2 царстваў 21 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Быў голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год у год. І спытаўся Давід у Госпада. І сказаў Гасподзь: гэта праз Саўла і крыважэрны дом ягоны, за тое, што ён забіў Гавааніцянаў.
 
Панаваў жа голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год за годам. І раіўся Давід з Госпадам, і Госпад сказаў: «Над Саўлам і над яго домам — кроў, бо ён забіў габаонцаў».

Тады цар паклікаў Гавааніцянаў і гаварыў зь імі. Гавааніцяне былі ня з сыноў Ізраілевых, а з рэштак Амарэяў; а Ізраільцяне далі ім прысягу, але Саўл хацеў іх зьнішчыць з рэўнасьці сваёй да нашчадкаў Ізраіля і Юды.
 
Дык, сабраўшы габаонцаў, сказаў ім цар — габаонцы не былі з сыноў Ізраэля, але з астаткаў амарэяў; а сыны Ізраэля прысягнулі ім, але Саўл пажадаў знішчыць іх з рэўнасці сваёй дзеля сыноў Ізраэля і Юды, —

І сказаў Гавааніцянам: што мне зрабіць вам і чым прымірыць вас, каб вы дабраславілі спадчыну Гасподнюю?
 
сказаў Давід габаонцам: «Што я павінен вам зрабіць? І чым вас уласкавіць, каб вы дабраславілі спадчыну Госпада?»

І сказалі яму Гавааніцяне: ня трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла, альбо ад дома ягонага, і ня трэба нам, каб забілі каго ў Ізраілі. Ён сказаў: чаго ж вы хочаце? я зраблю вам.
 
І габаонцы сказалі яму: «Не трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла або ад дому яго; і не трэба нам, каб быў забіты чалавек з Ізраэля». Сказаў ім цар: «Што вы толькі скажаце, я зраблю вам».

І сказалі яны цару: таго чалавека, які губіў нас і хацеў зьнішчыць нас, каб ня было нас ні ў адной з частак Ізраіля,
 
Сказалі яны цару: «З сыноў таго чалавека, які нас нішчыў і меў намер загубіць нас так, каб не засталося нікога з нас ва ўсіх межах Ізраэля,

зь ягоных нашчадкаў выдай нам сем чалавек, і мы павесім іх прад Госпадам у Гіве Саўла, выбранага Госпадам. І сказаў цар: я выдам.
 
хай будуць дадзены нам сем чалавек, і мы іх павесім на шыбеніцах перад Госпадам у Габаоне на гары Госпада». І цар сказаў: «Я дам».

Але пашкадаваў цар Мэмфівастэя, сына Ёнатана, сына Саўлавага, дзеля прысягі імем Гасподнім, якая была паміж імі, паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўлавым.
 
Але пашкадаваў цар Мэрыбаала, сына Ёнатана, сына Саўла, дзеля прысягі Госпаду, што была між Давідам і сынам Саўла Ёнатанам.

І ўзяў цар двух сыноў Рыцпы, дачкі Айя, якая нарадзіла Саўлу Армона і Мэмфівастэя, і пяць сыноў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, якіх яна нарадзіла Адрыэлу, сыну Вэрзэлія з Мэлхолы,
 
Дык узяў цар двух сыноў Рэспы, дачкі Аі, якіх бацькам быў Саўл, Армона і Мэрыбаала, і пяць сыноў Мэраб, дачкі Саўла, якіх бацькам быў Гадрыэль, сын Барзэлая з Малаці,

і аддаў іх у рукі Гавааніцянаў, і яны павесілі іх на гары прад Госпадам. І загінулі ўсе сем разам; яны забітыя ў першыя дні жніва, у пачатку жніва ячменю.
 
і аддаў іх Давід у рукі габаонцаў, якія павесілі іх на гары перад Госпадам. І загінулі гэтыя сямёра разам, забітыя ў першыя дні жніва, на пачатку жніва ячменю.

Тады Рыцпа, дачка Айя, узяла вярэту і паслала сабе на той гары, і сядзела яна ад пачатку жніва і да таго часу, пакуль не паліліся на іх воды Божыя зь неба, і не дазваляла кранаць іх птушкам нябесным удзень і зьвярам польным уначы.
 
А Рэспа, дачка Аі, узяўшы зрэбніцу, разаслала яе на камені, і сядзела там ад пачатку жніва аж пакуль не пайшоў на яе дождж з неба, і не дазваляла нападаць на іх птушкам паднебным удзень і звярам палявым ноччу.

