Выхад 15 разьдзел
Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Тады Майсей і сыны Ізраілевыя засьпявалі Госпаду песьню гэтую і казалі: пяю Госпаду, бо ён высока ўзьнёсься: каня і верхаўца яго ўкінуў у мора.
Тады запяяў Масей і сынове Ізраелявы песьню гэтую СПАДАРУ, і гукалі, кажучы: «Запяю СПАДАРУ, бо Ён высака ўзьвялічыўся; каня а коньніка ягонага ўкінуў у мора.
Гасподзь цьвярдыня мая і слава мая, Ён стаў мне ратункам. Ён Бог мой, і праслаўлю Яго; Бог бацькі майго, і ўсхвалю Яго.
Сіла мая й песьня мая ЯГ, і Ён стаў імне спасеньням. Гэта Бог мой, і ўслаўлю Яго. Бог айца майго, і ўзвышу яго.
Гасподзь муж бітвы, Ягова імя Яму.
СПАДАР муж вайны, СПАДАР імя Ягонае.
Калясьніцы фараонавыя і войска ягонае ўкінуў Ён у мора, і выбраныя ваеначальнікі Ягоныя патанулі ў Чэрмным моры.
Цялежкі Фараонавы й войска ягонае ўкінуў Ён у мора, і выборныя гатманы ягоныя патанулі ў Чырвоным Мору.
Багны пакрылі іх: яны пайшлі ў глыбіню, як камень.
Глыбіні па крылі іх; яны пайшлі ў глыбіні, як камень.
Правіца Твая, Госпадзе, праславілася сілаю; правіца Твая, Госпадзе, пабіла ворага.
Правіца Твая, СПАДАРУ, уславілася сілаю; правіца Твая, СПАДАРУ, разьмяжджуліла непрыяцеля,
Велічнасьцю славы Тваёй Ты скінуў тых, што паўсталі супроць Цябе. Ты паслаў гнеў Твой, і ён папаліў іх, як салому.
І ў вяліччу майстату Свайго Ты паваліў паўсталых супроці Цябе; Ты паслаў гнеў Свой, і ён паеў іх, як салому.
Ад дыханьня Твайго цякучыя воды спыніліся сьцяною, застылі глыбіні ў сэрцы мора.
І ад дзьмуху ноздраў Тваіх згрудзіліся воды, як валы, станаўко сталі цякучыя воды, сьселіся глыбіні ў сэрцу мора.
Вораг сказаў: паганю, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, агалю меч мой, зьнішчыць іх рука мая.
Сказаў непрыяцель: "Пажануся, дажану, падзялю здабытак; насыціцца імі душа мая, выму меч свой, выгубе іх рука мая".
Ты дыхнуў духам Тваім, і накрыла іх мора: яны апусьціліся, як волава, у вялікіх водах.
Ты дзьмухнуў духам Сваім, і пакрыла іх мора: яны занурыліся, як волава, у магучых водах.
Хто, як Ты, Госпадзе, паміж багамі? Хто, як Ты, велічны сьвятасьцю, страшны пахваламі, творца цудаў?
Хто, як Ты, СПАДАРУ, меж багоў? Хто, як ты, вялічэзны ў сьвятасьці, страшны ў хвалах, чынячы чудосы?
Ты прасьцёр правіцу Тваю: паглынула іх зямля.
Ты выцягнуў правіцу Сваю — глынула іх зямля.
Ты вёў міласьцю Тваёю народ гэты, які Ты выбавіў, — павёў сілаю Тваёю да сьвятой сялібы Тваёй.
Ты вёў у міласэрдзю Сваім гэты люд, каторы Ты вывальніў, павёў сілаю Сваёю да сьвятое сялібы Свае.
Пачулі народы і дрыжаць: жудасьць ахапіла жыхароў Філістымскіх;
Пачулі люды, і калоцяцца; жах ахапіў жыхараў Пілісцкіх.
тады сумеліся князі Эдэмавыя, дрыжаньне апанавала правадыроў Маавіцкіх, замаркоціліся ўсе жыхары Ханаана.
Тады спалохаліся князі Едомавы, дужасілаў Моаўскіх узялі дрыжыкі, растаялі ўсі жыхары Канаанскія.
