2 царстваў 3 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І была працяглая незлагадзь паміж домам Саўлавым і домам Давідавым. Давід усё больш і больш узмацняўся, а дом Саўлаў усё больш і больш занепадаў.
 
І адбывалася доўгае спаборніцтва між домам Саўла і домам Давіда: Давід заўсёды заставаўся дужэйшым, а дом Саўла штодзень слабеў.

І нарадзіліся ў Давіда шэсьць сыноў у Хэўроне. Першынец ягоны быў Амон ад Ахінаамы Ізрэеліцянкі,
 
Таксама нарадзіліся ў Давіда сыны ў Геброне. І першародным быў Амнон з Ахінаам з Езрагэля,

а другі сын ягоны — Далуя ад Авігеі, былой жонкі Навала, Кармэліцянкі; трэці — Авэсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гесурскага;
 
а другім быў Хэлеб з Абігайль, жонкі Набала з Кармэля, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гэсура;

чацьвёрты — Аданія, сын Агіты; пяты — Сафатыя, сын Авіталы;
 
а чацвёртым — Адонія, сын Хагіт, і пятым — Сафація, сын Абіталь;

шосты — Етэраам ад Эглы, жонкі Давідавай. Яны нарадзіліся ў Давіда ў Хэўроне.
 
а шостым — Етраам з Эглы, жонкі Давіда: яны нарадзіліся Давіду ў Геброне.

Калі была незлагадзь паміж домам Саўла і домам Давіда, дык Авэнір падтрымліваў дом Саўла.
 
І калі працягвалася вайна між домам Саўла і домам Давіда, Абнэр, сын Нэра, цараваў над домам Саўла.

У Саўла была наложніца, імем Рыцпа, дачка Айя. І ўвайшоў да яе Авэнір. І сказаў Евастэй Авэніру: навошта ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?
 
А ў Саўла была наложніца на імя Рэспа, дачка Аі. І сказаў Ісбаал Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?»

Авэнір моцна ўгневаўся на словы Евастэя і сказаў: хіба я — сабачая галава? Я супроць Юды зрабіў сёньня ласку дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і ня выдаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш сёньня зь мяне грэх праз жанчыну.
 
Абнэр, дужа ўзлаваўшыся дзеля слоў Ісбаала, сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёння я аказваю міласэрнасць дому Саўла, бацькі твайго, і братам яго, і блізкім яго, і цябе не аддаў у рукі Давіда. І ты пытаешся ў мяне аб гэтым, бо абвінавачваеш сёння дзеля жанчыны.

Тое і тое няхай зробіць Бог Авэніру і яшчэ болей зробіць яму! Як прысягаў Гасподзь Давіду, так і зраблю яму:
 
Хай гэта зробіць Бог з Абнэрам і яшчэ дадасць, калі я не зраблю Давіду так, як Госпад прысягнуў яму,

адбяру царства ў дома Саўлавага і пастаўлю трон Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дана да Вірсавіі.
 
каб забраць царства ад дому Саўла, каб быў пастаўлены пасад Давіда над Ізраэлем і над Юдай, ад Дана да Бээр-Сэбы».

І ня мог Евастэй запярэчыць Авэніру, бо баяўся яго.
 
І той не мог адказаць Абнэру нічога, бо баяўся яго.

І паслаў Авэнір ад сябе паслоў да Давіда сказаць: чыя гэта зямля? і яшчэ сказаць: заключы спрымірэнства са мною, і рука мая будзе з табою, каб навярнуць да цябе ўвесь народ Ізраільскі.
 
І паслаў Абнэр вестуноў ад сябе да Давіда, каб сказалі яны: «Чыя гэта зямля?» і яшчэ сказалі: «Заключы сяброўства са мной, і рука мая будзе з табою, і прывяду я да цябе ўвесь Ізраэль».

І сказаў Давід: добра, я заключу спрымірэнства з табою, толькі прашу ў цябе аднаго, менавіта — ты ня ўбачыш твару майго, калі не прывядзеш з сабою Мэлхолы, дачкі Саўла, калі прыйдзеш пабачыцца са мною,
 
Давід сказаў: «Вельмі добра, я заключу з табой сяброўства, але толькі прашу цябе аб адной рэчы, а менавіта: ты не ўбачыш аблічча майго, калі найперш не прывядзеш Міхол, дачку Саўла, калі прыйдзеш мяне ўбачыць».

І выправіў Давід паслоў да Евастэя, сына Саўлавага, сказаць: аддай жонку маю Мэлхолу, якую я атрымаў за сто краеабразаньняў Філістымскіх.
 
