2 царстваў 14 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І заўважыў Ёаў, сын Саруі, што сэрца цара павярнулася да Авэсалома.
 
Тады Ёаб, сын Сэруі, разумеючы, што сэрца цара прыхілілася да Абсалома,

І паслаў Ёаў у Тэкою, і ўзяў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: прыкінься, быццам плачаш, і апрані жалобную вопратку, і ня мажся алеем, і назавіся жанчынаю, якая шмат дзён плакала па памерлым;
 
паслаў у Тэкуа, і прывёў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: «Прыкінься, што ты ў жалобе, і апраніся ў жалобнае адзенне, і не намашчайся алеем, каб быць, як жанчына, якая ўжо вельмі доўга смуткуе па памерлым.

і йдзі да цара і скажы яму так і так. І ўклаў Ёаў у вусны яе, што сказаць.
 
І пойдзеш ты да цара, і скажаш яму гэтыя словы». І Ёаб уклаў словы ў вусны яе.

І ўвайшла жанчына Тэкаіцянка да цара і ўпала тварам сваім на зямлю, і пакланілася і сказала: памажы, цару!
 
І жанчына з Тэкуа прыйшла да цара, упала перад ім на зямлю, і пакланілася, і сказала: «Выратуй мяне, цар».

І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: я ўдава, муж мой памёр;
 
І кажа ёй цар: «Што за справу маеш?» Яна адказала: «Я, на жаль, удава, муж мой памёр.

і ў рабы тваёй было два сыны; яны пасварыліся ў полі, і ня было каму разьвесьці іх, і пабіў адзін другога і забіў яго.
 
І паслугачка твая мела двух сыноў, якія пасварыліся адзін з адным на полі, і не было нікога, хто б мог, умяшаўшыся, развесці іх; і адзін з іх ударыў другога і забіў яго.

І вось, паўстала ўся радня на рабу тваю, і кажуць: аддай забойцу брата свайго; і мы заб’ем яго за душу брата ягонага, якую ён загубіў, і зьнішчым нават спадчыньніка. І так яны патушаць астатнюю іскру маю, каб не пакінуць мужу майму імя і нашчадкаў на ўлоньні зямлі.
 
І вось, увесь род, падняўшыся супраць паслугачкі тваёй, кажа: “Аддай таго, хто забіў брата свайго, каб мы забілі яго за душу брата яго, якога ён забіў, і каб мы знішчылі спадкаемцу”. І намагаюцца яны затушыць апошнюю іскру маю, каб не засталося па мужу маім ані імя, ані нашчадкаў на зямлі».

І сказаў цар жанчыне: ідзі спакойна дамоў, я дам загад пра цябе.
 
І сказаў цар жанчыне: «Вяртайся да дому свайго, і я выдам загад адносна цябе».

Але жанчына Тэкаіцянка сказала цару: на мне, гаспадару мой цар, хай будзе віна і на доме бацькі майго, а цар і трон ягоны невінаваты.
 
І жанчына з Тэкуа сказала цару: «Гаспадару мой, цар, хай гэтая правіннасць спадзе на мяне і на дом бацькі майго; цар жа і пасад яго хай будуць бязгрэшнымі».

І сказаў цар: таго, хто будзе супроць цябе, прывядзі да мяне, і ён больш не чапацьме цябе.
 
І сказаў цар: «Калі хто будзе гаварыць супраць цябе, прывядзі яго да мяне і ён ужо не будзе больш шкодзіць табе».

Яна сказала: спамяні, цару, Госпада Бога твайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў і не загубілі сына майго. І сказаў цар: жывы Гасподзь! не ўпадзе і волас з сына твайго на зямлю.
 
Сказала яна: «Згадай, цар, на Госпада, Бога свайго, каб мсціўца за кроў не павялічваў бяды і каб не загубілі яны сына майго». Ён сказаў: «Жыве Госпад, бо не ўпадзе нават волас з галавы сына твайго на зямлю».

І сказала жанчына: дазволь рабе тваёй сказаць яшчэ слова гаспадару майму цару.
 
І сказала жанчына: «Ці можа паслугачка твая сказаць гаспадару майму цару яшчэ слоўца?» І ён сказаў: «Кажы».