Хай апануе іх страх і жудасьць; ад велічы мышцы Тваёй хай анямеюць яны, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць гэты народ, які Ты прыдбаў.
Нападзець на іх страх а ляк; ад вялічча пляча Твайго замоўкнуць яны, як камень, пакуль праходзе народ Твой, СПАДАРУ, пакуль праходзе гэты народ, каторы Ты прыдбаў.
Увядзі яго і пасадзі яго на гары здабытку Твайго, на месцы, якое Ты зрабіў жытлом Сабе, Госпадзе, у сьвятыню, якую стварылі рукі Твае, Уладыка?
Увядзі яго й пасадзі яго на гары спадку Свайго, месца на гасподу Сабе Ты ўчыніў, СПАДАРУ, Сьвятыню, Спадару, заклалі рукі Твае.
Гасподзь будзе панаваць вавекі і ў вечнасьць.
СПАДАР будзе караляваць на векі а на вечнасьць.
Калі ўвайшлі коні фараонавыя і зь верхаўцамі ягонымі ў мора, дык Гасподзь абярнуў на іх воды марскія, а сыны Ізраілевыя прайшлі па сушы сярод мора.
Бо ўвыйшоў конь Фараонаў зь цялежкамі ягонымі і з коньнікамі ягонымі ў мора, і абярнуў СПАДАР на іх воды морскія, а сынове Ізраелявы прайшлі сушаю сярод мора».
І ўзяла Марыям прарочыца, сястра Ааронавая, у руку сваю бубен, і выйшлі за ёю ўсе жанчыны з бубнамі і радасьцю.
І ўзяла Мірыям, прарока, сястра Ааронава, у руку сваю бубён, і вышлі за ёю ўсі жанкі з бубнамі а скокамі.
І засьпявала Марыям перад імі: сьпявайце Госпаду, бо высока ўзьнёсься Ён, каня і верхаўца ягонага ўкінуў у мора.
І сказала ім Мірыям: «Пейце СПАДАРУ, бо высака ўзьвялічыўся Ён; каня а коньніка ягонага ўкінуў у мора».
І павёў Майсей Ізраільцянаў ад Чэрмнага мора, і яны ўступілі ў пустыню Сур; і ішлі яны тры дні па пустыні і не знаходзілі вады.
І павёў Масей Ізраеля ў дарогу ад Чырвонага мора, і яны ўвыйшлі ў пустыню Сур; і йшлі яны тры дні па пустыні, і не знайшлі вады.
Прыйшлі ў Мэру — і не маглі піць вады ў Мэры, бо яна была горкая, чаму і дадзена таму месцу назва: Мэра.
І прышлі да Мары, і не маглі піць вады ў Мары, бо яна была гаркая; затым назвалі яе Мара.
І наракаў народ на Майсея, кажучы: што нам піць?
І наракаў люд на Масея, кажучы: «Што нам піць?»
Майсей загаласіў да Госпада, і Гасподзь паказаў яму дрэва, і ён кінуў яго ў ваду, і вада зрабілася салодкая. Таму Бог даў народу статут і закон і там выпрабоўваў яго.
І гукаў да СПАДАРА, і паказаў яму СПАДАР дзерва, і ён кінуў яго ў ваду, і стала салодкая вада. Там даў яму права а суд, і там яго прабаваў.
І сказаў: калі ты будзеш слухацца голасу Госпада, Бога твайго, і рабіць вартаснае перад вачамі Яго, і слухацца запаведзяў Ягоных, і шанаваць усе статуты Ягоныя, дык не навяду на цябе ніякай хваробы, якія навёў Я на Егіпет: бо Я Гасподзь, Які ацаляе цябе.
І сказаў: «Калі ты будзеш уважліва слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго, і што простае ў ваччу Ягоным чыніць будзеш, і нахінеш вушы да расказаньняў Ягоных, і дзяржаць усі ўставы Ягоныя, дык ні воднае з болькаў, каторыя навёў Я на Ягіпцян, не навяду на цябе; бо Я СПАДАР, Каторы ўздараўляе цябе».
І прыйшлі ў Элім: там было дванаццаць крыніц вады і семдзесят пальмавых дрэў, і разьмясьціліся там табарам каля водаў.
І прышлі яны да Елім; там было двананцаць жаролаў вады і семдзясят пальмаў; і разьлягліся там табарам ля водаў.