А Давід паслаў вестуноў да Ісбаала, сына Саўла, сказаць яму: «Вярні мне жонку маю Міхол, якую набыў я сабе за сто крайніх плоцяў філістынскіх».

І паслаў Евастэй і ўзяў у мужа, у Фалтыя, сына Лаішавага.
 
Дык Ісбаал паслаў пасланцоў, і ўзяў яе ад мужа яе, Палціэля, сына Лаіса.

Пайшоў зь ёю і муж яе і з плачам праводзіў яе да Бахурыма; але Авэнір сказаў яму: ідзі назад. І ён вярнуўся.
 
І ішоў за ёй муж яе, плачучы, аж да Бахурыма; і Абнэр сказаў яму: «Ідзі, вяртайся!» І ён вярнуўся.

І зьвярнуўся Авэнір да старэйшынаў Ізраільскіх, кажучы: і ўчора і заўчора вы хацелі, каб Давід быў царом над вамі;
 
Таксама звярнуўся Абнэр да старэйшын Ізраэля, кажучы: «Як учора, так і заўчора прасілі вы Давіда, каб цараваў ён над вамі;

цяпер зрабеце гэта, бо Гасподзь сказаў Давіду: «рукою раба Майго Давіда Я выратую народ Мой Ізраіля ад рукі Філістымлянаў і ад рукі ўсіх ворагаў ягоных».
 
дык здзейсніце гэта цяпер, бо Госпад прамовіў Давіду, кажучы: “Рукою Майго паслугача Давіда Я выратую народ Мой, Ізраэль, з рук філістынцаў і ўсіх ворагаў яго”».

Тое самае гаварыў Авэнір і Веньямініцянам. І пайшоў Авэнір у Хэўрон, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго хацелі Ізраіль і ўвесь дом Веньямінаў.
 
Падобна гаварыў Абнэр і бэньямінцам; і пайшоў Абнэр у Геброн, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго жадалі Ізраэль і ўвесь дом Бэньяміна.

І прыйшоў Авэнір да Давіда ў Хэўрон і зь ім дваццаць чалавек, і зрабіў Давід гасьціну Авэніру і людзям, якія былі зь ім.
 
І прыйшоў да Давіда ў Геброн з дваццаццю ваярамі, і Давід справіў баль Абнэру і людзям яго, што прыйшлі з ім.

І сказаў Авэнір Давіду: я ўстану і пайду і зьбяру да гаспадара майго цара ўвесь народ Ізраільскі, і яны ўступяць у запавет з табою, і будзеш цараваць над усімі, як жадае душа твая. І адпусьціў Давід Авэніра, і ён пайшоў зь мірам.
 
І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану, каб сабраць у цябе, гаспадара майго, цара, увесь Ізраэль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І калі адпусціў Давід Абнэра і ён пайшоў у супакоі;

І вось, слугі Давідавы зь Ёавам прыйшлі з паходу і прынесьлі з сабою багата здабычы; але Авэніра ўжо ня было з Давідам у Хэўроне, бо Давід адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.
 
паслугачы Давіда і Ёаб вярталіся з паходу з вялікай здабычаю. А Абнэра не было разам з Давідам у Геброне, бо Давід ужо адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі,

Калі Ёаў і ўсё войска, якое было зь ім, прыйшлі, дык Ёаву расказалі: прыходзіў Авэнір, сын Ніраў, да цара, і той адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.
 
і Ёаб і ўсё войска, якое было з ім, вярнуліся потым. Дык паведамілі Ёабу, расказваючы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да цара, і ён адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі».

І прыйшоў Ёаў да цара і сказаў: што ты зрабіў? вось, прыходзіў да цябе Авэнір; навошта ты адпусьціў яго, і ён пайшоў?
 
І прыйшоў Ёаб да цара, і сказаў яму: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр; чаму ты адпусціў яго і ён адышоў у супакоі?

ты ведаеш Авэніра, сына Ніравага: ён прыходзіў ашукаць цябе, выведаць выхад твой і ўваход твой і разьведаць усё, што ты робіш.
 
Ці ты не ведаеш Абнэра, сына Нэра? Напэўна, дзеля таго прыйшоў ён, каб падмануць цябе і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца пра ўсё, што ты робіш».

І выйшаў Ёаў ад Давіда і паслаў ганцоў сьледам за Авэнірам; і вярнулі яны яго ад калодзежа Сіра, бязь ведаму Давіда.
 
