
Адказаў яму Ёнадаб: «Ляж на ложак свой і прыкінься хворым. І, калі прыйдзе бацька твой, каб наведаць цябе, ты скажы яму: “Дазволь, каб прыйшла сястра мая Тамар і падала мне есці, ды каб на маіх вачах зрабіла смачную страву, каб я бачыў і еў з яе рук”».

І лёг Амнон і прыкінуўся хворым, і прыйшоў цар адведаць яго; і сказаў Амнон цару: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і сьпячэ ў мяне на вачах ляпёшку, або дзьве, і я паем з рук яе.
 
Дык Амнон лёг і прыкінуўся хворым. І, калі прыйшоў цар, каб наведаць яго, Амнон сказаў цару: «Хай прыйдзе, прашу, Тамар, сястра мая, хай на вачах маіх спячэ дзве аладкі, каб мог я прыняць ежу з яе рук».

І паслаў Давід да Тамар ў дом сказаць: ідзі ў дом Амнона, брата твайго, і прыгатуй яму ежу.
 
І паслаў Давід у дом да Тамар, кажучы: «Схадзі ў дом Амнона, брата твайго, і спячы яму смачную страву».

І пайшла яна ў дом брата свайго Амнона; а ён ляжыць. І ўзяла яна мукі і замясіла, і прыгатавала на вачах у яго і сьпякла ляпёшкі,
 
І пайшла Тамар у дом брата свайго Амнона; а ён ляжаў. Узяўшы муку, яна замясіла цеста і, зрабіўшы аладкі на яго вачах, яна спякла іх.

і ўзяла патэльню і паклала перад ім; але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: хай усе выйдуць ад мяне. І выйшлі ад яго ўсе людзі.
 
І, узяўшы патэльню, яна выклала тое, што спякла, і паставіла перад ім, але ён не хацеў есці; і сказаў Амнон: «Хай усе выйдуць ад мяне». І, калі ўсе выйшлі,

І сказаў Амнон Тамар: занясі ежу ва ўнутраны пакой, і я паем з рук тваіх. І ўзяла Тамар ляпёшкі, якія прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, ва ўнутраны пакой.
 
Амнон сказаў Тамар: «Прынясі ежу ў спальню». Такім чынам, узяла Тамар аладкі, што спякла, і прынесла іх Амнону, брату свайму, у спальню.

І калі яна паставіла перад ім, каб ён еў, дык ён схапіў яе і сказаў: ідзі, кладзіся са мною, сястра мая.
 
І калі яна перад ім паклала ежу, ён схапіў яе і казаў: «Хадзі, ляж са мной, сястра мая».

Але яна сказала: не, браце мой, не няславі мяне, бо ня робіцца так у Ізраілі; не рабі гэтага вар’яцтва.
 
Яна адказала яму: «Не, брат мой, не гвалтуй мяне! Бо так у Ізраэлі не робіцца; не рабі гэтай бязглуздасці.

І я, куды я пайду з маёю няславаю? І ты, ты будзеш адным з вар’ятаў у Ізраілі; ты пагавары з царом; ён не адмовіцца аддаць мяне табе.
 
І куды я пайду са сваёю знявагай? А ты станеш адным з бязглуздых у Ізраэлі; ты лепш пагавары з царом, і ён не адмовіць табе адносна мяне».

Але ён не хацеў слухаць словаў яе, і перасіліў яе і згвалціў яе, і ляжаў зь ёю.
 
Ён, аднак, не пажадаў паслухацца ўпрошванняў яе, але, пераўзыходзячы яе сілаю, ён апаганіў яе і ляжаў з ёю.

Пасьля зьненавідзеў яе Амнон самай вялікай нянавісьцю, так што нянавісьць, якою ён зьненавідзеў яе, была мацнейшая за каханьне, якое меў да яе; і сказаў ёй Амнон: устань, сыдзі.
 
І адчуў Амнон яе ненавіснай вельмі, так што нянавісць гэтая, якою ён зненавідзеў яе, была большай, чым каханне, якім раней яе кахаў. І сказаў ёй Амнон: «Уставай, ідзі адсюль».

І сказала яму: не, прагнаць мяне — гэта зло большае за першае, якое ты зрабіў са мною. Але ён не хацеў слухаць яе.
 
