Выхад 6 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею: цяпер убачыш ты, што Я зраблю з фараонам: дзеяньнем рукі моцнай ён адпусьціць іх; дзеяньнем рукі моцнай нават прагоніць іх зь зямлі сваёй.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Цяпер пабачыш ты, што Я ўчыню з Фараонам, бо моцнаю рукою ён адашлець іх і моцнаю рукою ён выжане іх ізь зямлі свае».

І маўляў Бог Майсею і сказаў яму: Я Гасподзь.
 
І гукаў Бог да Масея, і сказаў яму: «Я СПАДАР.

Яўляўся Я Абрагаму, Ісааку і Якаву зь імем «Бог Усемагутны»; а зь імем Маім «Гасподзь» не адкрыўся ім;
 
І зьяўляўся Я Абрагаму, Ісаку а Якаву як Бог Усемагучы, а зь імям СПАДАР я ня вызнаўся ім.

і Я паклаў заруку Маю зь імі, каб даць ім зямлю Ханаанскую, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі.
 
І Я ўстанавіў змову Сваю зь імі, каб даць ім зямлю Канаанскую, зямлю падарожжаваньня іхнага, у каторай яны падарожжавалі.

І Я пачуў стогны сыноў Ізраілевых пра тое, што Егіпцяне трымаюць іх у няволі, і ўспомніў заруку Маю.
 
І таксама Я чуў стогны сыноў Ізраелявых праз тое, што Ягіпцяне дзяржаць іх у няволі, і ўспомнеў змову Сваю.

Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: Я Гасподзь, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас зь няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі;
 
Затым скажы сыном Ізраелявым: "Я СПАДАР, і вывяду вас з-пад цяжараў Ягіпцян, і выратую вас ізь няволі іхнае, і выбаўлю вас цаўём выцягненым і судамі вялікімі.

і прыму вас Сабе ў народ і буду вам Богам, і вы ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Егіпецкага:
 
І вазьму вас сабе за люд, і буду Вам Богам, і вы даведаецеся, што Я СПАДАР, Бог ваш, Каторы вывеў вас з-пад цяжараў Ягіпецкіх.

і выведу вас у тую зямлю, якую Я, падняўшы руку Маю, прысягаўся даць яе Абрагаму, Ісааку, і Якаву, і дам вам яе ў спадчыну. Я Гасподзь.
 
І прывяду вас да тае зямлі, праз каторую Я падняў руку сваю, даць яе Абрагаму, Ісаку а Якаву, і дам вам яе на спадак. Я СПАДАР"».

Майсей пераказаў гэта сынам Ізраілевым: але яны не паслухаліся Майсея з маладушнасьці і цяжкасьці працы.
 
І гукаў Масей гэтак сыном Ізраелявым; але яны ня слухалі Масея з прычыны малога духа і цяжыні работаў.

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
І сказаў СПАДАР Масею, кажучы:

увайдзі, скажы фараону, цару Егіпецкаму, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй.
 
«Уйдзі, скажы Фараону, каралю Ягіпецкаму, няхай выпусьце сыноў Ізраелявых ізь зямлі свае».

І сказаў Майсей перад Госпадам, кажучы: вось, сыны Ізраілевыя ня слухаюцца мяне; як жа паслухаецца мяне фараон? а я не красамоўны.
 
І сказаў Масей перад СПАДАРОМ, кажучы: «Вось, сынове Ізраелявы не паслухалі мяне; і як жа паслухае мяне Фараон? А я неабрэзаных вуснаў».

І маўляў Гасподзь Майсею і Аарону, і даваў ім загады сынам Ізраілевым і фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай.
 
І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, і расказаў ім казаць сыном Ізраелявым і Фараону, каралю Ягіпецкаму, вывесьці сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае.

Вось правадыры іх пакаленьняў: сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох і Фалу, Хецрон і Храмі: гэта сямействы Рувімавыя.
 
Гэта начэльнікі дамоў айцоў іхных: сыны Рувінавы, першака Ізраелявага: Ганох а Фалу, Гецрон а Хармі: гэта радзімы Рувінавы.

Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі; гэта сямейства Сымонава.
 
І сынове Сымонавы: Емуель а Ямін а Огад а Яхін а Цогар а Саўла, сын Канаанянкі: гэта радзімы Сымонавы.

Вось імёны сыноў Лявія паводле родаў іх: Гірсон, і Кааф, і Мэрары. А гадоў жыцьця Лявія было сто трыццаць сем.
 
І вось гэтыя ймёны сыноў Левавых, подле пакаленьняў іхных: Ґіршон а Кагаф а Мерары. А год жыцьця Левавага было сто трыццаць сем год.

Сыны Гірсона: Ліўні і Шымэі зь сямействамі іхнімі.
 
Сыны Гіршонавы: Ліўні а Шымей подле радзімаў іхных.

Сыны Каафавыя: Амрам і Іцгар, і Хэўрон і Узііл. А гадоў жыцьця Каафа было сто трыццаць тры гады.
 
І сыны Кагафовы: Амрам а Іцгар а Гэўрон а Ўзыель. А год жыцьця Кагафава было сто трыццаць тры гады.

Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сямействы Лявія паводле родаў іхніх.
 
І сыны Мераравы: Маглі а Мушы. Гэта радзімы Левавы подле родаў іхных.

Амрам узяў Ёхавэду, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем.
 
І ўзяў Амрам Ёхаведу, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона а Масея. А год жыцьця Амрамавага было сто а трыццаць а сем год.

Сыны Іцгаравыя: Карэй і Нэфэг і Зіхры.
 
І сыны Іцгаровы: Кора а Нефеґ а Зыхры.

Сыны Узіілавы: Місаіл і Элцафан і Сітры.
 
І сыны Ўзыелявы: Місайла а Елцафан а Сыхры.

Аарон узяў сабе за жонку Елісавету, дачку Амінадававу, сястру Наасонаву, і яна нарадзіла яму Надава і Авіуда, Элеазара і Ітамара.
 
І Аарон узяў сабе за жонку Альжбету, дачку Амінадававу, сястру Наасонаву; і яна нарадзіла яму Надава а Агіву, Элеазара а Іфамара.

Сыны Карэя: Асір, Элкана і Авіясаф: гэта сямействы Карэевыя.
 
І сыны Корыны: Асыр а Елкана а Авасаф: гэта радзімы Корыны.

Элеазар, сын Ааронаў, узяў сабе за жонку адну з дочак Футыілавых, і яна нарадзіла яму Фінээса. Вось правадыры пакаленьняў лявіцкіх паводле сямействаў іхніх.
 
І Елеазар, сын Ааронаў, узяў сабе за жонку з дачок Путыелевых; і яна нарадзіла яму Фінеса. Во гэта начэльнікі айцоў лявіцкіх подле радзімаў іхных.

Аарон і Майсей, гэта — тыя, каму сказаў Гасподзь: выведзіце сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай паводле рушэньняў іхніх.
 
Гэта Аарон а Масей, каторым сказаў СПАДАР: «Вывядзіце сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае подле войскаў іхных».

Яны ж і казалі фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь Егіпта; гэта Майсей і Аарон.
 
Яны тыя, каторыя казалі Фараону, каралю Ягіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраелявых ізь Ягіпту; гэта Масей а Аарон.

Дык вось, у той час, калі Гасподзь казаў Майсею ў зямлі Егіпецкай,
 
І гэта было ў дзень, як СПАДАР гукаў Масею ў зямлі Ягіпецкай.

Гасподзь сказаў Майсею, кажучы: Я Гасподзь! скажы фараону, цару Егіпецкаму, усё, што Я кажу табе.
 
І сказаў СПАДАР Масею, кажучы: «Я СПАДАР. Гукай Фараону, каралю Ягіпецкаму, усе, што Я кажу табе».

А Майсей сказаў перад Госпадам: вось, я не красамоўны: як жа паслухаецца мяне фараон?
 
І Масей сказаў перад СПАДАРОМ: «Вось, я неабрэзаных вуснаў; і як жа паслухае мяне Фараон?»