Выхад 18 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І пачуў Ётор, сьвятар Мадыямскі, цесьць Майсееў, пра ўсё, што зрабіў Бог Майсею і Ізраілю, народу Свайму, калі вывеў Гасподзь Ізраіля зь Егіпта,
 
І пачуў Ітро, сьвятар Мідзянскі, цесьць Масеяў, праз усе, што зрабіў Бог Масею а Ізраелю, люду Свайму, што вывеў СПАДАР Ізраеля зь Ягіпту;

і ўзяў Ётор, цесьць Майсееў, Сэпфору, жонку Майсеевую, якая перад тым была вернутая,
 
І ўзяў Ітро, цесьць Масеяў, Цыпору, жонку Масеяву, каторую быў адаслаўшы,

і двух сыноў яе, аднаму зь якіх імя Гірсам, бо казаў Майсей: я прыхадзень у зямлі чужой;
 
І двух сыноў ейных, з каторых аднаго імя Ґершон, бо казаў Масей: «Прыходным быў я ў зямлі чужой»;

а другому імя Эліезэр, бо Бог бацькі майго быў за памочніка і выбавіў мяне ад меча фараонавага.
 
А імя аднаго Елезэр, бо казаў ён: «Бог айца майго помачай маёй і выбавіў мяне ад мяча Фараонавага».

І прыйшоў Ётор, цесьць Майсееў, з сынамі ягонымі і жонкаю ягонаю да Майсея ў пустыню, дзе ён стаў табарам каля гары Божай,
 
І прышоў Ітро, цесьць Масеяў, і сыны ягоныя, і жонка ягоная да Масея на пустыню, ідзе ён разьлёгся ля гары Божае,

і даў знак Майсею: я цесьць твой Ётор, іду да цябе, і жонка твая, і два сыны яе зь ёю.
 
І сказаў Масею: «Я цесьць твой, Ітро, прышоў да цябе, і жонка твая, і два сыны ейныя зь ёю».

Майсей выйшаў насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і цалаваў яго, і пасьля ўзаемнага прывітаньня яны ўвайшлі ў намёт.
 
І вышаў Масей напярэймы сьцю свайму, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і пыталіся адзін у ваднаго, як маюцца, і ўвыйшлі ў будан.

І расказаў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў Гасподзь з фараонам і зь Егіпцянамі за Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія спаткаліся ім на дарозе, і як уратаваў іх Гасподзь.
 
І расказаў Масей сьцю свайму праз усе, што зрабіў СПАДАР Фараону а Ягіпцянам за Ізраеля, і праз усе цяжкасьці, каторыя стрэлі іх на дарозе, і што выбавіў іх СПАДАР.

Ётор радаваўся за ўсе дабрачынствы, якія Гасподзь учыніў Ізраілю, калі выратаваў яго з рукі Егіпцянаў,
 
І радаваўся Ітро з усёга дабра, каторае СПАДАР учыніў Ізраелю, як выбавіў яго з рукі Ягіпцян.

і сказаў Ётор: дабраславёны Гасподзь, Які выратаваў вас з рукі Егіпцянаў і з рукі фараонавай, Які выратаваў народ гэты з-пад улады Егіпцянаў,
 
І сказаў Ітро: «Дабраславёны СПАДАР, Каторы выбавіў вас з румі Ягіпцян а з рукі Фараонавае, Каторы выбавіў народ гэты з пад рукі Ягіпцян.

сёньня даведаўся я, што Гасподзь вялікі большы за ўсіх багоў, у тым самым, чым яны ўзносіліся над Ізраільцянамі.
 
Цяпер ведаю я, што СПАДАР вялікі над усі багі ў тым, у чым яны наўмысьля грашылі супроці іх».

І прынёс Ётор, цесьць Майсееў, цэласпаленьне і ахвяры Богу; і прыйшоў Аарон і ўсе старэйшыны Ізраілевыя есьці хлеб зь цесьцем Майсеевым перад Богам.
 
І ўзяў Ітро, цесьць Масеяў, усепаленьне а аброкі Богу; і прышоў Аарон і ўсе старцы Ізраелявы есьці хлеб ізь сьцём Масеявым перад Богам.

На другі дзень сеў Майсей судзіць людзей, і стаялі людзі перад Майсеем з раніцы да вечара.
 
І было назаўтрае: і сеў Масей судзіць люд, і стаяў люд перад Масеям з раньня да вечара.

