Выхад 3 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Майсей пасьвіў авечкі ў Ётора, цесьця свайго, сьвятара Мадыямскага. Аднаго разу правёў ён статак далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай, Харыва.
 
І Масей пасьціў драбны статак у Ефора, сьця свайго, сьвятара Мідзянскага. І павёў ён чараду за пустыню, і прышоў да гары Божае Горыў.

І зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню зь сярэдзіны цярновага куста. І ўбачыў ён, што цярновы куст гарыць агнём, але куст не згарае.
 
І зьявіўся яму Ангіл СПАДАРОЎ у поламені агню з пасярод цярнёвага куста. І абачыў, і во, цярнёвы куст гарэў агнём, але куст ня нішчэў.

Майсей сказаў: пайду і падзіўлюся на гэтую вялікую зьяву, чаму куст не згарае.
 
І сказаў Масей: «Зьвярну ж а гляну на вялікую зьяву гэтую, чаму куст не згарае».

Гасподзь убачыў, што ён ідзе глядзець, і паклікаў яго Бог зь сярэдзіны куста, і сказаў: Майсею! Майсею! Ён сказаў: вось я!
 
І абачыў СПАДАР, што ён абярнуўся глядзець, і гукнуў яго Бог ізь сярэдзіны куста, і сказаў: «Масею; Масею!» Ён сказаў: «Во я!»

І сказаў Бог: не падыходзь сюды: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.
 
І сказаў: «Ня бліжся сюды; разуй вобуй свой з ног сваіх, бо месца, на каторым ты стаіш, зямля сьвятая яна».

І сказаў: Я Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава. Майсей засланіў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога.
 
І сказаў: «Я Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісака а Бог Якава». І закрыў Масей від свой, бо баяўся глянуць на Бога.

І сказаў Гасподзь: Я ўбачыў пакуты народа Майго ў Егіпце і пачуў енк яго ад прыстаўнікаў ягоных; Я ведаю смуткі яго
 
І сказаў СПАДАР: «Я добра бачыў гароту народу Свайго, каторы ў Ягіпце, і крык ад прыганятых іхных я пачуў, бо я ведаю болі іхныя,

і іду выратаваць яго ад рукі Егіпцянаў і вывесьці яго зь зямлі гэтай у зямлю добрую і прасторную, дзе цячэ малако і мёд, у зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў.
 
І Я зышоў, каб выбавіць яго ад рукі Ягіпцян і ўзьвесьці яго ізь зямлі гэтае да зямлі добрае а прасторнае, да зямлі, што цячэць малаком а мёдам, да месца Канаанян, Гэцічаў, Аморэяў, Ферэзэяў, Гэвеяў а Евусэяў.

І вось, ужо енк сыноў Ізраілевых дайшоў да Мяне, і Я бачу прыгнёт, якім прыгнятаюць іх Егіпцяне.
 
І цяпер вось, крык сыноў Ізраелявых дайшоў да мяне, Я таксама бачу ўціск, якім Ягіпцяне ўціскаюць іх.

Дык вось ідзі: Я пашлю цябе да фараона; і выведзі зь Егіпта народ Мой, сыноў Ізраілевых.
 
І цяпер пайдзі: Я пашлю цябе да Фараона; і вывядзі зь Ягіпту народ Мой, сыноў Ізраелявых».

Майсей сказаў Богу: хто я, каб мне ісьці да фараона і вывесьці зь Егіпта сыноў Ізраілевых?
 
І сказаў Масей Богу: «Хто я, каб ісьці імне да Фараона і каб імне вывесьці сыноў Ізраелявых зь Ягіпту?»

І сказаў: Я буду з табою, і вось табе азнака, што Я паслаў цябе: калі ты выведзеш народ зь Егіпта, вы ўчыніце служэньне Богу на гэтай гары.
 
І сказаў: «Бо Я ё з табою, і во табе знак, што Я паслаў цябе: як ты вывядзеш народ ізь Ягіпту, будзеце служыць Богу на гэтай гары».

І сказаў Майсей Богу: вось, я прыйду да сыноў Ізраілевых і скажу ім: Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас. А яны скажуць мне: як Яго імя? Што я скажу ім?
 
