Выхад 10 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею: увайдзі да фараона, бо я абцяжарыў сэрца ягонае і сэрца рабоў ягоных, каб рабіць сярод іх гэтыя азнакі Мае,
 
І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона; бо Я зрабіў цвёрдым сэрца яго і паслугачоў яго, каб паказаць гэтыя знакі Свае пасярод іх

і каб ты расказаў сыну твайму і сыну сына твайго пра тое, што Я зрабіў у Егіпце, і пра азнакі Мае, якія Я паказаў у ім, і каб вы ведалі, што Я Гасподзь.
 
і каб ты распавядаў у вушы сына свайго і ўнукаў сваіх, колькі разоў Я мучыў егіпцян і паказваў ім знакі Свае; і каб ведалі вы, што Я — Госпад».

Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: ці доўга ты не ўпакорышся перад Мною? адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
 
Такім чынам, пайшлі Майсей і Аарон да фараона і сказалі яму: «Гэта кажа Госпад, Бог гебраяў: “Дакуль жа не жадаеш ты скарыцца Мне? Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне.

а калі ты не адпусьціш народу Майго, дык вось, заўтра Я навяду саранчу на твой край:
 
Калі ж будзеш працівіцца і не захочаш адпусціць яго, тады Я заўтра напушчу на зямлю тваю саранчу,

яна пакрые ўлоньне зямлі так, што нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць у вас, што засталося, ацалела ад граду; аб’есьць таксама ўсе дрэвы, якія растуць у вас у полі,
 
што пакрые паверхню зямлі, так што яе зусім не будзе відаць, і што з’есць усё, што засталося па градзе; бо знішчыць усе дрэвы, якія растуць на землях.

і напоўніць дамы твае, дамы ўсіх рабоў тваіх і дамы ўсіх Егіпцянаў, чаго ня бачылі бацькі твае, ні бацькі бацькоў тваіх з дня, як жывуць на зямлі, нават да гэтага дня. Майсей павярнуўся і выйшаў ад фараона.
 
І запоўніць яна ўсе дамы твае, і паслугачоў тваіх, і ўсіх егіпцян; такога не бачылі бацькі твае, і дзяды твае ад часу, калі нарадзіліся на зямлі, і да сённяшняга дня”». І павярнуўся, і выйшаў ад фараона.

Тады рабы фараонавыя сказалі яму: ці доўга ён будзе мучыць нас? адпусьці гэтых людзей, хай яны ўчыняць служэньне Госпаду, Богу свайму; няўжо ты яшчэ ня бачыш, што Егіпет гіне?
 
І сказалі паслугачы фараона яму: «Як доўга яшчэ будзем цярпець гэтае спатыкненне? Адпусці людзей, каб учынілі яны ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу свайму; ці не бачыш, што загіне Егіпет?»

І вярнулі Майсея і Аарона да фараона, і сказаў ім: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, Богу вашаму; хто ж і хто пойдзе?
 
І паклікалі зноў Майсея і Аарона да фараона, які сказаў ім: «Ідзіце, і ўчыніце ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу вашаму. Хто ж тыя, што пойдуць?»

І сказаў Майсей: пойдзем з малалеткамі нашымі і старымі нашымі, з сынамі і дочкамі нашымі, і з авечкамі нашымі і з валамі нашымі пойдзем, бо ў нас сьвята Госпаду.
 
Майсей сказаў: «Пойдзем мы з дзецьмі нашымі, і старымі, з сынамі і дочкамі, з авечкамі і валамі; бо для нас гэта — урачыстасць Госпада».

Сказаў ім: хай будзе так, Гасподзь з вамі! я гатовы адпусьціць вас: але навошта зь дзецьмі? бо ліха перад вамі!
 
І ён адказаў ім: «Так, хай будзе Госпад з вамі! Як жа я магу адпусціць вас з дзецьмі вашымі? Глядзіце, якія ліхія намеры вашы.

не: ідзеце адны мужчыны і ўчынеце служэньне Госпаду, бо вы гэтага прасілі. І выгналі іх ад фараона.
 
Так не будзе, але хай ідуць толькі мужчыны, і ўчыняйце ахвярапрынашэнне Госпаду; бо аб гэтым вы і самі папрасілі». І зараз жа выгналі іх з вачэй фараона.

Тады Гасподзь сказаў Майсею: працягні руку тваю на зямлю Егіпецкую, і хай нападзе саранча на зямлю Егіпецкую і паесьць усю траву зямную, усё, што ацалела ад граду.
 
І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над зямлёю Егіпецкай, каб прыйшла саранча і ўзышла на яе, і з’ела ўсю зеляніну, якая засталася па градзе».

І працягнуў Майсей посах свой на зямлю Егіпецкую, і Гасподзь навёў на гэтую зямлю ўсходні вецер, які трываў увесь той дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер нанёс саранчу.
 