І, выйшаўшы ад Давіда, Ёаб паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіра, а Давід не ведаў пра гэта.

Калі Авэнір вярнуўся ў Хэўрон, дык Ёаў узяў яго ў браму, быццам дзеля таго, каб пагутарыць зь ім таемна, і там ударыў яго ў жывот. І памёр Авэнір за кроў Асаіла, брата Ёава.
 
І калі вярнуўся Абнэр у Геброн, Ёаб адвёў яго асобна да сярэдзіны брамы быццам з ім тайна пагаварыць і ўдарыў яго там у жывот, і памёр ён у адплату за кроў Асаэля, брата Ёаба.

І дачуўся пасьля Давід і сказаў: невінаваты я і царства маё вавек прад Госпадам за кроў Авэніра, сына Ніравага;
 
Калі пра гэтую справу, што ўжо адбылася, пачуў Давід, ён сказаў: «Не вінаваты ані я, ані царства маё на векі перад Госпадам за кроў Абнэра, сына Нэра;

няхай упадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; хай ніколі не застаецца дом Ёава бязь семяцечнага, альбо пракажонага, альбо абапертага на кій, альбо мечам забітага, альбо таго, каму патрэбен хлеб.
 
і няхай спадзе яна на галаву Ёаба і на ўвесь дом бацькі яго; хай заўсёды будзе ў доме Ёаба хворы на выцёкі, пракажоны і той, хто ходзіць з кіём, забіты ад меча і той, хто просіць хлеба».

А Ёаў і брат ягоны Авэса забілі Авэніра за тое, што ён забіў брата іхняга Асаіла ў бітве каля Гаваона.
 
Так Ёаб і брат яго Абісай забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іх, у Габаоне ў час бою.

І сказаў Давід Ёаву і ўсім людзям, якія былі зь ім: падзярэце вопратку вашую і апранецеся ў вярэты і плачце над Авэнірам. І цар Давід ішоў за труною ягонай.
 
А Давід сказаў Ёабу і ўсяму народу, які быў з ім: «Раздзярыце адзенне ваша, і адзеньцеся ў зрэбніцы, і лямантуйце на пахаванні Абнэра». А цар Давід ішоў за пахавальнымі насілкамі.

Калі хавалі Авэніра ў Хэўроне, дык цар гучна плакаў над труною Авэніра; плакаў і ўвесь народ.
 
І калі Абнэра хавалі ў Геброне, цар Давід загаласіў і заплакаў над магілай Абнэра; а плакаў таксама і ўвесь народ.

І аплакаў цар Авэніра, кажучы: ці сьмерцю подлага паміраў Авэніру?
 
І плакаў цар, і галасіў дзеля Абнэра, кажучы: «Няўжо Абнэр павінен быў памерці так, як звычайна паміраюць неразважныя?

рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў кайданах, і ты загінуў, як гінуць ад разбойнікаў. І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.
 
Рукі твае не былі звязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы; але ты загінуў, як звычайна гінуць ад сыноў злачыннасці». І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.

І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі яшчэ быў дзень; але Давід прысягнуў, кажучы: тое і тое хацеў зрабіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі я да захаду сонца скаштую хлеба альбо чаго-небудзь.
 
І калі прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ ясны дзень, пакляўся Давід, кажучы: «Хай гэта зробіць мне Бог, і яшчэ гэта дадасць, калі я перад захадам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».

І ўвесь народ даведаўся пра гэта, і спадабалася яму гэта, як і ўсё, што зрабіў цар, падабалася ўсяму народу.
 
І ўвесь народ чуў гэта; і спадабалася гэта яму, як і ўсё, што рабіў цар, было добрым у вачах усяго народа.

І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што не ад цара было забойства Авэніра, сына Ніравага.
 
І пераканаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраэль у той дзень, што не цар зрабіў так, каб Абнэр, сын Нэра, быў забіты.

І сказаў цар слугам сваім: ці ведаеце вы, што правадыр і вялікі муж загінуў у гэты дзень у Ізраілі?
 
Таксама сказаў цар паслугачам сваім: «Ці ж вы не ведаеце, што сёння ўпаў кіраўнік і найвялікшы муж у Ізраэлі?

я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на царства, і гэтыя людзі, сыны Саруі, мацнейшыя за мяне; хай жа дасьць Гасподзь таму, хто робіць ліхое па злосьці ягонай!
 
А я яшчэ кволы, хоць і памазаны на цара, а гэтыя людзі, сыны Сэруі, мацнейшыя за мяне. Хай адплаціць Госпад злачынцу паводле ліхоты яго».