2 царстваў 4 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пачуў Саўлянок, што памер Аўнір у Гэўроне, і замлелі рукі ягоныя, і ўвесь Ізраель быў спалохаўшыся.
 
І пачуў Ісбаал, сын Саўла, што памёр Абнэр у Геброне, і самлелі рукі ў яго, і ўвесь Ізраэль устрывожыўся.

У Саўлянка былі два вайводцы: імя аднаго — Ваана, імя другога — Рыхаў, сыны Рымона Веерофяніна, з патомкаў Веняміновых; бо й Веероф залічылі да Веняміну.
 
А сын Саўла меў двух кіраўнікоў войска: адзін меў імя Баана, а імя другога — Рэхаб, сыны Рэмона з Бэрота, з сыноў Бэньяміна; бо і Бэрот прылічалі да Бэньяміна;

І ўцяклі Веерофяне да Ґіфаіму, і засталіся там прыходнымі дагэтуль.
 
жыхары Бэрота ўцяклі ў Гет-Таім і жылі там чужынцамі аж па сённяшні дзень.

У Ёнафана Саўлянка быў сын кульгавы. Пяць год было яму, як прышла ведамка праз Саўлу а Ёнафана з Ізрэелю, і нянька панесла яго і ўцякала. І як яна барзьдзіла, уцякаючы, то ён упаў і стаў кульгавы. Імя ягонае Мефівошэф.
 
А Ёнатан, сын Саўла, меў кульгавага сына. Бо ён меў пяць гадоў, калі надышла вестка пра Саўла і Ёнатана з Езрагэля, і нянька яго, схапіўшы яго, уцякла; і калі яна паспешна ўцякала, ён упаў і скалечыўся, і называўся ён Мэрыбаал.

І пайшлі сыны Рымона Веерофяніна, Рыхаў а Ваана, і прышлі ў самую гарачыню дня да дому Ішбошэфавага, а ён спаў на пасьцелі паўднём.
 
І пайшлі сыны Рэмона з Бэрота: Рэхаб і Баана, і ўвайшлі ў спякоту дня ў дом Ісбаала, які спаў на сваім ложку апоўдні.

І вось, яны прышлі да нутра дому, каб узяць пшонкі; і выцялі яго ў пятую скабу; і Рыхаў а Ваана, брат ягоны, уцяклі.
 
І ўвайшлі Рэхаб і Баана, брат яго, у сярэдзіну дома, і ўдарылі яго ў жывот, і ўцяклі.

І ўвыйшлі ў дом, і вось, ён ляжыць на пасьцелі сваёй у спальным пакою сваім; і яны выцялі яго, і зрабілі яму сьмерць, і адцялі галаву ягоную, і ўзялі галаву ягоную із сабою, і йшлі пустыннай дарогаю ўсю ноч.
 
А калі яны ўвайшлі ў дом, ён спаў на ложку сваім у спальні; і яны ўдарылі яго, і забілі, і, адрэзаўшы галаву яго, ішлі ўсю ноч дарогай Арабы.

І прынесьлі галаву Ішбошэфаву да Давіда да Гэўрону, і сказалі каралю: «Во галава Ішбошэфа Саўлянка, непрыяцеля твайго, што шукаў душы твае; і даў СПАДАР сядні спадару майму, каралю, помсту над Саўлам а патомствам ягоным».
 
І прынеслі яны галаву Ісбаала Давіду ў Геброн і сказалі цару: «Вось галава Ісбаала, сына Саўла, ворага твайго, які цікаваў на жыццё тваё, і даў Госпад сёння гаспадару нашаму, цару, адпомсціць Саўлу і нашчадкам яго».

І адказаў Давід Рыхаву а Ваане, брату ягонаму, сыном Рымона Веерофяніна, і сказаў ім: «Жыў СПАДАР, што выбавіў душу маю ад усялякага няшчасьця!»
 
А ў адказ Рэхабу і Баане, брату яго, сынам Рэмона з Бэрота, сказаў Давід: «Жыве Госпад, Які вызваліў душу маю ад усякае бяды,

Бо калі таго, хто наказаў імне, кажучы: «Вось, памер Саўла», — і ён быў у сваім собскім аччу, як пасланец, што прыносе добрыя навіны, — я схапіў і забіў яго ў Цыклазе, замест таго, каб даць яму надгароду за дабравесьць;
 
бо таго, хто паведаміў мне і сказаў: “Саўл памёр”, думаючы, што гаворыць мне радасную вестку, я схапіў і забіў у Сікэлазе, замест таго, каб даць яму ўзнагароду за вестку;

Дык пагатове, калі благія людзі забілі справядлівага чалавека ў ягоным собскім доме, на ягонай пасьцелі, нягож я не спаганю крыві ягонае ад рукі вашае і не аддалю вас ізь зямлі?»
 
тым больш цяпер, калі ліхія людзі забілі нявіннага чалавека ў доме яго на яго ложку, няўжо не павінен я спагнаць за кроў яго з рук вашых і знішчыць вас з зямлі?»

І расказаў Давід дзяцюком, і забілі іх, і адцялі ім рукі а ногі, і павесілі іх ля ставу ў Гэўроне. А галаву Ішбошэфаву ўзялі й пахавалі ў гробе Аўніровым у Гэўроне.
 
І даў загад Давід паслугачам, і яны забілі іх; і, адсекшы іх рукі і ногі, павесілі іх каля вадаёма ў Геброне. А галаву Ісбаала занеслі і пахавалі ў магіле Абнэра ў Геброне.