Выхад 28 разьдзел

Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І вазьмі да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім з асяродзьдзя сыноў Ізраілевых, каб ён быў сьвятаром Мне, Аарона і Надава, Авіуда, Элеазара і Ітамара, сыноў Ааронавых.
 
І дабліж да сябе Аарона, брата свайго, і сыноў ягоных ізь ім, з памеж сыноў Ізраелявых, каб ён Імне сьвятарстваваў, Аарона а Надава, Авігу, Елеазара а Іфамара, сыноў Ааронавых.

І зрабі сьвяшчэнную вопратку Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздобнасьці.
 
І зрабі сьвятыя адзецьці Аарону, брату свайму, дзеля славы а харашыні.

І скажы ўсім, хто мудры сэрцам, каго Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону вопратку дзеля прысьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Мне.
 
І кажы ўсім разумным сэрцам, каторых Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону адзецьці да пасьвячэньня, каб сьвятарстваваў Імне.

Вось вопратка, якую яны павінны справіць: нагруднік, эфод, верхняя рыза, хітон сьцяжны, кідар і пояс. Няхай справяць сьвяшчэннае адзеньне Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб ён быў сьвятаром Мне.
 
І во адзецьці, каторыя маюць яны зрабіць: нагруднік, наплечнік, верхняя рыза, хітон сьцягаваны, мітра а пояс. І зробяць сьвятыя адзецьці Аарону, брату твайму, і сыном ягоным, каб сьвятарстваваць Імне.

Хай яны возьмуць золата, блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і вісону,
 
Хай яны возьмуць золата, васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны, і цянюсенькага палатна.

і зробяць эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону, адмысловага вырабу.
 
І зробяць наплечнік із золата, з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны, і з тканага цянюсенькага палатна ўмелае работы.

У ім павінны быць на абодвух канцах яго два нарамнікі дзеля павязваньня, каб ён быў павязаны.
 
Дзьве прырамкі злучальныя будуць у яго ў двух канцох яго, і злучаны.

І пояс эфода, які паверх яго, павінен быць аднолькавага зь ім вырабу, з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону.
 
І шнюрок наплечніка, каторы зьверху яго, мае быць аднолькавае зь ім работы, із золата, васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны, і з тканага цянюсенькага палатна.

І вазьмі два камені аніксу і выраж на іх імёны сыноў Ізраілевых:
 
І вазьмі два камяні оніксы, і выґравіруй на іх імёны сыноў Ізраелявых.

шэсьць імёнаў іхніх на адным камені і шэсьць імёнаў астатніх на другім камені, у парадку іх нараджэньня;
 
Шэсьць ізь імёнаў іхных на адным каменю, і шэсьць імёнаў засталых на другім каменю, подле нараджэньня іх.

разьбяр па камені, які выразае пячаткі, хай выража на двух камянях імёны сыноў Ізраілевых; і ўстаў іх у залатыя гнёзды
 
Работы майстры, каторы ґравіруе на каменю, і каторы ґравіруе пячаці, выґравіруй на двух камянёх імёны сыноў Ізраелявых; асаджанымі ў золата зробіш іх.

і пакладзі два камені гэтыя на нарамнікі эфода; гэта камяні на памяць сынам Ізраілевым; і будзе Аарон насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух плячах сваіх дзеля памяці.
 
І палажы два камяні гэтыя на прырамкі наплечніка; камяні памяткавыя сыном Ізраелявым; і будзе насіць Аарон імёны іхныя перад СПАДАРОМ на абодвых плячох сваіх на памятку.

І зрабі гнёзды з золата;
 
І зрабі асады залатыя;

і два ланцужкі з чыстага золата, вітымі зрабі іх вырабам плеценым; і прымацуй вітыя ланцужкі да гнёздаў.
 
І два ланцужкі із шчырага золота; як шнюркі зрабі іх, вітае работы, і прымацуй вітыя ланцужкі да асадаў.

Зрабі нагруднік судны адмысловага вырабу; зрабі яго такім самым вырабам, як эфод: з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону зрабі яго;
 
І зрабі нагруднік судны работаю майстры, работаю падобнай да наплечніка зробіш яго; із золата, з васільковае, пурпуровае а чырвовае воўны а з тканага цянюсенькага палатна зрабі яго.

