Выхад 12 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай, кажучы:
 
Сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай:

месяц гэты хай будзе ў вас пачаткам месяцаў, першым хай будзе ён у вас паміж месяцамі года.
 
«Месяц гэты будзе ў вас пачаткам месяцаў, будзе ён першым сярод месяцаў года.

Скажэце ўсяму супольству Ізраілеваму: у дзясяты дзень гэтага месяца няхай возьме кожны адно ягня па сем’ях, па ягняці на сямейства;
 
Гаварыце ўсяму сходу сыноў Ізраэля і скажыце ім: “У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягня на кожную сям’ю і на дом свой.

а калі сям’я такая малая, што ня зьесьць ягняці, дык няхай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, па ліку душ: паводле той меры, колькі кожны зьесьць, палічэцеся на ягня.
 
А калі лік сям’і будзе замалы для спажыцця ягняці, хай возьме суседа свайго, што далучаны да дому [сям’і], паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцця ягняці.

Ягня ў вас павінна быць бяз хібы, мужчынскага полу, аднагодак; вазьмеце яго ад авечак альбо ад коз,
 
І хай ягня будзе без заганы, самец гадавалы; вазьміце яго ад авечак альбо коз.

і няхай яно захоўваецца ў вас да чатырнаццатага дня гэтага месяца: тады хай заколе яго ўвесь сход грамады Ізраільскай увечары,
 
І захавайце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а ўвечары прынясе яго ў ахвяру ўся супольнасць сыноў Ізраэля.

і хай возьмуць ад крыві і памажуць на абодвух вушаках і на папярэчыне дзьвярэй у дамах, дзе будуць есьці яго;
 
І возьмуць крыві яго, і пакладуць яе на абодва вушакі і на вершнікі ў дамах, у якіх будуць яго спажываць;

няхай зьядуць мяса зь яго ў гэтую самую ноч, сьпечанае на агні, — з прэсным хлебам і з горкімі травамі няхай зьядуць яго;
 
і будуць есці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкім латукам.

ня ежце ад яго недапечанага, альбо гатаванага ў вадзе, а ежце сьпечанае на агні, галаву з нагамі і вантробамі;
 
Не спажывайце з яго нічога сырога, ані зваранага ў вадзе, але спажывайце толькі спечанае на агні; галаву з нагамі яго і нутром спажывайце.

не пакідайце ад яго да раніцы; а астатак яго да раніцы спалеце на агні.
 
Нічога з яго хай не застанецца да раніцы; калі што застанецца, спаліце на агні.

А ежце яго так: хай будзе паясьніца ваша перапяразана, абутак ваш на нагах вашых і кіі вашыя ў руках вашых, і ежце яго пасьпешліва: гэта — Пасха Гасподняя.
 
І так спажывайце яго: падперажыце паясніцы вашыя, майце абутак на нагах, трымаючы посахі ў руках, і ежце спешна: бо гэта ёсць Пасха Госпада (гэта значыць «выхад»)!

А Я гэтай самай ночы прайду па зямлі Егіпецкай, і паб’ю кожнага першынца ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да быдла, і над усімі божышчамі Егіпецкімі ўчыню суд. Я Гасподзь.
 
У тую ноч Я прайду па зямлі Егіпта і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да жывёлы; і правяду суд над усімі багамі Егіпта, Я — Госпад.

І будзе ў вас кроў знакам на дамах, дзе вы знаходзіцеся, і ўбачу кроў і прайду міма вас, і ня будзе сярод вас пошасьці згубнае, калі буду караць зямлю Егіпецкую.
 
І кроў будзе вам на пазначэнне дамоў, у якіх вы будзеце знаходзіцца; і калі ўбачу кроў, прайду міма вас, і не будзе на вас плягі згубнай, калі буду караць зямлю Егіпецкую.

І хай будзе вам дзень гэты незабыўны, і сьвяткуйце яго як сьвята Госпаду ва ўсе роды вашыя; як устанаўленьне вечнае свьяткуйце яго.
 
А дзень гэты стане вам памятным днём, і святкаваць яго будзеце як урачыстасць у гонар Госпада ў вашых пакаленнях як вечны звычай.

Сем дзён ежце прэсны хлеб; з самага першага дня зьнішчыце квашанае ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае зь першага дня да сёмага дня, душа тая зьнішчана будзе з асяродзьдзя Ізраіля.
 
Сем дзён будзеце есці толькі праснакі: ужо ў самы першы дзень не будзе рошчыны ў дамах вашых, бо хто б ні з’еў заквашанае ад першага дня да сёмага, знішчана будзе душа тая ад Ізраэля.

І ў першы дзень хай будзе ў вас сьвяты сход, і ў сёмы дзень сьвяты сход: ніякай працы нельга рабіць у гэтыя дні; толькі што есьці кожнаму, адно тое можна рабіць вам.
 
Першы дзень будзе сход святы і ўрачыстасць, і дзень сёмы будзе напоўнены той жа ўрачыстасцю. Ніякай работы не будзеце рабіць у тыя дні, за выключэннем той, што тычыцца ўжывання ежы.