І бачыў цесьць Майсееў усё, што ён робіць зь людзьмі, і сказаў: што гэта такое робіш ты зь людам? навошта ты сядзіш адзін, а ўсе людзі стаяць перад табою з раніцы да вечара?
 
І бачыў цесьць Масеяў усе, што ён робе люду, і сказаў: «Што гэта такое, што ты робіш ізь людам? Чаму ты сядзіш адзінюсенькі, а ўвесь люд стойма стаіць перад табою з раньня да вечара?»

І сказаў Майсей цесьцю свайму: народ прыходзіць да мяне прасіць суду ў Бога:
 
І сказаў Масей сьцю свайму: «Бо прыходзе люд да мяне пытацца ў Бога.

калі здараецца ў іх якая справа, яны прыходзяць да мяне, і я суджу між тым і другім і абвяшчаю статуты Божыя і законы Ягоныя.
 
Як маюць якую справу, яны прыходзяць да мяне, і я рассуджаю меж чалавека й прыяцеля ягонага, і абяшчаю ўставы Божыя а правы Ягоныя».

Але цесьць Майсееў сказаў яму: нядобра ты гэта робіш:
 
І сказаў цесьць Масеяў яму: «Ня добры гэта парадак, ямім ты робіш.

ты змучыш і сябе і народ гэты, які з табою, бо надта цяжкая табе гэтая справа: ты адзін ня можаш выпраўляць яе;
 
Чыста высілішся й ты і люд гэты, што з табою; бо лішне цяжкая гэтая справа: ты ня можаш рабіць яе адзінюсенькі.

дык вось, паслухай слоў маіх: я дам табе раду, і будзе Бог з табою: будзь ты народу пасярэднікам перад Богам і прадстаўляй Богу дзеі;
 
А цяпер паслухай голасу майго; я дам табе раду, і будзе Бог із табою: будзь ты за люд перад Богам і падавай Богу справы.

вучы іх пастановам і законам, паказвай ім дарогу, па якой яны павінны ісьці, і справы, якія яны павінны рабіць;
 
І перасьцерагай іх праз уставы а правы, абяшчай ім дарогу, па каторай яны маюць ісьці, і ўчынкі, каторыя яны маюць рабіць.

а ты нагледзь з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўдзівых, якія ненавідзяць карысьлівасьць, і пастаў над ім тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі;
 
І ты ж выглядзі з усёга люду людзёў здольных, багабойлівых, людзёў праўдзівых, ненавідзячых прагавітасьць, і пастанаві над ім начэльнікаў над тысячамі, начэльнікаў над сотнямі, начэльнікаў над пяцьдзясяткамі а начэльнікаў над дзесяткамі.

хай яны судзяць народ у любы час і пра ўсякую важную справу даносяць табе, а ўсе малыя справы судзяць самыя: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць з табою цяжар:
 
І няхай яны судзяць люд у кажным часе; і станецца, што кажную вялікую справу прынясуць табе, а ўсі малыя справы судзяць самы: і будзе табе лягчэй, і яны панясуць цяжар із табою.

калі ты зробіш гэта, і Бог скажа табе, дык ты можаш устояць, і ўвесь народ гэты будзе адыходзіць у сваю мясьціну зь мірам.
 
Калі гэта зробіш, і Бог раскажа табе, то ты зможаш вытрываць, і таксама ўвесь люд гэты прыдзе на свае месца ў супакою».

І паслухаўся Майсей цесьцевых слоў і зрабіў усё, што той казаў:
 
І паслухаў Масей голасу сьця свайго, і зрабіў усе, што ён казаў.

і выбраў Майсей з усяго Ізраіля здольных людзей і паставіў іх начальнікамі народу, тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзясяцкімі і дзясяцкімі,
 
І абраў Масей здольных людзёў з усёга Ізраеля, і прызначыў іх галоўнымі над людам, начэльнікамі над тысячамі, сотнямі, пяцьдзясяткамі а дзесяткамі.

і судзілі яны народ у любы час; пра справы важныя даносілі Майсею, а ўсе малыя справы судзілі самыя.
 
І судзілі яны люд у кажным часе, цяжкую справу прыносілі Масею, а ўсякую малую справу судзілі самы.

і адпусьціў Майсей цесьця свайго, і ён пайшоў у зямлю сваю.
 
І адпусьціў Масей сьця свайго, і ён пайшоў да зямлі свае.