Выхад 10 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею: увайдзі да фараона, бо я абцяжарыў сэрца ягонае і сэрца рабоў ягоных, каб рабіць сярод іх гэтыя азнакі Мае,
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Уйдзі да Фараона, бо Я ацяжарыў сэрца ягонае і сэрца слугаў ягоных, каб рабіць знакі мае гэтыя сярод яго,

і каб ты расказаў сыну твайму і сыну сына твайго пра тое, што Я зрабіў у Егіпце, і пра азнакі Мае, якія Я паказаў у ім, і каб вы ведалі, што Я Гасподзь.
 
І каб ты паведаў у вушы сына свайго і сыну сына свайго праз тое, што Я зрабіў у Ягіпце, і праз знакі Мае, каторыя Я ўчыніў ім, і будзеце ведаць, што Я СПАДАР».

Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і сказалі яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: ці доўга ты не ўпакорышся перад Мною? адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
 
І ўвыйшлі Масей а Аарон да Фараона, і сказалі яму: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Гэбрэяў: "Пакуль ты будзеш адмаўляцца скарыцца перад Імною? Выпусьці люд Мой, і будуць яны служыць Імне.

а калі ты не адпусьціш народу Майго, дык вось, заўтра Я навяду саранчу на твой край:
 
А калі адмовішся пусьціць люд Мой, то вось, Я навяду заўтра шаранчу ў граніцах тваіх.

яна пакрые ўлоньне зямлі так, што нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць у вас, што засталося, ацалела ад граду; аб’есьць таксама ўсе дрэвы, якія растуць у вас у полі,
 
Яна ўкрые від зямлі, і нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць астачу ацалелага, засталага вам ад граду; і аб’есьць кажнае дзерва, што расьцець у вас на полю;

і напоўніць дамы твае, дамы ўсіх рабоў тваіх і дамы ўсіх Егіпцянаў, чаго ня бачылі бацькі твае, ні бацькі бацькоў тваіх з дня, як жывуць на зямлі, нават да гэтага дня. Майсей павярнуўся і выйшаў ад фараона.
 
І напоўне дамы твае, і дамы ўсіх слугаў тваіх, і дамы ўсіх Ягіпцян, чаго ня бачылі бацькі твае ані бацькі бацькоў тваіх з дня, як былі на зямлі аж дагэтуль"». І адвярнуўся, і вышаў ад Фараона.

Тады рабы фараонавыя сказалі яму: ці доўга ён будзе мучыць нас? адпусьці гэтых людзей, хай яны ўчыняць служэньне Госпаду, Богу свайму; няўжо ты яшчэ ня бачыш, што Егіпет гіне?
 
І сказалі слугі Фараонавы яму: «Пакуль будзе гэта нам сілом? Выпусьці гэтых людзёў, і няхай яну служаць СПАДАРУ, Богу свайму; няго ж ты яшчэ ня ведаеш, што згублены Ягіпет?»

І вярнулі Майсея і Аарона да фараона, і сказаў ім: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, Богу вашаму; хто ж і хто пойдзе?
 
І зьвярнулі Масея а Аарона да Фараона, і ён сказаў ім: «Ідзіце, служыце СПАДАРУ, Богу свайму; хто ж а хто пойдуць?»

І сказаў Майсей: пойдзем з малалеткамі нашымі і старымі нашымі, з сынамі і дочкамі нашымі, і з авечкамі нашымі і з валамі нашымі пойдзем, бо ў нас сьвята Госпаду.
 
І сказаў Масей: «Пойдзем із маладымі нашымі і із старымі нашымі, із сынамі нашымі і дачкамі нашымі, і з драбным і буйным статкам пойдзем, бо сьвята ў нас СПАДАРУ».

Сказаў ім: хай будзе так, Гасподзь з вамі! я гатовы адпусьціць вас: але навошта зь дзецьмі? бо ліха перад вамі!
 
І сказаў ім: «Няхай так будзе СПАДАР із вамі, як я пашлю вас і дзецяняткі вашы, але глядзіце, бо ліха перад вамі.

не: ідзеце адны мужчыны і ўчынеце служэньне Госпаду, бо вы гэтага прасілі. І выгналі іх ад фараона.
 
Не, ня так, ідзіце ж мужчыны і служыце СПАДАРУ, бо вы гэтага жадалі». І выгналі іх ад віду Фараонавага.

Тады Гасподзь сказаў Майсею: працягні руку тваю на зямлю Егіпецкую, і хай нападзе саранча на зямлю Егіпецкую і паесьць усю траву зямную, усё, што ацалела ад граду.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Выцягні руку сваю на зямлю Ягіпецкую дзеля шаранчы, і ўзыйдзе на зямлю Ягіпецкую, і паесьць усю траву земную, усе, што пакінуў град».

І працягнуў Майсей посах свой на зямлю Егіпецкую, і Гасподзь навёў на гэтую зямлю ўсходні вецер, які трываў увесь той дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер нанёс саранчу.
 
І выцягнуў Масей посах свой на зямлю Ягіпецкую; і СПАДАР навёў на зямлю ўсходні вецер увесь тый дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер нанёс шаранчу.