пільнуйцеся праснакоў, бо ў гэты самы дзень Я вывеў рушэньне вашае зь зямлі Егіпецкай, і пільнуйцеся дня гэтага ў роды вашыя, як устанаўленьня вечнага.
 
І захоўвайце праснакі, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыну вашую з зямлі Егіпецкай; і захавайце гэты дзень у вашых пакаленнях як звычай вечны.

З чатырнаццатага дня першага месяца, зь вечара ежце прэсны хлеб да вечара дваццаць першага дня таго самага месяца;
 
Чатырнаццатага дня першага месяца ўвечары ежце праснакі; аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.

сем дзён не павінна быць закваскі ў дамах вашых, бо хто будзе есьці квашанае, душа тая вынішчана будзе з грамады Ізраілевай, прыхадзень гэта альбо прыродны жыхар зямлі той.
 
Сем дзён не знойдзецца ў вашых дамах ніякай рошчыны. Хто з’есць штосьці заквашанае, загіне душа яго паміж сходу Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.

Нічога квашанага ня ежце: усюды, дзе будзеце, ежце прэсны хлеб.
 
Нічога заквашанага не спажывайце; ва ўсіх дамах вашых ежце праснакі”».

І склікаў Майсей усіх старэйшынаў Ізраілевых і казаў ім: выберыце і вазьмеце сабе ягнят па сем’ях вашых і закалеце паску;
 
І паклікаў Майсей усіх старэйшын сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Ідзіце, узяўшы жывёлу для вашых сем’яў, і прынясіце ў ахвяру пасхальнае ягня.

і вазьмеце пучок ізопу, і абмачэце ў кроў, якая ў посудзе, і памажце папярэчыну і абодва вушакі дзьвярэй крывёю, якая ў посудзе: а вы ніхто ня выходзьце за дзьверы дома свайго да раніцы.
 
І намачыце пучок гізопу ў крыві, што знаходзіцца ў місе, і пакрапіце з яе вершнік і абодва вушакі. Аж да раніцы хай ніхто з вас не выходзіць за дзверы дома свайго,

І пойдзе Гасподзь караць Егіпет, і ўбачыць кроў на папярэчыне і на абодвух вушаках, і пройдзе Гасподзь міма дзьвярэй, і не дапусьціць згубцу ўвайсьці ў дамы вашыя дзеля кары.
 
бо Госпад будзе праходзіць, удараючы егіпцян; і, калі ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, то абміне Ён такія дзверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсці ў вашы дамы і нашкодзіць.

Трымайцеся гэтага, як закону сабе і сынам вашым вечна.
 
Захавайце слова гэтае праўдзівае ў сябе і ў дзяцей сваіх навек.

Калі ўвойдзеце ў зямлю, якую Гасподзь дасьць вам, як Ён казаў, захоўвайце гэта служэньне.
 
І калі ўвойдзеце ў зямлю, якую дасць вам Госпад, як паабяцаў, трымайцеся гэтых звычаяў;

І калі скажуць вам дзеці вашыя: што гэта за служэньне?
 
і калі вас запытаюць дзеці вашы: “Што гэта за святы звычай?”,

скажэце: гэта пасхальная ахвяра Госпаду, Які прайшоў міма дамоў сыноў Ізраілевых у Егіпце, калі караў Егіпцянаў, і дамы нашыя выбавіў. І схіліўся народ і пакланіўся.
 
вы скажаце ім: “Гэта ахвяра Пасхі ў гонар Госпада, Які ў Егіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля; егіпцян пазабіваў, а дамы нашыя збавіў”». І пачаў маліцца народ, пакланіўшыся,

І пайшлі сыны Ізраілевыя і зрабілі: як сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.
 
і, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону.

Апоўначы Гасподзь пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, ад першынца фараона, які сядзеў на троне сваім, да першынца вязьня, які быў у цямніцы, і ўсё першароднае з жывёлы.
 
І апоўначы здарылася: Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзеў на троне, аж да першароднага вязня, які сядзеў у вязніцы, і ўсё першароднае жывёлы.

І ўстаў фараон уначы сам і ўсе рабы ягоныя і ўвесь Егіпет; і пачаўся вялікі енк у зямлі Егіпецкай, бо ня было дома, дзе ня было б мёртвага.
 
І ўстаў ноччу фараон, і ўсе паслугачы яго, і ўвесь Егіпет, і падняўся вялікі лямант у Егіпце, бо не было дома, у якім не было б нябожчыка.

І паклікаў Майсея і Аарона ўначы і сказаў: устаньце, выйдзіце з асяродзьдзя народу майго, як вы, так і сыны Ізраілевыя, і ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, як казалі вы;
 
І, паклікаўшы ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце, выходзьце ад народа майго, — вы і сыны Ізраэля; ідзіце і ахвяруйце Госпаду, як вы кажаце.

і дробнае і буйное быдла ваша вазьмеце, як вы казалі; і ідзеце і дабраславеце мяне.
 
