2 царстваў 3 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
І была даўгая вайна памеж дому Саўлавага й дому Давідавага. І Давід усе болей а болей сіліўся, а дом Саўлаў болей а болей слабеў.
І адбывалася доўгае спаборніцтва між домам Саўла і домам Давіда: Давід заўсёды заставаўся дужэйшым, а дом Саўла штодзень слабеў.
І радзіліся ў Давіда сыны ў Гэўроне; і быў пяршак ягоны Амнон ад Агіноамы Ізрэелянкі;
Таксама нарадзіліся ў Давіда сыны ў Геброне. І першародным быў Амнон з Ахінаам з Езрагэля,
А другі ягоны Хілеаб ад Авіґаілы, жонкі Наваловае, Кармілянкі; трэйці — Аўсалом, сын Маахі, дачкі Фалмая, караля Ґешурскага;
а другім быў Хэлеб з Абігайль, жонкі Набала з Кармэля, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гэсура;
Чацьверты — Адоня, сын Гаґіфы; пяты — Шэфата, сын Авіталы;
а чацвёртым — Адонія, сын Хагіт, і пятым — Сафація, сын Абіталь;
Шосты — Іфрэам ад Еґлы, жонкі Давідавае. Яны радзіліся ў Давіда ў Гэўроне.
а шостым — Етраам з Эглы, жонкі Давіда: яны нарадзіліся Давіду ў Геброне.
І было, як была вайна меж дому Саўлавага й дому Давідавага, што Аўнір памагаў дому Саўлаваму.
І калі працягвалася вайна між домам Саўла і домам Давіда, Абнэр, сын Нэра, цараваў над домам Саўла.
У Саўлы была мамошка, імям Рыцпа Аянка. І сказаў Ішбошэф Аўніру: «Чаму ты ўвыйшоў да мамошкі айца майго?»
А ў Саўла была наложніца на імя Рэспа, дачка Аі. І сказаў Ісбаал Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?»
І вельмі прыкрыя былі Аўніру словы Ішбошэфавы, і сказаў: «Ціж я сабачая галава? Я супроці Юды ўчыніў цяпер добрасьць дому Саўлаваму, айца твайго, братом ягоным а прыяцелям ягоным, і не аддаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш цяпер ізь мяне бяспраўе што да жонкі.
Абнэр, дужа ўзлаваўшыся дзеля слоў Ісбаала, сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёння я аказваю міласэрнасць дому Саўла, бацькі твайго, і братам яго, і блізкім яго, і цябе не аддаў у рукі Давіда. І ты пытаешся ў мяне аб гэтым, бо абвінавачваеш сёння дзеля жанчыны.
Тое а тое хай зробе Бог Аўніру і яшчэ болей зробе яму! Бо як прысягаў СПАДАР Давіду, так і зраблю яму,
Хай гэта зробіць Бог з Абнэрам і яшчэ дадасць, калі я не зраблю Давіду так, як Госпад прысягнуў яму,
Каб перадана было гаспадарства ад дому Саўлавага, і пастаноўлены пасад Давідаў над Ізраелям а над Юдаю, ад Дану аж да Веер-Шэвы».
каб забраць царства ад дому Саўла, каб быў пастаўлены пасад Давіда над Ізраэлем і над Юдай, ад Дана да Бээр-Сэбы».
І ня мог Ішбошэф адказаць Аўніру, бо баяўся яго.
І той не мог адказаць Абнэру нічога, бо баяўся яго.
І паслаў Аўнір ад сябе паслоў да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?» Кажучы: «Зрабі змову з імною, і вось, рука мая з табою, каб абярнуць да цябе ўсяго Ізраеля».
І паслаў Абнэр вестуноў ад сябе да Давіда, каб сказалі яны: «Чыя гэта зямля?» і яшчэ сказалі: «Заключы сяброўства са мной, і рука мая будзе з табою, і прывяду я да цябе ўвесь Ізраэль».
І сказаў: «Добра, я зраблю змову з табою, адно прашу ў цябе аднаго, кажучы: ты не абачыш віду майго, пакуль не прывядзеш із сабою Міхалы Саўлішкі, як прыйдзеш абачыцца з імною».
Давід сказаў: «Вельмі добра, я заключу з табой сяброўства, але толькі прашу цябе аб адной рэчы, а менавіта: ты не ўбачыш аблічча майго, калі найперш не прывядзеш Міхол, дачку Саўла, калі прыйдзеш мяне ўбачыць».
І паслаў Давід паслоў да Ішбошэфа Саўлянка, кажучы: «Аддай жонку маю Міхалу, каторую я адзяржаў за сто пярэдніх скурак Пілісцкіх».