ён павінен быць чатырохкутны, падвойны, на пядзю ў даўжыню і на пядзю ў шырыню:
 
Чатыракутні мае быць ён, падвойны, пядзя ўдаўжкі і пядзя ўшыркі.

і ўстаў у яго апраўленыя камяні ў чатыры рады; побач рубін, тапаз, смарагд — гэта адзін рад;
 
І ўстаў у яго асаджаныя каменчыкі, чатыры рады каменчыкаў. Рубін, топаз, а шмараґд — гэта рад адзін.

другі рад: карбункул, сапфір і адамант:
 
І рад другі: карбункуль, шафір а дыямэнт.

трэці рад: карунд, агат і аметыст;
 
І рад трэйці: яхонт, агат а амэтысты.

чацьвёрты рад: хрызаліт, анікс і ясьпіс; у залатыя гнёзды павінны быць устаўлены яны.
 
І рад чацьверты: хрызоліт, онікс, ясьпіс. У залатыя асады маюць быць асаджаны яны.

Гэтых камянёў павінна быць дванаццаць, па колькасьці, паводле імёнаў іх; на кожным, як на пячатцы, павінна быць выразана па адным імю зь ліку дванаццаці плямёнаў.
 
І каменчыкі будуць дзеля ймёнаў сыноў Ізраелявых, двананцаць на іх імёнаў. Ґравіраваныя, як пячаць. Кажны будзе да свайго імені двананцацём плямёнам.

Да нагрудніка зрабі ланцужкі вітыя плеценага вырабу з чыстага золата;
 
І зрабі на нагрудніку ланцужкі, як шнюрок, работы вітае із шчырага золата.

і зрабі да нагрудніка два колцы з золата і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка;
 
І зрабі на нагруднік два колцы залатыя і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка.

і ўкладзі два пляцёныя ланцужкі з золата ў абодва колцы на канцах нагрудніка,
 
І ўвядзі два вітыя залатыя ланцужкі ў вабодва колцы па канцох нагрудніка.

а два канцы двух ланцужкоў прымацуй да двух гнёздаў і прымацуй да нарамніка эфода зь відавога боку яго;
 
А два канцы двух вітых ланцужкоў прымацуй да дзьвюх асадаў, і прымацуй да прырамак наплечніка з добрага боку яго.

яшчэ зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух другіх канцоў нагрудніка на тым баку, які ляжыць да эфода ўсярэдзіну;
 
І зрабі два колцы залатыя, і прымацуй іх да двух канцоў нагрудніка, на тым баку, што ляжыць да нутранога боку наплечніка.

таксама зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух нарамнікаў эфода зьнізу, зь відавога боку яго, каля злучэньня яго, над поясам эфода;
 
І зрабі два колцы залатыя, і прымацуй іх да дзьвюх прырамак наплечніка з долу, з добрага боку яго, каля злучэньня яго, над шнюрком наплечніка.

і прымацоўваць нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не спадаў нагруднік з эфода.
 
І прымацуй нагруднік колцамі яго да колцаў наплечніка шнюрком із васільковае воўны, каб ён быў над істужкаю наплечніка, і каб не адставаў нагруднік ад наплечніка.

І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраілевых на нагрудніку судным каля сэрца свайго, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, дзеля заўсёднай памяці перад Госпадам.
 
І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраелявых на нагрудніку судным і сэрцу сваім, як будзе ўходзіць у сьвятыню на памятку перад СПАДАРОМ штачасна.

На нагруднік судны пакладзі урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Ааронавага, калі будзе ён уваходзіць перад аблічча Гасподняе; і будзе Аарон заўсёды насіць суд сыноў Ізраілевых каля сэрца свайго перад абліччам Гасподнім.
 
І ўзлажы на судны нагруднік Урым (Сьвятліня) а Тумім (Дасканальнасьць), і яны будуць ля сэрца Ааронавага, як ён будзе ўходзіць у сьвятыню перад від СПАДАРОЎ; і будзе Аарон штачасна насіць суд сыноў Ізраелявых ля сэрца свайго перад відам СПАДАРОВЫМ.

І зрабі верхнюю рызу да эфода ўсю блакітную;
 
І зрабі верхнюю рызу да наплечніка ўсю васільковага колеру.