І сказаў Масей Богу: «Вось, я прыйду да сыноў Ізраелявых і скажу ім: "Бог айцоў вашых паслаў мяне да вас". А яны скажуць імне: "Як Яго імя?" Што сказаць імне ім?»

Бог сказаў Майсею: Я — Сутны. І сказаў: так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас.
 
І сказаў Бог Масею: «Я Ё, Каторы Ё». І сказаў: «Гэтак скажы сыном Ізраелявым: "Я Ё паслаў мяне да вас"».

І сказаў яшчэ Бог Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: Гасподзь Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісаака і Бог Якава паслаў мяне да вас. Вось імя Маё навекі, і памятаньне пра Мяне з роду ў род.
 
І сказаў яшчэ Бог Масею: «Гэтак скажы сыном Ізраелявым: "СПАДАР, Бог айцоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ісака а Бог Якава паслаў мяне да вас!" Гэта імя Мае на векі, і гэта памятка празь Мяне з роду ў род.

Ідзі, зьбяры старэйшынаў Ізраілевых і скажы ім: Гасподзь, Бог бацькоў вашых, зьявіўся мне, Бог Абрагама, Ісаака і Якава, і сказаў: Я наведаў вас і ўбачыў, што робіцца з вамі ў Егіпце.
 
Ідзі, зьбяры старцоў Ізраелявых і скажы ім: "СПАДАР, Бог айцоў вашых, зьявіўся імне, Бог Абрагама, Ісака а Якава, кажучы: ’Я запраўды ўспомнеў вас і што робіцца вам у Ягіпце’"».

І сказаў: Я выведу вас ад прыгнёту Егіпецкага ў зямлю Хананэяў, Хэтэяў, Амарэяў, Фэрэзэяў, Гэвэяў і Евусэяў, у зямлю, дзе цячэ малако і мёд.
 
І сказаў: «Я ўзьвяду вас ад уціску ягіпецкага да зямлі Канаанян, Гэцічаў, Аморэяў, Ферэзэяў, Гэвеяў а Евусэяў, да зямлі, што цячэць малаком а мёдам.

І яны паслухаюць голасу твайго, і пойдзеш ты і старэйшыны Ізраілевыя да цара Егіпецкага, і скажаце яму: Госпадзе, Бог Габрэяў, паклікаў нас; дык вось адпусьці нас у пустыню, на тры дні дарогі, каб прынесьці ахвяру Госпаду Богу нашаму.
 
І яны паслухаюць голасу твайго, і прыйдзеш ты а старцы Ізраелявы да караля Ягіпецкага, і скажыце яму: "СПАДАР, Бог Гэбрэяў, гукнуў нас; і цяпер дай нам ісьці дарогаю трох дзён на пустыню, каб мы абраклі СПАДАРУ, Богу нашаму".

Але Я ведаю, што цар Егіпецкі не дазволіць вам ісьці, калі ня прымусіць яго рукою моцнаю;
 
І Я ведаю, што ня дасьць вам кароль Ягіпецкі йсьці, і нават ня дасьць пры Маёй руццэ дужой.

і працягну руку Маю і ўражу Егіпет усімі дзівосамі Маімі, якія ўчыню сярод яго; і пасьля таго ён пусьціць вас.
 
І выцягну руку Сваю, і паб’ю Ягіпцян усімі чудосамі Сваімі, каторыя ўчыню сярод яго, і просьле гэтага ён адпусьце вас.

І дам народу гэтаму літасьць у вачах Егіпцянаў; і калі пойдзеце, дык пойдзеце ня з пустымі рукамі;
 
І дам ласку народу гэтаму ў вачох Ягіпцян; і будзе: як пойдзеце, то ня пойдзеце з пустымі рукамі;

кожная жанчына выпрасіць у суседкі сваёй і ў той, што жыве ў доме ў яе, рэчаў срэбраных і рэчаў залатых і вопраткі, і вы адзенеце ў іх сыноў вашых і дочак вашых і спустошыце Егіпет.
 
Але папросе жонка ў суседкі свае і ў жывучай у доме ейным судзіны срэбнае а судзіны залатое, і адзежаў; і вы адзенеце ў іх сыноў сваіх і дачкі свае, і спустошыце Ягіпет».