Ён сказаў: кажы. І сказала жанчына: чаму ты так робіш супроць народу Божага? Цар, вымавіўшы гэтае слова, зьвінаваціў сябе самога, бо не вяртае выгнанца свайго.
 
І сказала жанчына: «Чаму ты так думаеш супраць народа Божага? Бо калі цар сказаў гэтае слова, то гэта быццам злачынства, таму што цар не жадае вярнуць выгнанніка свайго.

Мы памром і будзем, як вада, вылітая на зямлю, якую нельга сабраць; але Бог ня хоча загубіць душу і думае, як бы не адкінуць ад Сябе адкінутага.
 
Усе мы памром, і мы — быццам вада, разлітая на зямлі, якую немагчыма сабраць; аднак Бог не хоча загубіць душу, але, разважаючы, Ён думае аб тым, каб зусім не загінуў той, хто быў адкінуты.

І цяпер я прыйшла сказаць цару, гаспадару майму, гэтыя словы, бо народ палохае мяне; і раба твая сказала: пагавару я з царом, ці ня зробіць ён паводле слова рабы сваёй;
 
І вось сёння прыбыла я, каб сказаць цару, гаспадару майму, гэтае слова, бо народ палохае мяне. І сказала паслугачка твая: “Скажу я цару, ці можа цар споўніць просьбу паслугачкі сваёй?

мабыць, цар выслухае і выбавіць рабу сваю з рук людзей, якія хочуць зьнішчыць мяне разам з сынам маім са спадчыны Божай.
 
Можа, цар выслухае, каб вызваліць паслугачку сваю з рукі таго, хто хоча знішчыць мяне і сына майго разам са спадчыны Божай”.

І сказала раба твая: хай будзе слова гаспадара майго цара ўцехаю мне, бо гаспадар мой цар, як анёл Божы, і можа выслухаць і добрае і благое. І Гасподзь Бог твой будзе з табою.
 
Дык вырашыла паслугачка твая: “Хай слова гаспадара майго, цара, супакоіць мяне. Бо як анёл Божы, так гаспадар мой, цар, каб выслухаў і адрозніў добрае ад благога. І хай Госпад, Бог твой, будзе з табою!”»

І адказваў цар і сказаў жанчыне: не хавай ад мяне, пра што я спытаюся ў цябе. І сказала жанчына: кажы, гаспадару мой цар.
 
І ў адказ сказаў цар жанчыне: «Не хавай ад мяне таго, аб чым я цябе запытаю». І жанчына сказала: «Хай пытаецца ў мяне гаспадар мой, цар».

І сказаў цар: ці ня рука Ёава ва ўсім гэтым з табою. І адказвала жанчына і сказала: хай жыве душа твая, гаспадару мой цар; ні направа, ні налева нельга ўхіліцца ад таго, што сказаў гаспадар мой цар; правільна, раб твой Ёаў загадаў мне, і ён уклаў у вусны рабы тваёй усе гэтыя словы;
 
І спытаўся цар: «Ці не рука Ёаба з табой ува ўсім гэтым?» І ў адказ прамовіла жанчына: «Жыве душа твая, гаспадару мой, цар; і нельга ўхіліцца ані ўправа, ані ўлева ад усяго таго, пра што пытае гаспадар мой, цар; бо паслугач твой, Ёаб, сам загадаў мне і ўклаў у вусны мае ўсе гэтыя словы;

каб прытчаю даць справе такі выгляд, раб твой Ёаў навучыў мяне; але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі.
 
каб змяніць выгляд гэтае справы, паслугач твой Ёаб зрабіў гэта. А ты, гаспадар мой, мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі адбываецца».

І сказаў цар Ёаву: вось, я зраблю; ідзі ж, вярні хлопца Авэсалома.
 
І звярнуўся цар да Ёаба: «Вось, я раблю наступнае. Дык ідзі і прывядзі юнака Абсалома».

Тады Ёаў упаў тварам на зямлю і пакланіўся, і дабраславіў цара і сказаў: цяпер ведае раб твой, што здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, гаспадару мой цар, бо цар зрабіў паводле слова раба свайго.
 
І Ёаб, упаўшы тварам сваім на зямлю, пакланіўся і дабраславіў цара. І сказаў Ёаб: «Сёння даведаўся паслугач твой, што мае ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, цар; бо споўніў ты просьбу паслугача свайго».

