Выхад 8 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Прыдзі да Фараона і скажы яму: "Выпусьці люд Мой, і ён будзе служыць Імне.

калі ж ты ня згодзішся адпусьціць, дык вось, Я пакараю ўвесь край твой жабамі:
 
Калі ж ты адмаўляешся выпусьціць, дык вось, Я вытну ўсі граніцы твае жабамі.

і закішыць рака жабамі, і яны выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на пасьцель тваю, і ў дамы рабоў тваіх і народу твайго, і ў печы твае, і ў дзежы твае.
 
І вырае рака жабы, і яны ўзыйдуць, і ўвыйдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на ложак твой, і ў дом слугі твайго і служэбкі твае, і ў печы твае, і ў дзежы твае,

і на цябе, і на народ твой, і на ўсіх рабоў тваіх узыдуць жабы.
 
І на цябе, і на люд твой, і на ўсіх слугаў тваіх узыйдуць жабы"».

І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні руку тваю з посахам тваім на рэкі, на патокі і на азёры, і навядзі жаб на зямлю Егіпецкую.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Скажы Аарону: "Выцягні руку сваю з посахам сваім на цуркі а на рэкі а на азёры, і ўзьвядзі жабы на зямлю Ягіпецкую"».

Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпецкія; і выйшлі жабы і пакрылі зямлю Егіпецкую.
 
І выцягнуў Аарон руку сваю на воды Ягіпецкія; і ўзышлі жабы, і пакрылі зямлю Ягіпецкую.

Тое самае зрабілі і магі чарамі сваімі і навялі жаб на зямлю Егіпецкую.
 
І зрабілі так тайнаведы тайным уменьням сваім, і ўзьвялі жабы на зямлю Ягіпецкую.

І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: памалецеся Госпаду, каб Ён вывеў жаб ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ Ізраільскі прынесьці ахвяру Госпаду.
 
І гукнуў Фараон Масея а Аарона, і сказаў: «Маліце СПАДАРА, каб Ён аддаліў жабы ад мяне й ад люду майго, і я выпушчу люд, і абракуць СПАДАРУ».

Майсей сказаў фараону: назнач мне сам, калі памаліцца за цябе, за рабоў тваіх і за народ твой, каб жабы зьніклі ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ.
 
І сказаў Масей Фараону: «Дазволь усьціць цябе, прызнач, калі маліць за цябе, і за слугаў тваіх, і за люд твой, каб жабы былі зьнішчаны ў цябе, у дамох тваіх, і засталіся адно ў раццэ».

Ён сказаў: заўтра. Майсей адказваў: будзе паводле слова твайго, каб ты ўведаў, што няма нікога, як Гасподзь Бог наш;
 
Ён сказаў: «Назаўтрае». І сказаў: «Подле слова твайго, каб ты даведаўся, што няма як СПАДАР Бог наш.

і сыдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад рабоў тваіх і ад твайго народу; толькі ў рацэ яны застануцца.
 
І адвернуцца жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад слугаў тваіх, і ад люду твайго; адно ў раццэ застануцца».

Майсей і Аарон выйшлі ад фараона, і Майсей заклікаў Бога пра жаб, якіх ён навёў на фараона.
 
І вышлі Масей а Аарон ад Фараона; і Масей гукаў да СПАДАРА праз жабы, як ён прызначыў Фараону.

І зрабіў Гасподзь паводле слова Майсеевага: жабы вымерлі ў дамах, на дварах і ў палях;
 
І ўчыніў СПАДАР подле слова Масеявага: жабы здохлі ў дамох, і ў дварох, і на палёх.

і сабралі іх у кучы, і засьмярдзела зямля.
 
І пазгарталі іх кучамі, кучамі, і засьмярдзелася зямля.

І ўбачыў фараон, што зрабілася палёгка, і зацяў сэрца сваё, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
 
І абачыў Фараон, што сталася палёгка, і ацяжарыў сэрца свае, і не паслухаў іх, як і казаў СПАДАР.

І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: працягні посах твой і ўдар у грудзі зямныя, і зробіцца заедзь па ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Скажы Аарону: "Выцягні посах свой і вытні ў пыл зямлі, і абернецца пыл у вошы па ўсёй зямлі Ягіпецкай"».

Так яны і зрабілі: Аарон працягнуў руку сваю з посахам сваім, ударыў у грудзі зямныя, і зьявілася заедзь на людзях і на быдле. Усе грудзі зямныя пакрыліся заедзьдзю па ўсёй зямлі Егіпецкай.
 
І зрабілі яны так: і выцягнуў Аарон руку сваю з посахам сваім, і выцяў у пыл зямлі, і сталіся вошы на людзёх і на статку. Увесь пыл земны стаў вашмі ў вусёй зямлі Ягіпецкай.

Стараліся таксама і магі чарамі сваімі ўтварыць заедзь, але не маглі. І была заедзь на людзях і на быдле.
 