І выцягнуў Майсей кій над зямлёй Егіпта, і Госпад напусціў вецер, што паліў увесь той дзень і ноч. А калі надышла раніца, гарачы вецер падняў саранчу;

І напала саранча на ўсю зямлю Егіпецкую і легла па ўсёй краіне Егіпецкай у вялікім мностве: раней не бывала такой саранчы, і пасьля гэтага ня будзе такой;
 
яна ўзышла на ўсю зямлю Егіпецкую, і асела на ўсіх межах Егіпта безліч, якой да гэтага часу не было і ў будучым не будзе.

яна пакрыла ўлоньне ўсёй зямлі, так што зямлі ня было відаць, і паела ўсю траву зямную і ўсе плады дрэўныя, што ацалелі ад граду, і не засталося ніякай зеляніны ні на дрэвах, ні на траве польнай ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
І пакрыла яна ўсю паверхню зямлі, і зямля пацямнела. Такім чынам, з’ела яна ўсю расліннасць зямлі і ўсё, што засталося з пладоў на дрэвах, якія абмінуў град; не засталося зусім нічога зялёнага на дрэвах і на травах палявых на ўсёй зямлі Егіпецкай.

Фараон сьпешна паклікаў Майсея і Аарона і сказаў: зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі;
 
Таму загадаў фараон як мага хутчэй паклікаць Майсея і Аарона і сказаў ім: «Зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі.

цяпер даруйце грэх мой яшчэ раз і памалецеся Госпаду Богу вашаму, каб Ён толькі адвёў ад мяне гэтую сьмерць.
 
Але цяпер прабачце мне такі грэх і прасіце Госпада, Бога вашага, каб ухіліў прынамсі ад мяне гэтую смерць».

Майсей выйшаў ад фараона і памаліўся Госпаду.
 
І, выйшаўшы ад фараона, Майсей пачаў маліць Госпада,

І падняў Гасподзь з другога боку заходні вельмі моцны вецер, і ён панёс саранчу і ўкінуў яе ў Чэрмнае мора: не засталося ніводнай саранчыны ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
Які ўчыніў так, што падзьмуў наймацнейшы вецер з захаду і кінуў схопленую саранчу ў Чырвонае мора; і ва ўсёй зямлі Егіпецкай не засталося аніводнай.

Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых.
 
Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і ён не адпусціў сыноў Ізраэля.

І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і будзе цемра на зямлі Егіпецкай, адчувальная цемра.
 
Тады сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю ў неба, і станецца цемра на зямлі Егіпецкай, такая густая, што можна будзе дакрануцца да цемры».

Майсей працягнуў руку сваю да неба, і была густая цемра па ўсёй зямлі Егіпецкай тры дні;
 
І выцягнуў Майсей руку ў неба, і сталася жахлівая цемра на ўсёй зямлі Егіпецкай на тры дні.

ня бачылі адзін аднога, і ніхто не ўставаў зь месца свайго тры дні; а ва ўсіх сыноў Ізраілевых было сьвятло ў селішчах іхніх.
 
Ніхто брата свайго не бачыў і не рушыўся з месца, на якім быў. А ўсюды, дзе жылі сыны Ізраэля, было святло.

Фараон паклікаў Майсея і сказаў: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, няхай толькі застанецца дробнае і буйное быдла ваша, і дзеці вашыя хай ідуць з вамі.
 
І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і ўчыніце ахвярапрынашэнне Госпаду; авечкі толькі вашы і жывёла хай застануцца, а дзеці вашы хай ідуць разам з вамі».

Але Майсей сказаў: дай таксама ў рукі нашыя ахвяры і цэласпаленьні, каб прынесьці Госпаду, Богу нашаму;
 
Майсей сказаў: «Нават калі ты пакрыеш [выдаткі] і дасі нам ахвяры на цэласпаленне, якія мы паднясём Госпаду, Богу нашаму,

хай пойдуць і статкі нашыя з намі, не застанецца ні капыта: бо зь іх мы возьмем на ахвяру Госпаду, Богу нашаму; але пакуль ня прыйдзем туды, мы ня ведаем, што прынесьці ў ахвяру Госпаду.
 
аднак і жывёла наша пойдзе з намі; не застанецца ад яе і капыта, бо з яе возьмем, што неабходна для ўшанавання Госпада, Бога нашага; хаця мы не ведаем дакладна, што патрэбна ахвяраваць, пакуль не дойдзем да таго месца».

І ачэрсьцьвіў Гасподзь сэрца фараона, і ён не захацеў адпусьціць іх.
 
Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і не захацеў ён іх адпусціць.

І сказаў яму фараон: ідзі ад мяне; сьцеражыся, не зьяўляйся болей перад аблічча маё; таго дня, як ты ўбачыш аблічча маё, памрэш.
 
І сказаў яму фараон: «Адыдзі ад мяне, сцеражыся, каб больш не ўбачыць аблічча маё; бо ў той дзень, калі з’явішся перада мною, будзеш пакараны смерцю».

І сказаў Майсей: як сказаў ты, так і будзе; я ня ўбачу болей аблічча твайго.
 
Адказаў Майсей: «Так і станецца, як ты сказаў: болей не пабачу я аблічча твайго».