І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гесур, і прывёў Авэсалома ў Ерусалім.
 
І ўстаў Ёаб, і пайшоў у Гэсур, і прывёў Абсалома ў Ерузалім.

І сказаў цар: хай ён вернецца ў дом свой, а твару майго ня бачыць. І пайшоў Авэсалом у свой дом, а твару царскага ня бачыў.
 
І сказаў цар: «Няхай вернецца ён у дом свой, і хай аблічча майго ён не ўбачыць». І вярнуўся Абсалом у дом свой, а аблічча цара не бачыў.

Ня было ва ўсім Ізраілі мужчыны такога прыгожага, як Авэсалом, і такога пахвальнага, як ён: ад падэшвы ног да верху галавы яго ня было ў ім пахібы.
 
А прыгажэйшага за Абсалома не было мужчыны ва ўсім Ізраэлі, якога б так услаўлялі: ад ступняў ног аж да галавы не было ў ім ніякай заганы.

Калі ён стрыг галаву сваю, — а ён стрыг яе кожны год, бо яна абцяжарвала яго, дык валасы з галавы ягонай важылі дзьвесьце сікляў па вазе царскай.
 
І калі стрыглі яму валасы, — а стрыглі іх штогод, бо былі цяжкія, — то валасы з галавы яго важылі дзвесце сікляў царскай вагі.

І нарадзіліся ў Авэсалома тры сыны і адна дачка, імем Тамар; яна была жанчына прыгожая.
 
А нарадзілася Абсалому трое сыноў і адна дачка, на імя Тамар. І была яна вельмі прыгожая.

І заставаўся Авэсалом у Ерусаліме два гады, а твару царскага ня бачыў.
 
І заставаўся Абсалом у Ерузаліме два гады, і аблічча цара не бачыў.

І паслаў Авэсалом па Ёава, каб паслаць яго да цара; але той не захацеў прыйсьці да яго. Паслаў і другі раз, але той не захацеў прыйсьці.
 
І паслаў Абсалом да Ёаба з просьбай, каб паслаў яго да цара; ён не захацеў прыйсці да яго. І, калі паслаў ён другі раз і той не захацеў прыйсці,

І сказаў Авэсалом слугам сваім: бачыце дзялянку поля Ёава каля майго, і ў яго там ячмень: ідзеце, выпаліце яго агнём. І выпалілі слугі Авэсалома тую дзялянку поля агнём.
 
сказаў ён паслугачам сваім: «Паглядзіце на поле, якое мае Ёаб побач з маім полем, на якім ураджай ячменю; дык ідзіце і спаліце яго агнём». І паслугачы Ёаба, прыйшоўшы ў раздзёртым адзенні, сказалі: «Паслугачы Абсалома спалілі поле агнём!»

І ўстаў Ёаў, і прыйшоў да Авэсалома ў дом, і сказаў яму: навошта слугі твае выпалілі маю дзялянку агнём?
 
І сабраўся Ёаб і прыйшоў да Абсалома ў дом яго, і спытаў: «Чаму паслугачы твае спалілі ніву маю агнём?»

І сказаў Авэсалом Ёаву: вось, я пасылаў па цябе, кажучы: прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да цара сказаць: навошта я прыйшоў з Гесура? Лепей бы мне заставацца там. Я хачу ўбачыць твар цара. Калі ж я вінаваты, дык забі мяне.
 
І Абсалом адказаў Ёабу: «Я пасылаў да цябе, просячы, каб ты прыйшоў да мяне і каб паслаць цябе да цара, каб ты сказаў яму: “Навошта я вярнуўся з Гэсура? Лепш было мне яшчэ там прабываць”. Дык прашу цябе, дапамажы мне ўбачыць аблічча цара; калі ёсць яшчэ правіннасць, хай ён заб’е мяне».

І пайшоў Ёаў да цара і пераказаў яму. І паклікаў цар Авэсалома. Ён прыйшоў да цара і ўпаў тварам сваім на зямлю перад царом. І пацалаваў цар Авэсалома.
 
Ёаб пайшоў да цара і сказаў яму. І паклікаў ён Абсалома, і той увайшоў да цара і ўпаў тварам на зямлю перад ім, і пацалаваў цар Абсалома.