2 царстваў 4 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пачуў сын Саўла, што памёр Абнэр у Хеўроне, і самлелі рукі ягоныя, і ўвесь Ізраіль стрывожыўся.
 
І пачуў Ісбаал, сын Саўла, што памёр Абнэр у Геброне, і самлелі рукі ў яго, і ўвесь Ізраэль устрывожыўся.

Сын Саўла меў двух начальнікаў войска, адзін меў імя Баана, а імя другога — Рэхаў, сыны Рымона з Бээроту, з сыноў Бэн’яміна, бо Бээрот залічалі да Бэн’яміна.
 
А сын Саўла меў двух кіраўнікоў войска: адзін меў імя Баана, а імя другога — Рэхаб, сыны Рэмона з Бэрота, з сыноў Бэньяміна; бо і Бэрот прылічалі да Бэньяміна;

А жыхары Бээроту ўцяклі ў Гіттаім і [жывуць] там прыхаднямі аж па сёньняшні дзень.
 
жыхары Бэрота ўцяклі ў Гет-Таім і жылі там чужынцамі аж па сённяшні дзень.

А Ёнатан, сын Саўла, меў кульгавага сына. Бо калі ён меў пяць гадоў, надыйшла вестка з Езрээлю пра Саўла і Ёнатана, і нянька ягоная схапіла яго, і ўцякла. І калі яна пасьпешліва ўцякала, ён упаў і скалечыўся. А імя ягонае — Мэфібашэт.
 
А Ёнатан, сын Саўла, меў кульгавага сына. Бо ён меў пяць гадоў, калі надышла вестка пра Саўла і Ёнатана з Езрагэля, і нянька яго, схапіўшы яго, уцякла; і калі яна паспешна ўцякала, ён упаў і скалечыўся, і называўся ён Мэрыбаал.

І пайшлі сыны Рымона з Бээроту, Рэхаў і Баана, і ўвайшлі ў сьпякоту дня ў дом Ішбашэта, і ён спаў у [сьпякоту] дня.
 
І пайшлі сыны Рэмона з Бэрота: Рэхаб і Баана, і ўвайшлі ў спякоту дня ў дом Ісбаала, які спаў на сваім ложку апоўдні.

І ўвайшлі Рэхаў і Баана, брат ягоны, у сярэдзіну дома, [нібы] ўзяць пшаніцы; і ўдарылі [Ішбашэта] пад рэбры, і ўцяклі.
 
І ўвайшлі Рэхаб і Баана, брат яго, у сярэдзіну дома, і ўдарылі яго ў жывот, і ўцяклі.

І яны ўвайшлі ў дом, а ён спаў на ложку сваім у спальні сваёй. І яны ўдарылі яго, і забілі, і адсеклі галаву ягоную, і ішлі ўсю ноч дарогай Арабы.
 
А калі яны ўвайшлі ў дом, ён спаў на ложку сваім у спальні; і яны ўдарылі яго, і забілі, і, адрэзаўшы галаву яго, ішлі ўсю ноч дарогай Арабы.

І прынесьлі яны галаву Ішбашэта Давіду ў Хеўрон, і сказалі валадару: «Вось галава Ішбашэта, сына Саўла, ворага твайго, які цікаваў на душу тваю. І даў ГОСПАД гаспадару нашаму, валадару, адпомсьціць сёньня Саўлу і насеньню ягонаму».
 
І прынеслі яны галаву Ісбаала Давіду ў Геброн і сказалі цару: «Вось галава Ісбаала, сына Саўла, ворага твайго, які цікаваў на жыццё тваё, і даў Госпад сёння гаспадару нашаму, цару, адпомсціць Саўлу і нашчадкам яго».

І адказаў Давід Рэхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рымона з Бээроту, і сказаў ім: «Як жывы ГОСПАД, Які вызваліў душу маю з усякага ўціску.
 
А ў адказ Рэхабу і Баане, брату яго, сынам Рэмона з Бэрота, сказаў Давід: «Жыве Госпад, Які вызваліў душу маю ад усякае бяды,

Калі таго, хто паведаміў мне, кажучы: “Вось, Саўл памёр”, і быў ён дабравесьнікам у вачах сваіх, я схапіў і забіў у Цыклягу, і ня даў яму нагароду,
 
бо таго, хто паведаміў мне і сказаў: “Саўл памёр”, думаючы, што гаворыць мне радасную вестку, я схапіў і забіў у Сікэлазе, замест таго, каб даць яму ўзнагароду за вестку;

тым больш цяпер, калі ліхія людзі забілі праведнага чалавека ў доме ягоным на ложку ягоным. Няўжо я ня буду шукаць кроў ягоную на руках вашых і ня зьнішчу вас з зямлі?»
 
тым больш цяпер, калі ліхія людзі забілі нявіннага чалавека ў доме яго на яго ложку, няўжо не павінен я спагнаць за кроў яго з рук вашых і знішчыць вас з зямлі?»

І загадаў Давід юнакам, і яны забілі іх, і адсеклі рукі іхнія і ногі іхнія, і павесілі іх каля сажалкі ў Хеўроне. А галаву Ішбашэта занесьлі і пахавалі ў магіле Абнэра ў Хеўроне.
 
І даў загад Давід паслугачам, і яны забілі іх; і, адсекшы іх рукі і ногі, павесілі іх каля вадаёма ў Геброне. А галаву Ісбаала занеслі і пахавалі ў магіле Абнэра ў Геброне.