Выхад 33 разьдзел
Выхад
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі, ідзі адгэтуль ты і народ, які ты вывеў зь зямлі Егіпецкай, у зямлю, пра якую Я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, кажучы: нашчадкам тваім дам яе;
І гукаў СПАДАР Масею: «Пайдзі, узыйдзі адгэтуль ты а люд, каторы ты ўзьвёў ізь зямлі Ягіпецкае, да зямлі, праз каторую Я прысягаў Абрагаму, Ісаку а Якаву, кажучы: "Насеньню твайму дам яе".
і пашлю перад табою анёла і праганю Хананэяў, Амарэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Габрэяў і Евусэяў,
І пашлю перад табою Ангіла, і пражану Канааняніна, Аморэя, Гэціча, Ферэзэя, Гэвея, а Евусэя.
у зямлю, дзе цячэ малако і мёд; бо Сам не пайду сярод вас, каб не загубіць Мне вас у дарозе, бо вы народ цьвёрдахрыбетны.
І ўвядзець ён вас да зямлі, ідзе цячэць малако а мёд, бо Сам ня ўзыйду сярод цябе, бо люд калянага завыйку ты, каб не загубіць Імне вас у дарозе».
Народ, пачуўшы грознае слова гэтае, загаласіў, і ніхто не навесіў на сябе акрасаў сваіх.
І пачуў люд ліхое слова гэтае, і загаласіў, і не ўзлажыў ніхто прыбораў сваіх на сябе.
Бо Гасподзь сказаў Майсею: скажы сынам Ізраілевым: вы народ цьвёрдахрыбетны; калі Я пайду сярод вас, дык у адну хвіліну вынішчу вас; дык вось, здымеце зь сябе акрасы свае; Я пагляджу, што Мне рабіць з вамі.
І сказаў СПАДАР Масею: «Скажы сыном Ізраелявым: "Вы люд калянага завыйку; за адну часіну, калі Я ўзыйду сярод цябе, і выгублю цябе. А цяпер здыміце ізь сябе прыборы свае, Я буду ведаць, што Імне рабіць із табою"».
Сыны Ізраілевыя зьнялі зь сябе акрасы свае каля гары Харыва.
І сыны Ізраелявы зьдзерлі ізь сябе прыборы свае ля гары Горыва.
А Майсей узяў і паставіў сабе намёт па-за табарам, здалёк ад табару, і назваў яго скініяй сходу; і кожны, хто шукаў Госпада, прыходзіў у скінію сходу, якая была па-за табарам.
І Масей узяў будан, і разапнуў яго вонках табару, воддаль ад табару, і назваў яго буданом збору; і было, што кажны, шукаючы СПАДАРА, выходзіў да будану збору, каторы быў вонках табару.
І калі Майсей выходзіў да скініі, увесь народ уставаў, і станавіўся кожны каля ўваходу ў свой намёт і глядзеў усьлед Майсею, пакуль ён не ўваходзіў у скінію.
І было, што як Масей выходзіў да будану, уставаў увесь люд, і станавіўся кажны ля ўходу ў свой будан, і глядзеў за Масеям, аж пакуль ён ня ўходзіў у будан.
А калі Майсей уваходзіў у скінію, тады апускаўся слуп хмарны і станавіўся каля ўваходу ў скінію, і гаварыў з Майсеем.
І было, як Масей уходзіў у будан, спушчаўся стоўп болачны і станавіўся ля ўходу ў будан, і гутарыў із Масеям.
І бачыў увесь народ слуп хмарны, які стаяў каля ўваходу ў скінію; і ўставаў увесь народ, і кожны кланяўся каля ўваходу ў намёт свой.
І абачыў увесь люд стоўп болачны, што стаяў ля ўходу ў будан; і ўставаў увесь люд, кланяўся кажны ля ўходу будану свайго.
І гаварыў Гасподзь з Майсеем вока на вока, як бы гаварыў хто зь сябрам сваім; і ён вяртаўся ў табар; а служка ягоны Ісус, сын Наваў, хлопец, не адлучаўся ад скініі.