Яна адказала яму: «Хай не будзе гэтага, браце мой, бо большае ліха тое, што зараз робіш мне, выганяючы мяне, чым тое, што зрабіў ты раней». Ён, аднак, не хацеў яе слухаць,

І паклікаў хлопчыка свайго, які слугаваў яму, і сказаў: прагані гэтую ад мяне і замкні дзьверы за ёю.
 
але, паклікаўшы паслугача, што служыў яму, сказаў: «Выгані гэтую ад мяне на вуліцу і зачыні за ёю дзверы».

На ёй была каляровая вопратка, бо такую верхнюю вопратку насілі царскія дочкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга прэч і замкнуў за ёю дзьверы.
 
Яна была апранутая ў туніку, што спускалася да пят; бо так апраналіся дочкі царскія, дзяўчыны. І вывеў яе паслугач яго на вуліцу, і замкнуў за ёю дзверы.

І пасыпала Тамар попелам галаву сваю, і падрала каляровую вопратку, якую мела на сабе, і паклала рукі свае на галаву сваю, і так ішла і лямантавала.
 
Яна, пасыпаўшы сабе галаву попелам, разадраўшы сваю туніку, што спускалася да пят, і паклаўшы рукі на галаву сваю, пайшла, ідучы і галосячы.

І сказаў ёй Авэсалом, брат яе: ці не Амнон, брат твой, быў з табою? — а цяпер маўчы, сястра мая; ён — брат твой; ня журыся сэрцам тваім пра гэты ўчынак. І жыла Тамар у адзіноце ў доме Авэсалома, брата свайго.
 
Спытаўся ж у яе Абсалом, брат яе: «Ці Амнон, брат твой, быў з табою? Але цяпер, сястра мая, маўчы, бо ён твой брат; не бяры гэтага да сэрца свайго». Такім чынам, засталася пакінутая Тамар у доме свайго брата Абсалома.

І дачуўся цар Давід пра ўсё гэта і моцна разгневаўся.
 
Калі ж пачуў пра ўсё гэта цар Давід, ён вельмі ўзлаваўся.

А Авэсалом не гаварыў з Амнонам ні благога, ні добрага; бо зьненавідзеў Авэсалом Амнона за тое, што ён зьняславіў Тамар, сястру яго.
 
А Абсалом не гаварыў Амнону ані добрага, ані ліхога; бо зненавідзеў яго за тое, што ён згвалтаваў яго сястру Тамар.

Праз два гады стрыглі авечак у Авэсалома ў Ваал-Гацоры, што ў Яфрэма, і паклікаў Авэсалом усіх сыноў царскіх.
 
А сталася праз два гады па гэтых падзеях, што стрыглі авечак Абсалома ў Баал-Асоры, недалёка ад Эфраіма; і запрасіў Абсалом усіх сыноў цара.

І прыйшоў Авэсалом да цара і сказаў: вось, сёньня стрыжка авечак у раба твайго; хай пойдуць цар і слугі ягоныя з рабом тваім.
 
І прыйшоў Абсалом таксама да цара, і сказаў яму: «Вось, стрыгуць авечак у паслугача твайго; няхай, прашу, прыйдзе цар з паслугачамі да паслугача свайго».

Але цар сказаў Авэсалому: не, сыне мой, мы ня пойдзем усе, каб ня быць табе цяжарам. І моцна ўпрошваў яго Авэсалом; але ён не захацеў ісьці і дабраславіць яго.
 
І сказаў цар Абсалому: «Не, не запрашай, сыне мой, каб мы ўсе прыйшлі і нарабілі табе турбот». Паколькі ён дужа прасіў яго, і той не хацеў ісці, ён дабраславіў яго.

І сказаў яму Авэсалом: прынамсі, хай пойдзе з намі Амнон, брат мой. І сказаў яму цар: навошта яму ісьці з табою?
 
І сказаў Абсалом: «Калі не хочаш сам прыйсці, то з намі хай пойдзе, прашу, прынамсі Амнон, брат мой». І сказаў яму цар: «Чаму ён мае ісці з табой?»

Але Авэсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх царскіх сыноў.
 
Але Абсалом вельмі прасіў яго, дык ён пусціў з ім Амнона і ўсіх сыноў цара.