Бярыце авечак вашых і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне».

і пануквалі Егіпцяне народ, каб хутчэй выслаць яго зь зямлі той; бо казалі яны: мы ўсе памрэм.
 
І егіпцяне настойвалі, каб народ хутчэй выходзіў з зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем».

І панёс народ цеста сваё, перш чым яно закісла; рошчына іхняя, завязаная ў вопратцы іхняй, была на плячах іхніх.
 
Такім чынам, узяў народ прасеяную муку — да таго, як яна будзе заквашанай; і, звязваючы дзежы ў адзенне сваё, узняў ён іх на плечы свае.

І зрабілі сыны Ізраілевыя паводле слова Майсеевага і прасілі ў Егіпцянаў рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі.
 
І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Майсей, і пазычылі ў егіпцян посуд срэбраны і залаты і мноства адзення.

А Гасподзь даў ласку народу ў вачах Егіпцянаў: і яны давалі яму, і абабраў ён Егіпцянаў.
 
І Госпад даў ласку ў вачах егіпцян для народа, так што яны ім пазычалі; і тыя абабралі егіпцян.

І выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса ў Сакхот да шасьцісот тысяч пешых мужчын, апрача дзяцей;
 
І рушылі сыны Ізраэлевы з Рамэсаса ў Сукот у ліку каля шасцісот тысяч пешых мужчын, акрамя дзяцей.

і мноства рознапляменных людзей выйшлі зь імі, і дробнае і буйное быдла, статак вельмі вялікі.
 
Але таксама безліч іншапляменнага народа ўзнялося з імі, авечкі і жывёла — зашмат жывых істот.

І сьпяклі яны зь цеста, якое вынесьлі зь Егіпта, праснакі, бо яно яшчэ ня скісла, таму што яны выгнаныя былі зь Егіпта і не маглі марудзіць і нават ежы не прыгатавалі сабе на дарогу.
 
Прыгатавалі яны муку, якую, прасеяную, раней узялі з Егіпта, і зрабілі праснакі — хлеб, спечаны ў попеле, бо не маглі яны заквасіць сабе цеста, бо егіпцяне прымушалі іх выйсці і не дазвалялі марудзіць; і не ўдалося ім зрабіць ніякай ежы.

А часу, які сыны Ізраілевыя жылі ў Егіпце, было чатырыста трыццаць гадоў.
 
А час знаходжання сыноў Ізраэля ў Егіпце склаў чатырыста трыццаць гадоў.

Як прайшло чатырыста трыццаць гадоў, у гэты самы дзень выйшла ўсё рушэньне Гасподняе зь зямлі Егіпецкай уначы.
 
У той самы дзень, калі яны прайшлі, выйшлі ўсе дружыны Госпада з зямлі Егіпецкай.

Гэта — ноч чуваньня Госпаду за вывад іх зь зямлі Егіпецкай; гэта самая ноч — чуваньне Госпаду ва ўсіх сыноў Ізраілевых у роды іхнія.
 
Гэта была для Госпада ноч пільнавання, калі Ён вывеў іх з зямлі Егіпта: усе сыны Ізраэля ў пакаленнях сваіх павінны шанаваць яе для Госпада.

І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вось статут Пасхі: ніякі іншапляменец не павінен есьці яе;
 
І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсць святы звычай: ніводзін чужынец не можа есці ад яго;

а кожны раб, куплены за срэбра, калі абрэжаш яго, можа есьці яе;
 
а ўсякі нявольнік, куплены за грошы, хай прыме абразанне і так хай спажывае;

пасяленец і найміт не павінен есьці яе.
 
чужынец і найміт хай не ядуць ад яго.

У адным доме трэба есьці яе, ня выносьце мяса прэч з дому і костак яе ня крышэце.
 
У адным доме хай спажываюць, і не выносьце на двор мяса яго, і не ламайце косці яго.

Уся грамада Ізраіля павінна ўчыняць яе.
 
Уся супольнасць сыноў Ізраэля захавае гэта.

А калі паселіцца ў цябе прыхадзень і захоча ўчыніць Пасху Госпаду, дык абрэж у яго ўсіх мужчынскага полу, і тады няхай ён пачне рабіць яе, і будзе як прыродны жыхар зямлі; а ніякі неабрэзаны не павінен есьці яе;
 
Калі хтось з чужынцаў пажадае перайсці ў пасяленне вашае і святкаваць Пасху Госпадаву, перш хай абрэжуць кожнага мужчынскага роду яго, а потым няхай святкуе па звычаі і будзе, як тутэйшы; а калі хто неабрэзаны, хай не спажывае ад яго.

адзін закон хай будзе і прыроднаму жыхару і прыхадню, які пасяліўся сярод вас.
 
Такі ж самы закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што лічацца ў вас іншаземцамі».

і зрабілі ўсё сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею і Аарону, так і зрабілі.
 
І ўсе сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону;

У гэты самы дзень Гасподзь вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай па рушэньнях іхніх.
 
і ў той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай па іх дружынах.