А Давід паслаў вестуноў да Ісбаала, сына Саўла, сказаць яму: «Вярні мне жонку маю Міхол, якую набыў я сабе за сто крайніх плоцяў філістынскіх».
І паслаў Ішбошэф, і ўзяў яе ад мужа, ад Палтыеля Лаішонка.
Дык Ісбаал паслаў пасланцоў, і ўзяў яе ад мужа яе, Палціэля, сына Лаіса.
Пайшоў ізь ёю й муж ейны, ідучы й плачучы па ёй, аж да Багурыму; і сказаў яму Аўнір: «Ідзі назад». І ён зьвярнуўся.
І ішоў за ёй муж яе, плачучы, аж да Бахурыма; і Абнэр сказаў яму: «Ідзі, вяртайся!» І ён вярнуўся.
І было слова Аўнірова да старцоў Ізраельскіх, кажучы: «Таксама ўчора, таксама заўчора вы шукалі Давіда, каб караляваў над вамі.
Таксама звярнуўся Абнэр да старэйшын Ізраэля, кажучы: «Як учора, так і заўчора прасілі вы Давіда, каб цараваў ён над вамі;
Цяпер зрабіце гэта, бо СПАДАР сказаў Давіду, кажучы: «Рукою слугі Свайго Давіда Я выбаўлю люд Свой, Ізраеля, з рукі Пілішчан і з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных».
дык здзейсніце гэта цяпер, бо Госпад прамовіў Давіду, кажучы: “Рукою Майго паслугача Давіда Я выратую народ Мой, Ізраэль, з рук філістынцаў і ўсіх ворагаў яго”».
І казаў таксама Аўнір у вушы Веняміну. Пайшоў таксама Аўнір, каб казаць у вушы Давіду ў Гэўроне ўсе, што было добрае ў вачох Ізраеля і ў вачох усяго дому Веняміновага.
Падобна гаварыў Абнэр і бэньямінцам; і пайшоў Абнэр у Геброн, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго жадалі Ізраэль і ўвесь дом Бэньяміна.
І прышоў Аўнір да Давіда да Гэўрону а зь ім дваццацёх чалавекаў, і зрабіў Давід чэсьць Аўніру а людзём, былым ізь ім.
І прыйшоў да Давіда ў Геброн з дваццаццю ваярамі, і Давід справіў баль Абнэру і людзям яго, што прыйшлі з ім.
І сказаў Аўнір Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да спадара свайго караля ўвесь люд Ізраельскі; і яны зробяць змову з табою, і будзеш караляваць над усімі, як жадае душа твая». І паслаў Давід Аўніра, і ён пайшоў у супакою.
І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану, каб сабраць у цябе, гаспадара майго, цара, увесь Ізраэль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І калі адпусціў Давід Абнэра і ён пайшоў у супакоі;
І вось, слугі Давідавы а Ёаў прышлі з аддзелу, і здабытку шмат із сабою прынесьлі; яле Аўніра ўжо ня было з Давідам у Гэўроне, бо паслаў яго, і ён пайшоў у супакою.
паслугачы Давіда і Ёаб вярталіся з паходу з вялікай здабычаю. А Абнэра не было разам з Давідам у Геброне, бо Давід ужо адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі,
І Ёаў і ўсе войска, што зь ім, прышлі, і Ёаву паведалі, кажучы: «Прыходзіў Аўнір Ніранок да караля, і тый паслаў яго, і ён пайшоў у супакою».
і Ёаб і ўсё войска, якое было з ім, вярнуліся потым. Дык паведамілі Ёабу, расказваючы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да цара, і ён адпусціў яго, і ён пайшоў у супакоі».
І прышоў Ёаў да караля, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыходзіў да цябе Аўнір, чаму ты паслаў яго, і ён свабодна пайшоў?
І прыйшоў Ёаб да цара, і сказаў яму: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр; чаму ты адпусціў яго і ён адышоў у супакоі?
Ты знаеш Аўніра Ніранка; ён прыходзіў ашукаць цябе, даведацца выхад твой і ўход твой, і ўзьведаць усе, што ты робіш».
Ці ты не ведаеш Абнэра, сына Нэра? Напэўна, дзеля таго прыйшоў ён, каб падмануць цябе і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца пра ўсё, што ты робіш».
І вышаў Ёаў ад Давіда, і паслаў ганцоў за Аўніром, і зьвярнулі яны яго ад студні Сыра, а Давід ня ведаў.
І, выйшаўшы ад Давіда, Ёаб паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіра, а Давід не ведаў пра гэта.