А Авэсалом загадаў хлопцам сваім, сказаўшы: глядзеце, як толькі разьвесяліцца сэрца Амнона ад віна, і я скажу вам: «беце Амнона», тады забеце яго, ня бойцеся; гэта я загадваю вам, будзьце сьмелыя і мужныя.
 
І загадаў Абсалом паслугачам сваім, кажучы: «Глядзіце: калі Амнон павесялее ад віна, я загадаю вам: “Ударце Амнона!” — і вы забіце яго! Не бойцеся; бо гэта я загадваю вам. Набярыцеся сілы і будзьце адважнымі людзьмі».

І зрабілі хлопцы Авэсаломавыя з Амнонам, як загадаў Авэсалом. Тады ўсталі ўсе царскія сыны, селі кожны на мула і ўцяклі.
 
І зрабілі паслугачы Абсалома адносна Амнона, як ім загадаў Абсалом; і ўсе сыны цара, ускочыўшы, селі кожны на мула свайго і ўцяклі.

Калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла чутка да Давіда, што Авэсалом забіў усіх царскіх сыноў, і не засталося ніводнага зь іх.
 
І, калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла да Давіда вестка, што казала: «Абсалом забіў усіх сыноў цара, і з іх не засталося ніводнага».

І ўстаў цар, і разадраў вопратку сваю, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разадралі вопратку сваю.
 
І ўстаў тады цар, і раздзёр адзенне сваё, і кінуўся на зямлю, і ўсе паслугачы яго, якія паслугавалі яму, раздзёрлі адзенне сваё.

Але Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага, сказаў: хай ня думае гаспадар мой, што ўсіх хлопцаў, царскіх сыноў, забілі; адзін толькі Амнон памёр, бо ў Авэсалома быў гэты намысел з таго дня, як Амнон зьняславіў сястру ягоную;
 
І Ёнадаб, сын Самы, брата Давіда, сказаў, адказваючы: «Хай не думае гаспадар мой, што ўсе юнакі, сыны цара, пазабіваны; толькі Амнон забіты, бо ў Абсалома быў гэты намер з таго дня, як Амнон згвалтаваў сястру яго Тамар.

дык вось, хай гаспадар мой цар ня трывожыцца думкаю пра тое, быццам памерлі царскія сыны: памёр адзін толькі Амнон.
 
Цяпер хай не бярэ сабе гаспадар мой, цар, гэтае весткі да сэрца, што кажа: “Усе сыны цара загінулі”, — бо загінуў толькі Амнон».

І ўцёк Авэсалом. І падняў хлопец, які стаяў на варце, вочы свае і ўбачыў: вось, многа народу ідзе па дарозе схілам гары.
 
А Абсалом уцёк. І юнак вартавы падняў свае вочы, і, вось, заўважыў мноства людзей, сыходзячых са збочча гары дарогай ад Гаранаіма.

Тады Ёнадаў сказаў цару: гэта ідуць царскія сыны; як казаў раб твой, так і ёсьць.
 
І сказаў Ёнадаб цару: «Вось ідуць сыны цара! Так сталася, як паслугач твой гаварыў».

І як толькі сказаў ён гэта, вось, прыйшлі царскія сыны і паднялі лямант і плакалі. І сам цар і ўсе слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам.
 
І, як скончыў ён гаварыць, паказаліся сыны цара, і ішлі яны з галашэннем і плачам; але і цар і ўсе паслугачы яго плакалі ва ўвесь голас.

А Авэсалом уцёк і пайшоў да Талмая, сына Эміуда, цара Гесурскага. І плакаў цар Давід па сыне сваім ва ўсе дні.
 
А Абсалом, уцякаючы, пайшоў да Талмая, сына Аміюда, цара Гэсура. Такім чынам, Давід сумаваў па сыне ўвесь час.

Авэсалом уцёк і прыйшоў у Гесур і прабыў там тры гады.
 
А Абсалом, калі ўцёк і пайшоў у Гэсур, прабыў там тры гады. Давід сумаваў па сыне ўвесь час.

І перастаў цар Давід перасьледаваць Авэсалома, бо ўцешыўся ў сьмерці Амнона.
 
І перастаў дух цара гневацца на Абсалома, бо ўжо супакоіўся па смерці Амнона.