І напала саранча на ўсю зямлю Егіпецкую і легла па ўсёй краіне Егіпецкай у вялікім мностве: раней не бывала такой саранчы, і пасьля гэтага ня будзе такой;
 
І ўзышла шаранча на ўсю зямлю Ягіпецкую, і асела ў вусіх граніцах Ягіпецкіх вельмі цяжка; уперад ня было так шаранчы, як гэта, такое й просьле яе ня будзе так.

яна пакрыла ўлоньне ўсёй зямлі, так што зямлі ня было відаць, і паела ўсю траву зямную і ўсе плады дрэўныя, што ацалелі ад граду, і не засталося ніякай зеляніны ні на дрэвах, ні на траве польнай ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
І яна ўкрыла від усяе зямлі, і зямля пацямнела, і паела ўсю траву земную і ўсі плады дзерва, каторыя засталіся ад граду; і не засталося ніякага зяленіва на дзерве ані на траве палявой у вусёй зямлі Ягіпецкай.

Фараон сьпешна паклікаў Майсея і Аарона і сказаў: зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі;
 
І пабарзьдзіў Фараон гукнуць Масея а Аарона і сказаў: «Ізграшыў я перад СПАДАРОМ, Богам вашым, і перад вамі.

цяпер даруйце грэх мой яшчэ раз і памалецеся Госпаду Богу вашаму, каб Ён толькі адвёў ад мяне гэтую сьмерць.
 
І цяпер даруйце, калі ласка, грэх мой адно гэты раз, і маліце СПАДАРА, Бога вашага, каб зьняў зь мяне толькі гэтую сьмерць».

Майсей выйшаў ад фараона і памаліўся Госпаду.
 
І вышаў ад Фараона, і маліў СПАДАРА.

І падняў Гасподзь з другога боку заходні вельмі моцны вецер, і ён панёс саранчу і ўкінуў яе ў Чэрмнае мора: не засталося ніводнай саранчыны ва ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
І павярнуў СПАДАР морскі вельмі вялікі вецер, і ён панёс шаранчу і ўкінуў яе ў Чырвонае мора; не засталося ні воднае шаранчы памеж усіх граніцаў ягіпецкіх.

Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых.
 
Але закаляніў СПАДАР сэрца Фараонава, і ён ня выпусьціў сыноў Ізраелявых.

І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і будзе цемра на зямлі Егіпецкай, адчувальная цемра.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Выцягні руку сваю к небу, і будзе цемра на зямлі Ягіпецкай, і ашчупаецца цемра».

Майсей працягнуў руку сваю да неба, і была густая цемра па ўсёй зямлі Егіпецкай тры дні;
 
І выцягнуў руку сваю к небу, і была густая цемра па ўсёй зямлі Ягіпецкай тры дні.

ня бачылі адзін аднога, і ніхто не ўставаў зь месца свайго тры дні; а ва ўсіх сыноў Ізраілевых было сьвятло ў селішчах іхніх.
 
Ня бачылі чалавек брата свайго, і ніхто не ўставаў з куркішкаў тры дні; а ў вусіх сыноў Ізраелявых было сьветла ў гасподах іхных.

Фараон паклікаў Майсея і сказаў: ідзеце, учынеце служэньне Госпаду, няхай толькі застанецца дробнае і буйное быдла ваша, і дзеці вашыя хай ідуць з вамі.
 
І гукнуў Фараон Масея, і сказаў: «Ідзіце, служыце СПАДАРУ, адно драбны й буйны статак ваш няхай задзяржыцца, а таксама дзецяняткі вашыя няхай ідуць із вамі».

Але Майсей сказаў: дай таксама ў рукі нашыя ахвяры і цэласпаленьні, каб прынесьці Госпаду, Богу нашаму;
 
Але Масей сказаў: «Таксама ты дасі ў руку нашыя аброкі а ўсепаленьне, і зробім гэта СПАДАРУ Богу нашаму.

хай пойдуць і статкі нашыя з намі, не застанецца ні капыта: бо зь іх мы возьмем на ахвяру Госпаду, Богу нашаму; але пакуль ня прыйдзем туды, мы ня ведаем, што прынесьці ў ахвяру Госпаду.
 
І таксама статак нашы пойдзе з намі, і не застанецца ані капыта; бо зь яго мы возьмем да служэньня СПАДАРУ, Богу нашаму; але мы ня ведаем, чым служыць будзем СПАДАРУ, пакуль ня прыйдзем туды».

І ачэрсьцьвіў Гасподзь сэрца фараона, і ён не захацеў адпусьціць іх.
 
І закаляніў СПАДАР сэрца Фараонава, і ён не захацеў адпусьціць іх.

І сказаў яму фараон: ідзі ад мяне; сьцеражыся, не зьяўляйся болей перад аблічча маё; таго дня, як ты ўбачыш аблічча маё, памрэш.
 
І сказаў яму Фараон: «Пайдзі ад мяне, сьцеражыся, ня важся бачыць від мой; бо ў тый дзень, як ты абачыш від мой, памрэш».

І сказаў Майсей: як сказаў ты, так і будзе; я ня ўбачу болей аблічча твайго.
 
І сказаў Масей: «Добра ты сказаў, я ня буду болей бачыць віду твайго».