І зьвярнуўся Аўнір да Гэўрону, і Ёаў адвёў яго да сярэдзіны брамы, каб пагутарыць ізь ім цішком, і там выцяў яго пад пятую скабу. І памер за кроў Асагэла, брата ягонага.
І калі вярнуўся Абнэр у Геброн, Ёаб адвёў яго асобна да сярэдзіны брамы быццам з ім тайна пагаварыць і ўдарыў яго там у жывот, і памёр ён у адплату за кроў Асаэля, брата Ёаба.
І пачуў потым Давід, і сказаў: «Нявінны я а гаспадарства мае навекі перад СПАДАРОМ у крыві Аўніра Ніранка.
Калі пра гэтую справу, што ўжо адбылася, пачуў Давід, ён сказаў: «Не вінаваты ані я, ані царства маё на векі перад Госпадам за кроў Абнэра, сына Нэра;
Хай падзець яна на галаву Ёава а на ўвесь дом айца ягонага; хай ня выкараніцца ў доме Ёававым маючы вытак, альбо пракажаны, альбо што апіраецца на кій, альбо валіцца ад мяча, альбо патрабуючы хлеба».
і няхай спадзе яна на галаву Ёаба і на ўвесь дом бацькі яго; хай заўсёды будзе ў доме Ёаба хворы на выцёкі, пракажоны і той, хто ходзіць з кіём, забіты ад меча і той, хто просіць хлеба».
Ёаў жа а брат ягоны Авішай забілі Аўніра за тое, што ён зрабіў сьмерць брату іхнаму Асагэлу ў Ґівеоне ў часе вайны.
Так Ёаб і брат яго Абісай забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іх, у Габаоне ў час бою.
І сказаў Давід Ёаву а ўсім людзём, што былі зь ім: «Разьдзярыце адзецьці свае, і паперажыцеся зрэб’ям, і плачча па Аўніру». І кароль Давід ішоў за марамі.
А Давід сказаў Ёабу і ўсяму народу, які быў з ім: «Раздзярыце адзенне ваша, і адзеньцеся ў зрэбніцы, і лямантуйце на пахаванні Абнэра». А цар Давід ішоў за пахавальнымі насілкамі.
І пахавалі Аўніра ў Гэўроне, і ўзьняў кароль голас свой, і плакаў над гробам Аўніровым; плакаў і ўвесь люд.
І калі Абнэра хавалі ў Геброне, цар Давід загаласіў і заплакаў над магілай Абнэра; а плакаў таксама і ўвесь народ.
І галасіў кароль па Аўніру, і сказаў: «Ці так меў памерці Аўнір, як памірае дурны?
І плакаў цар, і галасіў дзеля Абнэра, кажучы: «Няўжо Абнэр павінен быў памерці так, як звычайна паміраюць неразважныя?
Рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў зялезьзю, і ты паў, як падаюць ад нягодных». І ўвесь люд далей плакаў па ім.
Рукі твае не былі звязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы; але ты загінуў, як звычайна гінуць ад сыноў злачыннасці». І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.
І прышоў увесь люд сіліць Давіду хлеба, як яшчэ быў дзень; і прысяг Давід, кажучы: «Тое а тое хай зробе з імною Бог, і яшчэ болей зробе, калі я да заходу сонца паспытаюся хлеба альбо чаго-колечы».
І калі прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ ясны дзень, пакляўся Давід, кажучы: «Хай гэта зробіць мне Бог, і яшчэ гэта дадасць, калі я перад захадам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».
І ўвесь люд зацеміў гэта, і ўпадабаў гэта, як і ўсе, што рабіў кароль, было добра ў вачох усяго люду.
І ўвесь народ чуў гэта; і спадабалася гэта яму, як і ўсё, што рабіў цар, было добрым у вачах усяго народа.
І пазнаў увесь люд а ўвесь Ізраель таго дня, што не ад караля сталася забіцьцё Аўніра Ніранка.
І пераканаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраэль у той дзень, што не цар зрабіў так, каб Абнэр, сын Нэра, быў забіты.
І сказаў кароль слугам сваім: «Ці ня ведаеце, што князь а вялікі муж паў сядні ў Ізраелю?
Таксама сказаў цар паслугачам сваім: «Ці ж вы не ведаеце, што сёння ўпаў кіраўнік і найвялікшы муж у Ізраэлі?
Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны за караля, а гэтыя людзі Цэруёнкі дужшыя за мяне; хай жа заплаце СПАДАР дзеючаму ліха подле ліхасьці яго!»
А я яшчэ кволы, хоць і памазаны на цара, а гэтыя людзі, сыны Сэруі, мацнейшыя за мяне. Хай адплаціць Госпад злачынцу паводле ліхоты яго».