І зрабілі так тайнаведы сваім тайным уменьням, каб вывесьці вошы, але не маглі. І былі вошы на людзёх і на статку.

І сказалі магі фараону: гэта палец Божы. Але сэрца фараонава зацялося і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
 
І сказалі тайнаведы Фараону: «Палец Божы гэта». Але сэрца Фараонава закалянела, і ён не паслухаў іх, як і казаў СПАДАР.

І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона. Вось, ён пойдзе да вады, і ты скажы яму: так кажа Гасподзь: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне.
 
І сказаў СПАДАР Масею: «Устань рана нараніцы і стань перад Фараонам. Вось, ён ідзець да вады, і ты скажы яму: «Гэтак казаў СПАДАР: "Выпусьці люд Мой, каб ён служыў Імне.

а калі не адпусьціш народу Майго, дык вось, Я нашлю на цябе і на рабоў тваіх сабачых мух, і напоўняцца дамы Егіпцянаў сабачымі мухамі і самая зямля, на якой яны жывуць;
 
Бо калі ня выпусьціш люду Майго, дык вось, Я пашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на люд твой, і ў дамы твае рой мухаў, і напоўняцца дамы Ягіпцян роям і таксама зямля, на каторай яны.

і аддзялю таго ж дня зямлю Гесэм, на якой жыве народ Мой, і там ня будзе сабачых мух, каб ты ведаў, што Я Гасподзь сярод зямлі:
 
І аддзялю таго дня зямлю Ґошэн, што люд Мой ё на ёй, каб ня быў там рой, каб ты ведаў, што Я СПАДАР сярод зямлі.

Я зраблю падзел паміж народам Маім і паміж народам тваім. Заўтра будзе гэтая азнака.
 
Я зраблю розьніцу памеж люду Майго й люду твайго. Заўтра будзе знак гэты"».

Так і зрабіў Гасподзь: наляцела мноства сабачых мух у дом фараонаў, і ў дамы рабоў ягоных, і на ўсю зямлю Егіпецкую: загінула зямля ад сабачых мух.
 
І ўчыніў СПАДАР гэтак: і прыляцеў рой цяжкім парадкам да дому Фараонавага, і да дому слугаў ягоных, і на ўсю зямлю Ягіпецкую; гінула зямля ад раёў.

І паклікаў фараон Майсея і Аарона і сказаў: ідзеце, прынясеце ахвяру Богу вашаму ў той зямлі.
 
І гукнуў Фараон Масея а Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, абрачыце Богу свайму ў зямлі».

Але Майсей сказаў: нельга гэтага зрабіць, бо агіднае Егіпцянам ахвяраваньне наша Госпаду, Богу нашаму: калі мы агідную Егіпцянам ахвяру будзем прыносіць на вачах у іх, дык ці не паб’юць яны нас камянямі?
 
І сказаў Масей: «Не належа рабіць гэтак, бо агіду Ягіпцянам абрачэм СПАДАРУ, Богу нашаму; вось, мы будзем абракаць, што ёсьць агіднае ў Ягіпцян, перад ачмі іхнымі, то ці не ўкамянуць яны нас?

Мы пойдзем у пустыню, на тры дні дарогі, і прынясём ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як скажа нам.
 
Тры дні дарогі мы пойдзем на пустыню і абрачэм СПАДАРУ, Богу нашаму, як раскажа нам».

І сказаў фараон: я адпушчу вас прынесьці ахвяру Госпаду Богу вашаму ў пустыні, толькі не заходзьце далёка; памалецеся за мяне.
 
І сказаў Фараон: «Я адпушчу вас, і будзеце абракаць Богу свайму на пустыні; толькі вельмі не адходзьце. Маліце за мяне».

Майсей сказаў: вось, я выходжу ад цябе і памалюся Госпаду, і сыдуць сабачыя мухі ад фараона, і ад рабоў ягоных, і ад народу ягонага заўтра; толькі фараон няхай перастане ашукваць, не адпускаючы народ прынесьці ахвяру Госпаду.
 
І сказаў Масей: «Вось, я выходжу ад цябе, і памалю СПАДАРА, і аддаляцца раі ад Фараона, і ад слугоў ягоных, і ад люду ягонага заўтра; толькі няхай Фараон балей не ашукуе, не адпушчаючы люду абрачы СПАДАРУ».

І выйшаў Майсей ад фараона і памаліўся Госпаду.
 
І вышаў Масей ад Фараона, і маліў СПАДАРА.

І зрабіў Гасподзь паводле слова Масеевага і зьвёў сабачых мух ад фараона, ад рабоў ягоных і ад народу ягонага: не засталося ніводнай.
 
І ўчыніў СПАДАР подле слова Масеявага, і аддаліў раі ад Фараона, ад слугаў ягоных і ад люду ягонага; не засталося ні воднага;

Але фараон зацяў сэрца сваё і гэтым разам і не адпусьціў народу.
 
Але Фараон ацяжарыў сэрца свае таксама гэтым разам і не адпусьціў люду.