пасярэдзіне яе павінна быць прарэха для галавы; па краі прарэхі вакол павінна быць абшыўка тканая, як у адтуліне ў панцыры, каб ня дралася;
 
І мае быць сярод яе прарэх дзеля галавы яго; аблямаваньне мае быць наўкола прарэху, тканае работы, падобна да панцыра мае быць у ім, каб ня дзерся.

на прыполе яе зрабі яблыкі зь нітак блакітнага, яхантавага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вакол па прыполе яе; чашачкі залатыя пасярод іх вакол:
 
І зрабі на подале яблыкі гранатовыя зь нітак васільковага, яхонтовага, пурпуровага а чырвовага колеру на подале яе наўкола; і званочкі залатыя пасярод іх наўкола:

залатая чашачка і яблык, залатая чашачка і яблык, па прыполе верхняй рызы наўкола;
 
Залаты званочак і гранатовы яблык, залаты званочак і гранатовы яблык, на подалах верхняе рызы наўкола.

яна будзе на Аароне ў набажэнстве, каб чуцен быў ад яго гук, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча Гасподняе і калі будзе выходзіць, каб яму не памерці.
 
І будзе на Аарону, каб служыць; і чутны будзе гук ягоны, як ён будзе ўходзіць у сьвятыню перад від СПАДАРОЎ, і як будзе выходзіць, каб яму не памерці.

І зрабі паліраваную дошчачку з чыстага золата, і выраж на ёй, як выразаюць на пячатцы: «Сьвятасьць Гасподняя»,
 
І зрабі дыядэму із шчырага золата, і выґравіруй на ёй, як ґравіруюць на пячаці: "СЬВЯТАСЬЦЬ СПАДАРУ!"

і прымацуй яе шнурком блакітнага колеру да кідара, так каб яна была зь відавога боку кідара;
 
І прымацуй шнюрком васільковым, і будзе яна на мітры, на пярэднім баку мітры будзе.

і будзе яна на лобе Ааронавым, і панясе на сабе Аарон недахопы прынашэньняў, прысьвячаных сынамі Ізраілевымі, і ўсіх дарункаў, што імі прыносяцца; і будзе яна ўвесь час на лобе ў яго, дзеля ўпадабаньня Гасподняга да іх.
 
І будзе яна на чале Ааронавым, і панясець Аарон бяспраўе пасьвячаных рэчаў, пасьвячаных сынамі Ізраелявымі, усіх дароў, пасьвячаных рэчаў іхных. І будзе яна над чалом ягоным штачасна, каб яны былі прыемныя СПАДАРУ.

І зрабі хітон зь вісону і кідар зь вісону і зрабі пояс узорыстага вырабу;
 
І зрабі хітон ізь цянюсенькага палатна, і пояс зрабі работы ўзорнае.

зрабі і сынам Ааронавым хітоны, зрабі ім паясы, і павязкі на галаву зрабі ім дзеля славы і аздобнасьці,
 
І сыном Ааронавым зрабі хітоны, зрабі ім паясы, і турбаны зрабі ім дзеля славы а харашыні.

і апрані ў іх Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім, і памаж іх, і напоўні рукі іхнія, і прысьвяці іх, і яны будуць сьвятарамі Мне.
 
І адзень у іх Аарона, брата свайго, і сыноў ягоных ізь ім, і памаж іх, і яны будуць сьвятарстваваць Імне.

І зрабі ім сподняе ільняное, каб прыкрываць цялесную галізну ад паясьніцы да галеняў,
 
І зрабі ганавіцы лянныя прыкрыць голасьць цела, ад сьцёгнаў да галёнкаў хай будуць.

і хай будзе яно на Аароне і на сынах ягоных, калі будуць яны ўваходзіць у скінію сходу, альбо прыступаць да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, каб ім не навесьці грэху і не памерці. Гэта статут вечны, яму і нашчадкам ягоным пасьля яго.
 
І хай будуць яны на Аарону а на сынох ягоных, як будуць яны ўходзіць у будан збору або бліжыцца да аброчніка служыць у сьвятыні, каб яны не панесьлі бяспраўя й не памерлі. Устава вечная яму а патомкам ягоным па ім.