І данесьлі Давіду, што зрабіла Рыцпа, дачка Айя, наложніца Саўлавая.
 
І было паведамлена Давіду аб тым, што рабіла Рэспа, дачка Аі, наложніца Саўла.

І пайшоў Давід і ўзяў косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага, у жыхароў Явіса Галаадскага, якія тайна ўзялі іх з пляца Бэт-Сана, дзе яны былі павешаны Філістымлянамі, калі забілі Філістымляне Саўла на Гэлвуе.
 
І выправіўся Давід, і забраў ад жыхароў Явіса ў Галаадзе косці Саўла і косці Ёнатана, сына яго, якія [тыя] здабылі патаемна з плошчы ў Бэтсане, дзе іх павесілі філістынцы, калі забілі Саўла ў Гэльбоэ.

І перанёс ён адтуль косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага; і сабралі косьці павешаных.
 
І перанёс ён адтуль косці Саўла і косці Ёнатана, сына яго; і, сабраўшы косці павешаных,

І пахавалі косьці Саўла і Ёнатана, сына Ягонага, у зямлі Веньямінавай, у Цэла, у магіле Кіса, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў цар. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны пасьля таго.
 
яны пахавалі іх, і косці Саўла і Ёнатана, сына яго, у зямлі Бэньяміна ў Сэлі, у магіле Кіса, бацькі яго. І зрабілі ўсё, што загадаў цар; і быў праслаўлены Бог на той зямлі па гэтым.

І пачалася зноў вайна паміж Філістымлянамі і Ізраільцянамі. І выйшаў Давід і слугі ягоныя зь ім, і ваявалі зь Філістымлянамі; і Давід стаміўся.
 
А зноў пачалася вайна філістынцаў супраць ізраэльцаў, і пайшлі Давід і паслугачы яго з ім, і ваявалі з філістынцамі, і Давід адчуў сябе змучаным.

Тады Есьвій, адзін з нашчадкаў Рэфаімаў, у якога дзіда была вагою ў трыста сікляў медзі і які аперазаны быў новым мечам, хацеў забіць Давіда.
 
І Есбібэноб, які быў з нашчадкаў Рэфы, — жалеза дзіды якога важыла трыста сікляў і падперазаны ён быў новым мечам, — хацеў забіць Давіда.

Але яму дапамог Авэса, і забіў Філістымляніна і аддаў сьмерці яго. Тады людзі Давідавыя прысягнулі, кажучы: ня выйдзеш ты болей з намі на вайну, каб не пагасла сьвяцільня Ізраіля.
 
Але Абісай, сын Сэруі, прыйшоў яму на дапамогу, і ўдарыў філістынца, і забіў яго. Тады людзі Давіда пакляліся, кажучы: «Ужо больш не пойдзеш з намі ваяваць, каб не патушыць светач Ізраэля».

Потым зноў была вайна зь Філістымлянамі ў Гобе; тады Савахай Хушацянін забіў Сафута, аднаго з нашчадкаў Рэфаімавых.
 
І зноў пачалася вайна ў Гобе супраць філістынцаў; тады Сабахай з Гусы забіў Сапу з роду Рэфы.

Была і другая бітва ў Гобе; тады забіў Элханан, сын Ягарэ-Аргіма Віфляемскага, Галіята Гэцяніна, у якога тронка дзіды была, як ткацкі навой.
 
І яшчэ была вайна супраць філістынцаў у Гобе, у якой Эльханан, сын Яіра з Бэтлехэма, забіў брата Галіята з Гета, у якога цаўё дзіды было быццам навой ткацкі.

Была яшчэ бітва ў Гэце; і быў там адзін чалавек рослы, які меў па шасьці пальцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з нашчадкаў Рэфаімаў,
 
І была яшчэ вайна ў Геце, у якой велізарны чалавек, які меў па шэсць пальцаў на кожнай руцэ і на кожнай назе, гэта значыць дваццаць чатыры пальцы, — і ён таксама быў з роду Рэфы —

і ён бэсьціў Ізраільцянаў; але яго забіў Ёнатан, сын Сафая, брата Давідавага.
 
зневажаў Ізраэль; а забіў яго Ёнатан, сын Самы, брата Давіда.

Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Гэце, і яны загінулі ад рукі Давіда і слуг ягоных.
 
Гэтыя чатыры чалавекі былі з роду Рэфы з Гета, і яны загінулі ад рукі Давіда і паслугачоў яго.