І гутарыў СПАДАР із Масеям відам у від, бы гутарыў хто з прыяцелям сваім; і ён зварачаўся да табару; а слугачы ягоны Ігошуа Нунянок, маладзён, не адхінаўся з нутра будану.
Майсей сказаў Госпаду: вось, Ты кажаш мне: вядзі народ гэты, а не адкрыў мне, каго пашлеш са мною, хоць ты сказаў: «Я ведаю цябе па імю, і ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх»;
І сказаў Масей СПАДАРУ: «Гля, Ты кажаш Імне: "Узьвядзі люд гэты"; а Ты не азнайміў імне, каго пашлеш з імною, і Ты сказаў: "Я знаю цябе наймя, і таксама ты прыдбаў ласку ў ваччу Маім".
дык вось калі я набыў упадабаньне ў вачах Тваіх, дык прашу: адкрый мне шлях Твой, каб я спазнаў Цябе, каб набыў упадабаньне ў вачах Тваіх; і падумай, што гэтыя людзі народ Твой.
І цяпер, калі я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, то малю: азнаймі імне дарогу Сваю, і я пазнаю Цябе, каб прыдбаць ласку ў ваччу Тваім; і паглядзі, бо гэты народ люд Твой».
А Ён сказаў: Сам Я пайду і ўвяду цябе ў спакой.
СПАДАР сказаў: «Від Мой пойдзе перад табою, і супакою цябе».
сказаў Яму: калі ня пойдзеш Ты Сам, дык і ня выводзь нас адгэтуль:
І сказаў Яму: «Калі ня пойдзе від Твой, то й не ўзьвядзі нас адгэтуль;
бо з чаго даведацца, што я і народ Твой набылі ўпадабаньне ў вачах Тваіх? ці не з таго, што Ты пойдзеш з намі? тады я і народ Твой будзем слаўнейшыя за любы народ на зямлі.
Бо з чаго я пазнаю, што я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, я а люд Твой? Ці ня з тога, як Ты пойдзеш із намі? Тады я а люд Твой будзем адрозьнены ад кажнага люду, каторы ё на відзе зямлі».
І сказаў Гасподзь Майсею: і тое, пра што ты казаў, Я зраблю, бо ты набыў упадабаньне ў вачах Маіх, і Я ведаю цябе па імю.
І сказаў СПАДАР Масею: «І гэта слова, каторае ты казаў, Я зраблю, бо ты знайшоў ласку ў ваччу Маім, і Я знаю цябе наймя».
Сказаў: пакажы мне славу Тваю.
І сказаў: «Пакажы імне, калі ласка, славу Сваю».
І сказаў: Я правяду перад табою ўсю славу Маю і абвяшчу імя Яговы перад табою: і каго памілаваць — памілую, каго пашкадаваць — пашкадую.
І сказаў: «Я правяду перад відам тваім усю дабрыню Сваю, і агалашу ў імя СПАДАРОВА перад табою; і над кім зьмілавацца — зьмілуюся, каго пажалець — пажалею».
І потым сказаў Ён: аблічча Майго табе нельга ўбачыць, бо чалавек ня можа ўбачыць Мяне і застацца жывым.
І сказаў: «Ня можаш абачыць віду Майго, бо ня можа абачыць Мяне чалавек і застацца жывы».
І сказаў Гасподзь: вось месца ў Мяне: стань на гэтай скале;
І сказаў СПАДАР: «Во месца ў мяне: і станаўко стань на гэтай скале.
а калі будзе праходзіць слава Мая, Я пастаўлю цябе ў расколіне скалы і накрыю цябе рукою Маёю, пакуль не прайду;
І будзе, што, як пойдзе слава Мая, то Я пастанаўлю цябе ў ськепіне скалы, і пакрыю цябе даланёю Сваёю, пакуль не прайду.
і калі прыму руку Маю, ты ўбачыш Мяне ззаду, а аблічча Маё ня будзе відно.
І як здыйму даланю Сваю, ты абачыш Мяне адзаду, а Від Мой ня будзе відаць».