2 царстваў 8 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Пасьля гэтага Давід разьбіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Давід Мэтэг-Гаама з рук Філістымлянаў.
 
Сталася ж па гэтых падзеях, што Давід разбіў філістынцаў і змусіў іх падпарадкавацца яму; і ўзяў Давід з рук філістынцаў Гет і гарады яго.

І разьбіў Маавіцянаў і зьмерыў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; і адмерыў дзьве вяроўкі на забіваньне, і адну вяроўку на пакіданьне жывым. І зрабіліся Маавіцяне ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну.
 
І разбіў ён маабцаў, і змераў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; дзве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, якія мелі застацца жывымі; і сталася, што маабцы зрабіліся нявольнікамі Давіда, і прыносілі яму даніну.

І разьбіў Давід Адраазара, сына Рэховага, цара Суўскага, калі той ішоў, каб аднавіць сваё валадараньне каля ракі Еўфрат;
 
І пабіў таксама Давід Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы, калі той пайшоў, каб аднавіць валадаранне сваё над ракой Эўфрат.

і ўзяў Давід у яго тысячу сямсот вершнікаў і дваццаць тысяч чалавек пешых, і падрэзаў Давід жылы ва ўсіх коней калясьнічных, пакінуўшы зь іх на сто калясьніц.
 
І Давід, узяўшы ў яго тысячу семсот коннікаў і дваццаць тысяч пяхоты, падрэзаў сухажыллі ва ўсіх коней калясніц; а сабе пакінуў з іх сто калясніц.

І прыйшлі Сірыйцы Дамаскія на дапамогу да Адраазара, цара Суўскага; але Давід разьбіў дваццаць дзьве тысячы чалавек Сірыйцаў.
 
А калі Арам з Дамаска прыйшоў, каб прынесці дапамогу Ададэзэру, цару Собы, Давід пабіў у Арама дваццаць дзве тысячы чалавек,

І паставіў Давід ахоўныя войскі ў Сірыі Дамаскай, і сталі Сірыйцы ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну. І захоўваў Гасподзь Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
 
і паставіў Давід гарнізоны ў Араме Дамаска; і Арам быў падпарадкаваны Давіду і прыносіў яму даніну. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.

І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.
 
І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі паслугачы Ададэзэра, і прынёс яе ў Ерузалім;

А ў Бэце і ў Бэроце, гарадах Адраазаравых, узяў цар Давід вельмі многа медзі.
 
і з гарадоў Ададэзэра Тэбаха і Бэратая ўзяў цар Давід вельмі шмат медзі.

І пачуў Той, цар Імата, што Давід разьбіў усё войска Адраазарава,
 
А пачуў цар Эмата Той, што Давід перамог усё войска Ададэзэра,

і паслаў Той Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і разьбіў яго; бо Адраазар вёў войны з Тоем. А ў руках у Ёрама быў посуд срэбны, залаты і медны.
 
і паслаў Той сына свайго Адарама да цара Давіда, каб прывітаць Яго, прыносячы віншаванні, і падзякаваць яму, што ваяваў з Ададэзэрам і пабіў яго; бо ворагам быў Той Ададэзэру. І прывёз падарункі Адарам: посуд срэбраны і посуд залаты, а таксама посуд медны,

Іх таксама прысьвяціў цар Давід Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў:
 
якія цар Давід асвяціў для Госпада разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён ва ўсіх упакораных народаў:

у Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага,
 
у Арама, маабцаў, сыноў Амона, філістынцаў, амалекцаў, і з рук Ададэзэра, сына Рагоба, цара Собы.

І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.
 
Таксама праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў эдомцаў у Саляным лагу, забіўшы васемнаццаць тысяч чалавек.

І паставіў ён ахоўныя войскі ў Ідумэі; па ўсёй Ідумэі паставіў ахоўныя войскі, і ўсе Ідумэяне былі рабамі Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.
 
І паставіў ён у Эдоме гарнізоны, і ўвесь Эдом стаў нявольнікам Давіда. І Госпад дапамагаў Давіду ва ўсім, што ён рабіў.

І цараваў Давід над усім Ізраілем, і тварыў Давід суд і праўду над усім народам сваім.
 
І Давід цараваў над усім Ізраэлем, таксама Давід спраўляў суд і справядлівасць над усім сваім народам.

А Ёаў, сын Саруі, быў правадыром войска; і Ёсафат, сын Ахілудаў — дзеяпісальнікам;
 
А Ёаб, сын Сэруі, быў над войскам, а Язафат, сын Ахілуда, быў загадчыкам,

Садок, сын Ахітуваў, і Ахімэлэх, сын Авіятараў, — сьвятарамі, Сэрая — пісцом;
 
і Садок, сын Ахітуба, і Абіятар, сын Ахімэлеха, былі святарамі, і Сарая — быў пісарам.

і Ванэя, сын Ёдая — начальнікам над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, і сыны Давіда — першымі пры двары.
 
А Баная, сын Ёяды, быў над херэтамі і фелетамі; а сыны Давіда былі падручнымі цара.